Вы тут

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава Віктара Барабанцава


11 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстаўка «Пачуццяў светлых прыгажосць» вядомага мастака, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Віктара Барабанцава. Выстава прымеркаваная да 75-годдзя творцы.


Каля трох дзясяткаў прац даюць гледачу ўяўленне пра адметны стыль мастака і, сапраўды, абуджаюць светлую гаму пачуццяў. Разглядаючы карціны Віктара Барабанцава, можна здзейсніць падарожжа па Беларусі: дзівосныя пяшчотныя пейзажы, панарамы старажытных мястэчак і вёсак, храмы, беларускія народныя святы... І ўсё напісана з вялікай любоўю да сваёй зямлі. Асабліва сімвалічна выглядала на вернісажы карціна «Жнівень», з адлюстраваннем на фоне мястэчка са старажытным храмам разгалістай яблыні, усыпанай чырвонымі спелымі яблыкамі. І таму, што ўсё адбывалася менавіта ў жніўні, і таму, што ў карціне можна ўгледзець сімвал плённага жыцця, калі можна ўжо збіраць творчы ўраджай. Палотны «Гуканне вясны», «Купалле», «Каляды» дазваляюць апынуцца ў беларускай народнай стыхіі, адчуць далучанасць да беларускай традыцыйнай культуры, як, безумоўна, далучаны да яе аўтар.

— Віктар Барабанцаў — мастак, які выдатна бачыць і ўмее перадаваць вобразы, — так выказалася падчас адкрыцця выставы намеснік старшыні Саюза мастакоў Беларусі мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. — Гэтая выстава вельмі светлая. Я прайшлася па зале, і ў мяне засталося адчуванне светлыні і цяпла. Мы ўсе ведаем, што Віктар Барабанцаў вядомы і іншымі сваімі работамі... Ён родам з Гомельскай вобласці, перажыў чарнобыльскую трагедыю. Адным з першых паехаў у зону, каб занатаваць тое, што адбылося, стварыў там шмат пранізлівых, вельмі моцных і складаных цыклаў, звязаных з гэтай трагедыяй, трагедыяй яго роднай зямлі. Напэўна, толькі чалавек, які перажыў вялікую трагедыю, можа вось так светла, добразычліва і адкрыта ўспрымаць жыццё. А гэта ёсць на ўсіх яго палотнах тут, столькі беларускага, шчырага.

Мастак Уладзімір Уродніч, старшыня суполкі «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў, у якую ўваходзіць і Віктар Барабанцаў, адзначыў яго вернасць сваім творчым прынцыпам — мастак адчувае сябе грамадзянінам сваёй краіны, з'яўляецца носьбітам гістарычнай памяці. Уладзімір Уродніч распавёў, што суполка «Традыцыя» вядзе актыўную работу па прапагандзе гістарычнай памяці.

— У кожнага мастака з нашага аб'яднання адно меркаванне — мы павінны крочыць разам са сваёй краінай, — лічыць Уладзімір Уродніч.

Цёплым словам прывітаў юбіляра паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп. Ён падкрэсліў беларускасць карцін Віктара Барабанцава.

— У яго карцінах — уся Беларусь: беларускае неба, беларускі снег, беларускае сонца, беларускія кветкі... Ад гэтых карцін ідзе святло, натхненне... Глядзячы на яго палотны, хочацца пабываць каля гэтых храмаў, прайсціся па гэтых дарогах... І тое, што ўсё напісана з любоўю, з душой, перадаецца гледачу.

Выстава працягне працаваць да 11 верасня.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.