Вы тут

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку


Для мяне ўжо шмат гадоў прыход вясны асацыюецца з магчымасцю выпіць кавы, зваранай на бярозавым соку. Даволі даўно адна нарыхтоўшчыца бярозавіку пачаставала такой, з таго часу заўсёды чакаю пару, якая дае магчымасць смакаваць асабліва духмяны чай альбо каву на соку. Чароўным атрымліваецца напой, калі сок закіпіць на кастры: кава на свежым паветры з водарам вясновага лесу. Але і дома на пліце можна згатаваць, таксама будзе смачна.


У горадзе

Адным словам, мы накіраваліся за бярозавікам, як толькі з’явіліся паведамленні-запрашэнні на сайтах лясгасаў. Тым больш што другі год запар сок прадаюць на гандлёвай пляцоўцы Брэсцкага лясгаса па вуліцы Кобрынскай, і вітамінны прадукт можна купіць, не выязджаючы з горада.

Як сказана на сайце, папярэдне я патэлефанавала па нумары, які быў указаны. У адказ адразу запрасілі пад’язджаць. Справа была ў мінулую пятніцу, бліжэй да абедзеннага перапынку. Пад’ехалі прыкладна ў 13.15. У чарзе за сокам стаяла каля дзясятка чалавек. І калі летась пластыкавыя ёмістасці па тоне вагой размяшчаліся проста ў кузаве магутнага МАЗа, то цяпер для іх змайстравалі адмысловы паддон-падстаўку. Апошняе вызваліла машыну, якая можа зрабіць некалькі рэйсаў за дзень. Сведчанне таму — яшчэ два аграмадныя «бідоны» збоку ў запасе.

Прыветлівы супрацоўнік лясгаса Давід Шаўшышвілі рэкламуе сваю прадукцыю: «Сок найсвяжэйшы. Толькі ранкам сабралі ад дрэў. Усяго трэці дзень гандлюем. Першы сок — самы лепшы. Калі ўжо ідзе нарыхтоўка тыдзень-два, сок становіцца крыху іншы на смак, не такі празрысты. Хоць гэта і не страшна, але ж лічыцца, што першы сок самы смачны». Чарга рухаецца хутка, бо, па-першае, некаторыя стаяць парамі, па-другое, працэс арганізаваны добра. Пакупнікі падыходзяць са сваёй тарай, прадавец адкручвае кран, устаўляе шланг у бітон ці бутлю. Пакуль запаўняецца вялікая пасудзіна, ён паспявае разлічыць пакупніка і выдаць чэк. Апошні з’яўляецца дакументам для вартаўніка, які падніме шлагбаум на выездзе. Усе заязджаюць на пляцоўку машынамі, бо купляюць па 50, 60, 80 літраў. Некаторыя, праўда, прыходзяць з пяцілітровымі пластыкавымі бутлямі, бяруць усяго некалькі літраў, каб папіць. Але асноўная маса пакупнікоў набывае сок для кансервавання, для квасу, бо летам, у спёку, бярозавік — найлепшы напой. Сок тут прадаецца па 36 капеек за літр. Такім чынам, 60 літраў абыходзіцца нам у 21,6 рубля. Прыходзім да высновы, што гэта выгадна, бо ехаць у лясніцтва, каб купіць там па 19,5 капейкі, эканоміяй не выглядае. На бензін больш патраціш.

На лясной дзялянцы

Але ў лясніцтве ўсё ж давялося пабываць літаральна праз дзень. Наш добры знаёмы, былы сусед, папрасіў аб гэтым. Ён прадаў машыну па прычыне ўзросту і па стане здароўя. А сок прывык нарыхтоўваць сам, ад бярозы. Рабіў гэта многія дзесяцігоддзі. Ну і паехалі ў нядзелю дзеля прагулкі. Праўда, дзень выдаўся не надта лагодны, было халаднавата.

Найбліжэйшае ад Брэста лясніцтва — Мухавецкае, яно і забяспечвае сокам многіх гараджан. Асабліва зручна дабірацца такім, як мы, хто жыве ў паўднёва-ўсходняй частцы абласнога цэнтра, не трэба перасякаць увесь горад, выехаў у прыгарадную Камяніцу Журавецкую і трымай напрамак далей, у бок лесу.

На сайце пазначана некалькі тэлефонаў нарыхтоўшчыкаў з імёнамі. Я ўзялася абзвоньваць іх у суботу, каб дамовіцца. Дзяўчаты прапаноўвалі паслугі пачынаючы з пятніцы, гэта значыць, амаль праз тыдзень. Трэцім па ліку быў Павел, у яго запіс пачынаўся наогул з наступнай суботы. Але калі пачуў пра патрэбныя пенсіянерам 50 літраў, згадзіўся дабавіць у спіс без чаргі. У яго, як высветлілася, у асноўным па 100 і 200 літраў замаўляюць. Такім чынам нам пашанцавала.

Павел падрабязна патлумачыў маршрут, сказаў, што трэба праехаць вёску Забалацце і стаць на ўзбочыне. Раней мы тут не бывалі, таму прыехалі амаль за паўгадзіны, адна машына ўжо стаяла. А потым падцягнуліся яшчэ дзевяць. Строга ў прызначаны час, дакладней у дзевяць раніцы, пад’ехаў нарыхтоўшчык Павел, з тэлефона зверыў усіх па прозвішчах і заяўках на колькасць літраў і падаў знак рухацца за ім. Такім вось працяглым картэжам мы і заехалі ў лес, дзе Павел, нібы вопытны рэгуліроўшчык, хутка размеркаваў кліентаў па дзялянках вызначанага квартала лясніцтва.

У лесе пакупнікі адно аднаму не перашкаджалі, самі хадзілі паміж бярозамі, адвязвалі мяшкі з сокам і напаўнялі свае бітоны. Ноччу крыху падмарозіла, таму ў асобных мяшках зверху плавала тонкая ледзяная скарынка. Але паміж дрэў холад не адчуваўся. Мы з жонкай суседа Святланай Канстанцінаўнай крыху пагулялі па лесе, убачылі нават першыя пралескі і вельмі абрадаваліся. А сусед Міхаіл Арцёмавіч з маім сынам хутка набралі замоўленыя 50 літраў, загрузілі ў машыну і накіраваліся на «блок-пост» нарыхтоўшчыка. Там ён падлічыў суму, выпісаў квіток і ўзяў грошы.

Сок у лясніцтве прадаецца па 19,5 капейкі за літр. Дарэчы, за апошнія чатыры гады цана вырасла толькі на 2,5 капейкі, таму ахвотных набыць вітамінны напой нямала. Варта сказаць, што людзі прыязджаюць з любой тарай. Неабавязкова набываць вялікія пасудзіны, з якой прыехаў наш сусед. Адзін мужчына наліваў з дапамогай варонкі 5-літровыя бутлі. Іх стаяла дзясяткі два. Затое зручна і лёгка грузіць, можна справіцца нават аднаму.

Сезон нарыхтоўкі соку на Брэстчыне толькі набірае разгон. За якасць напою леснікі адказваюць. Штогод сок на аналіз бярэ цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, вывяраюць каля 30 паказчыкаў. Шкодных прымесяў альбо радыяцыі ў нашым бярозавіку няма, а вось вялікая колькасць вітамінаў і мікраэлементаў прысутнічае. Таму вельмі карысна ўжываць сок свежым.

Усяго ў гэтым годзе лясгасы Брэсцкага лесагаспадарчага аб’яднання плануюць прадаць насельніцтву каля 650 тон бярозавіку. Так што соку хопіць усім.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.