Вы тут

І няхай прадоўжыцца гульня


Пісьмо сыну і ўнуку з прызнаннем у любові


Малюнак Аліны Фасевіч

Уважліва прачытаў пісьмо Лівінгстана Ларнеда – пісьмо бацькі малому сыну. (У інтэрнэце можна знайсці па назве “Отец забывает”. – Рэд.). Задумаўся. Стала зразумела, чаму яно абляцела ўвесь свет. Гэта ж споведзь бацькі, у якога наступіла прасвятленне, што ўся тая праца, якой ён займаўся – мітусня. І не вартая нічога ў параўнанні з удзелам у станаўленні яго маленькага сына. У горле ў мяне быў камяк, на вачах слёзы. Як быццам у чорна-белым кіно прамільгнула жыццё. Я змог разгледзець у ім і свае памылкі, прамашкі. А яны былі...

Міша, мой сынок, быў малы: гадоў 5. Па нядзелях мы хадзілі з ім у мінскі парк Чалюскінцаў, там было шмат дзіцячых атракцыёнаў. Бралі білеты на ўсе. Нам абодвум было весела, радасна. Ніколі не забуду той атракцыён, здаецца, Super-8. Велізарны, з крутымі спускамі-ўздымамі, вялікімі хуткасцямі. Нават здалёк паглядзіш – катацца страшнавата. Але, зірнуўшы на ззяючыя ад захаплення вочы сына, я схаваў свой страх: што, пакатаемся? Міша з радасцю пагадзіўся. Мы селі ў кабіну і панесліся. Крычалі, спявалі, смяяліся... Былі толькі мы і атракцыён, ды яшчэ вялізнае блакітнае неба... Калі спыніліся, запытаў: табе было страшна? І сын адказаў: так! Я ўсміхнуўся і сказаў: "Мне таксама было страшна". І мы шчаслівыя пабеглі да наступнага атракцыёну...

Усё было добра. Вось толькі калі трэба было нам ісці дадому, сына як быццам падмянялі. Ён уцякаў ад мяне, хаваўся... І я псіхаваў. Выходзіў з сябе, падвышаў голас. Пагражаў, што мы больш ніколі не пойдзем у парк. Ён моўчкі выслухваў мае словы і нічога не казаў. Гэта цяпер я разумею: яму хацелася заплакаць і папрасіць мяне яшчэ застацца. Ён, відаць, быў узрушаны: чаму тата не разумее гэтага!?! Бо можна ж падоўжыць чараўніцтва атракцыёнаў!!! Перада мной быў маленькі хлопчык са сваімі захапленнямі, клопатамі, радасцямі. А я не разумеў таго. Ведаў адно: мы ў парку ўжо некалькі гадзін і пара дадому. Мне трэба вярнуцца да сваіх спраў, і мама чакае нас, хвалюецца. А сыну пара паесці ды класціся спаць. Але яму ж так хацелася застацца ў чароўнай казцы парка!!!

Так, мы заўсёды знаходзілі кампраміс: лішнія паўгадзінкі ў парку. Але, разумею цяпер, гэтага было так мала… І ўсведамляю сваю віну, віну дарослага перад маленькім сынам. Яна, хоць і нябачная, усё азмрочвала, гэтая віна. Але тады мне тое не дадзена было зразумець. І ўсё роўна мы з сынам зноў з нецярпеннем чакалі нядзелю, разумеючы, што тужлівыя моманты растання з паркам будуць. Але перад тым усё ж будзе казка атракцыёнаў.

