Вы тут

«Старажытная. Ты самая славянская...»? Запазычанні ў мове: добра ці не?


Пытальнік у загалоўку пасля вядомай цытаты з верша Пімена Панчанкі мы паставілі нездарма. Беларуская мова сапраўды лічыцца адной з самых блізкіх да старажытнай мовы ўсходніх славян, у яе сучасным варыянце і сёння нямала слоў, якія сустракаюцца ў старых летапісах (тое ж «вельмі», яго няма сёння ні ў рускай, ні ва ўкраінскай, і такіх прыкладаў, калі ставіць мэту, можна прывесці даволі шмат). Але хапае ў нашай мове і слоў чужых, запазычаных, якія ўжываюцца і дарэчы, і не дарэчы. Канешне, без многіх з іх ніяк не абыдзешся, але ж іншыя мову відавочна псуюць...


Вік­то­рыя Ула­се­віч.

Чаго больш для мовы ў іншаземных словах — станоўчага ці небяспекі, ці можна знайсці «залатую сярэдзіну» ў іх выкарыстанні? Напярэдадні Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, мы паразважалі аб гэтым на круглым стале ў рэдакцыі «Звязды». Прыйшлі да нас людзі дасведчаныя, якія вывучаюць мову прафесійна: Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Сяргей Зелянко, загадчык кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ; Алена Лапцёнак, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства; Ірына Ялынцава, загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязяў Інстытута мовазнаўства; Вікторыя Уласевіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства; Анастасія Марозава, навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства; Эльвіра Ярмоленка, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства. Наша навукова-папулярная размова атрымалася больш папулярнай, чым навуковай, таму, мяркуем, яна будзе цікавая многім нашым чытачам, якія беларускую мову любяць, шануюць і цікавяцца яе развіццём.

«Звязда»: Часта даводзіцца чуць і ад лінгвістаў, і нават ад настаўнікаў тэрмін «засмечванне мовы» — так гавораць, маючы на ўвазе празмернае ўжыванне іншамоўных слоў. Аднак, здаецца, тут у медаля два бакі: на адным з іх — сапраўды недарэчнае ўжыванне чужых слоў, на другім — адсутнасць ва ўласнай лексіцы некаторых паняццяў. І, уласна, нашто прыдумваць аналаг слову «камп’ютар», калі яно ўжо даўно арганічна ўспрымаецца і нават адаптаванае да беларускай мовы з пункту гледжання правапісу...

Ігар Капылоў: Увогуле, калі казаць пра засмечванне мовы, — гэта даволі шырокае паняцце. Гэта і выкарыстанне ненарматыўнай лексікі (цэлая бяда на сёння, асабліва сярод моладзі), жаргоннай лексікі, і, вядома, недарэчнае выкарыстанне іншамоўных слоў. Засмечванне мовы ў гэтым шырокім сэнсе ўвогуле некаторымі мовазнаўцамі разглядаецца як пагроза нацыянальнай культуры. У канцы мінулага года была зацверджана Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця, і мне прыемна адзначыць, што ў ёй надаецца значная ўвага моўнаму аспекту, у тым ліку і экспансіі іншаземных слоў.

Ці трэба спыняць гэту экспансію? Пытанне дыскусійнае. Тут дарэчы гаварыць пра пошук «залатой сярэдзіны», бо на працягу ўсяго існавання беларускай мовы ў ёй з’яўляліся запазычанні. Гэта абсалютна нармальны, натуральны працэс, бо наша грамадства ніколі не жыло ізалявана — усталёўваліся гандлёва-эканамічныя, знешнепалітычныя, культурныя, навуковыя сувязі з носьбітамі іншых моў, разам з імі з’яўляліся і новыя лексічныя адзінкі, фарміравалася спецыяльная лексіка: навуковая, эканамічная, ваенная... Гэта варта разглядаць як прагрэсіўную з’яву, бо фактычна мова развівалася разам з грамадствам...

Ігар Ка­пы­лоў.

