Вы тут

Дастойныя наступнікі ды іх настаўнікі


У Гродзенскім абласным драматычным тэатры працягваецца паказ пастаноўкі «Свае людзі — злічымся!» па аднайменнай п’есе Аляксандра Астроўскага.


Не самая папулярная камедыя аўтара, аднак сюжэт знаёмы: дачка на выданні, зайздроснае чужое багацце, людзі, гатовыя нажыцца на горы блізкага… Галоўныя героі — Самсон Сілыч Бальшоў, купец; Аграфена Кандрацьеўна, яго жонка; Алімпіяда Самсонаўна (Ліпачка), іх дачка; Лазар Елізарыч Падхалюзін, прыказчык; Усціння Навумаўна, свацця; Сысой Псоіч Рыспалажэнскі, страпчы. Чаму гэтыя героі цікавыя і папярэднікам, і сучаснікам? Чаму засталіся актуальнымі? Паспрабуем разабрацца на прыкладзе спектакля рэжысёра-пастаноўшчыка Аляксандра Калагрыва, які сыграў аднаго з галоўных персанажаў.

Крыху гісторыі

Вядома, што першае публічнае чытанне п’есы «Свае людзі — злічымся!» адбылося ў 1849 годзе ў доме гісторыка, пісьменніка і выдаўца Міхаіла Пагодзіна, дзе сярод прысутных быў Мікалай Гогаль. Пасля публікацыі ў часопісе «Москвитянин» у 1850 годзе п’еса мела велізарны поспех у чытачоў. Знакамітыя рускія пісьменнікі таксама адрэагавалі на публікацыю, сярод іх — Іван Ганчароў і Леў Талстой. Аднак п’еса атрымала адмоўны водгук цэнзара Міхаіла Гедэонава, які назваў твор «крыўдным для рускага купецтва». Пастаноўка была забаронена па ўказанні Мікалая I з рэзалюцыяй: «…дарма друкавана, іграць жа забараніць…»

Афіцыйна твор быў дазволены да пастаноўкі ў скарочаным выглядзе толькі ў снежні 1860 года. Спектакль прайшоў у Александрынскім тэатры ў Пецярбургу ў студзені 1861-га. Упершыню ў першапачатковай рэдакцыі камедыя была пастаўлена ў 1881-м у прыватным тэатры Ганны Бранко «Паблізу помніка Пушкіну» ў Маскве.

Падманшчык будзе падмануты

Драматург абраў сюжэт, у аснову якога пакладзены распаўсюджаны ў той час выпадак махлярства сярод купцоў. Так, багаты купец Самсон Сілыч Бальшоў ладзіць са страпчым Сысоем Псоічам Рыспалажэнскім фіктыўнае банкруцтва, каб не аддаваць цалкам доўг па крэдыце. Яго дачка Ліпачка хоча любым спосабам выйсці замуж за двараніна. Галоўны прыказчык Бальшова Лазар Падхалюзін, баючыся за сваю будучыню, вырашае пайсці на падман. Ён падкупляе сваху Усцінню Навумаўну, каб яна разладзіла справу з невядомым жаніхом. Страпчаму ён прапануе таксама найлепшы варыянт.

Падхалюзін прыкідваецца перад Бальшовым, што закаханы ў Ліпачку. Тут Бальшоў вырашае выдаць дачку за яго і перапісаць усю маёмасць на будучага зяця, каб той карміў яго з жонкай і заплаціў крэдыторам па 25 капеек за рубель доўгу, а калі будзе магчымасць, то наогул па 5—10 капеек. Бальшоў аб’яўляе сям’і пра заручыны Падхалюзіна і дачкі. Ліпачка не жадае выходзіць за брыдкага прыказчыка, але той спакушае яе перспектывамі будучага жыцця з грашыма Бальшова і абяцае, што бацькам яны падпарадкоўвацца не будуць. Ліпачка згаджаецца.

Пасля вяселля Алімпіяда Самсонаўна задаволена сваім жыццём: у яе шмат новых сукенак і раскошны дом. Прыходзіць Бальшоў, якога часова выпусцілі з турмы — «пазыковай ямы». Ён плача і моліць зяця і дачку выплаціць даўгі па дваццаць пяць капеек за рубель, інакш улады могуць адправіць яго ў Сібір. Падхалюзін адмаўляецца, спасылаючыся на недахоп грошай. Ліпачка кажа, што яна і муж таксама хочуць пажыць уволю. Падхалюзін робіць выгляд, што забывае пра свае абяцанні Усцінні Навумаўне і Рыспалажэнскаму.

Між тым у тэатральнай канцоўцы не вельмі выразна паказаны адзін з ключавых момантаў кніжнага фіналу. Так, у арыгінале зяць усё ж спрабуе дапамагчы Самсону Сілычу. У пастаноўцы ж Лазар Елізарыч нібыта выказвае заклапочанасць, і толькі.

Камедыя і трагедыя

Камедыя адлюстроўвае адвечныя праблемы, знаёмыя кожнаму: адносіны бацькоў і дзяцей, успрыманне маральных і сямейных каштоўнасцей. Сюжэт не страціў актуальнасці. Але тое, над чым смяяліся амаль два стагоддзі таму, сёння выглядае трагічна — усё ж у п’есе ёсць рысы і гэтага жанру. Так, камедыя, дзе, вядома, ёсць месца для ўсмешак і смеху, ператвараецца ў страшную гісторыю.

