Вы тут

На АрМГ—2022 прайшлі спаборніцтвы ваенных сувязістаў «Упэўнены прыём»


Заключны этап — «Ваенізаваная эстафета» — адбыўся на палігоне 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, а для беларускага боку гэты турнір ужо трэці па ліку ў ролі гаспадароў.


Усяго конкурс быў падзелены на 5 этапаў: «Упэўнены прыём», «Радыёабмен», «Радыёарыентаванне», «Ваенізаваная эстафета», а таксама «Работа на абсталяванні ІT-структуры». У спаборніцтвах на апошнім этапе прымалі ўдзел сувязісты з Беларусі, Расіі, В'етнама і Узбекістана.

Начальнік сувязі Узброеных Сіл — начальнік упраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Алег Мішчанка перад стартам апошняга этапу расказаў аб сур'ёзным узроўні спаборніцтваў:

— У конкурсе сувязістаў «Упэўнены прыём» у гэтым годзе ўдзельнічае рэкордная колькасць каманд — удзел у спаборніцтвах пацвердзілі 12 краін. «Ваенізаванай эстафеце» сёлета нададзена больш дынамікі і відовішчнасці. Упрыгожаннем гэтага спаборніцтва стаў удзел дзяўчат: былі выстаўлены чатыры жаночыя каманды, а перамогу атрымала наша зборная.

Удзельнікі конкурсу павінны былі здзейсніць праезд на камандна-штабной машыне (КШМ) з пераадоленнем паласы перашкод. Затым адбывалася разгортванне КШМ і настройванне радыёстанцыі ў адпаведнасці з атрыманымі радыёданымі. Потым удзельнікі прыступалі да стральбы па мішэнях.

Прадстаўнік расійскага боку ў судзейскай калегіі капітан 3 рангу Наталля Карасік засталася пад уражаннем ад спаборніцтваў:

— Я вельмі люблю Беларусь, з задавальненнем прыязджаю сюды. «Ваенізаваная эстафета» — самая відовішчная частка спаборніцтваў, дзе трэба паказаць майстэрства і найлепшыя навыкі.

Ваеннаслужачыя пад крычалкі сваіх таварышаў па камандзе, якія не прымаюць удзел у эстафеце, і падтрымку салдат з іншых каманд паказалі максімум магчымасцяў. Некаторым, як зборнай Узбекістана, дзесьці не пашанцавала з тэхнікай, але гэта толькі згуртавала.

Сяржант 3-й ступені Сунатбек Хамроеў з узбекскай каманды ўдзельнічае ва «Упэўненым прыёме» другі год запар. Тады яго экіпаж паказаў нядрэнныя вынікі для пачаткоўца, але адразу ж былі вызначаны мэты на этап у 2022 годзе — трапіць у медалі. Сваё заданне выканаў:

— На трэніроўках былі паказчыкі і лепей, але сёння не пашанцавала з рухавіком — глухла машына і трэба было павольна ехаць, каб яна не спынілася. Нягледзячы на гэтыя непаладкі на старце, каманда не страціла баявога духу. Наадварот, няўдача надала матывацыі. На працягу года нашы вайскоўцы выконваюць свае непасрэдныя абавязкі, а да «Упэўненага прыёму» рыхтаваліся ў вольны час, на гэта спатрэбілася каля 4 месяцаў. У Беларусі вельмі прыемны клімат. Вядома, для вас зараз спякотнае надвор'е, але ў нас ва Узбекістане даходзіць па 40 градусаў. Таму нам было куды лягчэй рыхтавацца і выступаць. Нас падтрымлівалі гледачы і сапернікі з іншых каманд — усё гэта дадавала ўпэўненасці ў сваіх сілах.

Малодшы лейтэнант Дзмітрый Кухаронак з беларускай каманды з'яўляецца адным з самых вопытных удзельнікаў «Упэўненага прыёму», аднак сур'ёзныя выпрабаванні не дазваляюць расслабіцца ні на секунду:

— Вядома, дапамагае вопыт ад пройдзеных мінулых спаборніцтваў, але напружанне і адказнасць за вынік не знікаюць. Я лічу, што наш экіпаж выступіў годна. Складаней за ўсё, мусіць, было ўдзельнічаць у эстафеце. Я павінен быў праехаць паласу перашкод і разгарнуць радыёстанцыю, а затым каманда прыступала да стральбы. З улікам таго, што пульс зашкальваў, трэба было хутка сканцэнтравацца. У гэтым годзе сапернікі з іншых краін выставілі сабраныя і моцныя саставы, і я лічу, што ў іх усё атрымалася. Адным словам, сапернікі дастойныя. Мы заўсёды рады бачыць на нашай беларускай зямлі замежныя каманды, — сказаў на заканчэнне малодшы лейтэнант.

Пасля завяршэння спаборніцтваў з афіцыйным закрыццём конкурсу судзейская камісія пачала падлік вынікаў. Пераможцамі спаборніцтваў «Упэўнены прыём» АрМГ-2022 сярод ваенных сувязістаў сталі каманды з Беларусі і Расіі. Калі на апошнім этапе, «Ваенізаванай эстафеце», роўных не было зборнай Расіі (100 балаў), то ў агульным заліку нашы землякі сабралі з суседзямі аднолькавую колькасць ачкоў.

З поспехаў беларускіх ваенных на «Армейскіх міжнародных гульнях-2022» трэба адзначыць бронзу на конкурсе «Дарожны патруль» ва Узбекістане і серабро сярод мотастралкоў у «Сувораўскім націску» ў Кітаі — там залатыя медалі ўзялі гаспадары спаборніцтваў. А на другім этапе конкурсу «Сталёвая магістраль» нашай зборнай не было роўных. Конкурс прайшоў на тэрыторыі палігона 30-й асобнай чыгуначнай брыгады ў Слуцкім раёне.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч адзначыў, што конкурс садзейнічае абмену вопытам і методыкамі выканання задач па забеспячэнні сувязі:

— Конкурс аб'ядноўвае ваеннаслужачых краін-удзельніц. Вопыт узброеных канфліктаў апошніх гадоў паказаў: без сувязі не будзе поспеху ў нашай прафесіі. «Упэўнены прыём» набірае міжнародную папулярнасць для Узброеных Сіл, а для беларускіх вайскоўцаў удзел у «Армейскіх гульнях» стымулюе тэмп баявой падрыхтоўкі па новых напрамках. У нас кожны год павялічваецца аб'ём новых тэхналогій у спаборніцтвах.

Выніковы п'едэстал пасля пяці этапаў конкурсу «Упэўнены прыём»:

  • 1-е месца — Беларусь і Расія (461 бал);
  • 2-е месца — В'етнам і Узбекістан (363 балы);
  • 3-е месца — Лаос (116 балаў).

Аляксей КАРПУК

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.