Вы тут

Прэзідэнт: Калі рухне эканоміка, нікому ніякі курс не патрэбны будзе, ні інфляцыя, ні дыфляцыя


Прэзідэнт Беларусі абмяркоўвае бюджэтную палітыку са старшынёй КДК Васілём Герасімавым, кіраўніком Нацбанка Пятром Калаурам, першым віцэ-прэм’ерам Мікалаем Снапковым, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыем Крутым і міністрам фінансаў Юрыем Селівёрставым. 


Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з адказнымі за фінансавую сістэму краіны заявіў, што на першым месцы ў чыноўнікаў павінна быць эканоміка, а толькі потым звязаныя з ёй пытанні — інфляцыя і курс нацвалюты. «Я спецыяльна запрасіў старшыню Нацыянальнага банка для таго, каб прысутныя тут (а вы ў асноўным займаецеся эканамічна-фінансавымі пытаннямі ў нашай краіне) разумелі, што эканоміка перад усім. Потым усе пытанні: курс, інфляцыя. Гэта важна — і курс нацыянальнай валюты, і суадносіны курсу нашай нацыянальнай валюты з іншымі нацыянальнымі валютамі. Вельмі важная і інфляцыя, якая выліваецца ў рост цэн, і дыфляцыя, таксама не дай Божа. Але галоўнае — эканоміка. Калі рухне эканоміка, нікому ніякі курс не патрэбны будзе, ні інфляцыя, ні дыфляцыя», — сказаў кіраўнік краіны. 

Паводле яго, «бюджэт — паказчык функцыянавання эканомікі і, увогуле, стану спраў у дзяржаве», таму ён папрасіў паведаміць, якія меры прыняты ўрадам па кансалідацыі бюджэту. 

«Думаю, людзям СМІ растлумачаць, што гэта такое. Калі перакладаць на зразумелую мову: што мы зрабілі, каб развіваўся рэальны сектар эканомікі і ў выніку ўсіх нашых мер, наколькі сбалансаваны быў бы бюджэт», — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка.

Другое пытанне нарады — ацэнка паступленняў у бюджэт, даходы бюджэту ў сувязі з мерамі, што прымаюцца ва ўмовах ціску на эканоміку і крэдытна-фінансавую сістэму краіны. З гэтай нагоды Прэзідэнт запытаў, які магчымы дэфіцыт нашага бюджэту ў гэтым годзе і за кошт чаго мы будзе пакрываць дэфіцыт?

«І самае галоўнае дзеля чаго мы ўсё тут абмяркоўваем і радзімся, дзеля чаго гэта балансаванне бюджэта — дзеля людзей. А гэта заробкі, зона адказнасці бюджэту — бюджэтнікі і, зразумела, пенсіянеры. Як гэта ўплывае на рэальны сектар эканомікі, працоўныя калектывы, на заработную плату нашых людзей? Бюджэт як люстэрка высвечвае ўсе нашы праблемы і станоўчыя бакі», — заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначае, што заўсёды былі супярэчнасці паміж Нацыянальным банкам і ўрадам. «Тым не менш неабходна знайсці складнік, каб не пакутавала эканоміка і рабіць усё, каб эканоміка працавала. Тады будзе і курс, і не будзе інфляцыі», — паведаміў кіраўнік краіны.

Ён таксама падзяліўся, што крыху здзівіўся і абрадаваўся: за першы квартал бюджэт крыху больш за працэнт дадаў. «Але гэта не значыць, што мы павінны расслабляцца, таму што супраць нас будуць пастаянна ўзмацняць ціск», — завяршыў кіраўнік краіны.

Асноўны дакладчык, міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў адзначыў, што за першы квартал з бюджэтам спрацавалі ў межах запланаваных параметраў. У даходы паступіла 6,7 мільярда рублёў. Гэта на 1,1 мільярда рублёў больш, чым за аналагічны перыяд летась. «Па расходах на першы квартал прафінансавана 6 мільярдаў рублёў. Калі выключыць разавае рашэнне па падтрымцы ў мінулым годзе БМЗ, расходы рэспубліканскага бюджэту ў цэлым супастаўныя з узроўнем мінулага года. Прыярытэты: даходы насельніцтва, фінансаванне нацыянальнай абароны і бяспекі, набыццё медыкаментаў, падтрымка аграпрамысловага комплексу. Прафіцыт за першы квартал склаў 662 мільёны рублёў», — паведаміў міністр. 

