Вы тут

Як Мінск аб'яднаў алімпійскі і байкерскі рухі


Грандыёзнымі спартыўнымі святамі Мінск ужо не здзівіць. Але кожны раз знаходзіцца нешта такое, што вылучае падзею і робіць яе незабыўнай. Маштабны алімпійскі дзень, які прайшоў ў сталіцы 10 верасня, зрабілі непаўторным... байкеры.


Закрыццё мотасезона H.O.G. Rally Mіnsk стала яркай часткай спартыўнага свята. Прынамсі, не заўважыць брутальных мужчын у скураных куртках і іх жалезных коней было цяжка. Свята хуткасці і спорту аб'яднала тысячы байкераў з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Раніцай суботы матацыклісты ўсклалі кветкі да Кургана Славы, а падчас праезду па праспекце Незалежнасці азнаёміліся з асноўнымі славутасцямі Мінска. А каля Палаца спорту іх чакала вялікае спартыўнае свята. Узначальваў калону матыклістаў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка.

«У байкерскім руху, як і ў спорце, развіта братэрства, узаемадапамога, павага. Калі твой сябар байкер або спартсмен трапіў у бяду, ты ніколі не пройдзеш міма, заўсёды дапаможаш і падтрымаеш. І любімая справа нас аб'ядноўвае», — падкрэсліў ён. Таксама Віктар Лукашэнка адзначыў, што цяпер, на жаль, алімпізм не аб'ядноўвае людзей так, як павінен. Але, па яго словах, ужо ёсць пэўныя зрухі ў вырашэнні цяжкай сітуацыі, якая склалася зараз у беларускім спорце. «Самае галоўнае — каб нашы спартсмены маглі трэніравацца, выступаць і паказваць свае вынікі», — заўважыў прэзідэнт НАК.

Разам з тым беларускія спартсмены паспяваюць не толькі трэніравацца, але і адкрываць для сябе новыя заняткі. Дзякуючы алімпійскаму дню ўсе даведаліся, што алімпійскі чэмпіён 2016 года ў скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў не толькі выдатны спартсмен, але і байкер. «Уражанні выдатныя, але адрэналіну больш усё ж такі ў батуце. Мне вельмі падабаецца, што так шмат людзей прыйшлі на спартыўны фестываль. Хацелася б, вядома, каб быў прадстаўлены батут, але ў такіх умовах надвор'я гэта было б праблематычна», — падзяліўся чэмпіён.

Старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў звярнуў увагу, што такога незвычайнага дня горада яшчэ не было. Ён з задавальненнем адзначыў, што мінчане прыходзяць адпачыць і адначасова адкрываюць для сябе віды спорту. «Мы сёння вельмі рады, што ў дзень горада праходзіць такое выдатнае спартыўнае мерапрыемства, якое накіравана ў першую чаргу на аб'яднанне ўсіх відаў спорту. І вельмі радуе, што тут сёння шмат моладзі. І мы будзем рабіць усё для таго, каб наша моладзь актыўна займалася спортам. Мінск — горад спартыўны, з багатай спартыўнай гісторыяй, і, я думаю, такія мерапрыемствы найлепш папулярызуюць спорт», — адзначыў Уладзімір Кухараў.

Алімпійскі дзень у Мінску стаў не толькі падарункам да дня горада, але і прыгожай кропкай другога сезона спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі», які зноў аб'яднаў усю краіну. Сёлета свята прымалі Рэчыца, Столін, Горкі, Полацк, Копыль, Навагрудак. «Вельмі добра праходзіць фестываль. Самае галоўнае — што яго добра сустракаюць у рэгіёнах. Гэта вялікая заслуга нашага вялікага калектыву, мясцовыя ўлады вельмі дапамагалі. «Вытокі» ўдыхаюць жыццё ў невялікія гарады. Уражанні ад другога сезона засталіся самыя яркія. Мы ўсімі сіламі будзем працягваць фестываль у будучыні. Яшчэ не ведаем, у якім фармаце, але вырашым абавязкова», — падзяліўся Віктар Лукашэнка.

