Вы тут

Жанчыны ў мясцовай уладзе


Перад 8 сакавіка нашы карэспандэнты пацікавіліся ў прадстаўніц мясцовай улады, ці лёгка сумяшчаць грамадскую дзейнасць і сям’ю, якое месца ў іх жыцці займае дэпутацкая пасада.


Не праходзіць міма чужой бяды

Дэпутата Расонскага раённага Савета дэпутатаў Людмілу Бардадынаву выбаршчыкі часта ўспамінаюць добрым словам. 

І невыпадкова... Ведаюць: калі б ні звярнуўся з просьбай, народны выбраннік дапаможа. За апошнія гады ў цэнтры Марачкоўскай выбарчай акругі — вёсцы Марачкова — зроблена нямала. Планы на будучыню ў Людмілы Аляксееўны таксама вялікія: па выніках гэтых выбараў яна заступае на яшчэ адзін дэпутацкі тэрмін.

Хоць і нарадзілася Людміла Бардадынава ў Расіі, але прыжылася на Расоншчыне. І тутэйшыя жыхары лічаць яе сваёй, роднай. Могуць патэлефанаваць у любы час, падзяліцца радасцю, расказаць пра беды. А яна, бываючы ў сваіх падапечных вёсках, абавязкова заходзіць у госці, цікавіцца, ці не патрэбна дапамога.

— Я ніколі не абяцаю чалавеку вырашыць яго праблему. Лічу, што любое абяцанне мае на ўвазе абавязковасць. Але, на жаль, далёка не ўсё пад сілу дэпутату раённага Савета. Тое, што дакладна магу гарантаваць, — гэта зварот у тую ці іншую інстанцыю і садзейнічанне ў вырашэнні пытання, — расказвае жанчына-дэпутат з багатым стажам.

Людміла Аляксееўна ўзначальвае раённую дзяржаўную інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Па абавязку службы прайшла раён уздоўж і ўпоперак, ведае ўсіх кіраўнікоў, да якіх даводзіцца звяртацца з дэпутацкімі запытамі. Кажа, што яшчэ не было выпадку, каб ад яе «адмахнуліся», не адрэагавалі. Яна заўсёды настойліва дамагаецца жаданага, дзейнічаючы ў інтарэсах канкрэтнага выбаршчыка. А пытанні ў насельніцтва розныя: і выразка старых дрэў на могілках, і праблемы з вадой, і расчыстка дарог ад снегу.

Так, дэпутат прыняла непасрэдны ўдзел у лёсе жыхароў Марачкова. Маючы інваліднасць ІІ групы, мужчына не мог абыходзіцца без старонняй дапамогі, яшчэ і дах у яго доме прадзіравіўся. З просьбай паспрыяць з рамонтам дэпутат звярнулася да кіраўніцтва філіяла «Клясціцы-Агра», і яно не адмовіла. У цяперашні час мужчына пражывае ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Краснаполлі.

Некалькі гадоў таму ў работніка мясцовай фермы Віктара Касцюка здарылася бяда — згарэў дом. Людміла Аляксееўна пасадзейнічала ў атрыманні матэрыяльнай дапамогі ад ААТ «Полацкі малочны камбінат»: тэлефанавала ў гаспадарку, афармляла даведку ў РАНС. У выніку грошы былі выдзелены і выдаткаваныя на набыццё Віктарам Сяргеевічам суседняга дома.

Але не толькі праз афіцыйныя запыты працуе Людміла Бардадынава: яна гатовая і сама пашчыраваць на карысць Марачкова разам з калегамі з райінспекцыі. Летась талакой зрабілі і ўстанавілі лаўку на адным з месцаў, дзе жыхары вёскі чакаюць прыезду аўтакрамы. У скарбонцы добрых спраў дэпутата шмат гісторый: агароджванне могілак у населеным пункце, уборка аварыйных дрэў і ўстаноўка смеццевых кантэйнераў, змена часу прыбыцця аўтакрамы на больш зручны для вяскоўцаў і раскладу руху аўтобуса па маршруце «Расоны — Марачкова».

