Вы тут

Ад чаго залежыць цяпло ў доме і колькі яно каштуе?


Укладваць сродкі ў новае будаўніцтва жылля ці займацца мадэрнізацыяй існуючага жылфонду, павышаючы яго энергаэфектыўнасць? Павялічыць жыхарам растэрміноўку аплаты за цепламадэрнізацыю дома да 15-20 гадоў. А тым, хто не пагаджаецца на энергаэфектыўныя мерапрыемствы, — павялічваць цануза цеплазабеспячэнне на 10 % штогод... Гэтыя і іншыя развагі і прапановы гучалі падчас семінара, арганізаванага Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці, дзе эксперты абмяркоўвалі, як выконваецца Указ Прэзідэнта № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў», чаму жыхары неахвотна пагаджаюцца на цеплавую мадэрнізацыю жылля і ці трэба ўносіць у дакумент змяненні.


Фота: pixabay.com

І новая культура абслугоўвання

Пра энерганасычаны дом, збудаваны ў Гродне, на прыкладзе якога можна ўбачыць усё, што можна рэалізоўваць у сферы энергазберажэння, расказаў Уладзімір Піліпенка, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута жылля НДПТІБ імя Атаева. Ён падкрэсліў, што для нармальнага функцыянавання будынка павінна быць новая культура абслугоўвання.

— Такія энерганасычаныя дамы патрабуюць зусім іншага тэхнічнага абслугоўвання, чым звычайныя. Сістэма патрабуе беражлівага стаўлення з боку ўладальнікаў кватэр і спецыяльных службаў для абслугоўвання, таму неабходная сістэма санкцый і эфектыўнага кантролю за тым, як эксплуатуюцца такія дамы. Са збудаваных трох такіх дамоў найбольшы эфект атрымалі менавіта ў Гродне, таму што жыхарам растлумачылі, як карыстацца сістэмамі.

Аднак такі дом вельмі дарагі ў стварэнні і ён быў зроблены з падтрымкай праграмы ААН. Цяпер жа трэба зыходзіць з існуючых эканамічных магчымасцяў, упэўненыя спецыялісты. Тэхнічныя рашэнні сёння, на жаль, апераджаюць фінансавыя магчымасці. Калі людзі не будуць адчуваць, што ад энергазберагальных мерапрыемстваў ёсць зніжэнне іх камунальных аплат, яны не пагодзяцца на іх правядзенне. Павінен быць баланс інтарэсаў і магчымасцяў.

— Неабходна захоўваць звычайны ўзровень інвестыцыйных затрат, бо на дарагое жыллё не будзе грошай ні ў людзей, ні ў дзяржавы. Калі ў свой час мы пераходзілі на еўранормы, то пры будаўніцтве дамоў прымяняўся больш якасны бетон, расход арматуры павялічыўся на 25 % і кошт квадратнага метра праз гэта ўзрос на 30-35 %. Каэфіцыент карыснага дзеяння ў выніку стаў неканкурэнтаздольным. Каб выправіць сітуацыю, звярнуліся да сваіх нацыянальных стандартаў, — нагадаў супрацоўнік НДПТІБ.

Трэба вызначыць пэўны крытэрый па энергаспажыванні дома, упэўнены Анатоль Сівак, намеснік прэм'ер-міністра:

— Калі дом будзе перавышаць абазначаную лічбу, то ў абавязковым парадку трэба будзе прызнаваць яго старым і зносіць, і гэта дасць больш эфекту, чым мадэрнізацыя такога жылля. Мы вырашым такім чынам і праблемы энергаспажывання, бо чалавек пяройдзе жыць у нармальнае жыллё. Аднак трэба вырашыць, сканцэнтравацца нам на будаўніцтве новага жылля ці на рамонце існуючага. Трэба вызначыцца, якое новаўвядзенне можна будзе ўнесці як абавязковую ці рэкамендаваную норму ў будаўнічыя нормы для жылых дамоў. Такім чынам мы пакажам кірунак.

Дэцэнтралізацыя цеплазабеспячэння

Толькі 9 % жылля ў Беларусі сёння адпавядае сучасным патрабаванням па энергазабеспячэнні (менш як 90 кВт·г/м2). У спажыванні жыллёвым сектарам паліўна-энергетычных рэсурсаў вельмі нізкі працэнт (0,37 %) займаюць іншыя віды паліва, у тым ліку аднаўляльныя крыніцы энергіі (АКЭ), а гэта вельмі важны рэсурс у зніжэнні затрат, перакананы Вадзім Кіцікаў, дырэктар Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі.

— Каля 80 % энергіі дамашнімі гаспадаркамі спажываецца на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Калі знізіць затраты на іх на 30 %, гэта сэканоміць каля 2 млн т. у. п., і гэта сур'ёзны рэзерв. Пытанні цепламадэрнізацыі будынкаў неабходна вырашаць як комплексную праблему.

Для павышэння энергаэфектыўнасці жылля прапануюцца тры важныя тэндэнцыі.

Мадэль дома «нулявой энергіі» як галоўны арыенцір павышэння энергаэфектыўнасці. Для яе дасягнення неабходныя цепламадэрнізацыя і энергаэфектыўныя рашэнні ў эксплуатацыі; інавацыйныя тэхналогіі і абсталяванне, якія забяспечваюць мінімізацыю страт энергіі; комплекснае выкарыстанне мясцовых відаў электраэнергіі і аднаўляльных крыніц энергіі; інфармацыйныя кіруючыя сістэмы. Выкарыстанне сонечнай энергіі на падаграванне вады, напрыклад, дазваляе з мая да верасня сэканоміць да 40 % энергазатрат на дом.

