Вы тут

У тэатры імя Янкі Купалы прэм'ера — паказ спектакля «Час жыцця»


На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы нядаўна адбылася прэм'ера — паказ спектакля «Час жыцця». Рэжысёрам пастаноўкі выступіў Ігар Малаў, а ў акцёрскім складзе зноў маем магчымасць бачыць народнага артыста СССР і БССР Генадзя Аўсяннікава, народную артыстку Беларусі Зінаіду Зубкову, заслужанага артыста Уладзіміра Рагаўцова і маладое пакаленне талентаў Міхаіла Світу, Святлану Гулевіч і іншых. «Звычайная гісторыя» — так вызначаны жанр спектакля на афішы, але пасля прагляду разумееш, што менш за ўсё хочацца, каб убачанае было звыклай з'явай...


Дзеянне спектакля пачынаецца ў кватэры пажылога ліфцёра Францішка Абеля, якую той дзеліць з унукам Паўлам. Там мужчына збіраецца з сябрамі кожную пятніцу, не толькі каб успомніць сваю маладосць, але і спяваць, танцаваць, дарыць адно аднаму выдатныя эмоцыі. І нічога, здавалася б, трагічнага, калі б не ўсведамленне, што жывуць сябры Абеля ў доме для састарэлых... Тэма сувязі пакаленняў, адказнасці чалавека перад продкамі і нашчадкамі ідзе скразной ніткай. Калі назіраеш за персанажамі старэйшага пакалення, то губляецца ўспрыманне хуткаплыннасці часу. Яны ж мараць, спрачаюцца, адзначаюць святы і нават не думаюць, быццам жыццё скончыцца заўтра.

У адрозненне ад таго, як ацэньваюць іх існаванне прадстаўнікі маладзейшага пакалення, унук гаспадара і яго нявеста. Юная пара закаханых — прагматычныя і эгаістычныя — цалкам засяроджана на марах аб уласнай будучыні. Маўляў, вось будзе ў нас сям'я, сваё жыллё, дзеці, і ўсё стане добра. А пакуль трэба прыдумаць, як прыспешыць той светлы заўтрашні дзень. Іх не цікавіць цана і шлях дасягнення ўласнага камфорту, няхай гэта адбудзецца за кошт дабрабыту старых, бо колькі ўжо трэба тым людзям, якія дажываюць свой век... Старыя ўвогуле здаюцца моладзі дзівакамі, з якімі і лічыцца не варта. Тут і з'яўляюцца ноткі расчаравання, калі пачынаеш думаць: няўжо маладое пакаленне і сапраўды настолькі ачарсцвела душой і не цэніць нічога, акрамя матэрыяльных выгод? ...Што там прыгажосць рарытэтнага гадзінніка, калі можна яго прадаць за вялікія грошы? Як гэта збіраць уласныя чаявыя ўсё жыццё, каб набыць букет на дзень нараджэння сяброўцы? Думаю, не толькі героі п'есы, але і кожны, хто паглядзіць спектакль, будзе задавацца бясконцым шэрагам уласных пытанняў і шукаць на іх адказы... А ў выніку мы зразумеем, што няма лепшага часу, каб жыць, цаніць і здзяйсняць задуманае, чым тут і цяпер.

«Час жыцця» — менавіта такую назву выбралі для спектакля. Але ў арыгінале п'еса славацкага драматурга Асвальда Заградніка мае назву «Сола для гадзінніка з боем». Твор убачыў свет амаль паўстагоддзя таму ў 1973 годзе. І Алег Яфрэмаў тады ж пачаў работу над пастаноўкай п'есы ў Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры, прэм'ера якой адбылася напрыканцы года, а ў 1974 годзе пастаноўку запісалі для тэлебачання. На беларускай сцэне спектакль набыў новае жыццё дзякуючы Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы і перакладу п'есы, здзейсненым журналісткай і пісьменніцай Тамарай ВЯЦКАЙ.

