Вы тут

Што цікавага прапануюць летам турыстам рэгіёны?


Гэтае лета зноў абяцае стаць гарачым для турыстычнай галіны. Адпачывальнікі з розных куткоў Беларусі і замежжа штурмуюць санаторыі і гатэлі, сядзібы і базы адпачынку, падарожнічаюць на ўласных аўто і аўтобусах, роварах і байдарках. Рэгіёны не застаюцца ў баку — яны падрыхтавалі шмат сюрпрызаў.


Брэстчына

Штогод рэгіён папаўняецца новымі экскурсіямі і турыстычнымі праектамі. Па-ранейшаму застаюцца папулярнымі маршруты, пракладзеныя да Брэсцкай крэпасці і Белавежскай пушчы. Але трэба адзначыць, што ў вобласці актыўна развіваюцца культурны, экалагічны, гастранамічны турызм. Наогул распрацавана тры сотні маршрутаў! У Бярозаўскім раёне на базе біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння «Спораўскі» адкрылася экалагічная сцежка «У краі вяртлявай чаротаўкі» . Канструкцыя сцежкі ўнікальная — па ёй можна праехаць на веласіпедзе. Яна абсталявана і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

З 2021 года пачалася рэалізацыя пілотнага праекта «Турыстычны рэгіён «Прыпяцкае Палессе». Ствараецца сістэма турыстычных інфармацыйных цэнтраў, якія дапамагаюць гасцям зарыентавацца і падабраць пад сябе маршрут. Сёння на Брэстчыне іх ужо паўтара дзясятка. У межах пілотнага праекта створаны агратурыстычны кластар у Пінскім раёне, які налічвае звыш 20 удзельнікаў.

Косаўскі палацава-паркавы комплекс з рэстаранам і гасцініцай можа ператварыцца ў адно з найбольш запатрабаваных месцаў. Напрыклад, за мінулы год яго наведала 98 тысяч чалавек, і гэтыя лічбы працягваюць расці. У палацы вядуцца рэстаўрацыйныя работы, будуць стварацца новыя выставачныя і экспазіцыйныя залы.

Летась завершаны работы па аднаўленні родавага маёнтка Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Бор Іванаўскага раёна.

Брэсцкая вобласць — адзіны рэгіён у краіне, дзе на дадзены момант рэалізоўваюцца інвестыцыйныя праекты ў галіне турызму. Вядзецца будаўніцтва экабазы ў Баранавіцкім раёне і турыстычнага комплексу ў вёсцы Вялікія Косічы.

У Драгічынскім раёне распрацаваны маршрут для сплаву на байдарках «Буг аб'ядноўвае нас» працягласцю 100 км. Засталося толькі ўстанавіць знакі турыстычнай навігацыі па ходзе маршруту.

Каб прыцягнуць увагу да малых гарадоў, пачалі распрацоўваць новыя ІТ-прадукты. Адзін з прыкладаў — праект «Пазнай Кобрын», які паказвае турыстычныя магчымасці рэгіёна. Дзякуючы дадзенаму праекту можна віртуальна і рэальна падарожнічаць па горадзе і ваколіцах. Замест экскурсавода пра культурныя і гістарычныя месцы ў горадзе распавядзе «галасавы памочнік».

Віцебшчына

У вобласці актыўна развіваецца экалагічны турызм. Што не дзіўна: тут знаходзіцца самая вялікая колькасць азёраў у краіне, для тэрыторыі характэрная высокая лясістасць. Госці з задавальненнем едуць у Бярэзінскі біясферны запаведнік і Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры».

На тэрыторыі Браслава працуе парусная школа. Закуплена 10 яхтаў. Тут арганізуюць цімбілдынг на вадзе на лодках класа «Дракон». Гэта плавальныя сродкі ўмяшчальнасцю да 20 чалавек, дзе размяшчаецца барабаншчык, які задае тэмп веслярам.

Актыўна пракладваюцца экасцежкі, у тым ліку праз адзінае ў Еўропе вярховае балота, якое знаходзіцца на тэрыторыі дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Ельня».

Віцебшчына — фестывальны рэгіён. Акрамя «Славянскага базару», можна завітаць на міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы» ў Дуброўне. Полацк збірае аматараў арганнай музыкі на «Званы Сафіі». На Мёршчыне праводзіцца экалагічнае свята «Журавы і журавіны», у Глыбокім — Вішнёвы фестываль.

На Пастаўшчыну на базу тур-комплексу «Азёркі» вярнуўся Зюзя Паазерскі (беларускі Дзед Мароз). Тут будуецца гасцінічны комплекс.

Гомельшчына

У вобласці актыўна развіваецца праект «Патрыятычны імпульс». Уключаныя ў яго маршруты наведала ўжо больш за 11 тысяч чалавек. Навінка гэтага года — аб'ект «Партызанская крынічка». Тут адноўлены мемарыялы, з'явіліся акопы, бліндажы, зямлянкі (кожная тэматычная, з зямлянкі штабной да харчовай, дзе можна пакаштаваць стравы салдацкай кухні). З месцам звязана паданне. Маўляў, чалавек, які адсюль пап'е вады, будзе жыць, пакуль існуе крынічка. Першых экскурсантаў тут прынялі 22 чэрвеня.

Сямнаццаць гадоў у вобласці чакалі адкрыцця музея на месцы археалагічнага комплексу ў Юравічах. У верасні мінулага года музей-стаянка першабытнага чалавека нарэшце пачаў функцыянаваць. Яго прэзентуюць на розных турыстычных выстаўках, а колькасць турыстаў, якія выбудоўваюць свае падарожжы праз аграгарадок Юравічы Калінкавіцкага раёна, імкліва расце, сацсеткі напаўняюцца эфектнымі здымкамі. Мясцовы старажытны манастыр таксама прыцягвае ўвагу турыстаў.

