Вы тут

Лукашэнка: Трэба наводзіць парадак там, дзе яго няма. Гэта будучыня не толькі Мядзельскага раёна, але і краіны


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочым візітам наведаў Мядзельскі раён. Гэта чарговая рэгіянальная камандзіроўка кіраўніка дзяржавы, у цэнтры якой пытанні ўборачнай кампаніі і развіцця сельскагаспадарчай сферы ў цэлым. 


Беларускі лідар наведаў сельскагаспадарчы філіял ААТ «Мінскаблаграсервіс», дзе яму далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў рэгіёне і ў краіне. Аляксандр Лукашэнка пазнаёміўся з пілотным праектам па стварэнні эфектыўнай сельскагаспадарчай арганізацыі з нуля. Сельскагаспадарчы філіял ААТ «Мінскаблаграсервіс» створаны 22 лістапада 2021 года. Для гэтага былі выдзелены ўгоддзі сельскагаспадарчых арганізацый Мядзельскага раёна, якія неэфектыўна працавалі. Цяпер плошча сельгасугоддзяў складае 8,8 тыс.га, у тым ліку ворных зямель — 4,3 тыс.га, і ў далейшым плошча будзе павялічвацца. Асноўны напрамак дзейнасці — вытворчасць прадукцыі раслінаводства з далейшым забеспячэннем птушкагадоўчых фабрык і свінагадоўчых комплексаў Мінскай вобласці збожжам.

Прэзідэнт падкрэсліў, што канкрэтна гэтая гаспадарка — узор для стварэння падобных гаспадарак, дзе з улікам сучасных падыходаў створаны неабходныя аб’екты, сярод якіх і добры мехдвор для захоўвання і абслугоўвання энерганасычанай тэхнікі, пабудаваны зернесушыльны комплекс. 

Гаспадарка з нуля

Генеральны дырэктар ААТ «Мінскаблаграсервіс» Дзмітрый Шабар расказаў, што было зроблена канкрэтна на мехдвары. Чатыры старыя будынкі прыбралі, чатыры рэканструявалі. Кіраўнік расказаў, што ў гаспадарцы дастаткова складаныя палявыя работы, працуюць і з ворнымі землямі, і тымі, якія на працягу некалькіх гадоў не выкарыстоўваліся. Побач зернесушыльны комплекс і сховішча. Для Беларусі такія комплексы неабходныя, каб дасушыць сабранае зерне і закласці на захоўванне. «Збожжавыя ў нас, вядома, не так, як на Кубані або на поўдні Украіны. Яны не высушваюцца на полі. Таму іх трэба дапрацоўваць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Зернасушылку сам накідаў, як я яе бачу. Паездзіў па рэспубліцы, паглядзеў, якія комплексы ёсць у гаспадарках, крыху яе дапрацаваў. З „Амкадорам“ паклалі на паперу, спраектавалі, пабудавалі. Асаблівасць сушылкі ў тым, што ў ёй сумешчаны магчымасці як для папярэдняй апрацоўкі, так і для працяглага захоўвання. Гэта дазваляе прывезенае з поля збожжа не захоўваць проста на зямлі, няхай гэта будзе нават асфальтавае ці бетоннае пакрыццё, а суткі захоўваць у спецыяльным месцы ў чаканні дапрацоўкі» — расказаў кіраўнік гаспадаркі. 

