Вы тут

Высокі арганізацыйны ўзровень і зацікаўленасць удзельнікаў. Назіральнікі пра рэферэндум


Прадстаўнікі Місій назіральнікаў на рэспубліканскім рэферэндуме па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю падзялілася сваімі ўражаннямі ад працы на рэферэндуме. 


Кіраўнік Місіі назіральнікаў ад СНД, намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — Выканаўчага сакратара СНД Ільхом Нематаў падкрэсліў высокі арганізацыйны ўзровень рэферэндума. Па яго словах, доўгатэрміновыя назіральнікі працавалі ў Беларусі з 1 лютага. Яны наведалі практычна ўсе рэгіёны рэспублікі, дзе сустракаліся са старшынямі тэрытарыяльных участковых камісій, знаёміліся з метадычнымі і інфармацыйнымі матэрыяламі, са спісамі ўдзельнікаў і іншымі неабходнымі прававымі дакументамі. У асноўны дзень галасавання 27 лютага яны наведалі 926 участкаў па ўсёй краіне, з іх — сем у Мінску. 

«Мы былі прыемна здзіўлены, што ўсюды была арганізавана работа аб’ектаў гандлю, культурная праграма, што стварала спрыяльныя ўмовы і добры святочны настрой для грамадзян. Мы ўпэўніліся ў актыўнасці беларусаў, якія галасавалі з самай раніцы. Многія прыходзілі з дзецьмі, як на свята. Беларусы разумеюць, што любая Канстытуцыя павінна быць адаптавана да рэалій, якія сёння адбываюцца не толькі ў краіне, але і ва ўсім свеце, тады Асноўны закон будзе працаваць», — адзначыў Ільхом Нематаў.

Словы свайго калегі пацвердзіў і Канстатцін Касачоў, каардынатар назіральнікаў ад Міжпарламенцкай Асамблеі СНД. Ён расказаў, што падчас наведвання ўчасткаў шмат размаўляў з людзьмі. У размовах з імі ён пераканаўся, што сэнс змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю беларусы разумеюць. Асобна Канстанцін Касачоў падкрэсліў папярэднюю работу па інфармаванні насельніцтва, абмеркаванне праекта Канстытуцыі было арганізавана галосна і дэмакратычна. «Любы грамадзянін Беларусі мог атрымаць вычарпальныя адказы на ўсе свае пытанні. Тым не менш, калі ў кагосьці не хапіла часу, каб разабрацца ў сутнасці, дадатковыя магчымасці былі створаныя на ўсіх без выключэння ўчастках, якія мы наведалі. Можна было азнаёміцца з тэкстамі прапанаваных навэл і дзейнай рэдакцыі Асноўнага закона, была магчымасць атрымаць кансультацыі ў спецыялістаў», — канстатаваў ён. Высока ацаніў ён і працу назіральнікаў, акрэдытаваных беларускім бокам. 

«У асобных выпадках нашы назіральнікі фіксавалі пэўныя недапрацоўкі тэхнічнага характару. Самай сур’ёзнай з іх была адсутнасць на некаторых участках пандусаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Аднак ні адна з гэтых хібнасцей не магла паўплываць на зыход галасавання. Рэферэндум прайшоў з выкананнем правоў і свабод удзельнікаў найважнейшай грамадска-палітычнай падзеі ў жыцці краіны, адпавядаў заканадаўству і міжнародным абавязацельствам Беларусі ў электаральнай сферы», — заявіў Канстанцін Касачоў. 

Міжнародны назіральнік Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Казыбек Качконаў адзначыў высокі ўзровень ведаў працэдур галасавання членамі камісій. Таксама назіральнікі місіі падкрэслілі высокі ўзровень зацікаўленасці грамадзян, якія ўдзельнічалі ў галасаванні. Казыбек Качконаў расказаў, што ў міжнародную назіральную місію ШАС не паступіла заўваг па правядзенні рэферэндуму. 

«Запрашэнне міжнародных назіральнікаў расцэньваецца місіяй як імкненне забяспечыць адкрытасць і празрыстасць рэферэндуму. У складзе місіі Цэнтральнай выбарчай камісіяй Рэспублікі Беларусь было акрэдытавана 14 наглядальнікаў. Гэта былі прадстаўнікі заканадаўчых і выбарчых органаў, дыпламаты дзяржаў — членаў ШАС і службовыя асобы Выканаўчага камітэта Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры. Місія выконвала сваю функцыю, кіруючыся Палажэннем аб місіі наглядальнікаў ад ШАС на прэзідэнцкіх або парламенцкіх выбарах, а таксама рэферэндумах. Намі былі выкананы прынцыпы палітычнай нейтральнасці, аб’ектыўнасці, неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржавы і заканадаўства Рэспублікі Беларусь», — расказаў Казыбек Качконаў. Таксама ён падкрэсліў, што правядзенне рэферэндуму суправаджалася комплексным прымяненнем розных інфармацыйных тэхналогій, якія садзейнічалі захаванню галоснасці, празрыстасці і выключэнню ўплыву адміністрацыйнага рэсурсу.

Мы ўсе спрацавалі вельмі зладжана

З пачатку датэрміновага галасавання ў штаб-кватэры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі працаваў грамадскі інфармацыйны цэнтр, у якім акумулявалася інфармацыя ад назіральнікаў з усіх рэгіёнаў. Увесь час спецыялісты цэнтра трымалі сувязь з назіральнікамі на ўчастках па ўсёй краіне. Гэта дазволіла сабраць поўную і аб’ектыўную карціну арганізацыі і правядзення рэферэндума і хода галасавання з першай і да апошняй хвіліны. 

