Вы тут

Суровыя ўрокі Хатыні


У Мемарыяльным комплексе «Хатынь» прайшоў рэспубліканскі мітынг-рэквіем. І на крымскай зямлі па ініцыятыве беларускіх суполак ушанавалі памяць ахвяр Хатынскай трагедыі.


 

Удзельнікі мітынгу-­рэквіема. Хатынь, 22 сакавіка 2022 г.

Пра беларускую вёску Хатынь, трагічныя падзеі ў ёй вясной 1943-га сёння ведаюць па ўсім свеце. 22 сакавіка праваслаўныя памінаюць у гэты дзень Сорак мучанікаў Севасційскіх, у народзе жыве і назва Саракі. А 79 гадоў таму ў такі дзень карнікі знішчылі мірную вёску Хатынь, жыўцом спалілі яе жыхароў: дарослых і дзяцей. Прычым наймаленькай ахвяры фашысцкай расправы было ўсяго сем тыдняў...

У Мемарыяльным комплексе надзвычай шматлюдна было 22 сакавіка. Прыехалі на мітынг-рэквіем дзясяткі тысяч людзей. Былі ў Хатыні дэлегацыі дзяржорганаў улады, прадстаўнікі кожнага з раёнаў Беларусі, сярод якіх нямала моладзі. Людзі едуць у Хатынь кожны дзень: пакланіцца святой зямлі, ускласці кветкі да мемарыяла смутку і народнай Вечнага агню памяці.

Зварот да суайчыннікаў з нагоды Хатынскай трагедыі зрабіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Яго зачытаў, выступаючы на мітынгу, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка. Пры тым падкрэсліў: сёння ўсё, што звязана з Хатынню і тысячамі падобных вёсак, актуальна як ніколі. Прычым не толькі для жыхароў Беларусі, але і гасцей, якія прыязджаюць да нас: «Здавалася, нашы бацькі знішчылі фашызм у 1945-м. Аднак аказваецца, што зерне нацызму ёсць і сёння. Мы дакладна тое бачым і на прыкладзе нашай суседкі Украіны, і ў Прыбалтыцы, і ў іншых краінах... Нам трэба гэтую памяць пераносіць з пакалення ў пакаленне — каб не дапусціць выспявання падобнага на сваёй зямлі. Трэба ўвекавечваць памяць герояў, выхоўваць моладзь і не дапусціць падзей Вялікай Айчыннай вайны».

Усе выступоўцы сходзіліся ў думцы: суровыя ўрокі Хатыні нам усім варта добра засвоіць. Як адзначыў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, Год гістарычнай памяці, аб’яўлены Кіраўніком дзяржавы, асабліва важны для нашай моладзі. Хатынскія ўрокі вельмі актуальныя. «Сёння некаторыя палітычныя кіраўнікі Захаду і Злучаных Штатаў Амерыкі імкнуцца сказіць гістарычныя факты, і гэта пачалося не ўчора, а робіцца вельмі даўно, пачынаючы з распаду Савецкага Саюза, — заўважыў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. — Прыкладам гэтаму і наша братняя Украіна. Забыліся на тэрыторыі калектыўнага Захаду, што менавіта савецкі салдат вызваліў Еўропу ад карычневай чумы, фашызму. Якраз у Беларусі ўсё робіцца дзеля таго, каб пра гэта ніколі не забываліся».

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Грызлоў нагадаў: «Жыхары беларускай зямлі заўсёды на працягу вайны былі на пярэднім краі барацьбы з фашызмам і зрабілі вельмі важкі ўнёсак у нашу агульную Перамогу. Мы павінны памятаць іх імёны, у сваім сэрцы запомніць тых, хто аддаў свае жыцці за тое, каб будучыя пакаленні жылі пад мірным, яркім, сонечным небам. Касцяк таго карнага атрада, што знішчаў Хатынь у сакавіку 1943-га, складалі нацысты з Кіева і заходніх абласцей Украіны. Яны апрануліся ў нацысцкую форму, прысягнулі Гітлеру і ўвасаблялі ў жыццё ідэі Бандэры і Шухевіча. На жаль, ва Украіне зноў узышлі парасткі фашызму. Іх трэба выкарчоўваць. Расійскія Узброеныя сілы праводзяць цяпер спецыяльную ваенную аперацыю, каб абараніць людзей, ажыццявіць дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю Украіны. Мы, брацкія народы, сумесна атрымалі перамогу над фашызмам у ΧΧ стагоддзі. Цяпер мы таксама атрымаем перамогу».