Эльвіра Ярмоленка: Запазычанні траплялі ў нашу мову з даўніх часоў. Пранікненню іншамоўных слоў садзейнічалі гандлёвыя сувязі, стасункі з суседнімі краінамі, развіццё навукі і асветы і інш. Напрыклад, з’яўляліся перакладныя творы (рэлігійныя, мастацкія, гістарычныя) — і разам з імі з’яўлялася запазычаная лексіка... Але вось цікавы факт, на які ў свой час звярнуў увагу Аркадзь Жураўскі. У асобных перакладзеных з польскай мовы тэкстах паланізмаў сустракаецца значна менш, чым у некаторых арыгінальных тагачасных беларускіх помніках. Пра што гэта сведчыць? Што нашы продкі вельмі добра адчувалі розніцу паміж запазычанымі словамі і сваімі... Мала таго, яны імкнуліся патлумачыць чытачу іншамоўныя адзінкі. Так, Францыск Скарына размясціў на палях сваіх кніг звыш шасцідзесяці глос, у якіх тлумачыў незразумелыя словы («стакти» — «ладан») і спалучэнні («да насладится» — «приятна будеть»). Аляксандр Булыка выявіў у старабеларускай мове каля чатырох тысяч запазычанняў — і гэта мы гаворым не пра вытворныя ад іх словы, а менавіта пра запазычаныя, якія сваім паходжаннем звязаны больш чым з дзясяткам моў. Іншамоўныя словы сустракаліся ва ўсіх сферах жыцця: гэта былі і грамадска-палітычныя найменні, і сацыяльна-эканамічныя, і ваенныя, і побытавыя, і многія іншыя, у тым ліку і лексіка, што характарызуе чалавека па яго фізічных, псіхічных і інтэлектуальных якасцях. Я магу прывесці некаторыя сучасныя словы, якія ўжо былі ў старабеларускай мове як запазычанні: «акцыза», «капітал», «акцыя», «апеляцыя», «дакумент»...

Эль­ві­ра Яр­мо­лен­ка.

Ігар Капылоў: Можна нават сказаць, што ў нейкай ступені дзякуючы запазычванням сфарміравалася высокаразвітая мова, здольная абслугоўваць фактычна ўсе сферы жыцця. У пэўным сэнсе ў запазычаннях ёсць вялікі плюс, асабліва для нашай мовы, у якой больш як на два стагоддзі была перарваная пісьмовая традыцыя... Запазычванні ўвогуле адбываліся, калі можна так сказаць, скачкападобна — у залежнасці ад таго, якія ўзрушэнні адбываліся ў той ці іншай сферы жыцця грамадства. Напрыклад, распад Савецкага Саюза выклікаў інтэнсіўнае з’яўленне запазычанай (у першую чаргу англамоўнай) лексікі ў эканамічнай сферы, у сферы інфармацыйных тэхналогій: з’яўляліся новыя прадметы, новыя з’явы, якія трэба было адлюстраваць у мове. Тое самае можна сказаць і пра сферу медыцыны, спорту, культуры і нават побытавую сферу. «Драйвер», «сканер», «сайт» — мы ж не можам без гэтых слоў абысціся ў паўсядзённым жыцці. «Прадзюсар», «фастфуд», «сэлфі», «цюбінг» — гэтыя адзінкі з’явіліся разам з паняццямі, якія яны абазначаюць... Але працэс набраў інтэнсіўнасць, ім пачалі захапляцца, і замест сваіх — натуральных, старажытных — слоў пачалі ўжываць чужыя: не «згода», а «кансэнсус», не «рух», а «драйв», не «выбаршчыкі», а «электарат». Тут ужо аб развіцці мовы гаворка не ідзе, і падобную з’яву станоўчай не назавеш. Можна сказаць, што гэта даніна модзе, і нічога тут не зробіш.

Яшчэ адзін аспект — тэрміналагічны. Да кожнай галіны тэрміналогіі трэба падыходзіць індывідуальна. Медыцынская тэрміналогія ў нас з іншамоўным ухілам, і гэта натуральна. Юрыдычная галіна ў нас таксама з вялікай гісторыяй, таму і ў ёй вялікі працэнт сваіх уласных тэрмінаў. Калі ўзяць сельскагаспадарчую сферу — мы ж сялянская нацыя, таму на большасць назваў тут будуць свае спрадвечныя словы...