Старшыня Беларускай федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда падкрэсліў, што з першага дня датэрміновага галасавання назіральнікі фіксавалі актыўную яўку ва ўсіх рэгіёнах краіны. Паводле яго слоў, гэта пацверджанне таго, што ва ўсёй краіне людзі ведаюць і разумеюць, якія змяненні і дапаўненні ўносяцца ў Канстытуцыю. 

Міхаіл Орда даў высокую адзнаку працы камісій: «Прычапіцца ў іх рабоце практычна не да чаго. Парушэнняў, якія маглі б паўплываць на ход і вынікі галасавання, не выяўлена ў прынцыпе. Члены камісій прыслухоўваліся да ўсіх прапаноў, якія выказвалі назіральнікі для паляпшэння ўмоў для галасавання на ўчастку і прымалі неабходныя меры, уважліва разглядалі ўсе пытанні грамадзян. Мы ўсе спрацавалі вельмі зладжана, не было падзелу або закрытасці. Аб усіх нашых назіраннях мы расказвалі. Як мы і заяўлялі, гэта рабілася для сумленнага, аб’ектыўнага назірання, каб ведаць, што адбываецца на месцах, і далейшага інфармавання грамадства і свету».

Назіральнікі зафіксавалі каля дзесяці скаргаў ад удзельнікаў рэферэндуму, пададзеных у камісіі. Міхаіл Орда падкрэсліў, што ў большасці выпадкаў іх цяжка назваць аб’ектыўнымі. Напрыклад, людзі скардзіліся на маленькія памяшканні для галасавання, на адсутнасць стала для напісання скаргаў ці адстутнасць шторкі. Было зафіксавана некалькі выпадкаў, калі ўдзельнікі рэферэндуму абражалі ці пагражалі членам камісій. Міхаіл Орда расказаў, што мелі места і правакацыі: «На адным з участкаў грамадзянін спрабаваў замяніць афіцыйны бюлетэнь на загадзя парыхтаваны падроблены і збіраўся кінуць яго ў скрыню. Пільныя назіральнікі не дазволілі і выклікалі міліцыю». Не абышлося і без нагод для гумару. У Мінску жанчына ад хвалявання ці выпадкова кінула ў скрыню разам з бюлетэнем і свой пашпарт. Дакумент жанчыне вярнулі ў панядзелак. 

Актыўны ўдзел у канстытуцыйным рэферэндуме прыняла і беларуская моладзь. Пра гэта расказаў першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў. Маладыя людзі таксама актыўна працавалі ва ўчастковых камісіях і валанцёрамі. Больш за 5200 чалавек працавалі ў якасці нацыянальных назірапьнікаў. Напярэдадні рэферэндуму БРСМ разам з цэнтральнай выбарчай камісіяй і універсітэтам інфарматыкі і радыётэхнікі распрацавалі мабільны дадатак «Твой участак». З яго дапамогай удзельнікі рэферэндуму маглі скласці маршрут да месца для галасавання, азнаёміцца з праектам абноўленай Канстытуцыі і паглядзець кантакты ўчастковай камісіі.

«Дадатак добра сябе паказаў, быў эфектыўным. Аднак былі зафіксаваныя кібератакі з заходняга боку, якія, на жаль, атакавалі гэты рэсурс і заблакіравалі. Пацярпелі ад блакіроўкі і сацыяльныя сеткі БРСМ у рэгіёнах. Пра гэта важна казаць, сітуацыя была абвостраная. Але трэба аддаць належнае моладзі: на маніпуляцыі ў лічбавай прасторы не паддаваліся і адпрацавалі на выдатна», — расказаў Аляксандр Лук’янаў. 

Назіральнікі адзінагалосна сышліся ў меркаванні, што рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю стаў сапраўдным святам для ўсёй краіны. І разам з тым прайшоў у адпаведнасці з нацыянальным і міжнародным заканадаўствам. І як адзначыла старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, лідар Беларускага саюза жанчын Алена Богдан, гэта быў выбар народа. Самае галоўнае, што была пераемнасць пакаленняў, калі старэйшыя дэманструюць дзецям, унукам прыклад праявы актыўнай грамадзянскай пазіцыі.


Тым часам

Кітай паважае і цвёрда падтрымлівае беларускі народ у выбары шляху развіцця. Аб гэтым заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Кітайскай Народнай Рэспублікі Ван Вэньбінь, каменціруючы папярэднія вынікі праведзенага 27 лютага ў Рэспубліцы Беларусь рэферэндуму па канстытуцыйных папраўках, паведамляе БелТА.

«Мы адзначылі паспяховае правядзенне беларускага рэферэндуму па папраўках да Канстытуцыі», — сказаў Ван Вэньбінь.

«Кітай і Беларусь з’яўляюцца ўсёабдымнымі стратэгічнымі партнёрамі. Кітай паважае і цвёрда падтрымлівае беларускі народ у выбары шляху развіцця, які адпавядае яго ўласным нацыянальным умовам, і верыць, што Рэспубліка Беларусь прадоўжыць падтрымліваць добрую дынаміку стабільнасці і развіцця», — падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства КНР.

Валерыя СЦЯЦКО 

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.