Вы тут

Калаж жыцця Якуба Коласа


Пабачыць рэдкія фотаздымкі Якуба Коласа ў настаўніцкай форме, падчас працы паэта на сядзібе, а яшчэ ў піжаме і капелюшы можна на часовай экспазіцыі “50 імгненняў: фоталетапіс жыцця Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа”. Таксама даведацца, каму пісьменнік дарыў свае фотаздымкі, якую паэму ў яго скралі і яшчэ шмат чаго цікавага аб жыцці і творчасці беларускага песняра.


Трошкі пра выставу

Выстаўка “50 імгненняў: фоталетапіс жыцця Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа”, якая экспануецца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, – своеасаблівы фотаальбом партрэтаў пісьменніка. Праўнучка класіка, галоўны захавальнік фондаў музея Васіліна Валер’еўна Міцкевіч тлумачыць, што было некалькі прычын зрабіць такую фотавыстаўку: “Заўсёды прыемна паглядзець на старыя фотаздымкі, асабліва  на чорна-белыя. Паказаць малавядомыя здымкі класіка, расказаць пра цікавыя факты з жыцця пісьменніка, заахвоціць наведвальнікаў чытаць Коласа”.

На выставе прадстаўлена 25 плакатаў з фота і філасофскімі выказваннямі Я. Коласа. Хацелася паказаць класіка з іншага боку, не толькі як пісьменніка, але і як вельмі мудрага і тонкага філосафа.

Фотаздымкі былі зроблены знакамітымі майстрамі, такімі як  М. Напельбаум, Г. Фрыд, У. Кітас, Р. Вайль, а таксама фотааматарамі – беларускім пісьменнікам М. Лыньковым, сынам Якуба Коласа Міхасём Міцкевічам. Колас сфатаграфаваны ў розных гарадах Беларусі: у Нясвіжы, Лунінцы, Пінску, у прыгожых мясцінах Пухавіцкага краю, а таксама і за межамі Беларусі, у Маскве і Ташкенце.

Я. Колас-семінарыст

Першы вядомы фотаздымак Я. Коласа быў зроблены ў Нясвіжы ў 1901 годзе. З 1898 па 1902 год пісьменнік вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе пачаў збіраць фальклорныя матэрыялы і пісаць вершы. Цікавы гэты фотаздымак і тым, што на ім захаваліся інскрыпты класіка: на тытульнай старонцы – аўтограф Я. Коласа, на адваротнай –  дарчы надпіс вядомаму мовазнаўцу Я. Дылу.

Васіліна Валер’еўна расказвае, што шмат фотаздымкаў захавалася дзякуючы таму, што Якуб Колас дарыў іх сваім сябрам, блізкім, знаёмым.

Бібліятэкар і кухар

У 1908-1911 гг. класік адбываў турэмнае зняволенне ў Пішчалаўскім замку за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Там пісьменнік працаваў бібліятэкарам і нават кухарам. Здымак 1911 года быў зроблены пасля выхаду Якуба Коласа з турмы. Гэта адзінае фота, дзе песняра можна ўбачыць у вышыванцы. Цікава, што фотаздымак таксама мае дарчы надпіс – Марыі Салаўёвай, дачцэ турэмнай наглядчыцы.

Настаўнік

Маладыя гады пісьменніка звязаны з Пінскам. Там ён пазнаёміўся з Марыяй Каменскай, яго будучай жонкай, там жа яны і ажаніліся. У Пінску нарадзіўся іх сын Даніла, які значна пазней стане першым дырэктарам музея Якуба Коласа.

Захаваўся фотапартрэт класіка 1912 года. Васіліна Валер’еўна расказвае, што гэта фота выклікае асаблівы інтарэс з боку наведвальнікаў, бо многім падаецца, што Якуб Колас у вайсковай форме, а форма насамрэч настаўніцкая. У 1912 годзе Я. Колас атрымлівае даведку аб добранадзейнасці і прызначаецца настаўнікам у вёску Купяцічы, а затым пераводзіцца ў Пінск, у трэцяе двухкласнае прыходскае вучылішча. Гэты рэдкі здымак – напамін аб гадах жыцця і настаўніцкай дзейнасці пісьменніка ў Пінску.