Удзельнікі мітынгу-рэквіема ўшанавалі памяць загінулых Мінутай маўчання, усклалі кветкі да Вечнага агню, што гарыць на Хатынскім мемарыяле.

СМІ звярнулі ўвагу, што на мітынгу ў Хатыні быў і Пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр. У інтэрв’ю нашым калегам ён адзначыў, што прыйшоў у Хатынь у якасці Пасла, каб ушанаваць памяць ахвяр варварскіх злачынстваў, якія здзейснілі тут немцы ў гады Другой сусветнай вайны: «Для Беларусі гэта месца вялікай трагедыі. Я хачу вас запэўніць: Германіяй ніколі не будзе забыта тое, што тут адбылося ад яе імя. Не забудзем гэты невыказны прычынены боль. Я кланяюся вам...».

У Хатынь – ад беларусаў Еўпаторыі

І ў той жа дзень на крымскай зямлі, далёкай ад Беларусі, аддалі даніну памяці ахвярам Хатыні. Пра тое напісала ў рэдакцыю, даслала здымкі з акцыі яе арганізатар Дзіна Шаўчэнка — беларуска з Гомеля, дачка франтавіка Рыгора Здараўцова. «Мой бацька мужна ваяваў, ён меў чатыры раненні, быў за баявыя заслугі ўзнагароджаны ардэнамі, медалямі, — пісала ў нашай газеце пра бацьку-героя ўдзячная дачка. — Пасля вайны закончыў педінстытут у Мінску, стаў настаўнікам гісторыі. Гарачы прыхільнік жанру ваенных мемуараў, сабраў багатую бібліятэку. Так што вернасць пажыццёвая “ваеннай тэме” ў мяне, як кажуць, у крыві — з гомельскага дзяцінства».

Удзельнікі патрыятычнай Акцыі памяці ў Еўпаторыі

Акцыя памяці пад назвай «Звонят колокола Хатыни» прайшла ў еўпатарыйскім санаторыі «Орен-Крым». У жалобна-тужлівым мерапрыемстве ўдзельнічалі актывісты суполак «Крым — Беларусь» і «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў «Спарта» і «Патриот». Былі прадстаўнікі нацыянальна-культурных аўтаномій горада: беларусы, рускія, украінцы, немцы, армяне. Ля дзяржаўных флагаў Беларусі ды Расіі стаяла ганаровая варта. «У жалобы па ахвярах нацыстаў і ў памяці пра іх ахвяры няма нацыянальнасці» — такім быў лейтматыў Акцыі памяці.

У часе яе згадваліся абставіны трагедыі, адзначалася: у трэці раз ушаноўваць памяць ахвяр Хатыні ў Еўпаторыі. Была Мінута маўчання. Выступленні актывістаў беларускіх суполак. Дзіна Шаўчэнка расказала пра кантакты з кіраўніцтвам Мемарыяльнага комплексу «Хатынь», дасланую туды вялікую калекцыю фотаздымкаў: пра тое, як ветэраны з Крыма гасцявалі ў Беларусі, наведвалі Хатынь. Пра комплекс расказвала і Людміла Айзенштэйн, беларуска з Сімферопаля. Кранальным быў аповед Вольгі Рудэнкі (Сімферопальскі раён). Яна з Гомельшчыны, з вёскі Муціжар, якая была спалена карнікамі ў вайну ды потым адрадзілася. А сяброўка Вольгі, Галіна Баранава з пасёлка Лясноўка Сакскага раёна, таксама родавымі ніткамі звязана з Муціжарам. Галіна — сябар літаб’яднання «Сакские родники», яна чытала свае вершы на беларускай мове, прысвечаныя бацькам, родным ды іншым жыхарам вёскі Муціраж Калінкавіцкага раёна.

У часе мерапрыемства святар Пётр Дворнікаў адслужыў ліцію аб супакаенні душаў людзей, якія згарэлі ў агні Хатыні ды ўсіх загінулых і замучаных. Удзельнікі акцыі сабралі Букет памяці з 79 кветак, а таксама дзіцячыя цацкі, каб даслаць у Хатынь: як даніну памяці юным ахвярам фашызму з вогненнай вёскі.

Іван ЖДАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.