Вы тут

Як палескі творца ажыўляе дрэва


Немагчыма злічыць, колькі таленавітых людзей жыве ў Беларусі. Часам вялізны талент можна знайсці нават у невялікай вёсачцы. Напрыклад, у вёсцы Цераблічы Столінскага раёна жыве і працуе выдатны майстар, рэзчык па дрэве Іван Супрунчык. Іван Філіпавіч стварыў у роднай вёсцы ўнікальны этнаграфічны музей. А яшчэ ён збірае легенды і паданні роднага Палесся і з задавальненнем дзеліцца імі з гасцямі музея. Ды яшчэ і на адметным палескім дыялекце. Уражанні ад гэтага казачнага месца застаюцца незабыўныя. 


Многія гісторыі пра Палессе Іван Філіпавіч расказвае ў сваіх работах. Сустракаюць гасцей музея 16 скульптур — 16 радоў, якія спакон вякоў жывуць у Цераблічах. Кожнаму Іван Філіпавіч дае свае характарыстыкі (што, зразумела, адлюстравана і ў скульптурах). «Гэтыя роды і сёння ў нас жывуць — жэняцца, нараджаюць дзяцей, паміраюць. Адныя скардзяцца пастаянна, другія — заўсёды бедныя, у трэціх — вельмі прыгожыя дзяўчаты. „У Барыса шкура, бо дурна натура“ — такі дурнаваты, а ён не крыўдзіцца , „У Маісея морда, бо натура цвёрда“ — вельмі ўпарты. Да Стральцова заўсёды ездзілі паны, я з роду Стральцовых па бацьку, вось і да мяне госці прыязджаюць», — тлумачыць Іван Філіпавіч. 

Ёсць у яго і версія, чаму ў Цераблічах жывуць гэтыя рады. Аказваецца, калісьці ў вёсцы жыў нейкі чалавек Ліфан. І аднойчы ён забіў цяля, і даў кожнаму роду па цялінай частцы. 16 радоў, 16 хат утварылі вёску Цераблічы.

Сямейная тэма працягваецца і асабістай гісторыяй Івана Філіпавіча. Шмат скульптур ён прысвяціў сваёй маме, бацьку, які не вярнуўся з фронту Вялікай Айчыннай вайны, успамінам юнацтва. Майстар захаваў многія рэчы са свайго дзяцінства і сёння паказвае, як палеская вёска жыла ў мінулым стагоддзі. Канешне, не абыходзіцца і без адметных абрадаў, напрыклад, цягання бабкі-павітухі. 

Аднак, у мінулым Іван Філіпавіч не застаецца. Шмат яго скульптур прысвечана сучасным тэмам — развалам Савецкага Саюза, пандэміі, войнам, палётам у космас, Алімпійскім гульням. Дрэвам майстар нават паказаў, як інтэрнэт уплывае на людзей. 

Перваг пэўнаму дрэву Іван Філіпавіч не аддае, працуе з любой пародай. «Працуе не дрэва, а сякера. Калі ты ведаеш, што робіш, ты гэта зробіш. На тое я і мастак», — адзначае майстар. 

У 2001 годзе Іван Піліпавіч Супрунчык стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыіі «Народная творчасць». Яго работы прадстаўлены ў многіх беларускіх і замежных музеях. Але, шчыра кажучы, знаёміцца з імі трэба ў Цераблічах з дапамогай самаго Івана Філіпавіча. Толькі, адчуваючы палескі каларыт, слухаючы аповеды творцы, можна адчуць, як дрэва стала жывым. А такое магчыма толькі на Палессі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы Голад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

Яшчэ гадоў 10-15 назад салодкія садовыя буякі можна было лічыць далікатэсам.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.