Вы тут

Аляксей Кулакоўскі: Мне хочацца мець свой добры калектыў...


У 1958 годзе ў майскім нумары часопіса «Маладосць» галоўны рэдактар выдання вядомы ўжо на той час празаік Аляксей Кулакоўскі друкуе аповесць «Дабрасельцы». Праз некаторы час крытыка ацэніць гэты твор наступным чынам: «... пісьменнік <...> імкнуўся паказаць складанасць жыцця калгаснай вёскі пачатку 50-х гадоў.» І далей: «Супраць якіх з’яў, што мелі месца ў недалёкім мінулым, павёў агонь пісьменнік? Супраць парушэнняў сацыялістычнай законнасці, абмежавання дэмакратыі і падаўлення ініцыятывы знізу. Фактаў, звязаных з гэтымі з’явамі, у пісьменніка было нямала. Ведаў, бачыў у жыцці ён і канкрэтных носьбітаў зла. Аднак узняцца на патрэбную вышыню для гістарычна праўдзівай ацэнкі і асэнсавання гэтых фактаў А. Кулакоўскі не здолеў». (Сяргей Гусак). 


...Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі (1913 — 1986) нарадзіўся на Случчыне, у вёсцы Кулакі (цяпер — Салігорскі раён), у сялянскай сям’і. Закончыў Рагачоўскую прафтэшколу. Некаторы час загадваў дрэваапрацоўчай арцеллю ў Касцюковічах. У 1931 годзе ўжо працуе ў клімавіцкай раённай газеце. Са жніўня 1934 года — у «Чырвонай змене». У 1936 — 1939 гг. вучыўся ў ў Мінскім педінстытуце. У 1939 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. Быў камандзірам узвода, камандзірам роты. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Тройчы паранены. Вярнуўшыся з фронта, працаваў у газеце «Сталинская молодежь», у часопісе «Беларусь», адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва». У 1953 годзе прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». Да гэтага часу выдаў зборнікі прозы «Сад», «Новыя сустрэчы», «Хораша ўзыходзіць сад», маладым рабочым прысвяціў аповесць «Гартаванне» (1949). Відаць па ўсім, што малады пісьменнік пачуў заклік партыі аб стварэнні партрэту новага, пасляваеннага жыцця. Боль, драматычныя падзеі вайны павінны застацца ў мінулым... Але ж і Вялікая Айчынная не магла сыйсці з свядомасці сама па сабе. Ёй празаік прысвяціў свой першы раман-дылогію — «Растаёмся ненадоўга» (1953 — 1954) і «Сустрэчы на ростанях» (1961 — 1962). 

«Дабрасельцы», як па сённяшнім часе — не дужа і крытычная аповесць, мо нават зусім не крытычная, на некаторы час спыніла і жыццёвую, і творчую кар’еру. Крытыка «зверху» прымусіла калег па творчаму саюзу «прыгледзецца» да аўтара... «А. Кулакоўскі — пісьменнік, які вельмі давярае сваім пачуццям. Гэта добрая сама па сабе якасць таленту ў “Дабрасельцах” аказалася супрацьпастаўленай сацыяльна-аналітычнай думцы і тым самым ператварылася ў слабасць. 

Вельмі моцнае жаданне выкрыць варожую народу і сацыялістычнаму ладу сутнасць людзей тыпу Мокрута і Шулава, вельмі вялікая нянавісць да апошніх настолькі паланілі пісьменніка, што перашкодзілі яму ўбачыць сапраўдную расстаноўку сіл у вёсцы. 

Гуманістычная думка аповесці згубіла сваю гістарычную канкрэтнасць, стала невыразнай, непаслядоўнай. 

Станоўчыя героі ў аповесці не атрымаліся. Кулакоўскі нібы забыў, што яго герой — гэта чалавек, які нічога не прайграе ад страты пасады (яна невысокая або яе зусім няма), якога нельга “паслаць далей зямлі”, на паводзіны і думкі якога не ўплываюць ніякія пабочныя меркаванні, кар’ерысцкія ў прыватнасці. Дабрасельцы — людзі запалоханыя, забітыя, прыніжаныя. Яны насцярожана прыслухоўваюцца да навін, кожны дзень чакаюць новай бяды». (С. Гусак). 