«Звязда»: Скептыкі з гэтай нагоды могуць запярэчыць, што самыя што ні на ёсць беларускія словы — не што іншае, як запазычанне з іншых моў. І першай згадаюць «бульбу», якая пайшла ад французскага «bulbe» (клубень)...

Сяргей Зелянко: Сапраўды, многія запазычанні, якія даўно ўвайшлі ў беларускую мову, ужо ўспрымаюцца як уласна беларускія словы. Цікава, што гэтыя словы адрозніваюцца ад рускай мовы, але ўсё роўна не з’яўляюцца ўласна беларускімі. Думаю, што нямногія з тых, хто гаворыць на мове, ведае гэта. «Дзірван», «агурок», «бульба» — яны ж нашы, праўда? Насамрэч гэта даўнія запазычанні.

Сяр­гей Зе­лян­ко.

Вікторыя Уласевіч: Вось сабраліся мы ў аўдыторыі: журналіст, філолагі, скептыкі, аптымісты, якія скончылі школу, універсітэт, працуюць у рэдакцыі, у інстытуце, у акадэміі... Якія з пералічаных слоў — запазычанні? Усе. Гэта засмечванне мовы? Не. Запазычванне — гэта натуральны працэс, так было і так ёсць на сённяшні дзень. Трапляючы ў мову, гэтыя словы перастаюць быць словамі той мовы, з якой прыйшлі, яны становяцца элементамі нашай мовы — у іх з’яўляецца іншая фанетычная афарбоўка, яны падпарадкоўваюцца правілам нашай граматыкі. Заўважце, пра тое, ці трэба ўжываць у беларускай мове даўнія запазычаныя словы, ніхто не спрачаецца, дыскусіі аб мэтазгоднасці выкарыстання выклікаюць толькі новыя запазычанні. Але патрэбны час, каб яны сталі (або не сталі) натуральным элементам мовы. Звычайна толькі моўная практыка здольна паказаць, якія з новых запазычанняў замацуюцца ў слоўнікавым складзе мовы.

Іншамоўныя словы могуць выкарыстоўвацца не толькі для называння новых прадметаў і рэалій, але і быць данінай модзе, з’яўляцца больш сацыяльна прэстыжнымі. Пагадзіцеся, «Я працую ў клінінгавай кампаніі» гучыць больш салідна, чым «Я працую прыбіральшчыцай», хоць размова пра адно і тое ж... Да таго ж нават калі ў запазычанняў ёсць беларускамоўныя адпаведнікі-сінонімы, гэтыя словы ўсё ж маюць свае сэнсавыя нюансы. Вы скажаце «цяжкі падлетак», але не скажаце «цяжкі тынэйджар», праўда? «Крэатыўнасць» і «творчасць» — адно і тое ж? Калі задумацца, дык і не зусім, ёсць розніца. Або калі нам трэба нешта дэталізаваць, запазычанні таксама прыходзяць на дапамогу. Падлетку сёння важна, што ён хоча апрануць: «байку», «худзі» або «світшот».

Сяргей Зелянко: Раней было адно ўніверсальнае слова «кофта». Хоць яно таксама запазычанае...

Вікторыя Уласевіч: Калі ж мода зменіцца, магчыма, і гэтыя словы стануць непатрэбнымі. Мы сёння не можам уявіць жыццё без слова «сэлфі». А з’явіцца новая тэхналогія фатаграфавання, і пра тое ж «сэлфі» ніхто не ўспомніць...