— На жаль, я пазнаёмілася з гэтай кранальнай п'есай толькі тады, калі атрымала прапанову ад тэатра на пераклад. Дагэтуль не глядзела, не ведала, не чытала. Але вось яна ў мяне — і, як гаворыцца, «да слёз». Тэма блізкая, зразумелая, таму што традыцыйна адносіны бацькоў і дзяцей на паверхні. Ідэя перакладу не мая, але разуменне неабходнасці гэтага спектакля на нашай сцэне не выклікае сумненняў. Таму пачала перакладаць адразу, і праца была, шчыра скажу, не з лёгкіх. Не ведаю, як працуюць іншыя перакладчыкі, але мне ўвогуле падалося, што лягчэй самой напісаць мастацкі твор, чым перакладаць чужыя словы, чужыя вобразы і выразы, чужыя эмоцыі... Іншы раз пошук патрэбнага гучання слова займаў шмат часу. Напрыклад, беларускага адпаведніка паняццю «чаявыя» я так і не знайшла, каюся. Дарэчы, слоўнік прапануе менавіта кальку, мне не падабаецца аніяк, але, што зробіш, так гэтыя «чаявыя» ў тэксце і засталіся, — дзеліцца Тамара Рыгораўна. — Перакладала твор амаль два месяцы. Паколькі гэта мой першы пераклад для Купалаўскага, то асабіста было важна зрабіць яго зразумелым і для трупы, і для гледачоў. Шмат часу мы разам думалі над назвай, былі розныя варыянты, але сышліся ў меркаванні, што «Час жыцця» найлепш перадае сэнс п'есы... На прэм'еру я купіла білеты не толькі сабе, а яшчэ і дачцэ і ўнучкам. І бясконца кідала на іх вокам: ці падабаецца. А потым супакоілася, таму што п'еса пра тое, што многім баліць, і акцёры цудоўныя, яны быццам расказвалі пра сваё жыццё, і гэтыя словы ўжо былі іхнімі — і не Заградніка, і тым больш не маімі... Дзякуй тэатру за новы мой вопыт і новы кірунак у жыцці.

На падрыхтоўку новага спектакля «Час жыцця» трупе Купалаўскага тэатра спатрэбілася больш за чатыры месяцы. Рэжысёр Ігар Малаў у гэтай пастаноўцы вывеў на сцэну не толькі заслужаных і народных артыстаў, але і маладых акцёраў, якія адносна нядаўна сталі часткай калектыву. У кожнага героя тут свая гісторыя, свае радасці і ўспаміны, а самае галоўнае — прага жыць.

— Для мяне роля Пані Конці — падарунак, пра які я даўно марыла. Мая гераіня лёгкая, жыццярадасная і мае вялікую любоў да сваёй кампаніі сяброў, — дзеліцца актрыса, народная артыстка Беларусі Зінаіда ЗУБКОВА. — Калі б усе людзі былі такія, як Пані Конці! У ёй жа столькі дабра і святла. Яна любіць і любімая, і яе жыццё, напэўна, было вельмі цікавым, хаця ў творы нідзе няма канкрэтыкі адносна таго, дзе і кім гэтая жанчына працавала, ці існаваў яе сын... Галоўнае, што, нават апынуўшыся ў прытулку для пажылых людзей, яна засталася з добрым сэрцам. І ўвогуле, уся кампанія герояў — гэта людзі хоць і адзінокія, але яны аддаюць даніну маладосці ўменнем радавацца жыццю, нягледзячы на ўзрост і абставіны. «Час жыцця» — гісторыя пра тое, што трэба пражыць свае гады так, каб не шкадаваць аб мінулым.

...Бой старадаўняга гадзінніка на сцэне падчас спектакля — не толькі сімвал, але і напамін як маладым, так і дарослым: пакуль жывеш і дыхаеш, то кожная хвіліна дарагая. А чым будзе напоўнены час і якія пакіне ўспаміны — гэта ў многім залежыць ад самога чалавека. Бо калі мы пражываем дзень за днём у роздумах, суме і сумненнях, то так усё і складвецца ў выніку. Але варта заўважыць, як грэе сонца і колькі добрага ў людзях, тады падобнае і прыцягнецца ў адказ. А праблема непаразумення пакаленняў існавала і не знікне, мабыць, ніколі. Бо толькі пражываючы вопыт узросту, калі хочацца свабоды, лепшага жыцця і здаецца, быццам усё сам без падказак ведаеш, можна па-сапраўднаму пасталець. І ўсвядоміць цану ўласных памылак. Ці ўсё ж лепш рабіць высновы на адлегласці?

Алена ДРАПКО

Фота прэс-службы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы

Загаловак у газеце: Час жыць! ...Без шкадавання аб мінулым

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.