Вы тут

Пад небам беларускага слова


Незвычайныя пачуцці валодалі мной падчас нядаўняй сустрэчы на філфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Увесь час згадваліся словы аднакурсніцы Алы Панкратавай, напісаныя на заканчэнне вучобы ў 1971 годзе, што захоўваюцца ў маім хатнім архіве.


О, мой філфак, як ты мне мілы,

Забыць цябе не маю сілы.

Ляжыць наўкола прада мною

Навука цэлай цаліною.

Нікому кроку ўбок не стану,

Мо саступлю адно дэкану…

Сустрэча адбывалася з адметнай нагоды: сваё 80-годдзе адзначаў народжаны 5 чэрвеня 1942 года ў Ракаве Вячаслаў Рагойша. Доктар філалагічных навук, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства, акадэмік міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ ў 1994—2016 гадах, выдатны вучоны, нястомны даследчык літаратуры і пісьменнік, крытык, перакладчык, да гэтага часу выбітны педагог. І не толькі жыццёвы юбілей святкавалі прысутныя. Споўнілася 55 гадоў навукова-педагагічнай дзейнасці Вячаслава Пятровіча. Сапраўдны і дагэтуль дзейсны доўгажыхар філалагічнага факультэта. 

Слухаў я выступоўцаў і няспынна думаў пра наш філфак, які таксама толькі што адзначыў сваё 80-годдзе. Равеснікі. А яшчэ — пра сам Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які падчас маёй вучобы быў адзінай такога роду навучальнай установай ва ўсёй Беларусі, а летась святкаваў сваё 100-годдзе, якое было ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА.

Нездарма, відаць, спагадлівыя вышэйшыя сілы зводзяць да добрага судакранання такія значныя юбілеі, бо і сапраўды ўявіць кожны з іх паасобку, без агульнай сувязі даволі складана. Чарговы раз я зразумеў: жыццёвы лёс Вячаслава Пятровіча непарыўна звязаны з філфакам. Узаемастасоўныя повязі. Спачатку філфак даў яму грунтоўныя веды, навучыў крочыць па жыцці, каб навыкі гэтыя не знікалі, а прымнажаліся. Пасля ўжо сам ён здолеў тварыць гісторыю філфака, развіваць і прымнажаць традыцыі і звычкі, закладзеныя выбітнымі папярэднікамі. Нездарма многія з сённяшніх, як і Вячаслаў Рагойша, маюць сапраўды ганаровае званне «Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта».

І яшчэ адну адзнаку неразлучнай повязі хацелася б назваць. Гэта — яго вялікасць Слова. Так, ён усё сваё насычанае жыццё праводзіць пад небам беларускага слова. Сапраўды стаў патрыярхам гэтага слова. Вырас і як асоба, і як навуковец, і як паэт. Зрабіў і робіць столькі патрэбнага і карыснага, каб узвысіць, замацаваць ролю беларускага слова ў нашым штодзённым і навучальна-навуковым жыцці, каб чыстым захаваць яго неба. Нездарма практычным дэвізам сталі выказаныя ім жа словы: «Не магу здрадзіць сваім караням, сваёй мове, культуры».

Не, я зусім не за тое, каб абмежаваць гэтае поле толькі беларускім насеннем. Яно дае плённы збор і на ніве шматлікіх еўрапейскіх кантактаў нашых вучоных, выпускнікоў і студэнтаў філфака. Яны разумеюць, што абмяжоўваць сваю дзейнасць толькі адным асяродкам было б несправядліва і некарысна для развіцця беларускай філалогіі наогул. Вось і Вячаслаў Рагойша даволі шчодра і вынікова асвойвае гэтую прастору. Ён умела і доказна далучае беларускае поле, беларускае слова, беларускіх вучоных да ўсёй еўрапейскай супольнасці, разглядае нацыянальныя літаратуры ў кантэксце славянскіх. Нават доктарская дысертацыя, абароненая яшчэ ў 1993 годзе ў Маскве, у Інстытуце сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага, мела назву «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя ў кантэксце ўсходнеславянскіх літаратур: тыпалогія, рэцэпцыя, мастацкі пераклад». Заўсёды ахвотна браў удзел у многіх замежных навуковых канферэнцыях, дзе годна прадстаўляў беларускую навуку з літаратурай.