І ўсё ж з пасады галоўнага рэдактара Аляксея Кулакоўскага, які паспрабаваў хіба што толькі адну кроплю праўды сказаць пра вясковую рэчаіснасць, знялі... Заўсёды такія крокі ўлады ўспрымаліся як сігнал — «не друкаваць», «не прымаць на іншую працу», «не згадваць у друку»... Вытрымаць такое ў савецкі час — няпроста. На гэта патрэбна асаблівая мужнасць, надзвычайная стрыманасць...

Пры ўсёй складанасці сітуацыі Аляксей Мікалаевіч павёў сябе даволі разумна. Ён актыўна заняўся публіцыстыкай. Дапісаў свой раман — «Сутрэчы на ростанях». Збіраў матэрыялы для новых твораў... Але напрыканцы 1964 года пісьменнік не вытрымаў чарговага наскоку... І 12 лістапада 1964 г. Аляксей Мікалаевіч звяртаецца да кандыдата ў члены Прэзідыўма ЦК КПСС, Першага сакратара ЦК КПБ К. Т. Мазурава.
«Паважаны Кірыл Трафімавіч! 

У газеце «Советская культура» N 130 ад 31 кастрычніка 1964 года, у артукуле (рэдакцыйным) «Выхаванне і творчасць — нераздзельныя» напісана, што я адарваўся ад жыцця, раскрытыкаваны «... за павярхоўнае асвятленне рэчаіснасці», ды так і застаўся раскрытыкаваным, бо ніводным словам не згадваецца пра тое, што я зрабіў пасля крытыкі. 

Не так ужо даўно рэдактар газеты «Голас Радзімы» Л. Прокша выступаў злекцыямі ў Салігорскім горна-хімічным тэхнікуме і дагаварыўся да таго, што абвінавачвае мяне ў нейкім патуранні замежным нацыяналістам. Гэту лекцыю слухаў мой брат, выкладчык гісторыі ў тэхнікуме, мой пляменнік, які вучыцца ў гэтым тэхнікуме, і некалькі дзесяткаў маіх землякоў. Тут побач жыве мая маці, ёй ужо 84 гады. Яна даведалася пра выступленне ў тэхнікуме і цяжка захварэла, ледзьве перажыла гэта. 

Артыкул у газеце «Советская культура» напісаны па дакладу старшыні ЦК прафсаюза работнікаў культуры БССР т. Чаранка на пленуме ў Кіеве. 

Л. Прокша гаворыць, што ён браў матэрыялы і ўстаноўкі адносна мяне ў Мінскім абкаме партыі. Тав. Чаранок гаворыць, што такія матэрыялы яму далі ў ЦК партыі. Але я добра ведаю, што ні ў абкаме, ні ў ЦК такіх установак не маглі даць, бо там таварышы адносяцца зараз да мяне і да маёй творчасці правільна і добра. 
Дарагі Кірыл Трафімавіч! Вы ведаеце, што ўсе гэтыя гады я працую, колькі маю сіл. Пасля чэрвеньскага Пленума мне была зроблена заўвага, і я ўлічваю яе. Апавяданне «Тры зоркі» надрукавана і атрымала добразычлівыя адносіны чытачоў. Ды і жыццё паказала, што я быў правы ў некаторых адносінах. (Маю на ўвазе залішняе захапленне кукурузай, параднасць, пустазвонства). Акрамя гэтага я напісаў за гэтыя гады раман «Сустрэчы на росстанях», апавяданне «Тут я жыву», дзве кніжкі нарысаў пра людзей Салігорска, кнігу навэл пра герояў працы, апавяданне «Твой шлях перад табою» пра славакаў, якія ваявалі разам з нашымі партызанамі. У садружнасці з В. І. Казловым я сабраў вялікі партызанскі матэрыял і працую над новай дакументальнай кнігай.

Вы таксама ведаеце, што я былы воін, камуніст. Дык чаму вось ужо на працягу амаль сямі гадоў маё прозвішча на які хочаш лад схіляецца кім заўгодна пры ўсялякіх выпадках? Таму на працягу сямі гадоў я пазбаўлены калектыва, — не даюць мне ніякай службы. Працы, хаця ў мяне за плячыма 25-гадовы вопыт журналіста і рэдактара. Нават з усіх рэдкалегій мяне вывелі, з членаў праўлення СП БССР. 

Нарэшце, працуючы бесперапынна я жыву і ўтрымліваю вялікую сям’ю. Але мне, як і ўсім людзям, хочацца мець свой добры калектыў, мець права на адпачынак, чаго не меў я ўжо сем гадоў. 