Адзіныя падыходы ў пытаннях энергаэфектыўнасці, рэалізаваныя на ўсіх этапах жыццёвага цыкла будынка: праектаванне, будаўніцтва, эксплуатацыя. Пэўная і пастаянная сувязь паміж гэтымі этапамі ўжо ёсць, запэўніў дырэктар інстытута. Праблемы, якія ўзнікаюць падчас эксплуатацыі дома, выпраўляюцца на стадыі праектавання ў наступных будынках серыі. А базы даных, якія ёсць у праектаванні і будаўніцтве, становяцца даступнымі эксплуатацыйнай арганізацыі, што істотна аблягчае капрамонты і іншыя працэсы, а часам нават трансфармуе іх.

Паэтапная дэцэнтралізацыя цеплазабеспячэння жыллёвага сектара дазволіць задзейнічаць электраэнергію на патрэбы ацяплення і гарачага водазабеспячэння, аднаўляльныя крыніцы энергіі і разнастайныя тэхналагічныя рашэнні.

Плаціць за камфорт

Работу з жыхарамі па прыцягненні іх сродкаў да фінансавання капрамонту з выкананнем энергаэфектыўных мерапрыемстваў у краіне эксперты галіны бачаць па-рознаму.

Людзі выбіраюць камфорт у сваім жыллі, а не энергаэфектыўнасць ці памяншэнне платы за цяпло. Прычым гэта, як правіла, уласнікі жылля не ў вялікіх гарадах, а ў райцэнтрах, мяркуюць спецыялісты жыллёвай сферы Магілёўшчыны. Жыхары проста не заўважаць памяншэння платы за ацяпленне за кошт цепламадэрнізацыі, бо і так плацяць толькі 20 % ад сабекошту цеплазабеспячэння дамоў. І варта было б узняць гэты тарыф, каб плаціць 100 %, як за іншыя камунальныя паслугі, заклікаюць на Гродзеншчыне.

Па ўсёй Беларусі на цепламадэрнізацыю пагадзіліся жыхары толькі 45 дамоў, хоць было праведзена больш за чатыры тысячы сходаў. Аднак станоўчыя прыклады ёсць.

У Лунінецкім раёне на ўцяпленне пагадзіліся жыхары дома, які ў плане на капрамонт значыўся толькі ў 2025-м. Каб паскорыць працэс, умовай быў удзел грамадзян у ацяпленні будынка за свой кошт, і яны пагадзіліся, расказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Альшэўскі:

— Летась у вобласці мы адрамантавалі такім чынам пяць жылых дамоў. Сёлета робім 11, налета прадугледжана яшчэ пяць. Галоўнае, каб будынак знаходзіўся ў перспектыўным плане капрамонту.

Цікава, што ў вобласці няма пратэрмінаванага капітальнага рамонту, а колькасць жадаючых правесці цепламадэрнізацыю на Брэстчыне пастаянна расце, таму мясцовыя ўлады прапануюць выключыць з Указа № 327 абмежаванне выдаткоўваць на правядзенне энергаэфектыўных мерапрыемстваў не больш як 10 % ад сродкаў на капрамонт і вызначыць асобную мэтавую крыніцу фінансавання. А таксама павялічыць для жыхароў перыяд растэрміноўкі выплат да 13-15 гадоў, а для малазабяспечаных і пенсіянераў — да 20 гадоў.

Праз стымулы і павелічэнне тарыфаў

Адна з прычын таго, чаму праводзіцца мала сходаў з людзьмі, — існуючыя пытанні па прызначэнні ўпаўнаважаных асоб, лічыць міністр ЖКГ Андрэй Хмель. Ён заўважыў, што ў міністэрстве разглядаюць пытанне, каб частка сродкаў, якія накіроўваюцца на энергаэфектыўныя мерапрыемствы з бюджэту, магла ісці на аплату арганізацыі гэтых работ упаўнаважанымі асобамі. А яшчэ трэба шукаць стымулы для людзей, каб яны пагаджаліся на цепламадэрнізацыю:

— Напрыклад, можна налажыць вета на рост тарыфаў на цеплаэнергію ў дамах, дзе правялі цепламадэрнізацыю, на тры гады. Магчыма, трэба ўвогуле разгледзець мэтазгоднасць правядзення капрамонту без арганізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў. Можна прапанаваць і непапулярны варыянт: калі сумеснае домаўладанне на сходзе адмаўляецца ад уцяплення, паэтапна павялічваць ім тарыф на ацяпленне на 10 % штогод, пакуль не будзе дасягнуты ўзровень эканамічна абгрунтаваных затрат на дадзеную паслугу.

Варта было б таксама перадаць шэраг работ па рэалізацыі Указа № 327, якія не ўласцівыя арганізацыям ЖКГ, на выкананне іншым арганізацыям, лічаць у дэпартаменце па энергаэфектыўнасці. Напрыклад, правядзенне сходаў з людзьмі, інфармацыйных кампаній, аналіз энергаспажывання дома, разлік неабходных падчас капрамонту мерапрыемстваў, разлік эканоміі, якую прынясе гэты капрамонт, і магчымай пасля платы за ацяпленне. У далейшым гэтыя арганізацыі будуць кантраляваць і энергаспажыванне дамоў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.