Пачуўшы на названай сустрэчы, што мае звыш тысячы навуковых прац, якія агучаны і надрукаваны не толькі ў Беларусі, але і ў многіх замежных краінах, я, прызнаюся, спачатку здзівіўся. Але ж… напісанае застаецца. А ненапісанае не надрукуецца. Гэта ж колькі трэба прыкласці сіл і таленту, я ўжо не кажу пра час, каб стварыць гэткі неверагодны айсберг, які расце паралельна з падрыхтаванымі і ім выпускнікамі. А вучэбны працэс таксама ого колькі патрабуе часу, сіл і энергіі. 

Вячаслаў Рагойша напрацоўкі многіх еўрапейскіх вучоных і зараз плённа далучае да нашага карыстання. Разумее, што толькі разам, толькі сумесна можна глыбей асэнсоўваць і нацыянальны аспект у агульнаеўрапейскім. Для кожнай нацыі, а не толькі беларускай. Таму і вядзе зацікаўлены дыялог славянскіх літаратур. Гэта ён па-мастацку пераўвасобіў на беларускую мову творы А. Ганчара, І. Франко, М. Кацюбінскага, многіх чэшскіх, славацкіх, сербскіх, харвацкіх, баснійскіх, грузінскіх, літоўскіх, казахскіх і іншых аўтараў. На гэтай ніве мае надзейнага супрацоўніка і сутворцу ў асобе Таццяны Кабржыцкай — сваёй жонкі. Яны заўсёды плённа шукаюць тое, што лучыць замежных аўтараў, іх творы з беларускім кантэкстам. 

Без перабольшання магу сказаць, што многае з таго, што адбывалася на філфаку, было запачаткавана і выпеставана талентам, нястомнасцю, няспыннасцю пошукаў і Вячаслава Рагойшы. Так-так, той фенаменальна высокі навуковы і педагагічна-выхаваўчы аўтарытэт філфака ствараўся і ствараецца сёння няўрымслівасцю такіх апантаных і абазнаных асоб, як Вячаслаў Пятровіч. Каб сцвердзіць, што ён часта быў першапраходцам і перашаадкрывальнікам новага ў навучальным працэсе, згадаю толькі некаторыя эпізоды. 

Хіба можна ўявіць нейкага філолага альбо настаўніка, які б не ведаў, скажам, пра «Паэтычны слоўнік», упершыню больш за 40 гадоў таму складзены ім. А слоўнік гэты на сёння вытрымаў ажно тры выданні і не страціў сваёй актуальнасці, навуковасці, папулярнасці і значнасці. А колькі новых напрамкаў у вучэбныя планы філфака ўнёс Вячаслаў Пятровіч, то і злічыць цяжка. Сам прапаноўваў, сам распрацоўваў, сам вучыў, сам удасканальваў. Зазірніце ў створаныя ім падручнікі і дапаможнікі — і пераканаецеся.

А яшчэ ён часта быў першастваральнікам важкіх і важных для нашага развіцця грамадскіх структур. Іх таксама нямала. Згадаю хоць бы створаны ім разам з Адамам Мальдзісам Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Скарыны, дзе пэўны час быў намеснікам дырэктара. Не пакінуў без увагі і дзейнасць Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. А колькі новага, карыснага і патрэбнага было здзейснена Міжнародным фондам Янкі Купалы, які ўзначальваў дваццаць два гады.

Слухаў я выступоўцаў на юбілейнай сустрэчы і згаджаўся з іх высновамі, што Вячаслаў Рагойша яшчэ і дасведчаны краязнаўца. За ўвесь час ім зроблена столькі карыснага, патрэбнага і наватарскага, што хапіла б на цэлы навуковы калектыў. А ён жа адзін адкрыў столькі новых старонак нашай беларускай гісторыі, сваіх родных мясцін, у тым ліку Ракава, стварыўшы сапраўдны краязнаўчы музей, напісаў нямала праўдзівых біяграфій многіх і многіх выбітных асоб нашай краіны. Сам ён годна спавядаў на ўсіх абсягах сваёй дзейнасці такія блізкія і родныя яму паняцці, як радзімазнаўства і радзімалюбства. І ахвотна далучаў да гэтага тых, хто неабыякава ставіцца да жыцця на сваёй роднай зямлі. 

