Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Гэта ідэя аб’ядноўвае. Трэба ісці такім шляхам»


Падарунак да Новага года атрымалі жыхары сталіцы. У Мінску адкрыўся «Першы нацыянальны гандлёвы дом», які ў першы дзень яго работы наведаў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гандлёвы цэнтр з’яўляецца часткай шматфункцыянальнага комплекса на перасячэнні праспекта Незалежнасці і вуліцы Кірыла Тураўскага.


Фота БелТА

Мінчанам гэты аб’ект быў вядомы як «Магніт Мінска», які пачалі будаваць яшчэ у 2009 годзе, але да 2022 так і не скончылі. Летам 2022-га Прэзідэнт даручыў пачаць работы на гэтым доўгабудзе. Тады кіраўнік дзяржавы рабіў акцэнт на тым, што пры напаўненні гэтага аб’екта прыярытэт трэба надаваць беларускім таварам. 
Гандлёвая прастора прадстаўлена фірмавымі магазінамі і аб’ектамі грамадскага харчавання вядучых беларускіх вытворцаў. Уся найлепшая беларуская прадукцыя сабраная ў адным месцы. Перавагай і адметнасцю гандлёвага аб’екта з’яўляецца наяўнасць у ім шматфункцыянальнага цэнтра, у якім ажыццяўляюцца адміністрацыйныя працэдуры. Цэнтр уключае службу «Адно акно» і разлікова-даведачны цэнтр адміністрацыі Першамайскага раёна горада Мінска, філіял РУП «Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры», аддзел па грамадзянстве і міграцыі. галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама.

«Трэба ўсё рабіць па-чалавечы»

Фота БелТА

У першым нацыянальным гандлёвым доме Прэзідэнта сустрэлі Дзед Мароз і Снягурка: усё ж такі, дзень пераднавагодні. Але кіраўнік дзяржавы адразу настроіў усіх на працоўны лад, заслухаўшы даклад аб будаўніцтве аб’екта. Ён спытаў у старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава, калі будзе скончана будаўніцтва другой і трэцяй чэргаў комплекса: жылых памяшканняў, якія стануць арэнднымі для ваенных, і гаража-стаянкі. Уладзімір Кухараў адказаў, што да канца студзеня 2024 года.

«Спяшацца не трэба, трэба зрабіць па чалавечы», — заўважыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што людзі скардзяцца на замежных забудоўшчыкаў, якія працуюць у Мінску, у прыватнасці, да яго дайшлі скаргі на кампанію «Дана Астра». Кіраўнік дзяржавы даручыў з гэтым разабрацца. Прэзідэнту далажылі, што з кампаніяй працуюць на гэты конт, каб выяўленыя недахопы былі ліквідаваны.

«Няхай перарабляюць усё. Бо адкажуць так, як адказваюць усе ў Беларусі. Прыйшлі працаваць у Беларусь — няхай працуюць, як трэба. Каб на іх людзі не крыўдзіліся. Трэба ўважліва сачыць за гэтымі будаўнікамі», — запатрабаваў беларускі лідар. 

«У нас тут іранцы былі. Папрасіліся пабудаваць гандлёва-забаўляльны цэнтр. Будавалі чорт ведае колькі гадоў і нічога не пабудавалі. Фактычна быў закінуты аб’ект. Было даручана скончыць будоўлю і гандлёвага цэнтра, і арэнднага жылля для ваенных. Зроблена ўсё як задумвалася», — нагадаў храналогію развіцця падзей кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на некаторыя недапрацоўкі ў інтэр’еры аб’екта, які ствараўся ў сціслыя эрміны. Ён параіў дарабіць іх, але падысці па-гаспадарску і не марнаваць грошы дарма. 

Уладзімір Кухараў расказаў, што побач з гандлёвым цэнтрам пабудаваны падземны пешаходны пераход. «Мы ўпершыню ў краіне пабудавалі не адкрытым спосабам (не раскопвалі праспект), а метадам тунэля. Метрабуд зрабіў гэта. Цяпер у нас ужо адпрацаваны тэхналогіі. Мы можам будаваць далей без спынення руху», — растлумачыў ён.

Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніцў такі падыход. Ён даручыў выкарыстоўваць яго, ствараючы падземныя пераходы па ўсёй краіне. І звярнуў на гэта ўвагу губернатараў, якія таксама прысутнічалі. 

«Хацелася б, каб гэта быў пачатак»

Першы нацыянальны гандлёвы цэнтр размешчаны каля станцыі метро «Усход», што вельмі зручна для пакупнікоў. Высокая праходнасць будзе садзейнічаць развіццю і папулярызацыі аб’екта.

«Мяне хвалявала тое, каб нашыя рэгіёны былі тут дастаткова прадстаўленыя. Каб губернатары не плакалі, што іх у Мінск не пускаюць, гандляваць немагчыма, тавар прадаваць немагчыма... Вось плошчы — прадавайце. Але хацелася б, каб гэта быў пачатак», — сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што падобная ідэя павінна рэалізоўвацца не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі: «У Піцеры чаму б не пабудаваць такі цэнтр і завезці тавар. У Маскве, Смаленску, Бранску, Пскове... Побач зусім. І мы маглі б размяшчаць там свае тавары і прадаваць. Прытым расіяне ж не супраць. Асабліва ў Пецярбургу — людзі ідуць насустрач. Вывозь свой тавар і прадавай. І людзі на беларускае добра рэагуюць. Хацелася б, каб мы над гэтым падумалі. Не тое, што мы за паўцаны аддаём нейкім жулікам (пасрэднікам) і яны наш тавар прадаюць у Расіі. А потым мы іх саджаем пачкамі ў Беларусі ў турму за хабар».
Прэзідэнт настойвае на тым, што павінен быць просты звычайны гандлёвы дом, дзе будзе прадавацца беларуская прадукцыя. «Калі вы хочаце заваяваць свой рынак і нікому не аддаваць, то, зразумела, трэба, каб у Беларусі былі свае крамы. Да гэтага мы яшчэ вернемся. Мы аб гэтым ужо гаварылі на прыкладзе нашай лёгкай прамысловасці», — дадаў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што існуе тэндэнцыя: замежнае таннае і не заўсёды якаснае адзенне прадаецца вельмі добра, а беларускае такім попытам у насельніцтва не карыстаецца. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такія гандлёвыя дамы можна адкрываць і ў рэгіёнах. Ён растулмачыў, што, напрыклад, з Гродна ў Магілёў людзі рэдка ездзяць і не ведаюць, якая прадукцыя там ёсць. Але Мінск наведваюць усе.

«Гэта ідэя аб’ядноўвае. Трэба ісці гэтым шляхам», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Важна адзначыць, што ліфты, эскалатары і іншае ў гандлёвым цэнтры таксама беларускай вытворчасці.  За дзве гадзіны Прэзідэнт наведаў секцыі ўсіх абласцей краіны і азнаёміўся з іх дасягненнямі. І так можа кожны наведвальнік «Першага нацыянальнага гандлёвага цэнтра». 

Брэсцкая вобласць. Канкурэнцыя — галоўны рухавік

Першы пункт маршрута — першы рэгіён.  Як расказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, акцэнт зроблены на лёгкую прамысловасць, прадукцыю дрэваапрацоўкі і прэміяльнае жаночае адзенне.

Аляксандр Лукашэнка наведаў магазін, дзе прадстаўлена прадукцыя ЗАТ «Пінскдрэў». Генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Суднік азнаёміў Прэзідэнта з асартыментам прадукцыі і дзейнасцю кампаніі. Прэзідэнт цікавіўся падрабязнасцямі стварэння мэблі, распытваў, колькі выкарыстоўваецца беларускай тканіны. «Трэба ісці ў тыя сегменты, дзе мы можам. Калі мы не можам, то вы скажыце, што мы не можам. Калі ведаеце, чаму не можам — давайце разбярэмся», — адзначыў ён.  Беларускі лідар настойвае на тым, што калі ў нашай краіне можна нешта вырабляць — гэта трэба вырабляць. «Мяне цікавіць, каб было сваё. Тканіна, скура, дрэва, мэбля ў цэлым і іншае — гэта наша. Мы можам гэта рабіць. Я не дарма спытаў, хто найлепей працуе па мэблі. Калі "Пінскдрэў" працуе лепш за іншых, давайце на яго раўняцца і выходзіць на гэты ўзровень», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Канкурэнцыя, па словах беларускага лідара — галоўны рухавік. 