Алена Лапцёнак: ...Як, дарэчы, сёння мала хто з моладзі ведае, што такое «крымплен»... Аналізуючы тлумачальны слоўнік, які складаўся ў другой палове ХХ стагоддзя, можна знайсці іншамоўныя словы, якія ўжо не ўжываюцца, хоць ў ім яны ацэньваліся як перспектыўныя, напрыклад, многія паняцці з часткай «бія-». Паглядзіце, у які імклівы час мы жывём. Новыя працэсы, з’явы, прадметы з’яўляюцца ў нашым жыцці ледзь не штодня. Зараз, працуючы над новай рэдакцыяй тлумачальнага слоўніка, мы выкарыстоўваем не толькі мастацкія творы, як гэта было раней, мы падключаем мову СМІ, якая хутчэй «ловіць» гэтыя змяненні. І мастацкія тэксты нават адыходзяць на другі план... Пры ўключэнні новых слоў у тлумачальны слоўнік мы звяртаем увагу на іх важнасць на дадзены момант, дастаткова шырокае ўжыванне, іх «стаж» у мове. Як прыклад, слова «брэнд». Спачатку гэта быў выключна эканамічны тэрмін — марка прадукцыі, якая вырабляецца пэўнай кампаніяй. А сёння брэнд — гэта ўжо і кампанія, якая вырабляе прадукцыю, і сам тавар, і нават паслугі, і пераноснае значэнне з’явілася: яркі пазнавальны вобраз кагосьці ці чагосьці. Слова жыве, слова развіваецца менавіта ў нашай мове. І хто скажа, што яно не наша? Хоць можа здарыцца, што праз некалькі дзесяцігоддзяў ніхто яго і не згадае..

Эльвіра Ярмоленка: Трэба заўважыць, што некаторыя запазычаныя словы, якія сёння актыўна выкарыстоўваюцца ў мове, мелі раней адрознае ад сучаснага значэнне. Напрыклад, «кантэнт». У старабеларускай мове гэта быў прыметнік са значэннем «задаволены». «Кандыцыя» мела значэнні «ўмова» і «сутнасць», «кампут» — «рахунак», «кампутаваць» — «разлічваць». Было нават вельмі сучаснае слова «маніторны» са значэннем «напамінальны». А «калькулятар», калі яшчэ не было прылады з такой назвай, а ўжо тым больш праграмы ў гаджэце, называў рахункавода...

Ігар Капылоў: Трэба сказаць, што некаторыя запазычанні настолькі прыжываюцца, што замяняюць уласнабеларускія словы. Напрыклад, «кветка» і «краска». Якое з іх наша? Зусім не тое, што часцей ужываецца, бо «кветка» — запазычанне з польскай.

«Звязда»: Колькі ўвогуле часу павінна прайсці, каб слова «адаптавалася» і ўжо ўспрымалася, як сваё?

Эльвіра Ярмоленка: Дакладна нельга сказаць. Некаторыя лічаць, што новыя значэнні ў запазычанага слова з’яўляюцца гадоў праз пяцьдзясят...

Ігар Капылоў: Ёсць версія: як толькі ад слова пачалі ўтварацца іншыя формы (напрыклад, ад назоўніка — прыметнік, дзеяслоў), яно ўжо натуральна існуе ў мове.

Сяргей Зелянко: Ёсць яшчэ меркаванне, што век неалагізма — 10-15 гадоў. Але мне падаецца, што гэта ўвогуле вельмі мала.

Вікторыя Уласевіч: Здараецца, што неалагізмы хутка ператвараюцца ў архаізмы, так і не паспеўшы стаць натуральнымі элементамі мовы. Мы доўга спрачаліся, як пісаць слова «пэйджар». Пакуль спрачаліся — не стала неабходнасці: многія ўжо нават не ведаюць, што гэта. Для папярэдняга пакалення «пэйджар», «дыскета», «кампакт-дыск» былі нечым новым, а нашы дзеці ўжо не ўсе ведаюць іх значэнне, бо прадметы, якія яны абазначаюць, проста зніклі з ужытку...

«Звязда»: Напэўна, словы са славянскіх моў прыжываюцца ў нашай лягчэй, чым з іншых?