У доказ выніковасці краязнаўчых памкненняў Вячаслава Пятровіча я мог бы спаслацца і на свой вопыт. Гэтую захопленасць прывівалі мне некалі ў Велікаліпаўскай васьмігадовай, а пасля ў Сноўскай сярэдняй школе Нясвіжскага раёна, у рэдакцыі раённай газеты «Чырвоны сцяг». Падчас вучобы на філфаку колькасць публікацый пра маю малую радзіму Нясвіжчыну не памяншалася, наадварот, яны набывалі новае жыццё ў рэспубліканскім друку. А тут, на філфаку, нібыта пачуўшы і мае памкненні (мо нездарма абодва мы па задыяку Блізняты), Вячаслаў Рагойша як наш выкладчык арганізаваў гурток тэорыі і гісторыі роднай літаратуры. Актуальным было вывучэнне жыцця і дзейнасці тых нязломных ахвярнікаў, хто прысвяціў свае намаганні і здольнасці роднаму слову, хто не хацеў бачыць неба беларускага слова захмараным. Мы, студэнты, пад уплывам памкненняў і Вячаслава Пятровіча пачалі займацца зборам матэрыялаў пра тых самых праўдалюбцаў, якія былі звязаны з Беларускім дзяржаўным універсітэтам і якіх няласкавы лёс завёў у сталінскія вязніцы. 

Мне выпала далучацца да дзейнасці выкладчыка ўніверсітэта Яўгена Барычэўскага і пісьменніка Янкі Скрыгана. Прызнаюся, што з Іванам Аляксеевічам з тае пары склаліся самыя прыязныя адносіны на ўсё жыццё, было шмат сустрэч, размоў, сумесных спраў. Пра выніковасць нашых студэнцкіх пошукаў сведчыць захаваная мая праца «Янка Скрыган і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна». Гэта яна ў 1970 годзе атрымала другую катэгорыю на рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх работ. А рэкамендаваў яе на конкурс Вячаслаў Пятровіч. У мяне захоўваецца яго рукапісны водзыў на гэтую працу, дзе, у прыватнасці, сказана, што «работа мае самастойны, наватарскі характар, вылучаецца сярод іншых навуковых работ арыгінальнасцю і навуковай добрасумленнасцю яе аўтара».

Згадваючы беларускае неба Вячаслава Рагойшы, вядома ж, нельга абмінуць яго даўняе захапленне паэзіяй. Уласнай. Так, ён адточваў гэтае майстэрства яшчэ са школьных і студэнцкіх гадоў, падчас вучобы на тым жа філалагічным факультэце, дзе працуе зараз. А сваім «Полюсам цяпла» — паэтычным зборнікам, які выйшаў у 2007 годзе, парадаваў і здзівіў многіх і многіх. 

Яго кніжныя выданні заўсёды запатрабаваны, чыталіся ўважліва, бо трансліруюць шмат навізны, нетрадыцыйных падыходаў да аналізу, новых ацэнак тых ці іншых падзей з улікам нанава прачытаных архіўных дакументаў. У мяне захавалася нямала кніг са шчырымі аўтографамі Вячаслава Пятровіча — ад студэнцкіх гадоў да сённяшняга дня. Напрыклад, кніга «Паэтыка Максіма Танка», 1968 года выдання, сведчыць: «Дарагому Толю Бутэвічу, жадаючы вялікай, шчаслівай дарогі ў літаратуру…» І пазней, нібыта ў працяг гэтага — Вячаслаў Рагойша і Таццяна Кабржыцкая на кнізе «Сяргей Палуян. Лісты ў будучыню» пакінулі такі надпіс: «Анатолю Іванавічу Бутэвічу з пачуццём сімпатыі яшчэ з тых, універсітэцкіх часоў, а цяпер — і з глыбокай удзячнасцю. Мінск, красавік, 1987 г.». Прызнаюся, што да кніг, як і наогул створанага Вячаславам Рагойшам, я звяртаюся часта і, як правіла, знаходжу там адказы на пытанні, што хвалююць мяне. Значыць, напісанае застаецца?

Вось што такое настойлівасць, дасведчанасць, нястомнасць, натхненне, імкненне і магчымасць сказаць сваё важкае Слова, якое годна ўшаноўвае тое самае неба беларускага слова, якому гэтулькі гадоў годна служыць Вячаслаў Пятровіч. Хай жа і далей гэтае высокае неба аберагае яго талент і здароўе, падмацоўвае сваім натхненнем, хай застаецца полюсам цяпла не толькі для маладога душой і непаўторнага навуковымі памкненнямі В. П. Рагойшы.

Я ж каторы раз пераканаўся, што не аднаго мяне не адзін год працінаюць словы: «О, мой філфак, як ты мне мілы…» 

Анатоль БУТЭВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.