Вы тут

Сіманоўская: Падыходы да маладзёжнай палітыкі выбудаваны, сістэма працуе


Крытэрыі эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі дадуць магчымасць ацаніць становішча маладых людзей у Беларусі. Аб гэтым заявіла начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна Сіманоўская падчас круглага стала «Маладзёжная палітыка ў Беларусі: асноўныя напрамкі і прыярытэты».


Фота: БелТА

«Для кіраўніцкіх рашэнняў і ўдасканалення работы нам не хапае сістэмы ацэньвання, нейкіх нормаў і крытэрыяў. Таму на працягу 2022 года Міністэрства адукацыі сумесна з міністэрствамі і ведамствамі, аблвыканкамамі распрацоўвала крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Цяпер праект знаходзіцца ўжо на завяршальным этапе. Гэта будзе абсалютна новы дакумент — у нас ніколі не было падобнага нарматыўнага акта. Плануецца яго зацвердзіць і зрабіць абавязковым, для таго каб, збіраючы інфармацыю, якая нас цікавіць, выкарыстоўваючы статыстычныя даныя і ведамасную справаздачнасць, мы маглі на працягу года атрымліваць дакладныя лічбавыя і колькасныя паказчыкі, зводзіць іх і рабіць ацэнку, пачынаючы ад установы адукацыі і заканчваючы любым дзяржорганам. У першую чаргу гэта дасць разуменне таго, што намі дасягнута, наколькі эфектыўна мы зрабілі сваю работу, чаго нам не хапае, дазволіць аб'ектыўна падыходзіць і да ацэнкі нашай работы, і наогул лепш бачыць становішча моладзі ў Беларусі, — растлумачыла Таццяна Сіманоўская. — Крытэрыі будуць ахопліваць практычна ўсе асноўныя напрамкі маладзёжнай палітыкі: ахову здароўя, культуру, пытанні занятасці, долю моладзі з другаснай занятасцю, уключанай у студатрадаўскі рух, і гэтак далей. Усе індыкатары і паказчыкі на гэты момант адпрацаваны і праходзяць апошнія ўзгадненні. Таксама мы працуем над сацыяльным пашпартам моладзі. Ён будзе дапаўненнем да нашых крытэрыяў».

Эксперт адзначыла, што ў Беларусі шмат робіцца для маладых людзей. «Рэгіянальныя семінары паказалі, што падыходы выбудаваны, сістэма працуе. Сфарміраваны вельмі моцны сацыяльны пакет, гэта датычыцца падтрымкі і маладых сем'яў, і маладых спецыялістаў», — падкрэсліла Таццяна Сіманоўская.

Акрамя таго, Міністэрствам адукацыі пашыраны нормы закона «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі». «Праект закона знаходзіцца сёння ў Палаце прадстаўнікоў, ён падрыхтаваны да другога чытання. У законе мы ўлічылі навацыі і змяненні, унесеныя ў абноўлены Кодэкс аб адукацыі, які, у сваю чаргу, пацягнуў за сабой падрыхтоўку больш як 300 нарматыўных актаў па ўсіх напрамках сістэмы адукацыі. У праекце закона, у прыватнасці, прапісаны новы напрамак у нашай рабоце — гэта падтрымка маладзёжных ініцыятыў. У моладзі і маладзёжных арганізацый з'явіцца магчымасць вылучаць праекты, атрымліваць пад іх фінансаванне з боку дзяржавы і такім чынам уносіць уклад у развіццё свайго горада, рэгіёна і ўвогуле краіны», — праінфармавала прадстаўнік Мінадукацыі.

Паводле яе слоў, цяпер вядзецца работа над укараненнем яшчэ аднаго нарматыўнага акта — гэта Указ кіраўніка дзяржавы № 425. «Ён дазволіць атрымліваць у сферы маладзёжнай палітыкі да 20 грантаў з прэзідэнцкага фонду. Заклікаем моладзь адгукацца — ёсць гранты не толькі ў сферы адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя, але і ў маладзёжнай сферы. Любы малады чалавек або грамадскае аб'яднанне змогуць атрымаць добрую фінансавую падтрымку на рэалізацыю свайго праекта», — запэўніла Таццяна Сіманоўская.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.