Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін праявіў сябе ў розных літаратурных жанрах. Ярка раскрыўся і як крытык, літаратуразнаўца. У прыватнаці, дакладна спасціг здольнасці аднаго з найбольш таленавітых беларускіх празаікаў: «Аляксей Кулакоўскі — бытапісец. У творчасці ён надзвычай моцна прывязаны да канкрэтных, часцей за ўсё ўласна ім перажытых жыццёвых фактаў. Факт для яго — першааснова твора. Прызма творчай фантазіі пісьменніка не надта адмыслова шматгранная, святло фактаў пераламляецца ў ёй не заўсёды так, каб адбіцца спектрам вясёлкі і ў сюжэце, і ў характарах, і ў дэталях, каб драматызавацца, і асобныя факты, прапушчаныя праз гэтую прызму, у творы захоўваюць тыя ж адценні, што і ў жыцці. Пісьменнік як бы спадзяецца, што само жыццё зрабіла работу па адборы і тыпізацыі з’яў і характараў. Такая асаблівасць таленту Кулакоўскага дае яму пэўную перавагу перад іншым падыходам да асваення жыццёвага матэрыялу...»
Згадаць Аляксея Мікалаевіча хочацца не толькі таму, што спаўняецца 110 гадоў з дня яго нараджэння. Ён і наш калега. У 1949–1953 гадах быў адказным сакратаром «Літаратуры і мастацтва». Пачынаў журналісцкі шлях яшчэ ў даваенны час, працуючы ў клімавіцкай і жлобінскай газетах, а пасля — у «Чырвонай змене». Напісаўшы шэраг карэспанданцый і нарысаў, узяўся і за апавяданні. Але ў друк прапанаваў толькі адно з іх — «Білет», змешчанае ў «Чырвонай змене» 6 снежня 1935 года. Зноў як празаік заявіў пра сябе толькі праз дзесяць гадоў. У часопісе «Беларусь» былі апублікаваны апавяданні «Сын», «Стары млын», «Мікіта Мінавіч», змешчаныя ў 1945 годзе ў нумарах 9, 10 і ў аб’яднаным нумары 11–12.
Як у гэтых творах, так і ў тых, што ўвайшлі ў яго першую кнігу «Сад» (1947), поруч з вобразамі дарослых паказаў і дзяцей. Зведаўшы жахі вайны, прайшоўшы перадавую (камандаваў узводам, быў камандзірам роты, тройчы паранены), адштурхоўваўся ад уласна перажытага, аб чым, у прыватнасці, засведчыў адзін з найлепшых яго ранніх твораў.
Аб дакументальнасці асновы твора пазней казаў у гаворцы з крытыкам Аляксеем Гардзіцкім: «Мне ўспомніўся мой аднакласнік — нямы хлопец, якога ўсе баяліся. Пабойваўся яго і я: здавалася, што ён і ўдарыць чалавека можа. І вось аднойчы гэты хлопец знайшоў птушанятка, што вывалілася з гняздзечка. Я бачыў, як ён любоўна ўзяў гэтае птушанятка ў рукі. З гэтай дэталі і вырас пасля сюжэт апавядання «Нямко»». Але дабро, як вядома, часам павінна быць з кулакамі. Гэты нямко, які ў творы выступае пад імем Паўла Капулы, у час акупацыі адным ударам свайго магутнага кулака забівае немца.
Працаваў у жанры апавядання і далей: «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), а таксама «На возеры» (1950), адрасаванае дзецям. А кніга «Гартаванне» (1949), назву якой дала аднайменная аповесць, прысвечана будаўніцтву Мінскага трактарнага завода.
Тэме Вялікай Айчыннай вайны прысвечана не толькі апавяданне «Нямко», але і раман «Расстаемся ненадоўга» (1954), працягам якога стаў твор гэтага жанру «Сустрэчы на ростанях» (1962). Творчым дасягненнем Аляксея Кулакоўскага стаў раман «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972). У ім у развіцці паказаны вобраз галоўнага героя, чалавека ад зямлі. Да ўсяго Багдан Хацяноўскі — чалавек адораны, з божай іскрай таленту. Быў музыкам-самавукам. З разуменнем ставіўся да перамен у жыцці. Калі прыйшла савецкая ўлада, уступаў у калгас.
Аднак Аляксей Кулакоўскі не ідэалізуе яго вобраз, а паказвае чалавекам, які на ўсё мае ўласны пункт гледжання. Таму Багдан хоць разумее важнасць калектыўнай працы на зямлі, з цяжкасцю пераадольвае тое, што нядаўна было для яго трывалай жыццёвай асновай. Адбываецца свайго роду ўнутраны стрэс. Асабліва яму шкада свайго каня, якога мусіць аддаць на канюшню.
