Вы тут

У школу — з задавальненнем! Як хутка адаптаваць дзіця да вучобы? Парады псіхолага


Першы клас, несумненна, важны і адказны перыяд у жыцці кожнага дзіцяці. У гэты момант дзеці асабліва востра ўсведамляюць, што яны сталеюць. Пераход ад дашкольнага жыцця да школы не заўсёды праходзіць гладка, бо яго могуць суправаджаць псіхалагічныя і сацыяльныя праблемы. У першакласніка з’яўляецца новы рэжым дня, абавязкі, што часта выклікае стомленасць, раздражняльнасць, капрызнасць i непаслушэнства. Колькі працягнецца гэты складаны перыяд — дакладна не вядома. Як кажуць, усё індывідуальна. Бацькі з усёй адказнасцю павінны разумець, што для дзіцяці гэта вялікі стрэс. Менавіта таму яно мае патрэбу ў падтрымцы як з боку настаўніка, так і з боку блізкіх яму людзей. Бо калі своечасова не падтрымаць малое, то перажыванні могуць перарасці ва ўстойлівую непрыязнасць да навучання. Дык як жа дапамагчы першакласніку пераадолець страх і камфортна пачувацца ў школе?


Павысьце статус дзіцяці. Напрыклад, «Цяпер ты вырас, я цябе віншую, ты ідзеш у 1 клас». Уладкуйце сумесны шопінг: набудзьце школьную форму, заплечнік, сшыткі, дзённік. Няхай дзіця само выбірае тое, што яму падабаецца. Так яно зможа хутчэй ужыцца ў ролю вучня і будзе з нецярплівасцю чакаць 1 верасня.

Па даных псіхолагаў, адаптацыя можа доўжыцца ад 6-8 тыдняў да паўгода. Гэтыя тэрміны залежаць ад атмасферы ў сям’і, узроўню ўменняў і ведаў, а таксама складанасці школьнай праграмы.

Загадзя выпрацоўвайце рэжым дня. Школа — пэўны рэжым нагрузак, які школьнік будзе несці на працягу доўгага часу. Пачынайце малое ўкладваць спаць на 15-20 хвілін раней і, адпаведна, будзіце раніцай на гэты ж час раней. Гэта дапаможа арганізму лягчэй адаптавацца да новага рэжыму. Бо рэгулярны і якасны сон паляпшае ўвагу, паводзіны, памяць, псіхічнае i фізічнае здароўе дзяцей, павялічвае іх поспехі ў навучанні. Недахоп сну павялічвае рызыку няшчасных выпадкаў, траўмаў. Так цi iнакш недасыпанне дасць аб сабе ведаць і выявіцца ў капрызах і слязах.

Памятайце, пасля школы першакласніку неабходна спаць днём, бо з-за нязвыклай нагрузкі арганізм будзе моцна стамляцца. Дзецям сямі гадоў рэкамендуецца спаць не менш як 11 гадзін у суткі.

Не абяцайце, што школа будзе святам. Трэба прызнаць, што для адных дзяцей школа сапраўды будзе чымсьці радасным, а ў іншых — не выкліча такіх захопленых эмоцый. Дзіцяці будзе непрыемна ўсведамляць, што яго чаканні не апраўдаліся. Акрамя таго, перш за ўсё, што яно зробіць, — папракне вас у падмане. Загадзя папярэдзьце сваё дзіця, што далёка не ўсё можа атрымлівацца з першага разу, і ў гэтым няма нічога страшнага. Скажыце, што не будзеце лаяць яго, калі раптам нешта не атрымаецца, і абавязкова дапаможаце разабрацца, што яму незразумела. Растлумачце дзіцяці, што вучоба падорыць яму мноства новых і карысных ведаў, якія спатрэбяцца ў будучыні.

Умацуйце імунітэт. Першыя 2-3 тыдні навучання з’яўляюцца самымі цяжкімі. У гэты перыяд імунітэт схільны сур’ёзнаму выпрабаванню з-за псіхічнай напругі і новага калектыву, бо ў кожнага дзіцяці свая мікрафлора. Таму вітаміны, ягады, садавіна ці харчовыя дабаўкі павінны прысутнічаць у штодзённым рацыёне. Таксама для ўмацавання арганізма важны спорт і свежае паветра.

Летам дзецям неабходна праводзіць не менш як 5 гадзін на вуліцы.

