Вы тут

Навагрудчына: Вытокі літаратурнай біяграфіі


Навагрудчына — адна з націкавейшых старонак зямлі беларускай. Багаты на старадаўнія гістарычныя памяткі край. Прастора, якая сфарміравала грунт для вытокаў беларускай дзяржаўнасці, краіны са сваімі адметнасцямі. Наша спроба зазірнуць у гісторыка-літаратурны партрэт Навагрудчыны, паспрабаваць па меры магчымасцяў выявіць усе постаці і адрасы, так ці іначай звязаныя з навагрудскім літаратурным краязнаўствам, можа падацца бясконцым шлях... І ўсё ж давайце паспрабуем зрабіць такі адрасны экскурс да тэмы «Навагрудак і Навагрудчына літаратурныя».


Дарэчы, зазіраючы ў родныя мясціны пісьменнікаў іначай адкрываеш іх паэтычныя ці празаічныя, публіцыстычныя радкі. З гэтай нагоды прыгадалася даўняя кароткая мініяцюра народнага пісьменніка Беларусі Янкі БРЫЛЯ, творцы, далёка не чужога і Наваградчыне. У мініяцюры «У родны дом» — і жывая прастора, і повязь яе, пераход ад яе да кніжных старонак да самога жыцця...

Паслухаем жа Янку Брыля, аўтара многіх апавяданняў, аповесцяў, рамана «Птушкі і гнёзды»: «Прыемна чытаць тут Карнея Чукоўскага — яго ўспаміны, тым больш пра Пастарнака, — іменна тут, у падмаскоўным лесе, на іх апошняй радзіме, паблізу ад іх драўлянага жылля і сціплых магіл.

Над гэтай кнігай я як быццам злавіў-такі нарэшце сваю даўнюю думку, тое, што адчувалася ў розны час у родных мясцінах іншых пісьменнікаў — меншых, большых, вялікіх.

Хто ў сваёй Яснай Паляне, хто ў Навагрудку, хто ў Веймары, хто ў Еканеве, хто ў Наднямонні ці ў Ялце... Вось я наведваў іх, тыя мясціны, а далей — ужо няма нічога, туга па далёкай, узнёслай легендзе аціхла, у пошуках найбольшай паўнаты іх, пісьменніцкіх, вобразаў трэба вяртацца ў іхнія кнігі.

Мы ўжо туды вярталіся неаднойчы, і будзем вяртацца, як з вялікага падарожжа ў родны дом, з яшчэ большай, з самай грунтоўнай упэўненасцю, што радней, чым ён, — і сапраўды няма нічога».

Як тут не пагадзіцца з класікам беларускай літаратуры, які так выразна, так ёміста і так глыбока падгледзеў сувязь роднай мясціны аўтара з яго кнігай у нашым чытацкім успрыняцці!.. Веліч мастацкага слова — гэта і працэс яго нараджэння, а значыць і нараджэння ў тых ці іншых абставінах пісьменніка як творцы. Калі хочаце, літаратурнае краязнаўства — гэта своеасаблівае люстэрка, з дапамогай якога чытач можа болей уважліва, болей пільна разгледзець кнігу, зразумець пазіцыю аўтара, асэнсаваць суладдзе мастацкіх сімвалаў і вобразаў з жыццём і з часам.

... З першых пазнак повязі Навагрудскага края з прыгожым пісьменствам, мастацкім словам — лёс славянскага пісьменніка, культурнага і царкоўнага дзеяча Грыгорыя ЦАМБЛАКА (1365 (?), Балгарыя — 1419). Ён упершыню наведаў беларускія землі ў 1406 годзе. 15 лістапада 1415 года сабор праваслаўных епіскапаў у Навагарадку (Навагрудку) абраў Грыгорыя Цамблака мітрапалітам кіеўскім і літоўскім. Вясной 1416 г. ён перанёс у Вільню мітрапалітаву кафедру (Кіеў спаліў хан Эдыгей), а сваёй рэзідэнцыяй зрабіў Наваградак. Мовы, на якіх пісаў, чытаў свае пропаведзі Грыгорый Цымблак, — старабалгарская, царкоўна-славянская украінска-беларускага характару. Усяго вядома 26 сачыненняў Г. Цымблака. Ужо ў XV стагоддзі некаторыя яго пропаведзі ўносіліся ў зборнікі царкоўных павучанняў побач з пропаведзеямі Іана Златавуста і другіх святароў.

Пасаду падсудака навагрудскага земскага суда займаў мемуарыст Фёдар ЕЎЛАШОЎСКІ (1546 — 1616), які ўдзельнічаў разам з навагрудскім суддзёй А. Трызнам у выпрацоўцы тэксту «Трыбунала Вялікага княства Літоўскага». У Навагрудку нёс службу з 1592 да 1613 года. Рукапіс мемуараў Ф. Еўлашоўскага збярогся ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. Упершыню апублікаваны (са значнымі папраўкамі) у 1886 годзе ўкраінскім гісторыкам У. Антановічам.

