Вы тут

З хлебам і песняй


На Століншчыне ніколі не забывалі спрадвечную палескую традыцыю: пасля таго, як зжыналі апошні сноп новага ўраджаю, ішлі на бяседу, каб з песняй і свежым караваем адзначыць свята ўраджаю. Гэтым разам хлебаробы раёна яшчэ ў сераду першымі не толькі ў вобласці, але і ў краіне скончылі ўборку збожжавых, а ў мінулую нядзелю ў аграгарадку Кароцічы справілі свята ўраджаю.


Былі на тым фестывалі працаўнікоў вёскі песні і танцы, былі ўзнагароды і падарункі. Яшчэ па дарозе на свята ўдзельнікі падсілкоўваліся дажыначным настроем: наўкола стаялі самыя розныя саламяныя фігуры. Нават конкурс на найлепшы вараб з саломы быў аб'яўлены напярэдадні. А першы знак павагі і пашаны ад усіх удзельнікаў — земляробаў, кіраўнікоў раёна, гасцей, прадстаўнікоў грамадскасці — быў аддадзены абаронцам Радзімы. Да помніка землякам, якія загінулі на палях Вялікай Айчыннай вайны, усклалі кветкі.

Затым накіраваліся да галоўнай пляцоўкі мерапрыемства, каб аддаць належнае віноўнікам урачыстасці. Узнагароды атрымалі камбайнеры і кіроўцы, спецыялісты гаспадарак, іх кіраўнікі. Вядома, першыя ўдзячныя словы і першыя ўзнагароды атрымалі камбайнеры: тыя, хто працаваў у складзе 99 экіпажаў з цямна да цямна, хто ў сціслыя тэрміны і без страт сабраў вырашчанае.

— У гэтым годзе з рэкордным для сябе намалотам раён першым у вобласці скончыў уборку збожжавых і зернебабовых, сабрана больш за 101 тысячу тон збожжа, — адзначыў старшыня райвыканкама Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ. Ураджайнасць у раёне таксама даволі высокая — намалацілі 48,5 цэнтнера з кожнага гектара, што на 8,4 цэнтнера больш за леташні паказчык.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый НАРКЕВІЧ перадаў падзяку земляробам раёна ад імя ўсіх жыхароў вобласці і адзначыў іх важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны.

Адзін за адным на сцэну для атрымання ўзнагарод узняліся 75 чалавек. З перамогай у спаборніцтве віншавалі экіпаж Ільі і Юрыя Неўдахаў з КСУП «Відзіборскі». Механізатары ў раёне вядомыя, яны ўжо не раз адзначаліся і на ўзроўні вобласці. Таксама высокія вынікі і такое ж майстэрства паказалі камбайнеры з СВК «Фядорскі» — экіпажы Пятра і Сяргея Платніцкіх, Леаніда Свірскага і Рыгора Лясько, Уладзіміра Шувалава і Дзмітрыя Багаткі. Першым сярод найлепшых кіроўцаў назвалі Рыгора Юнкевіча з гаспадаркі «Прыпяць-2009», які хутка і якасна дастаўляў збожжа да пункта перапрацоўкі.

Не абышлося, вядома, без ушанавання гаспадарак, якія паказалі найлепшыя вынікі ў справе вырошчвання хлеба. Першае месца па выніках спаборніцтва аказалася ў сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Рубельскае», якое, дарэчы, заснаваў фермер Аляксей Кобец. Другое і трэцяе месца занялі адпаведна — КУПП «Манькавічы» і КСУП «Відзіборскі».

Асаблівай адзнакі на гэты раз удастоена і СВК «Фядорскі». Тутэйшыя механізатары першымі справіліся са сваім жнівом і пяццю экіпажамі накіраваліся на дапамогу ў гаспадаркі свайго і суседніх раёнаў.

Пасля афіцыйнай часткі фестываль працягваўся на розных пляцоўках. Было многа добрых усмешак і сустрэч. Шмат гледачоў сабралі выставы дажыначных снапоў і сельскагаспадарчай тэхнікі. Камбайны стаялі прыгожа ўбраныя: ну чым не героі жніва? Працавалі выстава твораў рамеснікаў, выязны гандаль. Настрой стваралі самадзейныя артысты. Дарэчы, на ўрачыстай частцы фестывалю былі адзначаны дыпломамі таксама работнікі культуры, прафсаюзныя актывісты. За што? За тое, што падчас уборачнай з поля не вылазілі, падбадзёрвалі хлебаробаў песняй і словам.

Ну і гаспадары дажынак выглядалі на свяце вельмі дастойна. ААТ «Кароцічы» адзначылася рэкордным ураджаем, больш за 60 цэнтнераў збожжа атрымалі тут з гектара. Не сорамна гасцей прымаць, калі гаспадары заможныя.

Яна СВЕТАВА

Фота Аляксандра НІКІФАРОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.