Вы тут

Як не дапусціць уцягвання моладзі ў наркагандаль


Праблема распаўсюджвання наркотыкаў і псіхатропаў сярод непаўналетніх выклікае сур'ёзную занепакоенасць не толькі ў праваахоўнікаў, але і ва ўсяго грамадства. Назіраецца сумная тэндэнцыя да таго, як падлеткі са спажыўцоў наркотыкаў становяцца закладчыкамі ці арганізатарамі дылерскай сеткі. Як прадухіліць і вырашыць гэтую праблему, абмеркавалі на круглым стале, ініцыяваным Мінскім гарвыканкамам.


Фота: pixabay.com

«Мы запрасілі прадстаўнікоў судовай сістэмы, праваахоўнага блока, сістэмы адукацыі, моладзь паўдзельнічаць у абмеркаванні надзённай праблемы — росту злачынстваў, здзейсненых моладдзю менавіта ў сферы наркагандлю. Мы шмат гаворым пра згубны ўплыў спажывання наркотыкаў, пра розныя формы лячэння і рэабілітацыі. Прыйшоў час пагаварыць пра колькасць злачынстваў, якія здзяйсняюць маладыя людзі. Мы павінны былі яшчэ ўчора вырашыць гэтую праблему. Сёння неабходна разабрацца, як не дапусціць ўцягвання моладзі ў наркагандаль», — адзначыла мадэратар сустрэчы, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава.

«Мы бачым тэндэнцыю да павелічэння колькасці падобных злачынстваў. Калі ў 2020 годзе былі зарэгістраваны дзевяць непаўналетніх, якія здзейснілі 10 злачынстваў (пяць — са збытам), то ў 2021 годзе лічбы прыкметна большыя. Летась за незаконны абарот наркотыкаў да адказнасці прыцягнутыя 33 непаўналетнія, якімі былі здзейснены 33 злачынствы (28 з іх звязаныя са збытам наркотыкаў). Таксама былі прыцягнуты да адказнасці 46 навучэнцаў. Таксама ў 2021 годзе 14 непаўналетніх дастаўляліся ў медустановы ў сувязі з перадазіроўкай наркотыкамі. Для параўнання: у 2020-м такіх падлеткаў увогуле не было», — расказаў начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Сазонаў.

Каб паменшыць гэтую жахлівую статыстыку, супрацоўнікі наркакантролю, інспекцыі па справах непаўналетніх праводзяць тлумачальную, інфармацыйную і прафілактычную работу ў навучальных установах. «Пры затрыманні асоб мы задаём пытанне: «Ты разумееш, што за гэта ёсць адказнасць?». Падлеткі ведаюць аб ёй, прызнаюць, што работа праводзілася. Але, тым не менш, ідуць на гэта. Па нашых назіраннях, спрабаваць і збываць наркотыкі іх падштурхоўвае жаданне рызыкнуць, — падкрэсліваў Аляксандр Сазонаў. Ён нагадаў, што за збыт наркотыкаў прадугледжана адказнасць ад 3 гадоў пазбаўлення волі. У 2019 годзе ніжнюю мяжу змякчылі з улікам аб'ёму распаўсюджаных наркотыкаў. Але верхняя мяжа да 15 гадоў, а ў выпадку, калі наступіла смерць асобы з прычыны збыту, — да 25 гадоў, — нязменная.

Часта падлеткі проста не ведаюць, што набыццё наркотыку ў інтэрнэт-краме кваліфікуецца як цяжкае злачынства. І такія нюансы трэба абавязкова даводзіць да дзяцей.

Суддзя судовай калегіі па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда Тамара Унукевіч расказала, што з 2015 да 2020 года скарацілася колькасць асоб, асуджаных за нарказлачынствы. Але ў 2021 лічбы выраслі, за мінулы год да адказнасці прыцягнулі 2050 чалавек. Пры гэтым колькасць асуджаных непаўналетніх павялічылася практычна ўдвая. «Аналіз і разгляд падобных спраў паказвае: непаўналетнія актыўна выкарыстоўваюць камп'ютарную тэхніку, інфармацыйныя тэхналогіі, пляцоўкі інтэрнэт-крам. Асобы, якія ажыццяўляюць дзейнасць ад імя гэтых крам, на жаль, уцягваюць у работу па збыце і падлеткаў. Дзеці фасуюць забароненыя рэчывы, размяшчаюць у схованкі. Судамі рэгулярна праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы, выязныя і адкрытыя пасяджэнні. Злачынцы ў сваіх формах і метадах становяцца больш дасканалымі. Таму практыка па такіх справах абагульняецца і аналізуецца. Мы пастаянна выяўляем новыя тэндэнцыі, навучаем маладых суддзяў», — сказала спікер.