Уся інфраструктура гаспадаркі з’яўляецца асновай для мяса-малочнай вытворчасці і жывёлагадоўлі ў цэлым. І хоць частка ўжо мадэрнізаваная, работы яшчэ шмат. Гэтая гаспадарка была створана фактычна з нуля за кошт аб’яднання сельгасугоддзяў, якія раней неэфектыўна выкарыстоўваліся. «Гэта ўзор стварэння новых гаспадарак: машынны двор, які павінен быць, зернесушылка, якая павінна быць, і малочнатаварная ферма. Гэта гаспадарка, павінна быць больш арыентавана, напэўна, усё ж такі на малочную жывёлагадоўлю і адкорм. Калі вы яшчэ птушку і свініну будзеце яшчэ недзе вырабляць, гэта ўжо ваша справа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён асобна звярнуў увагу на важнасць уключэння ў абарот кінутых зямель, якія не выкарыстоўваюцца, удасканалення інфраструктуры ад старых малых гаспадарак, на базе якіх неабходна ствараць новыя буйныя гаспадаркі. Гэта задача не толькі для Мядзельскага раёна і больш паўночных тэрыторый Віцебскай вобласці, але і для краіны ў цэлым. Аляксандр Лукашэнка параіў такім гаспадаркам арыентавацца на вопыт агракамбіната «Дзяржынскі» па комплексным развіцці вытворчасці, забеспячэнні ўласных патрэбнасцей у кармах. «На пачатковым этапе — 6-7 гаспадарак — для Мядзела больш не трэба. А потым, можа, ты паглынеш увесь Мядзельскі раён», — заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час у рамках мадэрнізацыі вёскі больш увагі ўдзялялі развіццю аграгарадкоў, сацыяльнай сферы: «Мы разумелі, што трэба людзям умовы стварыць. Мы кінуліся ў аграгарадкі, устанавілі стандарты, пачалі адраджаць вёску. І крыху захапіліся сацыяльнай базай. Атрымаўся перакос.Таму цяпер робім упор на матэрыяльную базу для таго, каб людзі маглі працаваць. Праца — гэта зарплата.Тады можна і аграгарадок у парадак прыводзіць і людзі будуць жыць у гэтым аграгарадку. Момант зараз уздыму матэрыяльнай базы. Вось у чым задума і мэта майго прыезду», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт ўпэўнены, што трэба, хоць гэта і нятанна, на базе старых і неэфектыўных гаспадарак, уцягваючы землі, якія не выкарыстоўваюцца, ствараць такія новыя сельгаспрадпрыемствы: «Трэба ісці ў гэтым напрамку і наводзіць парадак там, дзе яго няма. Гэта будучыня не толькі Мядзельскага раёна , але і краіны». Ён акцэнтаваў важнасць Мінскай вобласці для развіцця краіны ў цэлым, і таму сельгасвытворчасць у рэгіёне важна давесці да высокага ўзроўню. Прэзідэнт парэкамендаваў наведаць малочнатаварны комплекс у Слуцкім раёне, куды ездзіў на мінулым тыдні. Ён назваў яго ўзорам стварэння малочнатаварнага комплексу. 

«Вось развіццё сельскай гаспадаркі. Гэта наш шлях», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. 

Не чакайце надвор’я!

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло далажыў Прэзідэнту, што ўборачная кампанія ідзе нармальнымі тэмпамі. На раніцу 2 жніўня намалочана 1 млн 774 тысячы тон збожжа, што складае каля 22 працэнтаў. Кіраўнік дзяржавы дэталёва пацікавіўся дэталямі гэтай кампаніі, не пакінуў без увагі ўборку ў тым ліку азімага рапсу і грэчкі. Асобна беларускі лідар засяродзіўся на ўборцы льну. Ён расказаў, што кітайцы гатовы з нас купляць льное валакно ў вялікай колькасці. Пра гэта кіраўніку дзяржавы паведаміў Пасол Беларусі ў Кітаі Юрый Сянько на нядаўняй сустрэчы. «Да тэмы вырошчвання лёну мы яшчэ вернемся, і трэба па максімуме ў гэтым напрамку працаваць. Восенню паглядзім ураджай на Аршанскім ільнокамбінаце», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёлета умовы надвор’я абсалютна спрыяльныя для ўборкі. «Надвор’ея не чакайце, надвор’е ідэальнае. Поўдзень ужо да паловы падабраўся. Манеўраваць! Забыцца на мінулыя сухія гады! Надвор’е — падарунак, трэба проста разумна падыходзіць да ўборкі, тактыку выпрацаваць», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Ігара Брыло.

Прэзідэнт запатрабаваў ад сельскагаспадарчай галіны поўнага забясапечання ўнутранага рынка прадуктамі харчавання. А абмяркоўваючы пытанні экспарту сельсгаспрадукцы,і акцэнтаваў увагу на тым, што экспарт не павінен агаліць унутраны рынак. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло запэўніў, што праблем з унутраным рынкам не будзе. 

Таксама Аляксандр Лукашэнка адказаў на актуальныя пытанні, якія задалі яму журналісты. 

