Вы тут

Найлепшыя веды на ЦТ дэманструюць выпускнікі гімназій і ліцэяў


Абсалютны вынік — 100 балаў — паказалі сёлета 337 удзельнікаў ЦТ па 12 вучэбных прадметах. 314 чалавек атрымалі адзін стабальны сертыфікат. Двойчы па сто балаў здолелі набраць 22 абітурыенты 2021 годзе такіх было 25, у 2020-м — 15 чалавек). А ў абітурыенткі Настассі Більдзь проста фенаменальны вынік — тры стабальныя сертыфікаты: па беларускай мове, матэматыцы і фізіцы. Сярэднюю школу № 8 Ліды дзяўчына скончыла з сярэднім балам атэстата «10». Такім чынам у яе на руках была максімальна магчымая сума балаў (400), якая дазваляла ёй паступіць у любую ВНУ краіны. Настасся ўжо вызначылася з выбарам і падала свае дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на спецыяльнасць «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання».


У роўных умовах

Як расказала журналістам начальнік упраўлення па распрацоўцы і сертыфікацыі тэстаў Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Таццяна УЛАСЕНКА для ўдзелу ў ЦТ сёлета зарэгістраваліся 61786 абітурыентаў, з іх 1,5 тысячы на ўступныя іспыты не з'явіліся. Практычна кожны трэці абітурыент рэгістраваўся на чатыры вучэбныя дысцыпліны. Таксама для ўдзелу у беларускім ЦТ сёлета зарэгістраваліся 191 грамадзянін Расійскай Федэрацыі і 14 грамадзян Рэспублікі Казахстан.

За розныя парушэнні парадку правядзення ЦТ былі выдалены дзевяць чалавек. Не прайшлі тэсціраванне з-за медыцынскіх паказанняў — 18. Ім далі магчымасць узяць удзел у ЦТ у рэзервовыя дні.

Самы высокі вынік цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні — 98 балаў (па беларускай мове). Ёсць таксама два вынікі па 97 балаў. Адзін абітурыент здаў паспяхова матэматыку, а другі — англійскую мову.

Самымі запатрабаванымі прадметамі на ЦТ у 2021 годзе былі руская мова (на яе зарэгістраваліся 50 389 абітурыентаў) і матэматыка (33 835 чалавек). А сярод замежных моў лідзіравала англійская (24 180 абітурыентаў).

«З улікам агульнай тэндэнцыі змяншэння ў апошнія гады колькасці абітурыентаў можна адзначыць істотны рост колькасці тых, хто абраў для выпрабаванняў матэматыку і фізіку, і змяншэнне колькасці абітурыентаў, якія выбралі біялогію, гісторыю Беларусі, грамадазнаўства і сусветную гісторыю, — паведаміла Таццяна Уласенка. — Па выніках папярэдняга аналізу вынікаў выканання тэстаў 2022 года ўстаноўлена, што ўдзельнікі ЦТ па ўсіх прадметах паказалі прыкладна такія ж вынікі, як і ў папярэднім годзе. Аб'ектыўна складанасць тэста не ўзрасла. Увесь тэставы матэрыял, які быў прапанаваны для правядзення ЦТ, праходзіў шматразовую экспертызу: як унутраную, так і знешнюю».

Самыя масавыя прадметы — рускую мову і матэматыку — абітурыенты здавалі два дні. Сярэдні тэставы бал абітурыентаў, якія пісалі ЦТ па рускай мове ў першы дзень, — 53,14, у другі дзень — 52,44. На ЦТ па матэматыцы сярэдні бал у першы дзень — 49,64, у другі — 49,3. Па словах арганізатараў ЦТ, такая статыстыка сведчыць, што ўсе абітурыенты, нягледзячы на тое ў які дзень яны здавалі тэсціраванне, былі ў роўных умовах.

Усе тэсты распрацоўваліся на аснове дзеючых навучальных праграм. Да работы па падрыхтоўцы тэставых матэрыялаў для ЦТ 2022 года супрацоўнікі Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў традыцыйна прыцягвалі высокакваліфікаваных спецыялістаў: настаўнікаў-метадыстаў, настаўнікаў-практыкаў, аўтараў навучальных дапаможнікаў. Гэта дазваляе забяспечваць якасць навучальных матэрыялаў і адпаведнасць патрабаванням навучальных праграм.