Сёння ў «Пінскдрэва» амаль паўтары сотні магазінаў па ўсёй рэспубліцы і яшчэ каля 100 — у Расіі. Прычым у Расіі выбудавалі ўласную тавараправодную сетку: усімі працэсамі кіруе беларуская юрыдычная асоба — галаўное прадпрыемства. Аляксандр Лукашэнка параіў іншым вытворцам узяць за прыклад такі фармат працы. 

Брэстчына таксама прадставіла кіраўніку дзяржавы знакамітую прадукцыю Баранавіцкага вытворчага бавоўнапапяровага аб’яднання, якая прадаецца ў магазінах пад назвай «Блакіт». Тут Прэзідэнту паказалі ўнікальную прадукцыю — бавоўна-льняную тканіну, тэхналогію вырабу якой тут засвоілі некалькі месяцаў таму. Тканіна атрымліваецца прывабнай знешне і вылучаецца высокай якасцю.

«10 тысяч камплектаў мы прадалі за тры месяцы. Але тут лён трэцяга нумара, гэта значыць вельмі кароткі», — распавялі ў краме. Спецыялісты адзначылі, што Беларусь — адзіная краіна на гербе якой размешчаны лён, і таму нельга не рабіць з гэтай сыравіны якасную прадукцыю. «Гэтага б лёну ўжо не было, калі б не герб і калі б у свой час не прымусіў займацца лёнам. Нам трэба разумець, што мы сялян не прымусім рабіць адно доўгае валакно, таму трэба старацца выкарыстоўваць усё, што ёсць. Аказваецца, можна», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Гомельская вобласць. Толькі не спыняцца

Завочнае падарожжа ў паўднёва-усходні рэгіён пачалося са знакамітага прадпрыемства Гомельшчыны — Добрушскага фарфоравага завода, прадукцыя якога прадстаўлена ў фірмовым магазіне. «Паўсюль за мяжой прапагандую ваш тавар. Памятаю, вы мне на фабрыцы паказалі вырабы — да гэтага часу перад вачыма стаяць», — прызнаўся кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнту паказалі новую калекцыю прадукцыі. 
У лістападзе Прэзідэнт наведваў гомельскі ювелірны завод «Кристалл», але тады не паспеў наведаць фірмовы магазін прадпрыемства. Такая магчымасць прадаставілся ў Першым нацыянальным гандлёвым цэнтры, тут адкрыта два такія магазіны. Як адзначыў дырэктар прадпрыемства Руслан Саракавой, гэта адзіны магазін, дзе прадстаўлена прадукцыя толькі «Кристалла». «Толькі не спыняйся. Ты павінен кожны год па некалькі экзэмпляраў вырабаў выпускаць», — параіў Аляксандр Лукашэнка.


Гомельшчына прадставіла і найлепшыя здабыткі сваёй харчовай прамысловасці. У Першым нацыянальным гандлёвым доме працуе асаблівы магазін, дзе пакупнікам прапаноўваюць свае прысмакі найлепшыя прадпрыемствы Гомельшчыны. У планах — адкрыць такія магазіны ў Расіі і нават Кітаі. Аляксандр Лукашэнка пакаштаваў мяса-малочную прадукцыю прадпрыемстваў вобласці. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на хамон. І падкрэсліў, што пры жаданні ў Беларусі могуць рабіць нават такія дэлікатэсы. Гомельшчына славіцца і сваімі сырамі, у гэтым магазіне прадстаўлена мноства відаў гэтай прадукцыі на любы густ. Як адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкам Іван Крупко, асноўны накірунак развіцця прадпрыемстваў рэгіёну — новыя віды сыроў. 
У Першым нацыянальным гандлёвым доме прадстаўлены таксама гомельская мэбля і гомельскі тэкстыль. «Паколькі ўсё прадставіць немагчыма, мы зрабілі павільён, дзе расказваем пра ўсе прадпрыемствы, магчымасці і паслугі: і турыстычныя, і медыцынскія», — расказаў Іван Крупко пра «разыначку» Гомельскай часткі гандлёвага дома. У асобным павільёне кожны раён Гомельскай вобласці будзе па два тыдні дэманстраваць свае магчымасці і здабыткі.