«Мы павінны накарміць сваіх людзей»

У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму Беларусь не будзе экспартаваць зерне. Паводле яго слоў, важна за кошт збожжа атрымаць прадукт з высокай дабаўленай вартасцю. Напрыклад, сучасныя кармы, чым займаецца БНБК. «Мы там вырабляем камбікармы, якіх постсавецкая прастора, упэўнены, не ведае. Таму мы маглі перапрацаваць і камбікормамі прадаваць. Тыя, хто прадае збожжа і выхваляецца: „вось мы экспартавалі пшаніцу і іншае“, вы падумайце, ці забяспечана ў вас жывёлагадоўля кармамі і ці ёсць там жывёлагадоўля? Некаторыя дзяржавы прадаюць шмат пшаніцы, зерня, кукурузы шмат. А потым купляюць малако і мяса», — сказаў ён. Таму пазіцыя Беларусі — павялічваць колькасць жывёлы, каб вырошчваць больш збожжа, карміць ім жывёлу і атрымліваць канчатковы прадукт — мяса і малако. «Галоўнае — гэта дабаўленая вартасць да выгады», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што такім чынам забяспечваюцца і новыя працоўныя месцы. 

Прэзідэнт прывёў у прыклад грэчку. Так, беларускаму насельніцтву трэба прыкладна 25-27 тон грэчкі. А плануецца сабраць 30-32 тысячы тон. То бок 3-5 тысячы тон грэчкі Беларусь можа прадаць. "Гэта дробязі, гэта невялікія грошы. Я не арыентую людзей на гэта. Мы павінны накарміць сваіх людзей, забяспечыць рынак. Суседзі з Літвы, Латвіі, Польшчы прыязджаюць хочуць нешта купіць, няхай прыязджаюць. Ужо гандаль на гэтым заробіць. І людзям дапаможам, людзі будуць удзячныя, ваяваць супраць нас не будуць. Гэта я да таго, што журналісты "свядомыя"і іншыя разважаюць, што Лукашэнка бязвіз увёў для таго, каб зарабіць грошы. А які дурань не жадае зарабіць грошы? І дзяржава жадае, і я гэтага жадаю. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, каб людзі ўбачылі, што побач з імі жывуць нармальныя людзі, што яны неагрэсіўна настроены, што гатовы ў цяжкую хвіліну дапамагчы. Глядзіш і не будуць ваяўніча супраць нас настроеныя, гэта немалаважна. А тое, што яны купяць у нас на гэтыя капейкі, гэта нас не ўратуе«, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы назваў журналістам галоўны мінус сельскай гаспадаркі — гэта недахоп грошай. «Было б пабольш грошай, у сельскай гаспадарцы грошы кінуў бы ў першую чаргу на меліярацыю. Трэба аднаўляць тое, што эксплуатуем ужо дзясяткамі гадоў, — каналы, дрэнаж. Я накіраваў бы гэтыя грошы і на адсталыя гаспадаркі, развіццё фермерства», — падзяліўся ён. 

