Вы тут

Падведзены вынікі акцыі «Разам з камандай»


У Нацыянальным алімпійскім камітэце вызначылі самых актыўных аматараў беларускага спорту. Сёння тут падвялі вынікі акцыі «Разам з камандай» і ўзнагародзілі самых актыўных удзельнікаў. Традыцыйная акцыя праводзілася ў сацыяльных сетках НАК Беларусі падчас зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Больш за дзве тысячы ўдзельнікаў з усёй краіны падтрымлівалі беларускіх алімпійцаў. І варта адзначыць, праявілі пры гэтым вялікую фантазію.


У Нацыянальны алімпійскі камітэт прыехалі сем’і, школьнікі, студэнты, юныя спартсмены, спартыўныя заўзятары з усіх рэгіёнаў краіны. Падчас экскурсіі па штаб-кватэры НАК Беларусі яны пазнаёміліся з развіццём алімпійскага руху ў Беларусі, паспрабавалі свае сілы ў некаторых відах спорту і самае галоўнае — сустрэліся са сваімі кумірамі. Падарункі прызёрам акцыі ўручылі знакамітыя спартсмены: канькабежка Марына Зуева, гімнастка Аліна Гарнасько, біятланісты Антон Смольскі і Дзінара Алімбекава.

«Мы абараняем гонар краіны, і прыемна ўсведамляць, што нас падтрымліваюць ад малога да вялікага. Прыемна, што дарослыя людзі хвалююцца за нас гэтак жа, як за сваіх родных дзяцей. І маладое пакаленне верыць у нас — гэта натхняе на больш высокія вынікі. Вельмі добрыя словы пішуць пасля ўдалых гонак, падтрымліваюць пасля няўдалых і гэта матывуе. Я стараюся адказваць на кожнае паведамленне. І часам бачу, што людзі мяне падтрымліваюць мяне некалькі гадоў. Гэта вельмі каштоўна», — падзяліўся сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне Антон Смольскі. 

Пасля ўручэння падарункаў спартсмены адказалі на пытанні сваіх аматараў. Адказвалі шчыра. Напрыклад, Дзінара Алімбекава раскрыла сваю невялікую тайну і расказала, што ў яе ёсць цацка-талісман. Аліна Гарнасько адкрыта расказала, што адчувае спартсмен пасля пройгрышу. А Антон Смольскі ўзгадаў, што адчувае атлет, стоячы на п’едэстале гонару. Вопытныя алімпійцы далі некалькі каштоўных парад сваім юным калегам, а ўсіх удзельнікаў мерапрыемстваз зарадзілі матывацыяй. 

Не застаўся без падарункаў і сам Нацыянальны алімпійскі камітэт. Бронзавы прызёр Алімпіяды ў Токіа Аліна Гарнасько перадала ў Алімпійскі музей свой алімпійскі медаль. 

«Гэта такая ўзнагарода, якой не ўсе могуць падзяліцца з іншымі людзьмі. Але для мяне вялікі гонар, што яна будзе тут побач з узнагародамі алімпійскіх чэмпіёнаў. Вельмі часта тут праходзяць экскурсіі. І калі я сама была малодшай для мяне было вялікай матывацыяй глядзець на ўзнагароды, экіпіроўку чэмпіёнаў. З медалём, вядома, складана раставацца. Але чаму не. Я хачу, каб кожны мог да яго дакрануцца, ён і так заўсёды са мной», — адзначыла Аліна Гарнасько. 

Сімвалічна, што мерапрыемства прайшло ў знакавы для спорту дзень. Штогод, па рашэнні Генеральнай Асамблеіі ААН, 6 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень спорту на карысць развіцця і міру. Спорт садзейнічае ўмацаванню міру і развіццю і садзейнічае стварэнню атмасферы цярпімасці і ўзаемаразумення.

Гэтаму святу прысвечаная і міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Алімпійская адукацыя ў сістэме міжкультурнага ўзаемадзеяння», якая таксама прайшла ў штаб-кватэры НАК Беларусі. Арганізары — Беларуская алімпійская акадэмія, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і Нацыянальны Алімпійскі камітэт. «Мы разглядаем укараненне алімпійскай адукацыі, алімпійскіх каштоўнасцяў, здаровага ладу жыцця на ўсіх ўзроўню адукацыі, ад дашкольнікаў да студэнтаў. І абмяркоўваем распрацоўку праграм павышэння кваліфікацыі для педагогаў, якія займаюцца фізічнай культурай і выхоўваюць нашых дзяцей», — расказала выканаўчы дырэктар Беларускай алімпійскай акадэміі Наталля Апанчук.

Віртуальнае сяброўства спартсменаў і іх аматараў не спыняецца. 7 красавіка ў Сусветны дзень здароўя НАК Беларусі на афіцыйнай старонцы ў Інстаграм — @olympicteamby — аб’яўляе чэлендж «#Паўтарызачэмпіёнам». Вядомыя беларускія атлеты пакажуць любімыя практыкаванні, якія трэба будзе паўтарыць і апублікаваць на сваіх старонках. Акцыя «#Паўтарызачэмпіёнам» працягнецца да 23 чэрвеня — Міжнароднага алімпійскага дня. Нацыянальны алімпійскі камітэт запрашае ўсіх да ўдзелу. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.