Час праляцеў. Ужо 2021-ы. Майму ўнуку Данілку 3 гады. Я прыехаў да яго ў загарадны дом. У краіне – пандэмія, усе на ізаляцыі. Мае паездкі да ўнука вельмі рэдкія. Калі я прыязджаю, Данька ажывае. Ён разумее, што прыехаў яго сябар, аднадумец па гульнях, хованках, беганні... Ён сядзеў ля акна і чакаў, калі мы з татам прыедзем. Убачыўшы машыну, загрукаў па шыбе рукамі, закрычаў: хутчэй у дом!!! Ён пачаў называць мяне Віцем, і гэта мне прыемна. Жадае бачыць у мне свайго сябра, аднагодка. І я разумею гэта, стараюся адпавядаць чаканням. Паказваў яму фінты нагамі з мячом – капіруе ўмомант. Асабліва Даніку падабаецца бегаць адзін за адным у пакоі, у агародзе, хавацца між дрэвамі, скакаць цераз перашкоды, на ложку... Яго проста распіраюць эмоцыі. Але… у нейкі момант я прапанаваў яму спыніцца, і адпачыць трошкі. Ён замёр. Ніяк зразумець не мог: як так? Чаму раптам?! Я разумеў яго разгубленасць, але настойваў на сваім. Ён спыніўся. Узяў мяч і, у працяг гульні, кінуў мне, каб я адбіў галавой. А я злавіў мяч і адкінуў яго ў бок. Яму так хацелася працягнуць гульню, асвоіць практыкаванне: удар галавой. Данька настойліва пачаў кідаць мяч у мой бок, цэлячы ў галаву. І ўжо без усмешкі на твары, імкнучыся прымусіць мяне працягнуць гульню, разварушыць: ён жа бачыў, што мне тое падабалася. А я не падтрымаў сябра. Данька спыніўся. Замоўк, адышоў. І стаў сумным-сумным. Мабыць, таму, што расталі яго надзеі на свайго сябра.

Я пад настроем распавёў пра гэты эпізод маме Тані. Цяпер вельмі дакараю сябе за тое: бо нічога ж такога не адбылося! Нічога!!! А мама паклікала Даньку і пачала яго “прабіраць”: чаму ён так абыходзіўся са мной, чаму пакрыўдзіў. Потым сказала: прасі прабачэнні ў Віці. Данька маўчаў. Я бачыў яго вочы. У іх яшчэ не было рашэння, але я бачыў, што яно выспявае. Што гэты маленькі хлопчык ужо ўсё разумее, але… яму ж так хацелася працягнуць гульню!

Праз некаторы час усе забыліся на тое, што адбылося. А мінут праз 20-30 да мяне падышоў Данька, абняў і сказаў ціхенька: “Я больш ніколі не буду цябе крыўдзіць ...” У мяне на вачах з’явіліся слёзы. Божа, што я нарабіў! Мой унук хацеў гуляць са мной – а я адмовіў яму! І яшчэ маме пажаліўся... Мне хацелася крычаць: Данька, я больш ніколі не зраблю так у дачыненні да цябе! Потым падышла мама Таня і сказала мне ціха-ціха, што перад тым, як падысці да мяне, Данька да яе падышоў і сказаў: мама, я больш не буду крыўдзіць Віцю.

Два выпадкі з жыцця бацькоў, дзяцей і дзядоў. Для дарослых быццам бы і непрыкметныя. Але з малога вырастае вялікае, па драбніцах складаюцца – ці не складаюцца – адносіны. Будзем шчырымі: мы часам бываем несправядлівыя да сваіх маленькіх дзяцей і ўнукаў – бо забыліся на мудрае настаўленне: “Будзьце як дзеці!”. А таму ў дачыненнях з гэтымі прамяністымі, вясёлымі, асветленымі Радасцю анёлкамі – далоў усё дарослае! Прэч нашыя залішнія хваляванні, трывогі, настроі! Бо перад намі нашы дзеці, нашы ўнукі. Мы маем права толькі маліцца за іх, ведаючы наперад, што дарослае жыццё і ў іх, пэўна што, не заўсёды будзе радаснай гульнёй.

Віктар Пракаповіч, ваенны пенсіянер

Ад рэдакцыі. Да нас звярнуўся з прапановай аб супрацоўніцтве афіцэр запасу, у мінулым выкладчык ваеннага вучылішча (і адзін з актыўных стваральнікаў кнігі “Минское высшее инженерное… училище ПВО. Воспоминания”) Віктар Пракаповіч. Ураджэнец палескага горада Любань, выпускнік згаданага МВІЗРУ (такую абрэвіятуру ведалі вайскоўцы па ўсім Савецкім Саюзе) да таго ж узначальваў Беларускі фонд сацыяльнай абароны былых ваеннаслужачых. Віктару Міхайлавічу ёсць пра што расказаць, чым падзяліцца. І жыццёвыя сітуацыі, над якімі ён разважае, цікавыя для многіх.

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: І няхай прадоўжыцца гульня

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.