Па словах экспертаў, калі вы вырашыце запасацца крупамі, то варта закупіцца цэльнымі злакамі. Яны захоўваюцца даўжэй, бо тлустыя кіслоты ў стрыжні збожжа ахаваныя абалонкай. Аўсяныя крупы, у адрозненне ад шматкоў, пражывуць у два з паловай раза даўжэй, а нешліфаваны рыс захоўваецца на паўгода даўжэй, чым шліфаваны. Ды і больш карысныя такія крупы, бо абалонка багатая на клятчатку, мінералы і вітаміны.
Але ёсць адна небяспека, якая чакае ўсіх запаслівых, — насякомыя. І есці крупы, у якіх пасяліліся такія паразіты, нельга. Не дапаможа ні перабіранне збожжа, ні варка. Пасля сябе лічынкі пакідаюць скуркі, павуцінне, адходы стрававання.
Акрамя таго, пакуль лічынкі размнажаюцца, тэмпература і вільготнасць вакол іх растуць, а цяплічныя ўмовы ідэальныя для грыбкоў. У такіх крупах, макароне, муцэ можа сяліцца 250 відаў цвілі. Цвіль у крупах амаль не бачная, пры гэтым драбнюткія споры паражаюць усё вакол, зліваючыся па колеры з зернем. Самыя частыя грыбкі ў слоіках з крупамі — ружовая, шэрая і жоўтая цвілі, якія вылучаюць ядавіты афлатаксін.
Спосабы захаваць прыпасы макароны, грэчкі і гароху ёсць. Спецыялісты раяць для пачатку старанна вымыць і апрацаваць кладоўку спрэямі ад насякомых і цвілі. Акрамя таго, яны рэкамендуюць падтрымліваць на кухні вільготнасць не больш за 14 %. Аднак на звычайнай кухні гэта нерэальна. Але калі макарона, крупы, бабовыя ўжо закуплены на запас, паспрабаваць захаваць іх можна. Для гэтага трэба прыбраць іх у максімальна цёмнае, прахалоднае і сухое месца.
Тэрмінам прыдатнасці ежы часам не варта верыць. У солі, цукру, мёда яны, па сутнасці, бязмежныя, а, напрыклад, у шакаладных плітак з начынкай, наадварот, часта завышаныя.
Эксперты таксама раяць замарожваць прадукты. У прыватнасці, гэта можна рабіць з хлебам, арэхамі, зяленівам і, вядома, мясам. Прычым чым большы кавалак, тым даўжэй ён будзе захоўвацца. Менавіта таму кускавое мяса можа ляжаць у маразілцы пару гадоў, а фарш — не больш за месяц. Замарожваць мяса пажадана ў шчыльных пакетах, а яшчэ лепш — запячатаць у вакуум.
У цэлым, спосабаў захаваць прадукты з розумам вельмі шмат. Хоць ці так ужо гэта і трэба, калі гаворка не ідзе пра запасы, набытыя на вялікім распродажы? Бо скупляюць жа тавары ў перыяд панікі і нявызначанасці і, як правіла, па рэкордна высокіх цэнах. Дык і ці вартае яно таго?
Алена КРАВЕЦ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?