У пачатку спектакля, каб стварыць хатнюю абстаноўку, для дэкарыравання выкарыстоўваюцца самаробныя, рукатворныя прадметы і маляўнічыя матэрыялы, але са змяненнем сюжэта на сцэне знікае святло, яна становіцца змрочнай і чорнай. Разам з дэкарацыямі мяняюцца касцюмы герояў: такім чынам падкрэсліваецца трансфармацыя іх асобы, калі з-за пэўных сітуацый пачынаюць праяўляцца схаваныя рысы характару. Ды пералом персанажаў пазначаны і ў танцы.

Пастаноўка атрымалася цалкам традыцыйная, аднак выбар смелых і яркіх касцюмаў, дэкарацыі і музыкі розных стыляў, вельмі рэзкай і гучнай, стварае паўнавартасны кантраст. Да таго ж твор насычаны мноствам камічных сітуацый. Напрыклад, Ліпачка выхваляецца сваімі вытанчанымі манерамі пры іх абсалютнай адсутнасці, сваха на працягу адной размовы некалькі разоў мяняе ўласнае меркаванне, а страпчы ў важных эпізодах гутаркі просіць выпіць.

Натуральны фінал

Купецтва з’яўлялася своеасаблівым светам, дзе выпрацаваліся свае парадкі і звычаі, адмысловыя тыпы і ўмовы існавання. Свет гэты, сапраўды цёмны, раптоўна паўстаў у кнізе і на сцэне перад публікай ва ўсёй сваёй страшнай адметнасці.

Адной з асноўных тэм пастаноўкі з’яўляецца самадурства. Вядома, што гісторыя жыцця большасці самадураў аднолькавая: з дзяцінства цяжкая праца, пабоі і здзек з боку тых, хто старэйшы і ўладарны, а адсюль упартая мара нажыцца якім заўгодна шляхам і самому стаць тым, хто можа здзекавацца і распараджацца іншымі. Калі гэтая запаветная мара здзяйсняецца, калі самадур становіцца на чале ўласнай справы і сям’і, тады надыходзіць час атрымаць асалоду ад сваёй улады. Такім чынам, самадурства з’яўляецца натуральным наступствам. Нават на прыкладзе п’есы прасочваюцца своеасаблівыя ідэалы, якія зводзяцца да дасягнення магчымасці быць не ахвярай дэспатызму, але самому стаць дэспатам, цярпець не ад чужога гвалту, але самому гвалтаваць волю іншых.

Такі галоўны герой Бальшоў (у выдатным выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Шаўкаплясава): цвярозы ён панура маўчыць, і ўся хата замірае; калі ж ён п’яны, жытло напаўняецца крыкамі купца, плачам жонкі ці дачкі. З самадурства аб’яўляе ён сябе банкрутам і не плаціць крэдыторам, з самадурства ж здзекуецца і з жонкі, і з дачкі, якую выдае замуж, не спытаўшы яе згоды. Дарэчы, жонка атрымліваецца цалкам абязлічанай: пра яе мала што вядома, аднак усё зразумела. Гэта цёмная і жорсткая жанчына, якая бязмерна любіць дачку і ўсяляк ёй дапамагае. У канцы яна страціла ўсё і апынулася ў залежнасці ад Падхалюзіна і Алімпіяды.

Аганьбаваны і збяднелы, Бальшоў на старасці гадоў прыходзіць да думкі аб тым, што за грошы ён прадаваў сваё сумленне і ў гэтым граху правёў жыццё: аднак раскаянне не вельмі каштоўнае, бо выклікаецца толькі матэрыяльным бедствам, якое Бальшову давялося выпрабаваць. Аднак цяпер ролю самадура выконвае Лазар Елізарыч Падхалюзін, дастойны наступнік, які будуе на ганьбе і бядзе старога свой дабрабыт.

Дачка Бальшова, Ліпачка, таксама абыякавая да гора бацькі; выхаваная ў прасякнутай эгаізмам і самадурствам атмасферы, яна ў сваёй абыякавасці і чэрствасці з’яўляецца годнай дачкой бацькі. Ліпачка вырасла нячулай дзяўчынай, якая марыць жыць «па-адукаванаму», аднак становіцца смешнай у сваёй наіўнай прэтэнзіі здавацца «адукаванай».

Свае людзі

У аснове п’есы — канфлікт заганнага чалавека з грамадствам. Асаблівасцю дадзенага супрацьстаяння з’яўляецца яго маральная шэрасць і неадназначнасць, бо немагчыма дакладна вызначыць станоўчых і адмоўных герояў, яны маюць як добрыя якасці, так і недахопы.

У камедыі «Свае людзі — злічымся!» ідзе вайна ўсіх супраць усіх. Даследчыкі даўно адзначылі, што традыцыйны для літаратуры XIX стагоддзя канфлікт «бацькоў» і «дзяцей» набывае асаблівы размах: аўтар малюе пошлае купецкае асяроддзе. Цікава, што ніводны з герояў твора не выклікае спагады. Аднак нельга выключаць, што пакаленне «бацькоў» у асобе Самсона Сілыча можа выклікаць больш сімпатый, чым «дзеці». Бальшоў гатовы на махінацыі ў тым ліку дзеля будучыні сваёй дачкі і шчыра верыць, што з боку Ліпачкі і яе жаніха не можа быць падману, бо яны «свае людзі». Таму калі ў Бальшове яшчэ жыве наіўная вера ў людзей, то для былога прыказчыка няма нічога святога. Ён з лёгкасцю разбурае апошнюю маральную апору — сямейную крэпасць. Вучань перасягнуў свайго настаўніка, і справядлівасць перамагае, толькі якая яна, гэтая справядлівасць?

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта grodnonews.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.