Вы тут

Як правільна праяўляць каханне да свайго партнёра? 5 простых спосабаў


Сваё каханне і клопат да партнёра можна выяўляць па-рознаму. У кожнага ёсць сваё ўспрыманне таго, як яму хочацца, каб да яго ставіліся. Гэта свайго кшталту родная мова кахання, якая не заўсёды супадае з роднай мовай партнёра. Наогул, існуе пяць моў кахання: словы заахвочвання, час, падарункі, дапамога і дакрананні. Бывае, што вы стараецеся праявіць каханне, паказваеце, наколькі партнёр важны і дарагі, але ён як быццам не разумее і не адчувае вашых намаганняў. Можа быць, так адбываецца таму, што вы размаўляеце на розных мовах? Таму нам важна навучыцца размаўляць на мове партнёра, каб умацаваць эмацыйную сувязь і такім чынам стаць яшчэ бліжэй адно да аднаго. Гэта гарантуе вам адносіны, поўныя разумення і даверу.


Дакрананні — гэта не проста сродак сувязі паміж блізкімі людзьмі, але і спосаб выказвання сваіх пачуццяў — знак адкрытасці і даверу. Тактыльныя кантакты дораць мужчыну і жанчыне пачуццё ўпэўненасці ў тым, што яны каханы сваёй другой паловай. Акрамя таго, дакрананні робяць адносіны больш гарманічнымі. Далікатныя абдымкі мужа і жонкі даюць абаім адчуванне бяспекі і абароненасці, забяспечваюць пачуццё камфорту. Паспрабуйце часцей дакранацца, абдымацца, гладзіць, цалаваць. Такія тактыльныя праявы дапамогуць падтрымліваць цеплыню ў стасунках, а пры астуджэнні адносін — вярнуць яе.

Навукоўцы: дакрананні змяншаюць нервовую напругу і ўзровень трывожнасці, павялічваюць у крыві ўзровень аксытацыну, які ўзмацняе ўзаемную прыхільнасць. Памяншаюць выпрацоўку картызолу (гармон стрэсу), які правакуе раздражняльнасць і неспакой. Апроч усяго іншага, далікатныя пагладжванні і ласкавыя абдымкі ўмацоўваюць імунітэт.

Падбадзёрлівыя словы. Пахвала — гэта толькі адзін са спосабаў выказаць каханне словамі. Іншы дыялект гэтай мовы — падбадзёрваючыя словы. «Пабадзёрваць» значыць «надаваць бадзёрасць, мужнасць». Бывае, у той ці іншай вобласці мы пачуваемся няўпэўнена. Нам не хапае смеласці, і гэта часта перашкаджае дабіцца таго, чаго б мы хацелі і да чаго ў нас ёсць здольнасці. Магчыма, ваша палоўка чакае, каб вы падтрымалі і падбадзёрылі яе. Бо менавіта страх блакуе ініцыятыву. Мы павінны ўбачыць свет вачыма нашага партнёра, павінны даведацца, што важна для яго. Толькі тады мы зможам сапраўды яго падтрымаць. І сэнс нашых слоў такі: «Я цябе разумею. Мне гэта таксама важна. Я з табой. Як табе дапамагчы?» Такім чынам мы паказваем чалавеку, што верым у яго магчымасці. Мы загадзя захапляемся ім. Часта адсутнасць смеласці перашкаджае нам рэалізаваць свае таленты. Словы блізкага чалавека могуць паслужыць каталізатарам. Верагодна, гэта мова чужая для вас, і каб авалодаць ёй, запатрабуецца шмат сіл і цярпення. Асабліва, калі вы прывыклі крытыкаваць і асуджаць. Не сумнявайцеся, вынікі не прымусяць вас чакаць. Як толькі партнёр адчуе, што ён каханы і важны, яго паводзіны і стаўленне да вас несумненна палепшыцца.

Для адных людзей праява кахання — гэта пастаянны клопат і дапамога ва ўсіх пытаннях, для іншых — знакі ўвагі ў выглядзе кветак і падарункаў.