Ідзе перадзел свету 

Падчас размовы была закранутая і міжнародная тэматыка. Журналісты паціка0аіліся, што беларускі лідар думае аб міжнародных падзеях апошніх дзён: двухдзённым палёце спікера кангрэса ЗША Нэнсі Пеласі на Тайвань, канфлікце Сербіі і Косава, заявах НАТА аб гатоўнасці ўмяшацца. «Памятаеце, калі пачаўся ковід, вы мяне не разумелі, нехта ненавідзеў, калі я гаварыў пра каронапсіхоз. А потым я спрабаваў растлумачыць, навошта і чаму гэта ўсё адбываецца. І сказаў, што пачаўся перадзел свету. Сёння ён у разгары. Спрабуюць перадзяліць свет, спрабуе кожны моцны (як ён сябе лічыць) адкусіць кавалак у суседа, яшчэ недзе, каб забяспечыць свой уплыў настолькі, наколькі ён псіхалагічна гэта разумее. І ў авангардзе ЗША. Ім ужо і кусаць не трэба, у іх іншая праблема — захаваць гэтае панаванне, і каб захаваць яго, яны такім чынам дзейнічаюць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што пандэмія абвастрыла ўсе язвы сусветнай палітыкі. Нагадаў пра верталётныя грошы, які раскідваў Еўрасаюз, пра тое, што амерыканцы штампавалі грошы. «Я казаў, што гэта бокам вылезе. Цяпер інфляцыя ў свеце шалёная, а інфляцыя — гэта вельмі цяжкі час для эканомікі. І мы спрабуем супраціўляцца інфляцыі, але пакуль цярпіма. Цяжкія гэтыя моманты, але пакуль цярпіма», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што многія праблемы ўзніклі менавіта з-за нерацыянальнасці кіравання дзяржавамі: «Паглядзіце на тыя дзяржавы, вы там бачыце хаця аднаго нармальнага кіраўніка? Іх там няма. І вось куча гэтых праблем стварыла праблемы ў эканоміцы. Хто б падумаў, што квітнеючая Германія будзе рэкамендаваць сваім людзям прымаць душ два разы на тыдзень, а не кожны дзень. Усюды дэфіцыт тавараў. А галадуха, галота заўсёды спараджае канфлікты і войны. Яны за кошт гэтага жадаюць паказаць, што яны эфектыўныя, і адвесці народ ад гэтых праблем. Маўляў ва Украіне вайна, цярпіце. Нейкі час людзі будуць цярпець, а потым спытаюць. Вось комплекс прычын», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што праз пандэмію пачаўся перадзел свету. Цяпер спрабавалі пераключыць увагу на воспу малпаўю. Але людзі не адрэагавалі і тады «вярнулі» ковід. Аднак, па яго словах, ужо вядома, што ковід стане сезоннай хваробай. І калі восенню будуць сезонныя ўспышкі, не трэба шалець, трэба проста лячыць людзей і глядзець за сабой. «Гэта шаленства, якое пачалося да ковіда і абвастрылася падчас яго, працягваецца і з гэтай сітуацыі, нядбайныя кіраўнікі спрабуюць выйсці і вывесці свае дзяржавы праз канфлікты і войны», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Журналісты нагадалі Прэзідэнту пра яго візіт у Бялгарда у 1999 годзе, які прайшоў пад бамбёжкамі НАТА, і пацікавіліся, што цяпер Беларусь можа зрабіць для Сербіі. Як вядома, на мінулым тыдні ўзаемаадносіны паміж Сербіяй і Косава вельмі абвастрыліся, пра сваю гатоўнасць умяшацца ў вырашэнне канфлікту ўжо заявіла НАТА. «Тады сапраўды было небяспечна. І па сёння перад вачыма выпадак, калі натаўцы, якія там бамбілі ўсё, апусілі мой самалёт на 500 метраў. Яны думалі, што я вярнуся, але я загадаў пілотам ляцець. Канешне, яны маглі б і збіць мой самалёт, але гэта ужо было б надзвычайна. І я пад бамбёжкамі прыляцеў. А праз некалькі гадоў пасля таго кіраўніцтва Сербіі далучылся да нейкіх санкцый супраць нас. Таму зараз я ў роздумах. Але і з іншага боку, гэта наш народ. Сербы добрыя, талковыя людзі. Ну не пашанцавалі ім у чымсьці», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. 

Ён прызнаўся, што не ведае, як дапамгчы сербам. І падкрэсліў, што варта паглядзець, як Сербія паводзіла сябе зусім нядаўна, калі супраць Беларусі ўводзілі санкцыі. Прэзідэнт правёў паралель з Украінай. «Яны там кажуць: „Вось, мы на Лукашэнку маліліся... А вось як ён мог паступіць?!“ Мяне ж там як агрэсара падаюць ва Украіне». А я так рэзка рэагую: а як вы маглі аб’явіць нам эканамічную вайну пры нашай пазіцыі тагачаснай, да вайны? Мы ж праводзілі дружалюбную, міралюбівую пазіцыю. Мы ж украінцаў падтрымлівалі, дзе толькі маглі. Яны супраць нас эканамічныя санкцыі ўвялі, закрылі неба і іншае. І пачалі нас дзёўбаць па ўказцы амерыканцаў.А цяпер закрычалі: «Вось, мы на Лукашэнку маліліся, а як ён мог паступіць?!» Дык вы паглядзіце, як вы зрабілі да гэтай ваеннай расійскай аперацыі. Так у мяне яшчэ хапае цярпення, яшчэ чагосьці...«, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Ён падкрэсліў, што кожныя суткі ў Беларусь з Украіны прыязджаюць да 500 чалавек. Іх кормяць, лечаць, многім даюць грамадзянства і працу. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта нашы людзі. Дакладна так і ў Сербіі. 

«Трэба падзяляць кіраўніцтва і звычайны народ. Станьце на маё месца, як бы вы гэта ўсё разумелі. Вядома, сербскаму народу трэба дапамагаць, і давядзецца дапамагаць. Мы такія людзі. Але мы ўлічваем палітыку Сербіі ў дачыненні да Беларусі. Ну калі яны хочуць там, як кажуць, на трох крэслах уседзець, у іх не атрымаецца. Тут мы, Расія, Еўрасаюз, Амерыка і іншыя. І ўсюды хочуць, каб было добра. Але ім не дадуць сядзець на гэтых усіх крэслах, і перш за ўсё еўрасаюзаўцы, куды яны так імкнуцца», — сказаў Прэзідэнт.

