Вы тут

Сельдэрэй: сардэчны вітамін, афрадызіяк… і гэта яшчэ не ўсё!


Сельдэрэй ужо даўно ўвайшоў у рацыён тых, хто жадае пазбавіцца ад лішніх кілаграмаў. А ўсё з-за сваёй супернізкай каларыйнасці. Зрэшты, карысныя ўласцівасці расліны гэтым не вычэрпваюцца. Чым яшчэ прываблівае гародніна, з лісця якой у старажытнасці плялі вянкі для пераможцаў?


Фота: pexels.com

Што ядуць – корань, лісце, сцёблы?

Насамрэч у сельдэрэю ядомае ўсё пералічанае. Караняплод, які па форме нагадвае адраўнелую гузаватую рэпу, а па смаку – бульбу, запякаюць, вараць, смажаць, дадаюць у супы, другія стравы. Са сцёблаў адціскаюць сок. Сакавітыя сцёблы таксама выкарыстоўваюцца ў салатах, супах, соусах, а аматары правільнага харчавання храбусцяць імі ледзь не на хаду.

Ліставы сельдэрэй выкарыстоўваецца для тых жа мэт: салаты, супы, прыправа да агароднінных, мясных страў. Ежа атрымліваецца з вытанчаным рэзкім прысмакам і незвычайна карысная, таму што сельдэрэй – гэта маленькая прыродная фабрыка вітамінаў і розных актыўных рэчываў. Дарэчы, з гэтай прычыны ўжыванне яго ў сырым выглядзе прынясе максімальную карысць.

Сардэчны вітамін, афрадызіяк… і гэта яшчэ не ўсё!

Сельдэрэй змяшчае шмат калію – асноўнага мікраэлемента для здароўя сэрца. У гэтай гародніне шмат фосфару і вітаміну К, што робіць яе карыснай для ўмацавання касцей, сцвярджаюць дыетолагі. Пры гэтым сельдэрэй багаты на клятчатку і добра «чысціць» кішэчнік, а таксама мае мачагонны эфект, прыводзіць у парадак працэсы метабалізму і салявога абмену – ідэальнае спалучэнне для жадаючых пахудзець.

Дыетолагі падкрэсліваюць асаблівую карысць гэтай гародніны для жанчын, бо яна ўтрымлівае прыродны аналаг эстрагену, які рэгулюе гарманальны фон прыгожай палавіны. Рэгулярна ўжываючы сельдэрэй, дамы элегантнага ўзросту адчуюць палягчэнне сімптомаў клімаксу і выявяць, што іх скура стала больш пругкай, а валасы – густымі. Маладым жанчынам гародніна можа дапамагчы палегчыць стан перад месячнымі, аднавіць рэгулярнасць менструальнага цыкла, сцвярджаюць спецыялісты.

Яны таксама адзначаюць утрыманне ў сельдэрэі вітамінаў С, Е, групы В, правітаміну А, мікраэлементаў кальцыю, натрыю, марганцу, магнію, арганічных кіслот і эфірных алеяў. Лічыцца, што дзякуючы ўсім гэтым карысным рэчывам сельдэрэй дапамагае знізіць артэрыяльны ціск і ачысціць кроў, змагаецца са скурнымі высыпаннямі, павышае імунітэт, супакойвае нервы. Ёсць меркаванне, што з дапамогай зялёнага сябра можна ўмацаваць сасудзістую сценку і палегчыць сімптомы варыкозу.

Ёсць у сельдэрэю яшчэ адна ўнікальная ўласцівасць: з даўніх часоў гэтая гародніна выкарыстоўваецца як афрадызіяк. Нездарма ў антычнасці – а сельдэрэй ведалі яшчэ ў старажытным Рыме – расліну надзялялі магічнымі якасцямі. Сужэнцы дадавалі яе ў ежу, каб вярнуць згаслыя эратычныя пачуцці.

Сябар, але не ўсім

Свежы сок сельдэрэю залішне стымулюе страваванне, таму піць яго, калі вы пакутуеце на гастрыт з павышанай кіслотнасцю, – не лепшая ідэя. Калі ў нырках ёсць камяні, напой можа прывесці іх у рух. Дыетолагі папярэджваюць цяжарных: эстрагенападобнае рэчыва ў складзе гэтай гародніны – апіёл – здольнае выклікаць скарачэнні маткі, таму будучым маці сельдэрэй не сябар. Проціпаказаны ён і жанчынам падчас груднога выкормлівання. З асцярожнасцю ставіцца да прадукту варта алергікам.

Сельдэрэй трэба правільна выбіраць. Сцёблы і лісце павінны быць ярка-зялёнага колеру, без цёмных і жоўтых плям, пругкія, з характэрным пахам, караняплод – роўнага колеру, без пашкоджанняў.

Аліна ТОМІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.