У жніўні Гомельшчына будзе прымаць гасцей на адным з самых яскравых фестываляў «Кліч Палесся», дзе працуюць падворкі, музеі, рамеснікі, ладзяцца гулянні з песнямі і танцамі.

Гродзеншчына

Тут распрацаваны новыя маршруты экалагічнай, рэлігійнай і культурна-пазнавальнай тэматыкі. За апошні час з'явіліся тры новыя маршруты па Ваўкавыскім, Навагрудскім, Свіслацкім, Бераставіцкім раёнах і пяць водных маршрутаў па рэках і азёрах Астравецкага, Смаргонскага і Гродзенскага раёнаў. Дарэчы, на Гродзеншчыне створана ўжо больш за 280 маршрутаў.

Для адпачынку задзейнічаны ахоўныя прыродныя тэрыторыі. У межах вобласці знаходзяцца Белавежская і Налібоцкая пушчы, 15 заказнікаў рэспубліканскага значэння. Тут абсталяваны дзясяткі цікавых экалагічных сцежак і маршрутаў. Адны можна прайсці пешшу, другія — пераадолець на веласіпедзе, конях ці аўто, трэція — праплыць на маторным катары, лодцы ці байдарцы. Сярод навінак сезона — маршрут «Дакрананне да прыроды» на тэрыторыі заказніка «Азёры» ў Гродзенскім раёне, які ўключае ў сябе падарожжа па вузкакалейнай чыгунцы на экалагічных відах транспарту: веладрызіне і электрычнай мотадрызіне. У дадзены момант у стадыі распрацоўкі знаходзіцца мабільны дадатак «Турыстычны гід па заказніку».

Сёлета турыстам прапануюць адпачынак на тэрыторыі Нацпарка «Белавежская пушча» з боку Гродзенскай вобласці з арганізацыяй сафары-тураў, экстрым-тураў па бездарожжы на пазадарожніку ў аграсядзібе «Белавежскі кут».

Набіраюць папулярнасць экскурсіі на дзеючыя вытворчасці. Яны праводзяцца на прадпрыемствах харчовай, шкляной, лёгкай прамысловасці.

У праграму турмаршрутаў уключаюцца элементы шоу, анімацыя, дэгустацыя, візуалізацыя, майстар-класы і тэматычныя праграмы.

Культурныя мерапрыемствы часта праводзяцца паблізу ад тураб'ектаў і аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод тых, якія палюбіліся турыстам, — «Замкавы гасцінец» у Лідскім раёне, «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», «Ганненскі кірмаш» у Зэльве, «Гальшанскі замак», «Іўеўскія памідоры», «Сыр, хлеб, квас і добры настрой» у Навагрудку. Ёсць і новыя фестывалі: «Бацькава булка» ў Свіслачы і «Паўлаўскі каравай» на Слонімшчыне, рыцарскі фэст «Меч Кейстута» ў Смаргонскім раёне і музычны фестываль Sоund Lіvе ў Ваўкавыску.

Адкрываюцца пасля рэстаўрацыйных работ аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны, новыя музеі і галерэі. Калі летась значнымі падзеямі былі рэканструкцыя Старога замка ў Гродне, адкрыццё музейных экспазіцый у Гальшанскім і Крэўскім замках, то сярод навінак гэтага года — адкрыццё ўнікальнага па сваіх інтэрактыўнасцях музея Лідскага бровара і галерэі халоднай параднай зброі «Арсенал» у Гродне.

Прырастае інфраструктура. За мінулы год і першую палову бягучага ў Гродне адкрыліся 22 новыя аб'екты грамадскага харчавання і тры аб'екты пражывання на 60 месцаў.

Магілёўшчына

У Магілёўскай вобласці больш запатрабаваныя такія кірункі, як культурна-пазнавальны, аздараўленчы. Турыстычнымі арганізацыямі горада распрацавана пад сотню маршрутаў, якія могуць доўжыцца 1—8 дзён. Яны могуць быць розныя па спосабах перамяшчэння: аўтобусныя, пешаходныя, веласіпедныя і водныя. З'яўляюцца новыя турпрадукты: база адпачынку «Кедравы бор» стала месцам начлегу для ўдзельнікаў байдарачных паходаў па Дняпры, гатэль «Атрыум» прапануе спа-туры з экскурсійнай праграмай. У Магілёве запрацаваў хостэл, які спецыялізуецца на прыёме школьных груп. Арганічна ўліваюцца ў турыстычныя маршруты сядзібы, што прапануюць самабытныя праграмы. Сядзіба «Пчалінае царства» мае музей вясковага быту, а ў «Сырнай даліне» гасцей чакаюць экскурсіі і майстар-класы. Магілёўскі драматычны тэатр запрашае турыстаў у закуліссе і знаёміць з сакрэтамі тэатральнага жыцця. Магілёўскі вінзавод можа правесці дэгустацыю магілёўскіх навінак, прадпрыемства «Дамачай» — вытворчую экскурсію з майстар-класам, універсітэт харчавання ладзіць прафарыентацыйныя сустрэчы і вучыць гатаваць дранікі.

Новыя атракцыі — рэканструкцыя партызанскага лагера «Усакіна», квэст-праграма ў Бабруйскай крэпасці «Форт Бобр Ярд», якая ўражвае дэкарацыямі і прыгодамі, з прыцягненнем акцёраў драматычнага тэатра. Можна паўдзельнічаць у квэст-шоу «Легенды Магілёва» ці праграме «Тайны Блакітнай крыніцы» ў Слаўгарадскім раёне з наведваннем вёскі Лясная.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

У пякельным драмлёўскім агні абарваліся жыцці 183-х чалавек.