Вядома, пра гэта літаратура пісала і да яго. І не толькі беларуская. Узяць хоць бы шырока вядомую «Узнятую цаліну» Міхаіла Шолахава. Аднак Аляксей Кулакоўскі не паўтараў сваіх папярэднікаў, не пайшоў па апрабаваным шляху. Дарэчы, свой падыход да асэнвання праблем калектывізацыі назіраўся і ў расійскага празаіка і сцэнарыста Барыса Мажаева. Але паўтору не было і быць не магло. Яго раман «Мужыкі і бабы» з’явіўся на чатыры гады пазней, у 1976-м. Ды і гаварыць можна пра тэматычнае падабенства. Кожны аўтар ішоў сваім шляхам. Што да Аляксея Кулакоўскага, дык ён знайшоў уласны падыход у перадачы таго, як чалавек паступова «ўрастае» ў калгас, становячыся ў нечым яго часткай.
Раман «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» прыцягвае ўвагу і тым, што Аляксей Мікалаевіч адным з першых у беларускай літаратуры закранаў і даследаванне вытокаў здрады Радзіме. Гаворка не пра тое, каб параўноўваць яго, скажам, з Васілём Быкавым. Тым не менш пераканаўчым атрымаўся лёс сына Багдана Хацяноўскага. Калі б іншыя жыццёвыя абставіны, Панця, магчыма, і не стаў бы тым, кім стаў. Не зрадзіў бы Радзіме, не пайшоў на службу да гітлераўцаў. Аднак на яго выханне вялікі ўплыў аказала мачыха. Жанчына, у якой не было цвёрдых маральных прынцыпаў, яна належала да людзей агрэсіўных у адстойванні сваіх меркаванняў. Была ўпэўнена, што сумленнасць — не тое, да чаго трэба імкнуцца. Гэтакія адносіны ўбівала ў галаву і свайму пасынку, а яшчэ навучыла яго красці.
Намаганні Багдана, накіраваныя на тое, каб сын вырас дастойным чалавекам, аказаліся марнымі: «[...] Усе тыя гады, пакуль сын гадаваўся і быў дома, аддаваў яму ўсё, што меў у душы і ў сэрцы, жыў толькі надзеяй на сынняе шчасце[...]», а Панця стаў паліцаем. Толькі ў глыбіні яго душы, відаць, засталося добрае, што было закладзена бацькам. Калі зразумеў, што служба ў немцаў — гэта не толькі ўлада над людзьмі, да чаго імкнуўся, а забойства, утапіўся.
У 1957 годзе Аляксей Кулакоўскі напісаў і аповесць «Да ўсхода сонца». У аснове яе сітуацыя экстрэмальная. Адным з першых узяўся за раскрыццё не толькі гераічнага, але і драматычна-трагедыйнага, што не давала чалавеку з пярэдняга краю шанцу на ўратаванне. У аснову ж аповесцей «Белы сокал» (1981), «Маршрут ад Клічава» (1982), «Хлебарэз» (1983), у якіх ён чарговы раз ішоў ад перажытага, пакладзена тая праўда вайны, якая доўгі час замоўчвалася.
Пастаянна вабіла яго да сябе і сучаснасць, што асабліва відавочна па аповесці «Невестка». Аляксей Мікалаевіч прызнаваўся, што вобраз галоўнай гераіні ім не выдуманы: «Мне часта даводзіцца бываць там, дзе я нарадзіўся (вёска Кулакі цяперашняга Салігорскага раёна. — А. М.). Там жывуць у мяне маці, брат. І вось аднаго разу маці кажа: «Міканор учора хваліўся: маладая нявестка вады яму нагрэла, сказала: папар, тата, ногі, кашляць не будзеш».
Я ведаў гэтага Міканора, ведаў яшчэ дзясятак чалавек, якія жылі прыкладна так, як ён. Мне пачаў уяўляцца лёс старога чалавека, які рана аўдавеў і многа гадоў пражыў у адзіноце. Не бачыў гэты чалавек сапраўднага шчасця, не адчуваў і цёплай жаночай спагады. Сам ён і гаспадарыў дома, і гаспадыніў, сам сабе і крупнік варыў, сам сабе лапіў порткі.
І вось нарэшце прыязджае дадому з арміі ці з якой-небудзь работы сын гэтага чалавека, прыводзіць маладую ласкавую нявестку. Нявестка нагрэла старому начоўкі вады — і зарадаваўся чалавек, адчуў сябе шчаслівым, можа, лепшага шчасця для яго на гэты раз і не трэба было...»
Галоўная гераіня аповесці Ларыса — чалавек духоўна багаты і маральна чысты, гэта адзін з найлепшых жаночых вобразаў ва ўсёй беларускай літаратуры. Вялікую сэнсавую нагрузку, зразумела, нясе і Даніла Бірук — той самы Міканор, узяты пісьменнікам з жыцця. Адначасова твор гэты і аб жыцці беларускай вёскі ў 50-я гады мінулага стагоддзя з усімі яе праблемамі. Аповесць «Нявестка» мела шырокі рэзананс. Па матывах яе Андрэй Макаёнак напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Шчасце трэба берагчы», які ў 1958 годзе зняла кінастудыя «Беларусьфільм» і ўхвальна сустрэлі гледача і крытыка.
