Вы тут

Марыце аб прыгожых валасах? Паспрабуйце шампуні з харчовай соды ці з гарохавай мукі!


ЭКАПАРАДЫ АД МАШЫ ЗЯЛЁНАЙ

Сёння існуе шмат поглядаў на тое, колькі разоў на тыдзень трэба мыць галаву. Аднак асноўны фактар — не колькасць разоў на тыдзень, а склад сродкаў па доглядзе за валасамі, якімі вы карыстаецеся.


Штодзённае мыццё пазбаўляе валасы натуральных увільгатняльнікаў, якія забяспечваюць ім бляск і ахову. А агрэсіўныя хімікаты, што ўваходзяць у склад шампуняў, станчаюць валасы і робяць скуру галавы сухой. Перхаць — таксама вынік іх частага ўжывання. Спытайце ў сваіх бабуль — пра такую з’яву ў мінулым стагоддзі яны нават не чулі.

А яшчэ, чым часцей мы мыем валасы, тым менш выпрацоўваецца натуральнага скурнага сала, і тады арганізм вымушаны яго актыўна выпрацоўваць, запаўняючы страты. З-за лішку сала, у сваю чаргу, валасы становяцца тлустымі ўжо на працягу 24 гадзін пасля мыцця. Круг такім чынам замыкаецца: больш сала — частае мыццё, частае мыццё — больш сала.

Аднак існуюць і іншыя прычыны, якія вымушаюць нас задумацца аб пошуку аналагаў крамнай касметыкі і сродкаў асабістай гігіены. Па-першае, гэта экалогія. Наносіцца шкода навакольнаму асяроддзю: кожная жанчына выкідвае вельмі шмат разнастайных цюбікаў, флакончыкаў, і далёка не ўсе з іх можна перапрацаваць. Па-другое, этычнасць. Вытворчасць пераважнай большасці крамнай касметыкі і шампуняў не абыходзіцца без жорсткіх тэстаў на жывёлінах. І гэта прытым, што сёння існуе маса правераных формул!

Выйсце ўсё ж такі ёсць: трэба адмовіцца ад пеністых шампуняў і выкарыстоўваць натуральныя — ды як мага радзей. Нашы продкі, напрыклад, добра ведалі ўласцівасці траў, якія надаюць прыгажосць валасам, і выдатна абыходзіліся без хіміі.

Хачу прапанаваць вам некалькі даступных хатніх рэцэптаў для мыцця валасоў, якія можна выкарыстоўваць замест крамнага шампуню:

ХАРЧОВАЯ СОДА

Вазьміце столькі соды, колькі змяшчаецца ў далоні, і дадайце вады. Атрыманую масу нанясіце на карані валасоў і спаласніце. •

Можна прыгатаваць сродак, якога хопіць надоўга. Насыпце ў бутэльку паўшклянкі харчовай соды і ўліце чатыры шклянкі цёплай вады. Страсяніце да поўнага растварэння — цяпер можна мыць валасы. 

Фота pixabay.com

Яшчэ існуе так званы цыганскі метад. Спачатку памасажуйце скуру галавы з выкарыстаннем вышэйзгаданага сродку, затым змыйце яго цёплай вадой, а пасля прапалашчыце валасы натуральным воцатам. Калі ў вас кароткія валасы, воцату спатрэбіцца чвэрць шклянкі, і палова, калі доўгія. Да такога мыцця валасы прывыкаюць не адразу, але прыкладна праз тры-чатыры тыдні яны адаптуюцца, і мыць галаву вы будзеце не часцей, чым раз на тыдзень.

МЫЛА

Купіце вадкае мыла ў краме арганічнай касметыкі, у аптэцы ці ў тых, хто робіць крафтавае мы­ла. Змяшайце яго ў роўных частках з вадой. Яшчэ лепш замест вады выкарыстаць травяны чай: водар будзе цудоўны! Дадайце дзве чайныя лыжкі алею чайнага дрэва: ён дапамагае пазбавіцца ад перхаці.

Фота pixabay.com

КАЛЕНДУЛА

Сушаныя кветкі календулы (можна нарыхтаваць самім ці купіць у аптэцы) заліце аліўкавым алеем, каб ён пакрыў іх цалкам. Шчыльна закрыйце слоік накрыўкай і захоўвайце яго ў цёмным месцы два тыдні, пры гэтым кожны дзень узбоўтвайце. Пасля працадзіце, дадайце ў атрыманую вадкасць вітамін Е (натуральны кансервант) і карыстайцеся як звычайным шампунем.

Пра карысць аліўкавага алею ведаюць усе, а вось календула надае сродку супрацьзапаленчыя, супрацьгрыбковыя і антысептычныя якасці. Дадайце яшчэ какосавы алей — і выдатны пах вашым валасам забяспечаны.

ШАМПУНЬ З ГАРОХАВАЙ МУКІ

Прыгатуйце з гароху муку з дапамогай кавамолкі, заліце атрыманы парашок цёплай вадой. Настойвайце ноч. Затым нанясіце атрыманую кашу на валасы і пакіньце гэтую маску на 30 хвілін. Гарохавая сумесь забярэ ўвесь бруд і тлушч.

Друкуецца ў часопісе «Алеся».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.