Вы тут

Сёлета 80 гадоў з дня вызвалення лагера смерці «Азарычы»


З канца лютага 1944-га, адступаючы пад магутнымі ўдарамі Чырвонай Арміі, нямецка-фашысцкія захопнікі на пярэднім краі абароны пакінулі тры канцлагеры. У іх, размешчаных на балотах каля пасёлка Дзерць і вёскі Падасіннік, у рэдкім лесе каля мястэчка Азарычы, акупанты сагналі каля 50 тысяч жанчын, дзяцей і старых (у тым ліку хворых на сыпны тыф) з Гомельскай, Магілёўскай і Палескай абласцей.


Лагеры ўяўлялі сабой адкрытыя пляцоўкі без ніякіх пабудоў. У такіх нечалавечых умовах людзі штодзень паміралі сотнямі. У гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па ўмовах утрымання і метадах знішчэння людзей комплекс гэтых лагераў, вядомы як «Азарыцкі лагер смерці», значыцца ў спісе самых страшных месцаў. Пра яго беларуская паэтэса Валянціна Паліканіна пісала:

Не лагерь — братская могила,
Вороний клич да волчья гать.
Болото мёртвых хоронило,
Не успевало принимать.

У мемуарах «У паходах і баях» камандуючы 65-й арміі генерал П. І. Батаў успамінаў, што, даведаўшыся аб існаванні  лагераў, «...камандзір дывізіі генерал Е. Г. Ушакоў паслаў некалькі падраздзяленняў адбіць пакутнікаў, пакуль іх не пастралялі фашысты. Але нямецка-фашысцкае камандаванне не давала загаду знішчыць зняволеных. Яно чакала іншага: рускія салдаты кінуцца да змерзлых жанчын, абнімуць дзетак, і тады ў рады наступаючых савецкіх войскаў папаўзе тыфозная вош».

Аб наяўнасці лагераў камандарм П. І Батаў неадкладна далажыў камандуючаму 1-м Беларускім фронтам генералу арміі К. К. Ракасоўскаму, які праінфармаваў Урад і ЦК КП(б) Беларусі. У раён бедства неадкладна прыбыла намеснік старшыні Саўнаркама БССР Н. Р. Грэкава. Пад яе энергічным кіраўніцтвам была наладжана эвакуацыя і арганізавана медыцынская дапамога тым, хто выжыў.

Для выратавання вязняў было прадугледжана стварэнне каранціннай зоны, разгортванне 25 ваенных шпіталяў, дапамога харчаваннем, адзеннем, лекамі, без прамаруджвання абсталяваны прыёмныя пункты, палявыя лазні, сталовыя, аказвалася экстранная медыцынская дапамога. Ваенны савет 65-й арміі прыняў пастанову «Аб мерапрыемствах па апрацоўцы і эвакуацыі грамадзянскага насельніцтва, вызваленага з нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў». Гэтай пастановай прадугледжвалася выдзяленне транспарту для эвакуацыі людзей, а таксама неабходных сіл і сродкаў медыцынскай службы, харчавання, рэчавай маёмасці. Для нясення каранціннай службы з вайсковага запаснога палка быў выдзелены зводны батальён колькасцю звыш пяцісот чалавек.

Выратаванне мірных жыхароў было высока ацэнена кіраўніцтвам Беларусі. У падзячным пісьме 65-й арміі старшыні Саўнаркама БССР і Першага сакратара ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкі адзначалася: «Ваша дапамога вызваленаму насельніцтву харчаваннем, абмундзіраваннем, клопат па размяшчэнні і медыцынскім абслугоўванні сведчаць аб глыбокай і непарыўнай сувязі гераічнай Чырвонай Арміі з савецкім народам. Урад Беларускай ССР і ЦК КП(б)Б жадаюць Вам новых баявых поспехаў у барацьбе за канчатковую перамогу над нямецкімі захопнікамі».

Па гарачых слядах ваенная пракуратура 65-й арміі правяла расследаванне злачынстваў, учыненых нацыстамі ў канцлагеры «Азарычы». Заключэнне і матэрыялы справы па знішчэнні савецкіх грамадзян былі перададзены Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі, і разглядаліся на Нюрнбергскім працэсе.

Суд народаў прызнаў лагеры ў раёне мястэчка Азарычы Палескай вобласці спецыяльнымі канцэнтрацыйнымі лагерамі на пярэднім краі абароны. У выступленні памочніка Галоўнага абвінаваўцы ад СССР Л. М. Смірнова прагучала: «У гэтых лагерах не было крэматорыяў і газавых камер. Але па справядлівасці яны павінны быць аднесены да ліку самых жорсткіх канцэнтрацыйных лагераў, створаных фашызмам у ажыццяўленні плана знішчэння народаў».

