Вы тут

Любоў, што змяншае боль


Стосы пагрызеных мышамі кніг з гарышча мужавай сядзібы, якімі зачытвалася Марыя Канапніцкая, яе доўгія пешыя прагулкі і гутаркі з простымі людзьмі, апошнія грошы, што муж, збяднелы шляхціц, аддаваў на тое, каб выкупіць з няволі сялян, вызваліць іх ад воінскай павіннасці, сяброўства Марыі з Элізай Ажэшкай і ўдзел у паўстанні, а пасля — немагчымасць вярнуцца на Радзіму, повязь Марыі з Беларуссю — пра ўсё гэта размаўлялі на літаратурна-музычнай імпрэзе ў Доме дружбы, прысвечанай 180-гадоваму юбілею выдатнай і адной з самых уплывовых польскіх пісьменніц.


— Нашы папярэднікі, якіх сёлета мы часта згадваем, значныя для сучаснасці, бо ўнёсак у літаратуру, зроблены імі, спрыяў выспяванню ідэй незалежнасці, і дзякуючы гэтаму Беларусь сёння — самастойная краіна, — зазначыў падчас адкрыцця вечарыны Анатоль Бутэвіч, старшыня таварыства «Беларусь — Польшча». — Такім чынам, маштабнасць пісьменніцы Марыі Канапніцкай вялікая не толькі для польскай літаратуры, але і для нас.

Жыццё будучай літаратаркі не было бязвоблачным ад самага пачатку. Маці памерла, калі Марыі было ўсяго 12. Выхаваннем сірот займаўся бацька: чытаў дзецям кнігі, вадзіў на прагулкі, якія завяршаліся зазвычай на могілках, — такім чынам ён паказваў: усё ў гэтым жыцці не назаўжды, трэба думаць пра сур’ёзнае, вечнае… У доме не віталіся вясёлыя размовы, панавала манастырская атмасфера. Але, тым не менш, было месца сяброўству, узаемавыручцы, узаемападтрымцы. 

Ва ўзросце 20 гадоў Марыя пабралася шлюбам са збяднелым шляхціцам, старэйшым за яе на 12 гадоў. Муж быў спадкаемцам шляхецкіх традыцый: ладзіў застоллі, баляванні і паляванні. Марыя, хоць і была вартай сужэнца суразмоўцай, заўжды шукала магчымасці адасобіцца, пабыць адной. Так, яна перачытала мноства кніг, знойдзеных на гарышчы сядзібы. Праўда, захаплення кнігамі ніхто не падзяляў. Другой радасцю пісьменніцы былі пешыя прагулкі, падчас якіх яна размаўляла з простымі людзьмі, суперажывала іх нягодам. Ад дваццаці да трыццаці гадоў Марыя нарадзіла васьмёра дзяцей, двое з якіх хутка пакінулі гэты свет. 

Пасля дзесяці гадоў шлюбу Марыя сышла ад мужа. Але, нягледзячы на развод, адносіны засталіся добрыя. Яднала іх спачуванне да простага люду. 

Марыя займалася літаратурай, перакладамі і рэпетытарствам, валодала шасцю мовамі, пастаянна вандравала, але падтрымлівала сувязь з суайчыннікамі і, такім чынам, ведала, што адбываецца на Радзіме.

Пісала шмат, прычым творы яе ад пачатку высока ацэньваліся польскімі аўтарамі. Высокую адзнаку таленту пісьменніцы дала і Эліза Ажэшка — пазнаёміліся яны ў Гродне, і сяброўства працягнулася на ўсё далейшае жыццё. 

Надзвычай таленавітай у паэзіі лічыў М. Канапніцкую Генрых Сенкевіч. Адзін з яе вершаў — «Рота» — стаў неафіцыйным гімнам. Яго ведалі ледзь не ўсе сучаснікі-аднадумцы. Вершы аўтаркі лёгка клаліся на музыку. Многія з іх сталі песнямі, перакладаліся на іншыя мовы. Сярод тых, хто пераствараў паэзію Марыі Канапніцкай, — Леся Украінка, Бэла Ахмадуліна. Па-беларуску вершы Марыі прэзентавалі Янка Купала і Янка Брыль. А ў 1909 годзе ў Вільні былі выдзадзены асобнай кніжачкай апавяданні. Перакладчыца падпісалася псеўданімам «Зязюля».

Як адзначыў падчас імпрэзы даследчык творчасці пісьменніцы Мікола Трус, уплыў Марыі Канапніцкай прасочваецца ў ранніх польскамоўных вершах Янкі Купалы. А ідэйна-тэматычны змест творчасці Марыі спрыяў таму, што Купала стаў беларускім паэтам. Так, для Марыі галоўным было адстойваць правы прыгнечаных, а для маладога класіка такімі лічыліся тыя, хто побач, — суайчыннікі… Класік прызнаваўся, што Марыя Канапніцкая займала значнае месца сярод яго «настаўнікаў». 

У 1878 годзе пайшоў з жыцця бацька пісьменніцы, чыя падтрымка мела для яе вялізнае значэнне. Марыя з таго часу стала ўдзельніцай легальных і нелегальных сацыяльных грамадскіх акцый, хаця зазвычай заставалася староннім назіральнікам, — уласныя перакананні не звужалі яе свет, раздзяліўшы яго на чорны і белы. Зрабіць адпаведную выснову даюць магчымасць апісані пісьменніцай убачанага на мітынгу жанчын: «Чуючы іх шалёныя крыкі, цяжка паверыць, што яны пазбаўленыя права голасу». 

Тагачасная інтэлігенцыя была заклапочана пытаннем: як можна палепшыць жыццё людзей? У пісьменніцы быў адказ: толькі любоў — тая сіла, што можа зменшыць боль. Таму ў творах «давала голас» простым людзям — на той час гэта было наватарствам, якое Марыя Канапніцкая прынесла ў польскую літаратуру. Да яе жыццё людзей з народа апісвалася з гледзішча трэціх асоб, як правіла, інтэлігентаў.

Пранікліва, шчыра, з разуменнем дзіцячай псіхікі пісала Марыя і для дзяцей. Спрыяла гэтаму, відаць, тое, што сама пісьменніца паходзіла са шматдзетнай сям’і і была шматдзетнай маці. Творы М. Канапніцкай, у тым ліку адрасаваныя маленькім чытачам, шматразова перавыдаваліся і перавыдаюцца цяпер. 

Прыватнае жыццё пісьменніцы было насычаным. Марыя была вельмі цікавай жанчынай, мела шмат прыхільнікаў, у яе былі закаханы многія. Адзін аматар нават застрэліўся праз тое, што пісьменніца не адказала яму ўзаемнасцю.

У 1910 годзе Марыя паехала ў Львоў на лячэнне. Гэта была яе апошняя вандроўка, там пісьменніца памерла. Пахаванне сталася грамадскай падзеяй: прыйшло каля 50 тысяч чалавек — яскравае сведчанне маштабу асобы.

Адразу пачалося ўшанаванне выбітнай творцы. У многіх польскіх гарадах былі адкрыты музеі пісьменніцы, усталёўваліся помнікі. Апошні з іх — у 1993 годзе. Творчасць Марыі Канапніцкай і сёння застаецца актуальнай і запатрабаванай. 

Марыя ЯРАШЭВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.