Анастасія Марозава: Калі казаць пра польскамоўныя словы (а больш правільна — лексічныя сродкі), іх сапраўды значная колькасць. Досыць актыўна яны прыходзілі з польскай мовы (або пры пасярэдніцтве польскай мовы) з канца 80-х—пачатку 90-х гадоў. І сапраўды выглядалі тады моднымі, чаплялі вока, «рэзалі» слых. Але праз 10-15 гадоў яны ўжо не здаваліся такімі новымі свежымі і экзатычнымі. Аналіз паказаў, што многія з гэтых «новых» слоў — зусім і не новыя. Многія з іх ужо адзначаны нават у нашых слоўніках 20-х гадоў ХХ стагоддзя як адпаведнікі да рускіх, або прыведзены ў шэрагу сінонімаў пры апісанні нейкай з’явы ці нейкага прадмета, асобы. «Ровар», «кіроўца», «мапа», «гарбата» — іх ведалі і нашы бабулі. З «гарбатай» увогуле цікава. Некаторыя лічаць, што так казаць больш па-беларуску, чым «чай». На самай справе абодва словы запазычаныя.

Анас­та­сія Ма­ро­за­ва.

«Звязда»: Іншамоўныя словы, якія ўжываюцца пры наяўнасці беларускіх аналагаў, уласцівыя хутчэй маладзёжнай лексіцы: «хайпаваць», «лайкаць», «хейціць», «чыліць»... Можа, гэта адсутнасць элементарнай моўнай культуры?

Анастасія Марозава: Трэба разумець, што беларускамоўнага слэнгу вельмі мала. У асноўным гэта словы з англійскай мовы, тое ж можна сказаць і пра рускую мову. Сёння сапраўды моднае слова «чыліць». Яно папулярнае, таму што моладзь гэта любіць і час ад часу займаецца. Іх бацькі «адрываліся», яны — «чыляць», а насамрэч і тыя, і другія весела і нязмушана бавілі і бавяць час. У кожнага маладога пакалення свая лексіка, і нічога страшнага ў гэтым няма.

Сяргей Зелянко: Падлеткі па-рознаму камунікуюць з дарослымі і паміж сабой. Назіраю за сваёй шаснаццацігадовай дачкой — у размове з бацькамі або настаўнікамі яна ніколі не ўжывае тых слэнгавых слоў, якія выкарыстоўвае, калі размаўляе са сваімі равеснікамі... Мне падаецца, што гэта проста прыкмета ўзросту, яны перарастуць гэты этап.

Анастасія Марозава: Я таксама не бачу ў гэтым праблемы. Працавала нядаўна з маладой аўдыторыяй і прапанавала ім спачатку напісаць слэнгавыя словы і падабраць да іх агульнаўжывальныя адпаведнікі, а пасля, наадварот, успомніць слэнгавыя варыянты агульнаўжывальных слоў. З першай часткай задання ўсе справіліся лёгка, а вось з другой былі праблемы, хоць даваліся тыя словы, у якіх адпаведнікі на слэнгу дакладна ёсць. Значыць, «нармальнай» мовай наша моладзь валодае добра, а слэнг — сапраўды прыкмета ўзросту...

«Звязда»: Адносна нашай краіны варта мець на ўвазе і становішча білінгвізму, у якім усе мы ад пачатку знаходзімся. Рускія словы, выкарыстаныя ў беларускай мове, здаўна называюць «трасянкай», але ёсць і «трасянка» ў іншы бок — беларускія словы ў рускім маўленні...

Сяргей Зелянко: Раскажу прыклад з уласнай практыкі. Былі з калегам у Маскве на мерапрыемстве і размаўлялі там, натуральна, па-руску. Іншы калега, расіянін, тут жа пазнаў у нас беларусаў. Канешне, ад дзекання і цекання нікуды не падзецца. Але ў нас, як дзіўна ні гучыць, і руская мова, якую рускія не зусім разумеюць. Мы спакойна ў рускім маўленні ўжываем «шуфлядка», «ссобойка», «буська», і нават не здагадваемся, што такія натуральныя для нас у абедзвюх мовах словы для рускіх будуць незразумелымі. Я думаю, што наша «трасянка» — гэта набытак, а не засмечванне мовы, гэта натуральныя працэсы, якія сведчаць аб тым, што мова жывая. Яе, безумоўна, трэба вывучаць і захоўваць.