Як разважае народная выбранніца, нельга праходзіць міма чужой бяды. А дапамагаць людзям з ранняга дзяцінства яе навучылі бацькі, якія, на жаль, рана пайшлі з жыцця. Сваю апеку і нераздораную душэўную цеплыню дэпутат імкнецца дарыць мясцовым пажылым людзям, якія калісьці аддалі за яе голас. Добрай традыцыяй для яе стала віншаванне людзей «залатога ўзросту» з юбілеямі.

Нягледзячы на тое, што звязацца з дэпутатам можна ў любы момант па тэлефоне, многія пытанні вырашаюцца дзякуючы каманднай рабоце. «Усё, што зроблена і яшчэ наперадзе, магчыма толькі пры дапамозе актыву вёскі, мясцовай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Разам мы — сіла, якая працуе на карысць людзей», — рэзюмуе Людміла Аляксееўна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Витебские вести»


У рабоце і ў сям’і

Старшыня сельскага Савета — у ліку пераможцаў абласнога конкурсу «Жанчына года»

На мінулым тыдні ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы ўшанавалі пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023». Дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі «Гаспадыня сяла» ўзнагароджана старшыня Яглевіцкага сельвыканкама Івацэвіцкага раёна Галіна Панюк.

Сельсавет Галіна Антонаўна ўзначальвае без малога шэсць гадоў. А да гэтага 14 гадоў яна працавала кіраўніком спраў, або, як раней называлі пасаду, сакратаром суседняга мясцовага органа ўлады. Таму работу ведае добра. Дарэчы, паўтара года таму да Яглевіцкага сельсавета далучылі яшчэ два — Любішчыцкі і Падстарынскі, у выніку Яглевіцкі стаў самым вялікім у раёне (калі не лічыць Целяханскі з гарадскім пасёлкам у складзе). Словам, тут пражывае амаль пяць тысяч чалавек, на тэрыторыі размешчана 16 населеных пунктаў.

Сельсавет даволі цікавы разнастайнасцю гаспадарчай дзейнасці. Далёка не кожная сельская адміністратыўная адзінка можа пахваліцца 12 фермерскімі гаспадаркамі, дзевяццю вытворчымі і 12 прыватнымі прадпрыемствамі. Акрамя таго, на тэрыторыі функцыянуюць шэсць устаноў адукацыі, шэсць устаноў культуры, тры з якіх — бібліятэкі, пяць ФАПаў, два дзясяткі гандлёвых пунктаў, ёсць установы грамадскага харчавання. Адным словам, гаспадарка вялікая. Прыйдзе вясна, усіх трэба арганізаваць на навядзенне парадку, сачыць за парадкам па ўсёй тэрыторыі, своечасова прымаць меры па яго падтрыманні.

Пры такой колькасці насельніцтва шмат работы ў агляднай камісіі, якую ўзначальвае кіраўнік мясцовай улады. Хапае ў вёсках і праблемных сем’яў, і адзінокіх людзей, якім бывае патрэбная дапамога. Тут ужо старшыня сельскага Савета працуе ў звязцы з раённымі службамі, каб своечасова прымаць рашэнні і папярэджваць крытычныя сітуацыі.

А яшчэ старшынёўскімі клопатамі штогод праводзяцца розныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да дзяржаўных свят і мясцовых падзей. Асаблівую ўвагу Галіна Панюк як былы работнік культурнай галіны надае дням вёсак. Кожнае такое свята становіцца аглядам мясцовых талентаў і працоўных дасягненняў жыхароў, а таксама днём, калі збіраюцца некалькі пакаленняў: прыязджаюць дзеці і ўнукі, наведваюць малую радзіму выхадцы з тутэйшых мясцін.

Галіна Панюк у свой час закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Цікава, што адукацыю атрымлівала, ужо маючы на руках траіх дзяцей. Завочна вучылася — спачатку ў бібліятэчным тэхнікуме, потым у ВНУ. Заўсёды была актыўнай. Згадвае, як падчас дэкрэтнага адпачынку паспявала даглядаць вялікую падсобную гаспадарку: трымалі з мужам тады і карову, і свіней, і шмат іншай жыўнасці. А яшчэ ў тую пару тры сезоны запар яна адпрацавала памочнікам камбайнера.