Прэзідэнт заўважыў, што такая ідэя была. «Губернатары павінны рыхтавацца да адкрыцця выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. Там маштабы. Трэба ўжо сёння прапрацоўваць, думаць, дзе, хто, як, каб яны прыглядаліся», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Гродзенская вобласць. Нельга страціць школу

Заходні рэгіён прапанаваў пакупнікам прадукцыю легендарнага шклозавода «Нёман». Прэзідэнт пацікавіўся, як працуе завод, ці няма праблем. Як расказалі кіраўніку дзяржавы, на складзе прадукцыя не затрымліваецца. Усе тры мільёны вырабаў гэтага года сёлета і рэалізавалі. Прэзідэнт нагадаў, што калісьці завод трэба было ратаваць, каб захаваць прадпрыемства і школу. У падобнай сітуацыі апынуліся і іншыя вытворчасці, прадукцыю якіх сёння ведаюць ва ўсім свеце. Напрыклад, Добрушскі фарфоравы завод і гомельскі «Кристалл».

Сёння шклозавод «Нёман» аператыўна рэагуе на ўсе змяненні рынку і вырабляе прадукцыю, запатрабаваную ў пакупнікоў. Для гэтага ў прадпрыемства ёсць усё — ад абсталявання да рук таленавітых майстроў. «Калі ў вас на вытворчасці так, як кажаце, то дзякуй вам, што захавалі завод», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Моднікі могуць набыць у Першым гандлёвым доме адзенне ад фабрыкі «Белкрэда», якая працуе ў Беларусі з 1944 года. Прадпрыемства спецыялізуецца на касцюмах для мужчын і хлопчыкаў. Сыравіна, канешне, пераважна беларуская. 

Віцебская вобласць. Не забываць пра якасць


Адзіную аптэку ў гандлёвым доме адкрыла Віцебская вобласць.

Рэгіён прадставіў і прадукцыю і свайго найстарэйшага прадпрыемства ААТ «Віцебскія дываны». Сёлета прадпрыемства прадало нават больш, чым вырабіла, паменшыўшы складскія запасы на 23 працэнты за год. Прэзідэнту паказалі новую калекцыю — дываны з поліэстэравай ніткі. Вонкава яны падобныя на шаўковыя, у той час як поліпрапіленавыя дываны нагадваюць ваўняныя вырабы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што будучы год — год якасці і прадпрыемства павінна гэта ўлічваць. Але, па яго словах, трэба ствараць прадукцыю не проста для знака якасці, але для таго, каб яе прадаваць. Прэзідэнт настойвае на тым, што віцебскія дываны нельга страціць 

Віцебская вобласць прадставіла і свае брэнды, напрыклад «Віцязь», «Віцьба», «Марко». У Першым нацыянальным гандлёвым доме можна набыць і прадукцыю віцебскай харчовай прамысловасці, некаторыя адзінкі — унікальныя.

Лідар у вырабе унікальнай прадукцыі — Віцебская бройлерная птушкафабрыка. Яе прадукцыя прадаецца ў магазінах з назвай «Ганна». Адзін з іх цяпер працуе і ў Першым Нацыянальным гандлёвым доме. Некаторыя мясныя вырабы і вырабы з мяса птушкі Прэзідэнт пакаштаваў асабіста. І спытаў, ці ўсё нармальна ў прадпрыемства з яйкамі. Генеральны дырэктар Ганна Наркус адказала, што з яйкамі праблем няма. «Тады трэба Пуціну перакінуць», — паўжартам заўважыў Прэзідэнт. Генеральны дырэктар расказала, што фабрыка пастаўляе прадукцыю на экспарт у тым ліку і ў Расійскую Федэрацыю. Але свой рынак — прыярытэт.