«Інстытут кантролю ведаў усебакова вывучаў пытанне, колькі ж часу насамрэч патрабуецца абітурыентам на выкананне тэстаў па фізіцы і матэматыцы. Да гэтай работы прыцягваліся педагогі-практыкі з усіх рэгіёнаў краіны. Аналіз экспертнай ацэнкі паказаў наяўнасць у тэстах пэўных заданняў, для вырашэння якіх абітурыенты могуць выкарыстоўваць не толькі рацыянальныя спосабы рашэння, але і шматкрокавыя, таму было прынята рашэнне павялічыць працягласць часу на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы і фізіцы на 30 хвілін, — дадала Таццяна Уласенка. — Аналіз вынікаў сведчыць, што тэсты на ЦТ даступныя для навучэнцаў усіх устаноў адукацыі, хоць найлепшыя вынікі ўсё ж такі дэманструюць выпускнікі гімназій і ліцэяў. Яны маюць перавагу перад выпускнікамі сярэдніх школ у сярэднім у 10-12 балаў. І яшчэ большую перавагу — перад выпускнікамі сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў».

Графік прыёмных камісій ССНУ

18 ліпеня ў краіне стартаваў прыём дакументаў у ВНУ, а 20 ліпеня адкрылі свае дзверы для абітурыентаў прыёмныя камісіі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У ССНУ на базе 9 класаў дакументы ў абітурыентаў будуць прымаць да 3 жніўня. Гэта датычыцца тых, хто паступае на навучанне за кошт сродкаў бюджэту, і тых, хто будзе здаваць уступныя іспыты, напрыклад, па спецыяльнасцях профілю «мастацтва». У тых, хто паступае на платнай аснове без уступных іспытаў, прымаць дакументы будуць да 14 жніўня.

Прыём дакументаў на аснове агульнай сярэдняй адукацыі за кошт сродкаў бюджэту і для тых, хто здае ўступныя іспыты па спецыяльнасці, будзе праходзіць да 12 жніўня, а на платнай аснове без уступных іспытаў — да 17 жніўня.

Начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА расказала, што сёлета ў ССНУ з'явіцца шэраг новых спецыяльнасцяў. Напрыклад, у Мінскім гарадскім педагагічным каледжы і Ваўкавыскім каледжы ГрДУ імя Я. Купалы адкрыта новая спецыяльнасць «педагагічнае суправаджэнне». Яна скіравана перш за ўсё на суправаджэнне дзяцей з асаблівымі патрэбамі ў адукацыйным працэсе.

У Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы — філіяле БНТУ адкрываецца спецыяльнасць «архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя». У філіяле БДТУ «Беларускі дзяржаўны каледж прамысловасці будаўнічых матэрыялаў» — спецыяльнасць «абслугоўванне сістэм водападрыхтоўкі і водаачысткі».

Традыцыйна высокім попытам у абітурыентаў карыстаюцца профіль «мастацтва», спецыяльнасці, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі, педагогікай, аховай здароўя. «Трэнд захоўваецца з году ў год. Мы чакаем, што гэтыя спецыяльнасці застануцца ў лідарах і ў бягучым годзе», — падкрэслівае Аляксандра Пятрова.

Абітурыенты, якія паступаюць на аснове агульнай базавай адукацыі, залічваюцца па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі. Залічэнне на аснове агульнай сярэдняй адукацыі пройдзе па конкурсе агульнай сумы балаў двух ЦТ і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

60 хвілін «цішыні»

Гарачы час сёння і для прыёмных камісій ВНУ. З 18 да 24 ліпеня вызначыцца з выбарам спецыяльнасці павінны ўсе абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты.

Для некаторых катэгорый абітурыентаў тэрміны падачы дакументаў іншыя. Так, з 18 да 26 ліпеня будуць прымаць дакументы ад тых, хто паступае на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю на дзённае аддзяленне (бюджэтную форму), у Ваенную акадэмію, Інстытут пагранічнай службы, а таксама на ваенныя факультэты (на бюджэт).

Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ, назіраць за ходам падачы дакументаў у прыёмныя камісіі можна анлайн. Раней дыяпазон колькасці набраных балаў, заяўленых абітурыентамі ў прыёмную камісію, складаў 10, напрыклад 301—310, 311—320 і гэтак далей. Цяпер гэты дыяпазон звузіўся да пяці балаў. Так абітурыентам значна прасцей ацаніць свае шанцы на паступленне, бо пры залічэнні мае значэнне нават адзін бал. Інфармацыя аб ходзе падачы дакументаў абнаўляецца кожныя тры гадзіны, а ў некаторых універсітэтах — у рэжыме рэальнага часу. Апошняе абнаўленне ў дзень закрыцця прыёмных камісій адбудзецца ў 17 гадзін. Такім чынам, у абітурыентаў будзе яшчэ гадзіна, каб сарыентавацца і падаць дакументы туды, дзе ім гарантавана хопіць балаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУІР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.