Прашу Вас, Кірыл Трафімавіч, дапамагчы мне атрымаць адпаведнае месца ў нашым грамадстве, а я буду працаваць і надалей не пакладаючы рук

З шчырай павагай

А. Кулакоўскі». 

Мазураў наклаў адпаведную ў такіх выпадках рэзалюцыю: «нібыта Капіч. Прашу разгледзець заяву т. Кулакоўскага ў аддзеле па сутнасці і далажыць меркаванні, прапановы аддзела». 

Загадчык аддзела навукі і культуры ЦК КП Беларусі Н. Капіч праз некаторы час прадстаўляе дакладную запіску Першаму сакратару. Чытаем: «Тав. Кулакоўскі А. М. у сваім пісьме паведамляе пра нібыта прадузятае стаўленне да яго з боку некаторых таварышаў, у тым ліку з боку рэдактара газеты “Голас Радзімы” тав. Прокшы Л. Я. і старшыні Беларускага Рэспубліканскага камітэта парфсаюза работнікаў культуры тав. Чаранка І. В. 

Пры праверцы фактаў высетлілася, што тав. Прокша Л. Я. у кастрычніку 1963 года па даручэнню Мінскага абкама КПБ выязджаў у г. Салігорск і выступаў там з дакладам пра сустрэчы кіраўнікоў партыі і ўрада з дзеячамі культуры і мастацтва. Расказваючы пра беларускую літаратуру, ён назваў прозвішча А. Кулакоўскага ў ліку іншых пісьменнікаў, якія ў той час у сваёй творчасці дапускалі памылкі. Тав. Прокша Л. Я. карыстаўся матэрыяламі Рэспубліканскага сходу творчай інтэлігенцыі, якія былі змешчаны ў друку. 

Што датычыць тав. Чаранка І. В., то ён у сваім дакладзе на Пленуме ЦК парфсаюза работнікаў культуры ў г. Кіеве 28 верасня г.г. згадаў пра крытыку, якой у свой час падвяргаўся тав. Кулакоўскі і нічога пры гэтым не сказаў пра апошнія яго творы, пра тое, як тав. Кулакоўскі А. М. улічвае крытыку. Тав. Чаранок І. В. запрашаўся ў аддзел і яму была зроблена заўвага. 

Тав. Кулакоўскі А.М. піша пра матэрыяльныя цяжкасці. Згодна даведцы Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку толькі па выдавецтвах “Полымя”, “Беларусь” і “Звязда” атрыманы ім ганарар у 1962 годзе склаў 564 рублі ў месяц, у 1963 годзе — 276 рублёў і ў 1964 годзе — 230 рублёў ў месяц. 

Праўленню Саюза пісьменнікаў БССР даручана вырашыць пытанне пра працаўладкаванне тав. Кулакоўскага А.М.».

Не пісаў Кулакоўскі пра матэрыяльныя цяжкасці, на крайні выпадак — звярнуў увагу на тое, што нідзе не працуе ў штаце, што, маўляў, трэба мець сістэмны заробак... Але, відавочна, не гэта ў першую чаргу хвалявала Аляксея Мікалаевіча. Важна было вярнуцца ў «сістэму», быць роўным сярод астатніх, сярод тых, хто сядзеў у прэзідыўмах, хто ўваходзіў у праўленне... І Кулакоўскага ўладкавалі ў апарат Саюза пісьменнікаў. З часам ён зойме там нармальныя пазіцыі. Калегі давераць былому франтавіку, пісьменніку, які «рэабілітаваўся» справамі, кіраўніцтва партыйнай арганізацыяй. І ў выніку будуць новыя выданні, пабачыць свет нават чатырохтомны Збор твораў Аляксея Кулакоўскага. Аляксей Мікалаевіч за творчую працу атрымае некалькі ордэнаў, стане лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР... І ўжо ў 1967 годзе ў выдавецтве «Беларусь» убачыць свет манаграфія Сяргея Гусака «Аляксей Кулакоўскі»... Словам, усе атрыбуты ўдалага лёсу беларускага савецкага пісьменніка!..

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

У свеце

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Самыя важныя выклікі, з якімі палякам давядзецца сутыкнуцца ўжо адразу пасля летніх канікулаў, — гэта энергетычны крызіс, высокія працэнтныя стаўкі і будучы эканамічны спад.

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?