Да Навагрудчыны спрычыніўся і пісьменнік-палеміст, уніяцкі архіепіскап полацкі і мітрапаліт кіеўскі Анастасій СЯЛЯВА (да 1593 — 1655, Тыкацін на Падляшшы; пахаваны ў Мінску). Вядома, што ён меў дачыненне да адкрыцця школ базыльян у Вільні і Навагрудку. Кнігі Анастасія Сялявы пабачылі свет у Вільні ў 1622 і 1625 гг.

Наваградчына, а дакладней вёска Рута — радзіма пісьменніка-палеміста, царкоўна-палітычнага дзеяча, уніяцкага мітрапаліта Іосіфа ВЕЛЬЯМІНА-РУЦКАГА (1573 ці 1574 — 1637, Вільня; пахаваны ў Святатраецкім манастыры). Першапачатковую адукацыю пісьменнік і царкоўны асветнік атрымаў у Навагрудку. Пасля вучыўся ў Вільні, у Празе, затым — у Баварыі. Атрымаў ступень доктара філасофіі. Вучыўся ў Рыме. У 1603 годзе вярнуўся на радзіму. Складзены ім напрыканцы жыцця запавет быў выдадзены на лацінскай мове ў Кракаве ў 1637 годзе. Вельямін-Руцкі вядомы і як аўтар шэрагу лістоў, пасланняў, палемічных твораў, напісаных на беларускай і польскай мовах. Сярод іх — «Двайная віна» (1621), «Экзамен абароны» (1622) і іншыя.

Мемуарыст, грамадскі дзеяч Самуіл МАСКЕВІЧ (1580 (?) — 1642) нарадзіўся ў вёсцы Сэрвач (цяпер Карэліцкі раён). Адукацыю, відавочна, атрымаў у Навагрудку. У 1628 годзе атрымаў пасаду навагрудскага гарадскога пісара. Пасля 1632 г. стаў намеснікам навагрудскага ваяводы. Мемуары С. Маскевіча, якія апісваюць многія цікавыя падзеі, паказваюць часавы перыяд ад 1594 да 1621 гг. Мемуарыстам быў і сын Самуіла Маскевіча — Багуслаў МАСКЕВІЧ (1625 — 1683), які ў лістападзе 1668 г. ездзіў у Варшаву як пасол ад Навагрудскага ваяводства на канвекцыйны сейм, скліканы пасля адрачэння ад трона караля Яна Казіміра.

Каля 1601 года ў Навагрудку нарадзіўся беларускі і ўкраінскі кнігадрукар, асветнік Міхаіл СЛЁЗКА (памёр у красавіку 1667 года). Друкарскай справе наш зямляк вучыўся ў Вільні і Кіеве. У 1633 годзе Міхаіла прынялі ў сябры Львоўскага Успенскага Стаўрапічыйскага брацтва. Загадваў М. Слёзка брацкай друкарняй у Львове (1633 — 37, 1643 — 1651). З 1638 у асветніка была ўласная друкарня. Выдаў «Каноны Багародзіцы» (1634), «Евангелле» (1636), «Службоўнік» (1637), «Уступ да разумення лагічных і філасофскіх тэрмінаў» М. Кароны (1839), «Апостал» (1639), «Трыадзіён» (1642), «Трыёдзь каляровая» (1642), «Анфалагіён» (1651), «Ключ разумення» І. Галятоўскага(1663, 1665). Выпусціў каля 50 кніг на царкоўнаславянскай, украіснкай, лацінскай, польскай мовах. Аўтар прадмовы да «Апостала» (1639). Архімандрыт Іанікій Галятоўскі (каля 1620 г., Валынь, Рэч Паспалітая — 2 (12) студзеня 1688, Чарнігаў, Рускае царства) — адзін з аўтараў друкара Міхаіла Слёзкі. Украінскі праваслаўны царкоўны і грамадска-палітычны дзеяч у Рэчы Паспалітай і ў Маскоўскім царстве XVII стагоддзя. Прадстаўнік рускай схаластычнай пропаведзі, аўтра зборнікаў пропаведзяў і апавяданняў. Служыў манахам і ў Купяціцкім манастыры ў Пінску. Жыў у Слуцку і Мінску. У 1668 годзе вярнуўся ў Кіеў. Вядомы сваімі антыкаталіцкімі, антыяўрэйскімі і антымусульманскімі поглядамі.

У вёсцы Ятра Навагрудскага павета (цяпер Навагрудскі раён) нарадзіўся кальвінскі грамадскі дзеяч, мемуарыст Станіслаў НЕЗАБІТОЎСКІ (1641 — 1717). Вучыўся ў Навагрудскім езуіцкім калегіуме. Сябраваў і перапісваўся з польскім паэтам З. Морштынам. Колькі слоў пра Морштына. Нарадзіўся каля 1620 г. Памёр на пачатку XVIII стагоддзя. Морштын, хаця і займаў пасаду каралеўскага падскарбія (міністра фінансаў), быў заўважаны ў тым, што атрымліваў грошы ад французскага караля. І ў выніку пакінуў Польшчу і дажываў свой век у Францыі. Вершы свае распаўсюджваў у рукапісах. Пераклаў на польскую мову «Сіда» Карнеля.