— Грошы для вялікай сям’і былі не лішнімі, і зараблялі іх не лёгкай працай. Дзеці заўсёды былі ў нас памочнікамі, таму і выраслі працавітымі, адказнымі, — гаворыць Галіна Антонаўна. — Усе тры сыны атрымалі вышэйшую адукацыю, працуюць, маюць сем’і.

Працавітасці ёй было ў каго вучыцца. «Мае бацькі выгадавалі пяцёра дзяцей, у калгасе заўсёды значыліся ў ліку лепшых працаўнікоў, — кажа яна. — А мой дзед Аляксандр Горбач быў першым старшынёй калгаса „За Радзіму“, які арганізавалі ў вёсцы Магіліцы. Дзядулю выбралі старшынёй нездарма. Удзельнік вайны, які вярнуўся з фронту з ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі, карыстаўся заслужаным аўтарытэтам у вяскоўцаў. Многія сямейныя рэліквіі беражліва захоўваем у сямейным архіве. Перыядычна звярталіся да іх з сынамі, а цяпер робім гэта з унучкамі, якіх у нас з мужам ужо пяць. Летам абавязкова выбіраем час, каб сабрацца ўсёй сям’ёй, наведаць дарагія нам памятныя мясціны, а таксама здзейсніць экскурсіі, убачыць нешта новае».

У грамадскай рабоце Галіна Панюк таксама заўсёды была актывісткай. У суме ўжо дваццаць гадоў узначальвае розныя пярвічныя арганізацыі Беларускага саюза жанчын. У якасці дэлегата ўдзельнічала ў шостым Усебеларускім народным сходзе. А нядаўна была выбрана дэпутатам раённага Савета.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з архіва Галіны ПАНЮК


«Мы гатовы ўстаць у адзін строй з мужчынамі»

Старшыня Воранаўскага райсавета Алена Ганевіч — аб рабоце кіраўніка і навуковай кар’еры

Пры ўсёй рашучасці і прынцыповасці характару, наша гераіня ва ўсіх сэнсах застаецца сапраўднай жанчынай. Яна любіць гатаваць галубцы і пельмені, займаецца сваім агародам, можа ўзяць у рукі пруткі для вязання, а можа пайсці на баль і танцаваць там з вялікім задавальненнем. Праўда, толькі ў вольны ад работы час. А яго, як аказалася, не так і многа.

Выказалі давер

Алена Янаўна паспяхова прайшла сёлетнюю электаральную кампанію. Яна зноў у дэпутацкім корпусе вобласці і раёна. У выбарах абласнога Савета атрымала амаль 90% галасоў выбаршчыкаў, 78% галасоў — у раённы Савет. Лічыць, што тая работа, якая была зроблена, дала свой вынік, людзі выказваюць давер органам улады. У сваю чаргу, гэта абавязвае да яшчэ больш актыўнай работы.

Днямі на першай сесіі райсавета яна зноў выбрана старшынёй Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў.

Між іншым, пасада кіраўніка патрабуе даволі рашучых, а часам і строгіх падыходаў у рабоце. Лічыцца, што на такія меры больш прыдатны мужчыны. Вось і сярод калег — старшынь райсаветаў — пераважная большасць прадстаўнікоў моцнай паловы, як і ў цэлым у абласным дэпутацкім корпусе. Алена Ганевіч — адна з некалькіх жанчын — старшынь райсаветаў, каму аказаны давер працягваць работу на гэтай пасадзе.

— Мужчыны ў нашым разуменні — гэта моцная палова, але цяпер можна гаварыць аб тым, што жанчыны таксама даволі бясстрашныя, апантаныя, мы ў любы момант гатовы ўсе сілы аддаць на тое, каб забяспечыць мір, спакой. Мы гатовы дзеля гэтага ўстаць у адзін строй з мужчынамі, — пераканана дэпутат.

Усё скіравана на мірнае жыццё, а гэта значыць, на дабрабыт насельніцтва і ўмацаванне пазіцый раёна. Для старшыні райсавета важна ўсё, што тут адбываецца. Пры гэтым у прыняцці рашэнняў варта кіравацца тымі задачамі, якія ставяцца кіраўніцтвам дзяржавы, Саветам Рэспублікі, урадам. Важную ролю адыгрываюць нарады ў Прэзідэнта, сустрэчы са Старшынёй Савета Рэспублікі, якія даюць новы імпульс у развіцці розных галін гаспадаркі, сацыяльнай сферы. Старшыня Воранаўскага райсавета стараецца працаваць у адпаведнасці з дзяржаўнымі ўстаноўкамі з улікам спецыфікі сельскіх тэрыторый. Вельмі важна зразумець сапраўдныя запыты насельніцтва. Толькі такім чынам, лічыць суразмоўніца, можна рухацца далей.

— Зваротную сувязь з насельніцтвам можна лічыць адным з галоўных прынцыпаў маёй работы. Калі на сходзе ў вёсцы агучана нейкае праблемнае пытанне, яго можна расцэньваць як запыт дэпутата да тых ведамстваў, якія за гэту сферу адказныя. З гэтага пачынаецца вырашэнне пытання да яго лагічнага завяршэння, — зазначае старшыня райсавета.

Уся работа вядзецца ў супрацоўніцтве з мясцовай выканаўчай уладай, гаспадаркамі і прадпрыемствамі. Напрыклад, старшыня райсавета поўнасцю ў тэме падрыхтоўкі да вясенне-палявых работ. На мінулым тыдні прайшоў канчатковы агляд тэхнікі, літаральна днямі тэхніка выходзіць на палеткі.

Прэзентацыя ў Савеце Рэспублікі

Па-ранейшаму не здымаецца з парадку дня добраўпарадкаванне тэрыторый. Мяркуецца правесці суботнік у старажытным парку аграгарадка Пагародна. Два гады вяліся работы па навядзенні там парадку. Такім чынам помнік прыроды ХVІІІ стагоддзя набыў другое жыццё, туды з задавальненнем прыходзяць і месцічы, і жыхары наваколля, праводзяцца раённыя і абласныя мерапрыемствы.

У вёсцы Забалаць нядаўна знесены даволі вялікі аб’ект незавершанага будаўніцтва. Цяпер стаіць задача вывезці ўсё смецце, а на гэтым месцы стварыць паркавую зону з высадкай дрэў. Першую алею тут мяркуюць закласці падчас вясновага выязнога пасяджэння дэпутатаў райсавета. Будзе зроблена і спартыўная пляцоўка з трэнажорамі. Гэта свайго кшталту грамадзянская ініцыятыва на мясцовым узроўні. Вядома, не застанецца без увагі добраўпарадкаванне вуліц у самім райцэнтры Воранава. Тут будуць аднаўляцца дваровыя тэрыторыі, весціся асфальтаванне вуліц. У кожным сельскім Савеце хутка пачнуць высаджваць кветкі, устанаўліваць малыя архітэктурныя формы. Работа будзе весціся яшчэ актыўней, чым летась.

Воранаўскі раён сельскагаспадарчы. Значных праектаў тут няшмат. Таму будаўніцтва гандлёва-лагістычнага цэнтра на тэрыторыі кантрольна-прапускнога пункта «Беняконі» з’явілася добрай перспектывай для далейшага развіцця раёна. Аб’ект рэалізуецца ў рамках дзяржаўнай праграмы «Адзін раён — адзін праект».

Раён развіваецца і як турыстычная тэрыторыя. Цікавыя падзеі і гістарычныя помнікі атрымалі ўвасабленне ў трох выданнях, якія падрыхтаваны сумесна з ГрДУ імя Я. Купалы. Адзін з іх расказвае аб легендах і паданнях краю. Цяпер на аснове навукова-краязнаўчай канферэнцыі «Воранаўскія чытанні» рыхтуецца новы зборнік. Раён вывучаецца ўсебакова.

Асаблівая ўвага — падрыхтоўцы да святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі. У раёне рэалізуецца сумесны праект з кіраўніцтвам базавых гаспадарак і сельскіх Саветаў па аднаўленні памятных месцаў, работы вось-вось пачнуцца. Гэта другі, завяршальны этап. Першы прайшоў летась.

— На адно з пасяджэнняў Савета Рэспублікі з удзелам Наталлі Качанавай, якое адбылося ў Гродне, мы падрыхтавалі прэзентацыю па захаванні гістарычнай памяці, гісторыка-культурнай спадчыны. Мы паказалі, як адбываецца адраджэнне, у тым ліку колішніх абрадаў і традыцый на сельскіх тэрыторыях, і якая тут роля дэпутатаў. Напрыклад, у Канвелішскім сельскім Савеце ў вызначаны дзень з’язджаюцца родныя і блізкія былых жыхароў тых вёсак, дзе ўжо ніхто не жыве. І гэта вельмі чулыя сустрэчы. Таксама робім захады па стварэнні дома-музея сельскага побыту. Расказалі аб тым, як захоўваем памяць аб сваіх земляках-героях. Гэтым вопытам зацікавіліся нашы калегі з Мінска. Таму мы свае напрацоўкі і выстаўку прадставілі ў Савеце Рэспублікі.

Магістр і аматарка танцаў

Алена Ганевіч не ўтойвае, што для яе работа на самым пачэсным месцы. Кажа: пасада такая, што інакш нельга. Да таго ж з дзяцінства засвоіла бацькоўскую навуку — каб чагосьці дабіцца, трэба працаваць. Працатэрапія — найлепшы настаўнік. Дарэчы, пры ўсіх сваіх клопатах яна не ўяўляе для сябе іншага жыцця. Магчыма, таму лічыць сябе шчаслівым чалавекам, і, нават калі змагла б вярнуцца ў мінулае, нічога не хацела б там змяніць у сваім жыцці.

А навошта, калі цяпер столькі магчымасцяў. Напрыклад, нядаўна паспяхова закончыла магістратуру па спецыяльнасці «Эканоміка» ў ГрДУ імя Я. Купалы. Літаральна месяц таму таксама паспяхова абараніла дысертацыю і атрымала дыплом. Тэма дысертацыі звязана з самазанятасцю насельніцтва, што цяпер даволі актуальна. Да таго ж старшыня райсавета з’яўляецца яшчэ і старшынёй камісіі па працаўладкаванні. Кажа, што ёй як практыку патрэбны тэарэтычныя веды.

— Вучыцца ніколі не позна, а веды ніколі не бываюць лішнімі. Для сябе я зразумела, што сёння эканамічныя веды асабліва запатрабаваныя. Я па першай спецыяльнасці педагог, а цяпер буду адукаванай і ў сферы эканомікі. Таму жыццё ў мяне даволі насычанае, — расказвае яна.

Не магла не запытаць пра хобі. Ці ёсць у жанчыны любімы занятак у вольны час? Аказалася, што такі занятак — кулінарыя. Мая гераіня вельмі любіць гатаваць, што ў нашым сучасным свеце сустракаецца не часта. У вольны час яна радуе сваіх сямейнікаў пышнымі катлетамі, галубцамі, дамашнімі пельменямі. Іншы раз бярэ ў рукі пруткі для вязання. Кажа, гэта добрая рэлаксацыя для жанчын. Як чалавек ад зямлі любіць займацца агародам, напрыклад, зараз рыхтуецца да пасадкі бульбы. А яшчэ прызнаецца, што вельмі любіць вадзіць машыну, стаж кіроўцы — 20 гадоў.

— Адкуль у мяне бяруцца сілы? Калі я бачу вынік сваёй працы, яшчэ больш хочацца зрабіць. Скажу вам па сакрэце, вельмі люблю танцаваць. Сёлета ў Воранаве праводзіўся Навагодні баль. Усе былі вельмі прыгожа прыбраныя, жанчыны ў доўгіх сукенках. Усе з добрым настроем. Хутка будзем святкаваць Жаночы дзень. Таму мне няма часу сумаваць…

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота voran.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.