Час, праведзены разам. Для таго, хто размаўляе на мове часу, галоўнае быць разам як мага больш. Быць разам азначае надаваць увагу адно аднаму. Калі вы побач, то павінны размаўляць, глядзець у вочы, уважліва слухаць. Часта людзі няправільна разумеюць запатрабаванні сваёй палоўкі. Неабходна суперажываць, імкнуцца зразумець думкі, пачуцці і жаданні іншага. Часам навучыцца слухаць амаль так складана, як вывучыць замежную мову. Але каб зразумець партнёра, гэта давядзецца зрабіць. Паспрабуйце не раіць, а спачуваць. Спрабуйце зразумець, а не прапаноўваць рашэнне. Задавайце больш пытанняў і засяродзьцеся на чалавеку, а не на яго праблеме.

Адносіны патрэбны для таго, каб атрымліваць больш задавальнення і радасці, быць шчаслівымі.

Падарункі. Для многіх кахаць і аддаваць — адно і тое ж. Чалавек, які размаўляе на мове падарункаў, іх кошт абсалютна не важны. Бо галоўнае — увага. Вы шукалі падарунак, такім чынам, падумалі аб чалавеку і патрацілі на гэта свой час і энергію. Паверце, партнёр гэта ўсё ўлічвае. Пры гэтым мова падарункаў — самая простая. Вы можаце купіць нейкую дробязь ці зрабіць нешта сваімі рукамі. Калі вы разумееце, што вам патрэбна менавіта такая ўвага, скажыце пра гэта. Магчыма, ваш партнёр проста не разумее, што гэта ўвогуле мае для вас вялікае значэнне. Часцей за ўсё мы можам толькі здагадвацца, чаго хоча наш каханы чалавек, але не ведаем напэўна. Таму вельмі карысна, калі ён нам можа пра гэта наўпрост сказаць. Гэта гарантуе што запатрабаванні і жаданні ў пары будуць задаволеныя. 

Дапамога. Калі ваш партнёр скардзіцца, на тое, што вы не дапамагаеце яму, а ён стаміўся ўсё рабіць сам, то яго мова кахання — дапамога. Дапамога можа быць рознай: забраць з працы, прыбраць кватэру ці пагуляць з сабакам... Дапамагаючы партнёру, вы імкняцеся яму дагадзіць, выяўляючы сваё каханне. Бо дапамога патрабуе часу і сіл. Калі вам праўда важна, каб ваш партнёр дапамог з тым, што выклікае ў вас цяжкасці, а ён гэтага не разумее, — папрасіце. Аб дапамозе трэба толькі прасіць, але не загадваць. А яшчэ не трэба крыўдзіцца, калі вам не дапамагаюць па ўмаўчанні. Магчыма, ён і не здагадваецца, што вас непакоіць.

Чаму так важна гаварыць аб сваіх жаданнях?

  • Калі партнёр не ведае, чаго хоча і ў чым мае патрэбу, таму не можа нават пра гэта расказаць або папрасіць. Як вынік, ёсць чаканні, што другая палоўка павінна даведацца за яго. Але партнёр гэтага зрабіць не можа, і ў выніку адносіны поўныя расчаравання, нявыкананых чаканняў і незадаволенасці.
  • Калі чалавек ведае пра свае патрэбы і жаданні, але не кажа пра іх, таму што баіцца. Баіцца быць нязручным. У выніку маўчыць, і толькі і займаецца тым, што задавальняе запатрабаванні партнёра, а пра свае забывае.
  • Калі чалавек ведае ў чым мае патрэбу, кажа пра гэта, але не гатовы аддаваць і клапаціцца пра іншага сам. У выніку, адзін увесь час бярэ, а іншы вечна дае. З часам, гэта ўжо ператвараецца не ў адносіны мужчыны і жанчыны, а ў адносіны маці і дзіця.

Адносіны на працягу ўсяго жыцця могуць мяняцца. Запал немагчыма заўсёды захоўваць на адным узроўні, але гэта не значыць, што з цягам часу ён абавязкова цалкам знікне. Каб пабудаваць шчаслівыя адносіны трэба дзяліцца сваімі эмоцыямі, разумець і казаць аб сваіх патрэбах! Вы будзеце здзіўлены, якія вынікі дае адкрытасць і шчырасць! Памятайце, сваімі словамі і ўчынкамі вы будуеце сваю рэальнасць.

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: рexels.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.