«Звязда»: Але ж сёння назіраецца іншая з’ява: многія чужыя словы трапляюць у беларускую менавіта праз рускую мову. Выходзіць, яна першая не застрахаваная ад «паразітаў»?

Ірына Ялынцава: Наплыў слоў іншамоўнага паходжання ў рускую мову ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў адзначаюць і многія расійскія даследчыкі. Прычым называюць яго беспрэцэдэнтным, а вядомы лінгвіст Віталь Кастамараў вобразна назваў гэту з’яву не «потоком», а «потопом». Аднак і тут меркаванні раздзяліліся: хтосьці лічыць, што гэта наносіць шкоду мове, але не менш і тых, хто лічыць, што гэта натуральны працэс. У рускай мове многія запазычанні дазволілі ліквідаваць семантычныя прабелы — назваць паняцці, якіх не было. Яшчэ ёсць такое меркаванне, што валоданне носьбітам рускай мовы інтэрнацыянальным лексічным фондам сведчыць аб засваенні ім навукова-тэхнічных дасягненняў сучаснай цывілізацыі. Запазычанні ў некаторых выпадках — гэта яшчэ і зручна: цэлы выраз можна замяніць адным словам: «ритейл» — «розничная торговля», «селфи» — «фотография самого себя», «кофе-брейк» — «короткий перерыв во время научной или бизнес-конференции для приема пищи и неформального общения». Іншая справа, што спрадвечна рускія словы пачалі замяняцца, а то і выцясняцца чужымі недарэчы. «Премия» стала «бонусом», «направление» — «трендом», «предприниматель» — «бизнесменом», «охрана» — «секьюрити», «общение» — «коммуникацией»... Значную і не самую лепшую ролю тут іграюць СМІ, асабліва інтэрнэт.

Іры­на Ялын­ца­ва.

«Звязда»: А вось у беларускай мове без «камунікацыі» не абысціся. Увогуле гэта галаўны боль беларускамоўных журналістаў, бо аналагу ўніверсальнага рускага «общения» ў нас свайго няма. Можа, варта было б яго прыдумаць?

Алена Лапцёнак: Навукоўцы нейкага новага слова не прыдумаюць. Наша справа — фіксаваць тое, што ў гэтай мове ёсць, апісваць, як словы ўжываюцца ў мове, даваць іх тлумачэнні, зыходзячы з гэтага ўжывання... Што датычыцца менавіта гэтага слова, у пэўным кантэксце адпаведнікам будуць «зносіны», дзесьці — «гутарка», а недзе і «камунікацыя». З часам з’явіцца, магчыма, і ўніверсальнае слова, але прыдумаюць яго не філолагі, а простыя носьбіты мовы.

«Звязда»: У Расіі ў ХІХ стагоддзі спрабавалі зрабіць «исконно русский язык», прыдумаўшы славянскія аналагі ўсім іншаземным словам. Ідэя пацярпела крах...

Ігар Капылоў: І ў ХХІ стагоддзі такія спробы былі, калі ў Расіі ўступіў у сілу закон аб дзяржаўнай мове. Быў створаны нават камітэт па чысціні мовы, але відавочных вынікаў гэта не дало. Ёсць станоўчы вопыт у мове французскай — там з 1994 года дзейнічае закон, які абавязвае выкарыстоўваць французскія словы, а калі ў запазычанняў няма адпаведнікаў — даваць тлумачэнне словам іншамоўнага паходжання...

Што датычыцца беларускага досведу ў гэтай справе... У адной з медыцынскіх ВНУ з’явіўся слоўнік па медыцынскай тэрміналогіі, дзе іншамоўныя словы замянілі нібыта беларускімі. «Апендыцыт» — «кабылянец», «ключыца» — «раменніца», «мочка» — «блінок», «панос» — «лякса», «пуп» — «жаронак», «энурэз» — «бруй», «эрэкцыя» — «юр» і гэтак далей... З пункту гледжання дыялектолагаў, магчыма, гэта і цікава, бо гэта народная медыцынская тэрміналогія. Але з пункту гледжання ўжывання ў прафесійнай лексіцы ўрачоў — гэта не сумяшчальна, тут павінна ўжывацца інтэрнацыянальная лексіка, яна павінна быць даступнай, агульназразумелай, тым больш што датычыцца здароўя і нават жыцця людзей.

Вікторыя Уласевіч: Замест ужо згаданага «сэлфі» прапаноўвалі казаць «сябешка», замест «смартфон» — «далькажык» (ад «далёка казаць»)... Хоць слова «сеціва» як аналаг «інтэрнэту» прыжылося выдатна... Мы можам толькі меркаваць, але ніколі не скажам дакладна, прыжывецца слова або не. Гэта натуральны працэс, і прагназаванне можа насіць толькі ўмоўны, гіпатэтычны характар.

З іншага боку, лінгвісты могуць адлюстраваць стан мовы на пэўным этапе яе развіцця з дапамогай лексікаграфічных выданняў. У канцы мінулага года выйшаў з друку «Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы», укладальнікамі якога былі мы з Наталляй Даўгулевіч. У ім зафіксавана запазычаная лексіка, якая з’явілася ў пачатку ХХІ стагоддзя і актыўна ўжываецца ў СМІ. Значная частка слоў не была апісана раней і адлюстроўваецца ў слоўніку ўпершыню. Дарэчы, хочацца падзякаваць газеце «Звязда», паколькі з розных прычын большасць ілюстрацыйнага матэрыялу была ўзята менавіта з вашых публікацый.

«Звязда»: Дык ці трэба змагацца за чысціню мовы? Ці ўспрыняць гэта як натуральны працэс развіцця — свайго кшталту сведчанне, што мова не застыла ў сваім развіцці, а значыць, жыве?..

Анастасія Марозава: Усім словам у мове месца знойдзецца, калі яны будуць запатрабаваныя. Мы можам падтрымліваць ужыванне канкрэтных адзінак ва ўласным маўленні, але забараніць іншым або навязаць штосьці не атрымаецца. Усе запазычанні на сёння — элементы лексічнай сістэмы сучаснай беларускай мовы, рэальныя і аб’ектыўныя яе факты, іх паходжанне — справа іншая. І мова дае нам выбар: карыстацца імі або не.

Алена Лапцёнак.

Ірына Ялынцава: Правяду паралель з рускай мовай. Там таксама, як я ўжо казала, хапае запазычанняў, але даследчыкі сыходзяцца ў адным: вялікай катастрофы не адбываецца, гэта натуральны працэс. Што рабіць? Варта проста падымаць моўную культуру. Праблема не ў самой мове, а ў няўмелым валоданні ёю. Працытую расійскага вучонага-лінгвіста Юрыя Караулава: «Тревогу должно вызывать не состояние системы языка, а уровень языковой способности нашего общества — наше массовое косноязычие, производящее впечатление национальной катастрофы». Гэта абсалютна дакладна праецыруецца і на беларускую мову.

Ігар Капылоў: Тут трэба, як ні нечакана гэта прагучыць у кантэксце нашай гутаркі, мець на ўвазе і аспект патрыятычнага выхавання, прадстаўленасці нашай дзяржавы ў вачах турыстаў, міжнароднай супольнасці. У гарадской прасторы, асабліва ў рэгіёнах, назіраецца празмернасць у запазычаных словах у назвах крамаў, аб’ектаў сэрвісу. Магчыма, у гэтым бачацца нейкія маркетынгавыя хады: прыцягнуць увагу наведвальнікаў незвычайнай назвай. Але зусім не горшым, хутчэй, наадварот, маркетынгавым ходам тут сталі б адметныя, цікавыя ўласна беларускія словы.

А «змагацца за чысціню» трэба праз папулярызацыю роднай мовы, пашыраць яе ўжыванне. Чытаць добрыя беларускія кнігі. Калі чалавек добра валодае роднымі словамі, яму не трэба будзе шукаць іншамоўныя адпаведнікі.

Круглы стол правяла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.