...У 1965 годзе на месцы лагера смерці пабудаваны мемарыяльны комплекс, напярэдадні 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гарадскім пасёлку Азарычы адкрыты музей памяці ахвяр. штогод 19 сакавіка на мемарыяльным комплексе праходзяць памятныя жалобныя мерыпрыемсятвы. 


«...Чуласць, спагада — ад маці»

У чытальнай зале нашай бібліятэкі адбылася прэзентацыя зборніка вершаў Галіны Грахольскай «На плячы Дняпра». У ім — аўтарскія разважанні аб жыцці, каханні, сяброўстве, аб усім, што блізка кожнаму чалавеку.

Творы Галіны Ягораўны вучаць дарыць сваю цеплыню іншым, шанаваць дарагія імгненні жыцця. Асаблівым лірызмам прасякнуты вершы пра сям’ю, пра бацькоў, ад якіх у паэтэсы — найлепшая спадчына:

«...стойкасць і мужнасць — ад бацькі,
І ад яго — працавітасць.
Чуласць, спагада — ад маці,
І ад яе — цягавітасць».

А таму зусім не дзіўна, што ў дзень прэзентацыі зборніка на адрас Галіны Ягораўны прагучала шмат цёплых слоў, што прыемным сюрпрызам для яе стаў музычны падарунак ад выхаванкі дзіцячай школы мастацтваў Улады Яфрэменкі.

Валянціна Суткаленка

г. Шклоў


Хто хлеб носіць, 
той есці не просіць

Мне тады было гадоў, можа, сем. Бацькі жылі ў вёсцы, працавалі ў калгасе. Хата пасля вайны была невялічкая: ледзь не траціну займала печ, і варылася-гатавалася там шмат што для сябе, для жыўнасці, але...

Перад тым як трэ было пячы хлеб, мама даставала дзежку, насыпала туды свежазмолатай аржаной мукі (тата малоў у жорнах), дадавала ваду і закваску, доўга, рукамі, вымешвала цеста.

Раніцай, прапаліўшы ў печы, зноў бралася за хлеб: дабаўляла ў дзяжу мукі, пачынала мясіць...

Мне цікава было за ўсім назіраць, а таму я круціўся побач і, напэўна ж, замінаў, бо мама адпраўляла мяне... на печ: ставіла туды цеста, даручала глядзець, каб яно не ўцякло.

Як гэта можа зрабіцца — дзверы ж зачынены, — я не разумеў, але за пасудзінай сачыў уважліва. І як толькі цеста пачынала падыходзіць, клікаў маму: радаваўся, што ўпільнаваў, што хлеб не ўцёк, што ён будзе ў нас на стале.

Праўда, чакаць, пакуль перападзе (хоць бы акрайчык), даводзілася доўга. Мама ўсю раніцу тупала: дзяліла цеста на боханы, садзіла іх у печ, наглядала, як хлеб пачуваецца...

І вось тая хвіліна: мама адстаўляе засланку, вялізнай драўлянай лапатай дастае гарачыя боханы, складвае іх на адзін канец доўгага даматканага ручніка (другім накрывае зверху)...

П'янеючы ад паху гэтай смакаты, я кручуся побач, прашу адрэзаць, адламаць хоць бы скарыначку, але мама кажа, што трэба пачакаць, пакуль хлеб дойдзе, пакуль прыстыне.

...Хлеб быў чорны, жытні, з гірсой — не параўнаць яго з тым, што сёння прадаецца ў крамах. Але ж спытайце ў мяне, які найсмачнейшы, і я скажу: «Той, мамін, які еў у сваім паўгалодным маленстве».

М. П. Багданаў

в. Новы Пагост, Мёрскі раён.


Калі б не было вайны…

Мая матуля нарадзілася ў 1925-м — амаль сто гадоў таму. На вялікі жаль, ні яе самой, ні абсалютнай большасці яе равеснікаў на гэтым свеце ўжо няма: многія загінулі ў гады вайны, многія памерлі пасля, бо тое, што прыйшлося перажыць...

Маміны бацькі былі малазямельнымі сялянамі, жылі ў вёсцы на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая тады належала Польшчы. У сям'і было двое дзяцей — старэйшы брат Міхаіл і мама, якую лёс не песціў з маленства. У чатыры гады яна засталася круглай сіратой: бацька загінуў на службе ў войску, маці памерла. Малую ў сваю сям'ю, у вёску Абруб забрала бацькава сястра цётка Фядора. На руках у гэтай удавы было сямёра сваіх дзяцей, Надзейка стала восьмай.