Каменатарый у тэму

Міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў расказаў, што кансалідацыя бюджэту — тэрмін, які простымі словамі прадугледжвае максімальнае збіранне ўсіх сродкаў у адзін «кулак». То-бок аб’яднаць максімальна даходы на пастаўленыя мэты і адмовіцца ад нейкіх расходаў, максімальна аптымізавацца.

«Аптымізацыя расходаў — стандартная з’ява для бюджэтаў усіх узроўняў і ва ўсіх краінах, таму што прасцей імкнуцца атрымаць з бюджэту бясплатныя грошы і накіраваць іх на рашэнне сваіх задач. Але гэтыя рэсурсы пападаюць у бюджэт не проста, а зарабляюцца. Зарабляюцца няпроста апошнім часам. Узяць і патраціць на тое, што ты хочаш, — не наш выпадак, — заявіў кіраўнік фінансавага ведамства. — Натуральна, патрэбна аптымізацыя. Пра гэта Прэзідэнт і казаў. Кансалідацыя — адмовіцца ад залішняга, сабраць максімальна ў бюджэт усе даходы, паглядзець рэсурсы, якія неэфектыўна працуюць, і іх прыцягнуць у бюджэт, накіраваць на пэўныя мэты».

Міністр расказаў, што па выніках першага квартала назіраецца прафіцыт бюджэту ў памеры 600 мільёнаў рублёў. Але далей спадзявацца на такую нагоду не прыходзіцца.

«У студзені яшчэ былі паступленні за мінулы год, калі не было ўзрушэнняў, узмацнення санкцыйнага ціску. Тым не менш, вынік добры. Усе расходы, у тым ліку сацыяльныя, аплочаны. Прынята рашэнне аб хоць і невялікім, але павелічэнні заработнай платы бюджэтнікам. Паднятыя пенсіі», — сказаў Юрый Селівёрстаў.

У прынцыпе, дадае ён, бюджэт выконваецца стабільна, але ёсць выклікі, з якімі неабходна працаваць. Пры гэтым усе сацыяльныя абавязкі дзяржавы будуць выкананы, запэўніў суразмоўца.

Міністр расказаў, якія расходы ў сённяшняй сітуацыі будуць скарочаны. У першую чаргу, гэта капітальныя рамонты.

«Зразумела, што любы гаспадар хоча нешта ўдасканаліць у сябе на вытворчасці, дома, на сваім аб’екце. Зараз не зусім той час, калі неабходна гэта рабіць. Нехта хацеў набыць нейкае абсталяванне, ад яго таксама варта адмовіцца. Расходы, што звязаны з набыццём медыцынскага абсталявання, рэчамі якія неабходны для функцыянавання бюджэтных аб’ектаў, будуць прафінансаваны», — акцэнтаваў Юрый Селівёрстаў.

Першым віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што патрабаванне кіраўніка краіна адносна бюджэта адно — захаваць выплаты насельніцтву.

«Пры ўсіх цяжкацях, пры ўсёй неяпростасці сітуацыі ўрад павінен перад усім звяртаць увагу на чалавека. Эканоміка не дзеля эканомікі, эканоміка дзеля чалавека. Гэта тычыцца і бюджэтнай сферы, бо гэта паслугі. Паслугі — гэта людзі. Людзі павінны атрымліваць заработную плату, сацыяльную дапамогу і пенсіі. Гэта безумоўна тое, што павінен забяспечваць урад, нягледзячы на цяжкасці з-за санкцыйнага ціску», — сказаў першы віцэ-прэм’ер.

Мікалай Снапкоў дадаў, што сацыяльныя выплаты, пенсіі і заробкі будуць выдавацца ў час і ў поўным аб’ёме. Урад будзе рабіць магчымае, каб людзі не адчулі на сабе праблемы, якія мае краіна з-за санкцыйнага ціску.

Першы віцэ-прэм’ер расказаў, што прагноз інфляцыі не будзе апублікаваны і ўявіць яе памер складана: «Усё залежыць не ад унутранай сітуацыі. Унутраную сітуацыю і цэны для спажыўцоў урад дататкова актыўна стрымлівае. Інфляцыя ў блізкіх краінах вышэйшая, перад усім спажывецкая інфляцыя. Таму ўся інфляцыя, якую маем зараз, — знешняя з-за дэвальвацыі расійскага рубля і росту сусветных цэн на харчаванне. Таму складана спрагназаваць яе ўнутры краіны».

Наконт стаўкі рэфінансавання ён акцэнтаваў, што ўрад у большай ступені галасуе за яе зніжэнне, але ўсе павінна быць сбалансавана згодна з інфляцыяй.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.