Ад гімнастыкі да стральбы

Знайсці сабе заняткі па душы на свяце мог кожны. Спецыяльна для гэтага працавала больш за 50 спартыўных пляцовак, дзе кожны ахвотны мог праверыць свае сілы ў розных відах спорту, пазнаёміцца з трэнерамі і, магчыма, выбраць занятак на будучыню. І як бонус — на многіх пляцоўках можна было сустрэцца са знакамітым спартсменам, узяць у яго аўтограф, зрабіць сэлфі. Так, цэнтрам прыцягнення на пляцоўку сучаснага пяцібор'я стала чэмпіёнка свету, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне Настасся Пракапенка. Яна расказала, што гэтым летам наведала фестываль «Вытокі» ў некалькіх гарадах, таму размах свята ў Мінску яе не здзівіў. «Я думаю, дзецям вельмі цікава паспрабаваць на сабе розныя віды спорту. Гэта выдатны спосаб правесці выхадны дзень. Дзякуй арганізатарам. Вядома, хацелася б сонейка. Але каля Палаца спорту настолькі гарачы прыём, што, я думаю, тут нікому не холадна», — адзначыла Настасся Пракапенка. Дарэчы, дзеці спартсменкі на свяце не прысутнічалі, але суботу правялі таксама спартыўна: сын Антон — на трэніроўцы па хакеі, дачка Ліза — на занятках па мастацкай гімнастыцы.

А вось дзеці вядомага гандбаліста, а зараз старшыні Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргея Рутэнкі праз алімпійскі квэст прайшлі. «Выдатнае мерапрыемства. Гэта свята спорту, нашых традыцый, гісторыі, свята для людзей», — адзначыў ён. Разам з сынам Цімафеем на спартыўнае свята прыйшла і алімпійская чэмпіёнка 2014 года Ала Цупер. Сын фрыстайлісткі займаецца хакеем, таму на свяце яму, зразумела, больш за ўсё спадабался хакейная пляцоўка.

Некаторыя спартсмены вырашылі на сабе праверыць розныя віды спорту. Так, мастацкія гімнасткі Аліна Гарнасько і Настасся Салас пагулялі ў хакей, гольф, праверылі свае сілы ў веславанні і стральбе. Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Токіа Аліна Гарнасько нават выступіла з паказальным нумарам на адкрыцці свята.

Фестываль «Вытокі» — яшчэ і пляцоўка, дзе трэнеры дзіцячых секцый маглі прыгледзець сабе будучых вучняў. Алімпійскі дзень у Мінску на стаў выключэннем. На кожнай пляцоўцы спецылісты ўважліва назіралі за маленькімі ўдзельнікамі квэсту. «Выдатна, што алімпійскі дзень праходзіць у пачатку навучальнага года, калі ў спартыўных школ ёсць магчымасць заўважыць таленавітых, здольных дзяцей, напрыклад, як для баскетбола, высокіх. Мы на сваёй пляцоўцы праводзім турнір сярод маленькіх баскетбалістаў. 24 каманды з усёй краіны спаборнічаюць у баскетболе тры на тры. Для трэнераў гэта добрая магчымасць прагледзець будучых выхаванцаў, таму што зусім хутка мы будзем праводзіць набор у вучылішча алімпійскага рэзерву, па сутнасці, ужо пачынаем праглядаць будучыню нашых нацыянальных каманд», — адзначыла Настасся Марыніна, генеральны сакратар — выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола.

Спартыўнае свята каля Палаца спорта працягвалася ўвесь дзень. Завяршыўся алімпійскі дзень святочным канцэртам і непераўзыдзеным феерверкам. Хэдлайнерам вечарыны выступіў гурт «Карані» — падарунак ад НАК Беларусі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.