Прапаршчык

Але ёсць на выставе і фотаздымак класіка ў вайсковай форме, які быў зроблены ў Маскве. У 1916 годзе пісьменніка камандзіравалі ў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча. Тады на даўгія шэсць з паловай гадоў Я. Колас быў разлучаны з Радзімай падчас Першай сусветнай вайны. Па заканчэнні ўстановы ён атрымаў званне прапаршчыка. Я. Колас успамінаў: “А праз чатыры месяцы выпусцілі, раба божага, прапаршчыкам. У новенькім шынялі, з рамянямі. І чамадан далі. Служыў ён мне аж да той пары, пакуль не ўкралі з «Сымонам-музыкам». Гэта адбылося, калі Якуб Колас падарожнічаў з Кіславодска ў Мінск. Тады пісьменнік быў вымушаны ўзнаўляць паэму па памяці.

Малады, абаяльны, натхнёны

Любімы фотаздымак праўнучкі Якуба Коласа – фотаздымак паэта 1924 года. На ім Якуб Колас малады, абаяльны, натхнёны, такім мы не прывыклі бачыць класіка беларускай літаратуры, бо яго звычайна паказваюць у сталым узросце.

Васіліна Валер’еўна паказвае самы рэдкі фотаздымак –  прыблізна 1936-1938 гадоў: “Гэта адзіны кадр, які быў зроблены ў даваенным доме Я. Коласа, дзе можна ўбачыць пісьменніка за працай у сваім рабочым кабінеце”.

Грыбнік

Супрацоўнікі музея хацелі паказаць Я. Коласа і ў нефармальным выглядзе. Напрыклад, можна ўбачыць яго на сядзібе падчас працы. Свой дзень пісьменнік пачынаў у 6 гадзін раніцы з працы ў садзе: даглядаў маладзенькія яблыні, паліваў кветкі, пілаваў дровы, зграбаў лісты ці чысціў дарожкі ад снегу. Таксама Я. Колас вельмі любіў адпачываць на Пухаўшчыне і збіраць грыбы, асабліва баравікі. Падчас вайны многім сваім сябрам ён пісаў, што марыць вярнуцца на радзіму, каб пазбіраць баравікоў.

Сур'ёзны і з усмешкай

На некаторых фотаздымках можна ўбачыць на твары Коласа ўсмешку. “Я. Колас быў вельмі стрыманым чалавекам, сур’ёзным, ніколі адкрыта не смяяўся, і толькі лагодная ўсмешка часам з’яўлялася на яго твары.

Якуб Колас не любіў фатаграфавацца. Падлавіць пісьменніка ў добрым настроі часцей удавалася малодшаму сыну класіка Міхасю”, – тлумачыць праўнучка класіка. Фотаздымкі, зробленыя сынам паэта, адрозніваюцца ад іншых, яны больш цёплыя, не пастановачныя. Міхась пачаў фатаграфаваць працягваючы захапленне брата Юрыя, які загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, дабіўся значных поспехаў Яго фотавыстаўкі не раз праходзілі ў музеях сталіцы. Па просьбе брата Міхась захаваў фотаапарат, прывезены Я. Коласам з Парыжу, зараз “Zeiss Ikon” упрыгожвае экспазіцыю музея.

У піжаме і капелюшы

Серыя фотаздымкаў, дзе пісьменнік сфатаграфаваны ў доме творчасці ў Каралішчавічах, − эксклюзіўная. Такога Якуба Коласа ў піжаме, пінжаку і капелюшы мала хто бачыў. Пісьменнік у жарт называў Каралішчавічы, дзе, дарэчы, адзначаў сваё сямідзесяцігоддзе, Камарышчавічамі і нават прысвяціў гэтаму месцу некалькі жартоўных вершаў.

Любімая лічба

На часовай экспазіцыі прадстаўлены не толькі фотаплакаты, але і 9 арыгінальных фотаздымкаў. Васіліна Валер’еўна тлумачыць, што колькасць фота выбралі невыпадкова: “9 — любімая лічба пісьменніка. Плакатнай выставу зрабілі спецыяльна, каб яна магла падарожнічаць па розных гарадах Беларусі, а таксама за межамі нашай краіны”.

Часовая экспазіцыя па фотапартрэтах класіка была арыентавана і на наведвальнікаў з дзецьмі, у той час калі бацькі слухалі экскурс па выставе, дзеці маглі цікава правесці час, складаючы пазлы з сямейных і партрэтных здымкаў класіка.

У юбілейны год музей Якуба Коласа стараецца шматгранна і рознабакова прадставіць асобу пісьменніка, пазнаёміць наведвальнікаў з малавядомымі фактамі жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры.

Юлія РАМАНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.