У круглым стале прынялі ўдзел і студэнты сталічных ВНУ. Будучыя юрысты, студэнты юрыдычнага факультэта БДУ падкрэслілі, што падлеткі не заўсёды ўсведамляюць ступень адказнасці за злачынства. Часта яны проста не ведаюць, што набыццё наркотыку ў інтэрнэт-краме кваліфікуецца як цяжкае злачынства. І такія нюансы трэба абавязкова даводзіць да дзяцей. Гэты тэзіс пацвердзілі і маладыя людзі, якія маюць да нарказбыту самае непасрэднае дачыненне. Па відэасувязі ў круглым стале ўдзельнічалі дзяўчаты, якія зараз адбываюць пакаранне ў выпраўленчай калоніі № 4 горада Гомеля. Кацярына і Вікторыя расказалі, што падчас вучобы ў школе ім расказвалі пра шкоду наркотыкаў. Але не казалі, што за гэта можа быць крымінальная адказнасць і нават пазбаўленне волі. Дзяўчаты падкрэслілі, што для эфектыўнай прафілактыкі ўжывання наркотыкаў і нарказбыту вельмі патрэбна, каб падлеткі сустракаліся з людзьмі, якія панеслі пакаранне і якія могуць шчыра расказаць свае гісторыі. Ведаючы жывы прыклад, падлеткі задумаюцца, ці патрэбныя ім такія «лёгкія грошы» або «новыя адчуванні».

Такую ж думку выказаў і першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі. «Удзел школьнікаў, студэнтаў у выязных і адкрытых судовых пасяджэннях вельмі эфектыўны, гэта пакідае заўважны след у свядомасці і памяці. Але такіх мерапрыемстваў стала менш. Ад пэўнай колькасці бацькоў атрымалі негатыўны водгук на гэтую форму работы. Дарослыя тлумачаць сваю пазіцыю тым, што гэта траўміруе псіхіку дзіцяці. Але бацькам трэба разумець, што менавіта такая форма працы ў найбольшай ступені зберажэ падлеткаў ад больш сур'ёзных наступстваў. Закрыць, засцерагчы штучна дзяцей ад негатыўных грамадскіх праяў — не выйсце. Дзіцяці трэба паказаць, з чым яно можа ў жыцці сутыкнуцца, і навучыць правільнай рэакцыі», — сказаў ён, звяртаючы ўвагу на тое, што бацькам трэба стаць саюзнікамі ў прафілактычнай рабоце.

Гэта асабліва важна, калі прыняць да ўвагі, што сям'я — галоўная прычына праблемы наркаманіі ў падлеткаў. «Партрэт падлетка, які ўжывае наркотыкі, завязаны на ўмовах няправільнага выхавання: гіперпратэкцыя (узвядзенне дзіцяці ў культ), гіпапратэкцыя (зваротны бок гіперпратэкцыі, недахоп увагі і клопату) і ўмовы жорсткага абыходжання. З-за гэтага ў падлеткаў здараецца нервовы зрыў, і яны ідуць туды, дзе адчуваюць сябе бяспечна. Калі чалавек ужывае наркотык, натуральна, ён пазбягае рэчаіснасці, яму становіцца добра. Але праз гадзіну-дзве эфект адваротны. Тады ён пачынае ўжываць яшчэ і яшчэ», — расказаў доктар юрыдычных навук, прафесар, практычны псіхолаг, загадчык кафедры крыміналістыкі юрыдычнага факультэта БДУ Вячаслаў Шабанаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: «Ты разумееш, што за гэта ёсць адказнасць?»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.