Вы тут

Любіць сябе


«Любі сябе. Быццам ад гэтага залежыць тваё жыццё». Так называецца томік з серыі «кнігі, якія трэба прачытаць да 35 гадоў». Я ўжо не паспела. Але, як той казаў, «найлепшы час, каб пасадзіць дрэва, быў 20 гадоў таму. Наступны падыходзячы момант — сёння». Тым больш, прадмова аўтара мяне ўжо заінтрыгавала. «Вы не прыходзіце ў спартзалу адзін раз, каб са спакойнай душой прызнаць: справа зробленая. Тое ж самае і з навучаннем любові да самога сябе. Ісціна ў тым, каб укладваць у любоў да сябе столькі ж сіл, колькі б вы ўклалі, падцягваючыся на руках, каб ускараскацца на скалу. Як быццам ад гэтага залежыць ваша жыццё. Пачаўшы аднойчы, гэта няцяжка працягваць рабіць. Проста трэба ўзяць на сябе абавязак — і я пакажу, як зрабіў гэта я. Любоў змяніла ўсё маё жыццё. Я ведаю, што яна стане ператварэннем і для вас».


На днях, убачыўшы, што муж выбірае з міскі для садавіны самыя прыгожыя яблыкі, а крыху падгнілыя так і працягваюць там ляжаць, на аўтамаце сказала: «Ты б спачатку разабраўся з горшымі...» У тое ж імгненне мы разам рассмяяліся, бо якраз напярэдадні я яму распавядала пра маці сваёй прыяцелькі, якая, маючы цэлы парнік памідораў, усё жыццё есць сапсаваныя. І прытчу з гэтай нагоды. Пашанцавала аднойчы кабеце — купіла цэлы мяшок яблыкаў за паўцаны. Прыйшла дадому, глядзіць: а там адна папяроўка крыху падгнілая аказалася. «Ну, — думае, — я яе сёння з'ем, а заўтра пакаштую свежанькую». Але на раніцу глянула ў мяшок і ўбачыла, што яшчэ адзін яблык пацямнеў. Прымяніла тую ж схему — з'ела яго, папярэдне абрэзаўшы падгнілае месца, а здаровыя плады на заўтра прыберагла. У выніку цэлы месяц харчавалася гнілымі яблыкамі.

Ды што далёка хадзіць, мая мама такая ж. Колькі сябе памятаю, усё найлепшае ў нас складалася ў секцыю, што стаіць у зале. Там, за шклом, і дагэтуль на пачэсным месцы стаяць зусім новенькія сервізы, якім па 20-30 гадоў. А калі нарадзіўся мой сын, мама дастала з секцыі кардонку з новенькімі распашонкамі і паўзункамі. Гэтую каробку з надпісам «Для нованароджанага» ім з татам падарылі на мае хрэсьбіны. Але яна так і засталася ляжаць у секцыі да лепшых часоў. Мама берагла адзенне для сваіх унукаў. Я не змагла не ўзяць тыя рэчы, але Сымонка так іх не разу і не надзеў. Захоўваю больш як рэліквію, думаю, можа, перашыю штосьці, бо там вельмі якасная і прыемная на дотык фланель. Справа ў тым, што цяпер, дзякуй богу, няма дэфіцыту з дзіцячым адзеннем. І, як ні круці, сучасныя кофтачкі і штонікі больш зручныя і практычныя, чым савецкія паўзункі і распашонкі. Маму можна зразумець, яна рана засталася без бацькоў, ёй усё ў жыцці цяжка даставалася. Не раз казала, што ёй хацелася, каб у яе дзяцей і ўнукаў было па-іншаму.

Мне, дарэчы, таксама часткова перадалася маміна ашчаднасць. Набор посуду, які падарыла сястра, я дастала з каробкі толькі праз 5 гадоў пасля вяселля. Цяпер шкадую, што не зрабіла тое раней. Есці штодня з прыгожага посуду так прыемна!

Надоечы перабірала шуфляду з рознымі паперкамі і знайшла даўняе віншаванне ад сястры. Там былі такія радкі: «Паліце свечкі, ешце з прыгожага посуду, насіце прыгожую ніжнюю бялізну. Нічога не пакідайце для асаблівага выпадку. Асаблівы выпадак — ЦЯПЕР».

Нядаўна свякроў перадала нам тры галоўкі капусты. Мы паспелі з'есці толькі першую, як яна прывезла яшчэ адну. Я спачатку хацела нашаткаваць на сняданак тую, што праляжала ўжо больш як тыдзень. Але пасля згадала віншаванне сястры і зрабіла салату з самага свежага качана.

«Калі я пачаў любіць сябе, я вызваліўся ад усяго, што прыносіць шкоду майму здароўю — ежы, людзей, рэчаў, сітуацый. Усяго, што цягнула мяне ўніз і адводзіла прэч ад сябе. Спачатку я назваў гэта пазіцыяй здаровага эгаізму. Сёння я называю гэта «любоў да самога сябе», — казаў Чарльз Чаплін падчас прамовы на ўласнае 70-годдзе.

Ёсць выдатнае практыкаванне, з якога можна пачаць прывіваць любоў да сябе. Вазьміце чысты аркуш і напішыце, што для вас значыць «любіць сябе». Гэта могуць быць самыя простыя рэчы. Напрыклад, «нарэшце папіць кавы ў цішыні», «дазволіць сабе ўзяць адпачынак ад работы, які не брала апошнія дзесяць гадоў», «увесці за правіла мазаць твар і рукі крэмам перад сном». І проста тут і цяпер, не адкладваючы, выканайце самы просты пункт з вашага спіса. І так штодзень. Я пачала. Далучайцеся. Бо, як казаў Эрых Фром, «любоў да іншага чалавека пачынаецца з любові да сябе».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр РТБД — пра прызванне, ахвяры дзеля ролі і місію тэатра

Акцёр РТБД — пра прызванне, ахвяры дзеля ролі і місію тэатра

«Я разумеў, які цяжкі матэрыял трэба будзе ўвасобіць на сцэне».

Гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам лепш не прымаць паспешлівых рашэнняў.

Спорт

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

«Галоўная задача „Беларусь 5“ — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт».