Вы тут

Рэканструкцыя помніка і навядзенне прыгажосці


Раней мы расказвалі пра пераможцаў спаборніцтва паміж сельсаветамі Брэстчыны, якія занялі першае і другое месца. Сёння знаёмім з «бронзавымі» прызёрамі. Трэцяе месца па выніках абласнога конкурсу па добраўпарадкаванні і іншых паказчыках жыццядзейнасці падзялілі Хатыніцкі сельсавет Ганцавіцкага раёна і Ляскавіцкі Іванаўскага раёна.


Старшыня Ляскавіцкага сельскага Савета Васіль Ільючык.

Хатыніцкі сельсавет на Ганцаўшчыне ўтвараюць зараз тры населеныя пункты, — расказвае старшыня сельвыканкама Генадзь Перашчук, — два аграгарадкі — Хатынічы і Раздзялавічы і невялічкая вёсачка Ялавая. У апошняй пражывае ўсяго 12 чалавек. А вось Хатынічы — даволі вялікая вёска. Насельніцтва яе складае больш за 2600 чалавек. Тут маецца ўся інфраструктура. Мы рады, што ў нас ёсць свая медыцынская ўстанова — амбулаторыя з участковай бальніцай. Стацыянар на 25 ложкаў дае магчымасць вяскоўцам прайсці курс лячэння практычна побач з домам, многія з іх у шаноўным узросце, з'яўляюцца ветэранамі працы. Ёсць таксама пяць сацыяльных ложкаў для састарэлых, адзінокіх, нямоглых.

Гандлёвае абслугоўванне арганізавана тут на прыстойным узроўні. Паводле слоў кіраўніка мясцовай улады, усяго на тэрыторыі сельсавета 15 гандлёвых пунктаў, з іх 6 крам прыватныя, працуе два кафэ. Ёсць яшчэ такая цікавая форма абслугоўвання, як аўтакрама хлебазавода. Хлебапякарнае прадпрыемства выдзяляе транспарт і супрацоўніка, які два разы на тыдзень аб'язджае населеныя пункты і прадае сваю найсвяжэйшую прадукцыю.

Дом культуры з бібліятэкай ніколі не пустуюць. Тутэйшыя людзі здаўна любілі песні, танцы, займаюцца ў самадзейных калектывах, удзельнічаюць ва ўсіх святах і мерапрыемствах. Нязменным клопатам сельвыканкама з'яўляецца падтрыманне ў парадку вясковых вуліц, грамадскіх месцаў, памятных мясцін. Дарэчы, на тэрыторыі сельсавета размешчаны пяць помнікаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

— Самы вялікі і значны мемарыял знаходзіцца ў Хатынічах, ён стаіць на месцы брацкай магілы. Побач гарыць Вечны агонь, — расказвае Генадзь Перашчук. — Думаю, не так многа сельскіх населеных пунктаў маюць памятнае месца з Вечным агнём. Сёлета тут прайшло мерапрыемства праекта «Кветкі Вялікай Перамогі». У канцы красавіка ў вёску завіталі прадстаўнікі 38-й дэсантнай брыгады з Брэста. Разам з членамі БРСМ, вучнямі мясцовай школы, вяскоўцамі правялі мітынг памяці, усклалі кветкі і вянкі да Вечнага агню. Мерапрыемства атрымалася даволі кранальным і памятным. На тэрыторыі нашага раёна ў гады акупацыі загінула каля 9 тысяч мірных жыхароў. Усе разам мы смуткавалі па ахвярах той страшнай вайны і славілі салдат Перамогі, чыімі намаганнямі была здабыта свабода.

Помнік у Хатынічах, дзе пачнецца рэканструкцыя.

Мы заўсёды прыходзім да гэтага помніка ў памятныя даты, прыводзім сюды дзяцей. Мемарыял даглядаем усе разам, касметычны рамонт праводзім штогод, — працягвае старшыня. — Але помнік настойліва патрабуе рэканструкцыі. І прэміяльныя грошы мы вырашылі патраціць на гэтую справу. Чакаем, што райвыканкам таксама акажа фінансавую падтрымку, каб на наступны Дзень Перамогі наш помнік сустрэў наведвальнікаў цалкам абноўленым.

Ляскавіцкі сельсавет Іванаўскага раёна прыгарадны. Гэтым у многім абумоўлена спецыфіка работы. Зараз у распрацоўцы знаходзіцца шосты па ліку квартал новай забудовы. Штогод здаецца ў эксплуатацыю да 12 новых дамоў. Пачатковы кошт участкаў зямлі на аўкцыёне ў 10 разоў меншы, чым у райцэнтры. Таму не дзіва, што людзі, нярэдка жыхары Іванава, набываюць участкі менавіта ў Ляскавічах. Населены пункт забудоўваецца, расце колькасць насельніцтва, таму многае робіцца па яго добраўпарадкаванні.

— За апошнія два гады абсталявалі і ўладкавалі дзіцячую пляцоўку ў самым цэнтры вёскі, — расказвае старшыня сельскага Савета Васіль Ільючык. — Спачатку былі меркаванні ў асяродку вяскоўцаў, што гэтую пляцоўку трэба размясціць на тэрыторыі дзіцячага садка, але ж потым вырашылі ўсёй грамадой, што варта зрабіць яе даступнай для ўсіх дзяцей вёскі, у тым ліку тых, хто прыязджае да бабуль і дзядуль на лета. На гэты праект патрацілі частку аўкцыённых грошай. Варта сказаць, што пляцоўка атрымалася дыхтоўнай. Прыемна бачыць, як яна запатрабаваная, дзятва літаральна не вылазіць адсюль, асабліва летнімі днямі.

Мітынг у Хатынічах.

У нас на тэрыторыі ёсць асаблівы аб'ект, — працягвае Васіль Іванавіч. — Гэта раённы дзіцячы прытулак. Ён размешчаны ў Ляхавічах. Установе мы таксама дапамагаем у пытаннях добраўпарадкавання, туды не так даўно паставілі арэлі, зрабілі невялікую карусель. Для дзетак, якія абдзелены бацькоўскай увагай, асабліва патрэбна зрабіць нешта добрае.

Варта адзначыць, што на тэрыторыі шмат робіцца ў плане добраўпарадкавання за кошт бюджэту. Не так даўно ўведзены ў эксплуатацыю дзве станцыі абезжалезвання вады, працягваецца ўдасканаленне сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення, праводзіцца падсыпка вуліц, паляпшаецца асвятленне. Скажам, па вуліцы Францыска Скарыны ў Ляскавічах летась праклалі паўкіламетра асфальту, і гэта, несумненна, стала падзеяй для жыльцоў дамоў па названай вуліцы.

— Кожны дзень прыносіць новыя клопаты па добраўпарадкаванні тэрыторыі, на гэта і патрацім прэмію за перамогу ў спаборніцтве, — сказаў старшыня. — Каб больш было святла, прыгажосці, кветак — а заадно і добрага настрою на мірную стваральную працу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Іванец назваў умовы дасягнення заробку педагогаў у памеры 135-140% ад сярэдняга па краіне

Іванец назваў умовы дасягнення заробку педагогаў у памеры 135-140% ад сярэдняга па краіне

На пленуме прафсаюза работнікаў адукацыі абмеркавалі надзённыя праблемы.