Сацыялізацыя асобы мае ключавое значэнне ў адаптацыі. Бацькі павінны навучыць дзіця мець зносіны з навакольнымі, падтрымліваць дыялог, сфарміраваць навык далучацца да гульні або арганізаваць уласную.

Такім чынам, калі вы сталі шчаслівымi бацькамi першакласніка, то вам дапамогуць простыя парады, як лёгка перажыць такі адказны момант як адаптацыя да школы:

  • Адпраўляйце дзіця ў школу і сустракайце яго ў добрым настроі. «Я рада цябе бачыць, нам было сумна без цябе, мы так цябе чакалi». «Усё ў цябе атрымаецца...»;
  • Падзяляйце перажыванні дзяцей, штодня цікаўцiся справамі ў школе, адносінамі з аднакласнікамі. Пры такім падыходзе ваш школьнік будзе разумець, што ягоныя пачуцці важныя. «Я разумею, наколькі табе непрыемна». «Я б таксама на тваім месцы знервавалася»;
  • Шчыра захапляйцеся поспехамі і падтрымлівайце. «Я вельмі ганаруся табой». «Ты кемлівае і таленавітае дзіця»;
  • Не навязвайце сваю дапамогу, але заўсёды паказвайце, што гатовы яе аказаць. «Я ведаю, што ты справішся». «Я разумею, як гэта цяжка, але ты малайчына, што не здаешся»;
  • Не крытыкуйце і не лайце з-за памылак і няўдач. Дзіцяці трэба прывыкнуць да ролі вучня, дайце магчымасць памыляцца;
  • Сачыце, каб не было перагрузак. Ператамленне аслабіць імунітэт і прывядзе да пагаршэння ў вучобе;
  • Не спяшайцеся. Правільна разлічваць час — ваша задача;
  • Не запалохвайце дзіця перад выхадам у школу;
  • Забіраючы вучня пасля школы, не прыставайце да яго з бясконцымі пытаннямі наконт школы. Няхай дзіця раслабіцца, адпачне;
  • Заахвочвайце самастойнасць першакласніка пры выкананні практыкаванняў. Калі яму спатрэбіцца дапамога — ён скажа;
  • Лепш за ўсё, калі ўсе члены сям’і падтрымліваюць адну тактыку выхавання дзіцяці і зносін з ім;
  • Не ігнаруйце скаргі на самаадчуванне — гэта можа быць паказчыкам ператамлення;
  • Казкі перад сном ніхто не адмяняў. Будзьце ласкавы з першакласнікам, дапамажыце яму супакоіцца і заснуць.

Памятайце! Найбольш напружанымі для дзяцей з’яўляюцца першыя чатыры тыдні навучання. Вельмі важныя ў гэты час увага і падтрымка з боку бацькоў і настаўнікаў. Неабходна быць спакойнымі i падтрымліваць добрыя якасці дзяцей, цешыцца іх поспехам, імкнуцца дапамагчы наладзіць адносіны з аднагодкамі. Калі настаўнік i дарослыя не будуць улічваць цяжкасці адаптацыйнага перыяду, гэта можа прывесці да нервовага зрыву.

Прыкметы паспяховай адаптацыі:

  • Задаволенасць працэсам навучання. Дзіцяці падабаецца ў школе, яно ўпэўнена ў сабе і не адчувае страх;
  • Малое спраўляецца з вучэбнай праграмай, праяўляе інтузіазм;
  • Дзіця самастойна выконвае навучальныя заданні, а пры ўзнікненні цяжкасцей просіць дапамогі;
  • Задаволенасць дзіцяці міжасобаснымі адносінамі з аднакласнікамі і настаўнікамі;

«Залатое правіла выхавання. Дзіця мае найбольш патрэбу ў любовi менавіта тады, калі яно менш за ўсё яго заслугоўвае».

Улічвайце, што дзіцяці складана прыстасавацца да новага статусу і новым умовам. Бо першакласнік можа адчуваць стрэс, баіцца не справіцца з патрабаваннямі і не апраўдаць чаканні дарослых. Менавіта таму падтрымка і ўдзел бацькоў у гэты перыяд стануць для яго надзейнай апорай і моцным падмуркам для фарміравання адэкватнай самаацэнкі і паспяховага навучання. Атачыўшы любоўю і стварыўшы максімальна спрыяльныя ўмовы ў сям’і, вы дапаможаце малому пазбегнуць стрэсу i перажыванняў.

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: рexels.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.