У працяг тэмы з Украінай журналісты пацікавіліся, што Аляксандр Лукашэнка думае наконт пастаўкі збожжа з Адэсы ў Турцыю. «Яны ў чарговы раз стварылі амаль фэйк: маўляў, калі б Украіна магла вывезці збожжа, то голаду б ні ў Еўропе, ні ў Афрыцы б не было. Пры гэтым нават у лепшыя часы Украіна забяспечвала толькі паўтара працэнта экспарту збожжа. Гэта нішто, арыфметычная хібнасць. І яны пачалі абвінавачваць і нас, і Расію, што мы агрэсары, не даем вывезці вялікую колькасць украінскага збожжа, таму голад. Але мы з Пуціным адразу разабраліся ў сітуацыі і адрэагавалі, прадаставіўшы магчымыя маршруты для транспарціроўкі: „Калі ласка, вывозьце. Самае таннае — праз Беларусь, вязіце. А не, жаба душыць: як гэта — прыйшлі зноўку да дыктатара прасіць, каб збожжа дапамог вывезці? Хаця па чайнай лыжцы, напэўна, вывозяць, чыгунцы нейкая аплата была, як мне прэм’ер-міністр далажыў“. Мы нават на гэта не глядзім — хочаце вывозьце. Пачалі вывозіць», — сказаў Прэзідэнт. Аднак, па яго словах, ім трэба прыгожа выйсці з сітуацыі. Сустрэліся ў Турцыі, дамовіліся — і павезлі зерне. Але, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, тых 20 суднаў, якія яны вязуць, нават Турцыі не хопіць. Іран ужо дамаўляецца з Расіяй, каб з новага ўраджаю збожжа пастаўлялі. «Таму гэта проста гульні. У СМІ пачалі гарлапаніць: „Голад! Прычына голаду тут у Расіі і Беларусі“. Калі мы ім сказалі: „Давайце“, — даводзіцца даваць. Вы хутка ўбачыце, гэтая тэма сыдзе, яна ўжо сыходзіць. А тое, што застанецца, вы ўбачыце, чаго гэта варта. Гэта балбатня, не больш», — заявіў беларускі лідар. 

Мы абаронім гэтыя сем’і

Успомінілі і сітуацыю з інтэрв’ю Прэзідэнта вучням Рыжскай Акадэміі радыё і тэлебачання. Юныя журналісты перад адкрыццём «Славянскага базара ў Віцебску» узялі інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі, а пасля вяртання дадому, у Латвію, іх сталі за гэта цкаваць. «Людзей, дзяцей пачалі, як мне дакладваюць, ціснуць, цкаваць. Вось вам дэмакратыя. Мы зробім усё для гэтых дзяцей і для гэтых сем’яў. Усё, што ім трэба, мы зробім. Яны ж у нас не просяць ні грошай, ні кватэр, ні жылля. Адзінае, яны звярнуліся з просьбай у паскоранай форме атрымаць беларускае грамадзянства. У нас жа няма праблем. Вядома, мы абаронім гэтыя сем’і і гэтых дзяцей. Няхай прыязджаюць. Добрыя дзеткі. У нас месца хапае. Будуць працаваць — будучыя журналісты. Навучым, тэхніку купім. Няхай пацярпелыя быццам бы з-за нас людзі думаюць пра нас добра», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі атрымаць грамадзянства вельмі проста. І спрошчваць механізм прыняцця грамадзянства ўжо няма куды. Ён прывёў да прыкладу перасяленцаў у Украіны. «Як толькі ўзнік канфлікт, я даручыў адміністрацыі, губернатары хутка заявы сабралі, праз пару месяцаў яны павучылі грамадзянства. Хутчэй ужо не бывае. Бо ў нас Прэзідэнт можа прыняць у грамадзянства. А мне на стол дакументы — затрымкі не будзе. Дакладна так будзе і літоўцам, латышам і палякам», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што спецыялістаў, якія хочуць жыць і працаваць у Беларусі, тут будуць рады бачыць. «Будзем усё рабіць, каб прыняць у нашу беларускую сям’ю самых прыстойных і добрых нашых суседзяў. І не толькі суседзяў. Хто хоча ў нас працаваць, жыць па-беларуску, калі ласка, дзверы адчыненыя» , - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Валерыя СЦЯЦКО

Мядзельскі раён

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.