З шасці гадоў яна ўжо працавала на заможных гаспадароў: за ежу і якія там грошы пасвіла гусей і нават свіней, прычым да самай глыбокай восені. Абутку ў малой не было...

Але аднойчы бог пашкадаваў сірату. Праязджаючы міма, дзяўчынку ўбачыла пані Хелена з Вільні і вырашыла ўзяць яе на выхаванне. Цётка Фядора не пярэчыла... Так Надзея апынулася ў іншым доме, у іншым жыцці.

Пані Хелена была ўрачом і спачатку вылечыла ў дзіцяці мокры плеўрыт, які малая атрымала ад пастаяннага пераахалоджвання. У сем гадоў дзяўчынка паступіла ў гімназію, у выхадныя разам з пані хадзіла ў касцёл...

Сем класаў мама скончыла ў 1939-м, і якраз у гэтым годзе фашысцкая Германія развязала Другую сусветную вайну. Мабілізацыя пачалася і ў Заходняй Беларусі: пяцёра сыноў цёткі Фядоры пайшлі ваяваць. Самой цётцы патрэбна была дапамога, і Надзеі прыйшлося вярнуцца ў вёску Абруб.

...Юнацтва яе выпала на гады Вялікай Айчыннай. На захопленых тэрыторыях немцы сталі наводзіць новы парадак. З'явіліся паліцаі. Частка насельніцтва апынулася ў партызанах. Тых, хто застаўся дома, немцы зганялі капаць умацаванні. Мама стала сведкай таго, як гарэлі вёска Лаўрынаўка і Барыкоўшчына, як знішчалі яўрэяў. Іх (а да вайны гэта больш за палову насельніцтва Глыбокага) сагналі ў гета, збівалі, а то і забівалі за кожную правіннасць. За час існавання лагера было знішчана больш за дзесяць тысяч яўрэяў (сярод іх — маміны сябры і знаёмыя). Нават могілкі іх зраўнялі з зямлёй.

..Ва ўспамінах матулі — і лагер смерці ваеннапалонных ва ўрочышчы Барок. Зачас існавання лагера тут былі знішчаны 27 тысяч ваеннапалонных. Мама са сваёй сястрой Марыляй (дачкой цёткі Фядоры) хадзілі туды, бачылі, у якіх нечалавечых умовах утрымлівалі людзей, чулі, як палонныя малілі хлеба... Камусьці ўдавалася перакінуць (хоць кавалачак, ці вараную бульбу), але ж за гэта можна было паплаціцца жыццём: аўтаматы ахоўнікаў былі напагатове. Па вечарах палонных расстрэльвалі і скідалі ў равы ў найбліжэйшым лесе.

...Яшчэ адна старонка мамінага жыцця — прымусовыя работы. Яе разам з іншымі маладымі людзьмі (спісы складаліся з дапамогай паліцаяў) у мястэчку Крулеўшчына пагрузілі ў таварныя вагоны і адправілі ў Германію. Везлі двое сутак — стоячы, без вады і ежы. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі.

Маму і яе пляменніцу Лізу даставілі ў горад Гётынген, дзе кожнаму пасля санапрацоўкі прысвоілі нумар. Маме дастаўся 1083, з якім яна трапіла на працу ў гасцініцу для афіцэраў. Разам з мамай пакаёўкамі, пасудніцамі, афіцыянткамі там працавалі дзяўчаты з Беларусі, Расіі, Украіны, Славакіі, Польшчы... Іх, усіх, па ўспамінах мамы, немка, кіраўніца атэля, называла не інакш як рускімі свіннямі... Адпавядалі гэтаму і адносіны.

У пачатку мая 1945-га горад Гётынген быў вызвалены амерыканскімі войскамі, у чэрвені мама вярнулася на радзіму. Цётка Фядора на той час засталася адна. Дзеці абзавяліся сваімі сем'ямі і жылі асобна. З тых пяцярых, што пайшлі ваяваць, адзін застаўся ў Польшчы, другі з'ехаў у Англію, трэці загінуў у Францыі.

У 1948 годзе мама выйшла замуж і пераехала ў вёску Ластавічы. Разам з татам яны будавалі хату, трымалі жывёлу, здавалі дзяржаве малако, масла, цялят, гадавалі дзяцей.

Да выхаду на пенсію мама працавала паляводам у калгасе, удастоена памятных медалёў «Ветэран працы» і «За вызвален-
не Беларусі» (да 50-годдзя Перамогі), атрымала пасведчанне, памятны нагрудны знак і матэрыяльную кампенсацыю як вязень фашызму. І ўсё ж яе лёс, лёс яе равеснікаў (ды і людзей маладзейшых) склаўся б зусім іначай, калі б не было вайны.

Валянціна Субач

в. Запруддзе, Глыбоцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».