Прапанавалі Прэзідэнту і хлебабулачныя вырабы Віцебскай вобласці. Некаторыя з іх робяцца па савецкіх рэцэптах, знаёмых усім з дзяцінства. 

Магілёўская вобласць. Паказаць унікальных майстроў

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што рэгіён у Першым нацыянальным гандлёвым доме прадставіў і творчасць сваіх майстроў.

Бялынцкі лясгас паказаў, як выконваецца даручэнне аб выкарыстанні драўляных домікаў у будаўніцтве. У лясгасе распрацавалі пяць драўляных домакамплектаў рознай плошчы і з розных матэрыялаў. У шоўруме Бялыніцкага лясгаса з імі можна азнаёміцца падрабязна і заказаць той, які больш спадабаўся. Таксама тут прадстаўлены вырабы з дрэва, якія ўпрыгожаць прысядзібную тэрыторыю і зробяць яе больш утульнай.

Аляксандру Лукашэнку паказалі апошнюю калекцыю верхняга адзення ад бабруйскай «Славянкі».

Наведвальнікі Першага нацыянальнага гандлёвага дома могуць набыць прадукцыю знакамітага прадпрыемства «Красный пищевик» і булачна-кандытарскай кампаніі «Дамачай». Хлеб гэтага вытворцы адзін з любімых у кіраўніка дзяржавы.

Мінск і Мінская вобласць. Карысць для людзей

У цэнтральным рэгіёне робяць вельмі папулярныя сумкі брэнда «Маціолі». Прэзідэнт пацікавіўся, якія мадэлі сёння самыя модныя і спытаў, ці плануе прадпрыемства пашырацца. Як расказалі ў краме, сёння складана набраць краўчых, бо шыць сумкі нашмат цяжэй, чым адзенне, гэта асаблівая тэхналогія, асаблівае абсталяванне. У краме Прэзідэнту расказалі, што спецыялісты кампаніі вывучаюць модныя тэндэнцыі з розных краін, але асноўныя крыніца натхення дызайнераў «Маціолі» — беларускі рынак. 
Прадставіць Мінск без «Камунаркі» немагчыма. У першым нацыянальным гандлёвым доме створаны сапраўдны рай для ласуноў. На вітрынах — класічныя і новыя салодкія вырабы. У фірмовай краме Прэзідэнт зрабіў тое, чаго да гэтага не рабіў — пакінуў свой аўтограф на размаляваным шакаладзе. Падобныя вырабы вагой у некалькі кілаграмаў сталі брэндам «Камунаркі». Яны хоць і каштуюць нямала, але карыстаюцца попытам, асабліва сярод замежнікаў. Кавалак шакаладу з аўтографам кіраўніка дзяржавы стане экспанатам у музеі прадпрыемства. 
У сакавіку ў Мінску адкрыўся першы беларускі канцэпт-стор «Да дому», дзе прадстаўлена больш за 10 тысяч тавараў дамашняга ўжытку, выключна беларускай вытворчасці. Другі такі магазін цяпер працуе і ў Першым нацыянальным гандлёвым доме. Старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна падкрэсліла, што гэтая крама можа смела скласці канкурэнцыю падобным па канцэпцыі вядомым крамам і брэндам. Магазіны «Да дому» ўжо працуюць і ў Расіі. 

Наведванне Прэзідэнтам Першага нацыянальнага гандлёвага дома — гэта не экскурсія, а прэзентацыя і аналіз магчымасцей беларускай прамысловасці. У кожнай краме, якую наведваў кіраўнік дзяржавы, ён цікавіўся фінансавым становішчам прадпрыемства, яго экспартнай дзейнасцю, праблемамі і планамі. Падчас пераходу паміж крамамі губернатары коратка дакладвалі пра сітуацыю ў сваіх рэгіёнах.

Усе агучаныя пытанні, асабліва праблемныя, трымаюцца на кантролі. 

Валерыя СЦЯЦКО.

Прэв'ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.