Увогуле, крытыкай Аляксей Кулакоўскі быў не абыдзены ўвагай. Аднак напоўніцу зведаў, што такое і аглабельная крытыка. Адбылося гэта пасля таго, як у пятым за 1958 год нумары часопіса «Маладосць», галоўным рэдактарам якога на той час з’яўляўся, надрукаваў сваю аповесць «Дабрасельцы». Яна каштавала яму пасады, а перад гэтым выклікала ў друку вал разгромных рэцэнзій. За ачарненне савецкай рэчаіснасці перапала Аляксею Кулакоўскаму і на розных сходах у Саюзе пісьменнікаў, і нават на ІV з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі. Зноў да чытача гэты твор прыйшоў толькі ў 1984 годзе пад назвай «Апошняя піліпаўка».
На шчасце, Аляксей Мікалаевіч не зламаўся, выстаяў. У яго заўсёды было нямала творчых задум, але ніяк не мог падступіцца да салігорскай тэмы. Сваім землякам, якія сталі першапраходцамі саляных нетраў, ён прысвяціў кнігі нарысаў «Зоркі салігорскія» (1960) і «Салігорцы» (1964), а таксама некалькі мастацкіх твораў, сярод якіх вылучаецца раман «Васількі» (1981).
Актуальна ў дачыненні да творчасці Аляксея Мікалаевіча і тое, што зазначыў народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ у артыкуле «Слова да таварыша, якое я хацеў бы сказаць на юбілейным вечары»: «Думаю, я не памылюся, што і твае ўдачы, і няўдачы былі заўсёды на адной дарозе — да праўды. Ты, вядома, разумеў, што з усіх мастацкіх вартасцяў самая першая і самая неабходная — праўда. Імкненне да яе і вяло цябе ў няспынных пошуках, прага яе жыве заўсёды ў тваім сэрцы».
Іван Паўлавіч не абышоў і чыста чалавечыя якасці свайго сябра, пры гэтым адзначыўшы, што яны знаходзяць свайго роду працяг і ў тым, што піша Аляксей Кулакоўскі, становячыся вызначальнай якасцю і яго прозы: «Я веру табе, бо ведаю, што ты любіш людзей, з якімі жывеш, радуешся і турбуешся; што тваё сэрца поўна самым вялікім клопатам жыць для іх, родных, для іх дабрабыту, для іх радасці, для іх жыцця. Іменна гэтай любоўю да людзей і сагрэты твае кнігі; іменна ў гэтым і самае вялікае іх хараство».
Пасля гэтага, як вядома, Аляксеем Мікалаевічам было напісана яшчэ нямала кніг (памёр 9 красавіка 1986 года), але па-ранейшаму вызначальнымі яго якасцямі як пісьменніка і чалавека заставаліся праўда і чалавечнасць. Іначай і быць не магло, паколькі словы ў яго ніколі не разыходзіліся са справай, а тое, чаго патрабаваў ад іншых, заставалася нязменнай жыццёвай пазіцыяй.
Напісана ім нямала. Аднак, не адмаўляючы, што ў яго творчым багажы шмат твораў, нельга не адзначыць і таго, што ў асноўным гэта высокамастацкая проза. Колькасць ніколі не сказвалася на якасці. Адно крыўдна: пра гэтага цудоўнага майстра мастацкага слова апошнім часам гаворыцца мала.
Ён быццам прадчуваў гэта, у чым я пераканаўся недзе ў пачатку 1980-х гадоў, калі Аляксей Мікалаевіч быў дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы. Шмат аб чым тады гаварылі. Было і тое даверліва-асабістае, што на старонкі «ЛіМа», дзе я тады працаваў, не трапіла. Не напісаў я тады, што Аляксей Кулакоўскі, узіраючыся, як кажуць у будучыню, сумна заўважыў:
— Калі памру, дык, апроч цябе, ніхто мяне і не ўсмомніць.
— Навошта так песімістычна, — запярэчыў я, — пра вас жа многія пішуць.
Быццам не чуючы мяне, працягваў:
— Пра гэта я і Максіму сказаў. І ён са мной згадзіўся.
— Яўген Іванавіч? — здзівіўся я, маючы на ўвазе Максіма Танка. — Пра яго будзе каму пісаць.
— Пры чым Танк? — з ранейшым сумам працягваў Аляксей Мікалаевіч. — З Максімам Лужаніным.
Гэты артыкул — адно з маіх запэўніванняў, што пра яго пісаць буду. Хоць Аляксандру Амвросьевічу такога слова не даваў, пішу і пра яго. А творчы партрэт Аляксея Кулакоўскага будзе няпоўны, калі не сказаць, што ён зрабіў літаратурны запіс кнігі Васіля Казлова «Людзі асобага складу», займаўся перакладамі. З’яўляўся заслужаным дзеячам культуры БССР. За творы літаратуры і мастацтва для дзяцей і кнігу аповесцей «Белы сокал» пасмяротна адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1986).
Алесь МАРЦІНОВІЧ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.