Станіслаў Незабітоўскі удзельнічаў у кальвінісцкіх сінодах Навагрудскай акругі. Што да яго мемуараў, то яны перавыдадзены ў Познані (Польшча) у 1998 годзе.

Публіцыст, паэт, перакладчык, мецэнат, вучоны-гуманіст, грамадскі, палітычны і культурны дзеяч Яўхім ХРАПТОВІЧ (1729 — 1812) пабачыў свет у вёсцы Ясенец Баранавіцкага раёна. Род, з якога ён паходзіў, меў маёнткі ў Шчорсах, Вішнева, Бешанковічах, Халопенічах, Зембіне. Маці Яўхіма Рэгіна Вайнянка — навагрудская падчашанка. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома у спадчынным маёнтку бацькі Шчорсы. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі і кароткага тэрміну вайсковай службы займаў пасады наваградскага стольніка, пасла ад Наваградскага і іншых паветаў на соймы Рэчы Паспалітай. Дарэчы, Яўхім Храптовіч — апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага (1792 — 1793). У сталым веку пісаў вершы на польскай мове і латыні.

Павятовую школу дамініканцаў скончыў у Навагрудку ў 1809 годзе беларускі і польскі паэт, фалькларыст Ян Антоні Тадэвушавіч ЧАЧОТ (1796 — 1847), які нарадзіўся непадалёку ад старажытнага горада — у Малюшычы (цяпер — Карэліцкі раён).

У Навагрудку жыў і працаваў пісьменнік і юрыст Ігнацій ЯЦКОЎСКІ (1800, Навагрудак — 1873). Гэта ён засведчыў, што цэлы сшытак вершаў беларускага паэта-самародка Паўлюка Багрыма быў адабраны папячыцелем Віленскай навучальнай акругі М. Навасільцавым і рэктарам Віленскага ўніверсітэта В. Пеліканам. Падчас паўстання 1830 — 1831 гг. Ігнацій Яцкоўскі дзейнічаў сярод навагрудскіх паўстанцаў. Займаў пасаду падафіцэра атрада навагрудскай кавалерыі. Па заканчэнні ваенных дзеянняў хаваўся ў Кракаве. Выехаў з Трыеста ў Паўночную Амерыку. У 1834 годзе апынуўся ў Вялікабрытаніі. Быў паплечнікам А. Рыпінскага па кнігавыдавецкай справе. Кіраваў польскай друкарняй і кнігарняй у прыгарадзе Лондана Тотэнхэме. У 1857 годзе, атрымаўшы дазвол урада Расійскай імперыі, вярнуўся на радзіму, жыў пад Навагрудкам. Выступаў у перыядычным друку з цікавымі публіцыстычнымі артыкуламі, вершамі, успамінамі. Ігнацій Яцкоўскі — аўтар публіцыстычных кніг «Палітычныя творы» (Лондан, 1853), «Трохгадовае знаходжанне на Усходзе» (Лондан, 1857), мемуараў «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды», у якіх расказвае пра сялянскія хваляванні ў мястэчку Крошын Навагрудскага павета. Мемуары з’яўляюцца ўнікальнай крыніцай звестак пра легендарнага Паўлюка Багрыма і яго творчасць, у «Аповесці... » надрукаваны і яго верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...»

У маёнтку Валеўка нарадзіўся рускі і беларускі ўсходазнавец Антон Васілевіч МУХЛІНСКІ (1808 — 1877). Вучыўся ў школе ў Маладзечне, затым — у Віленскім універсітэце, у 1828 — 1832 гг. вывучаў усходнія мовы ў Пецярбургскім ўніверсітэце. Выкладаў затым арабскую і турэцкую мовы. У 1859 — 1966 гг. з’яўляўся дэканам факультэта ўсходніх моў. Другім з часу заснавання факультэта ў 1855 годзе. У час дэканцтва Мухлінскага з яго кафедр выйшлі многія таленавітыя выпускнікі — яркія ўсходазнаўцы.

Нягневічы — радзіма рускага гісторыка, педагога Івана Ігнатавіча МАЛЫШЭЎСКАГА (1821 — 1897), які мае самае непасрэднае дачыненне да прыгожага пісьменства. Доктар багаслоўя (1873). Прафесар (1861). З сям’і прааслаўнага святара. Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Затым — Мінскую духоўную семінарыю (1849), пасля — Кіеўскую духоўную акадэмію (1861). Да канца жыцця выкладаў у Кіеўскай духоўнай акадэміі на кафедры рускай царкоўнай гісторыі. Вывучаў гісторыю Беларусі. Адна з адметных прац у гэтым накірунку — «Нарыс гісторыі Турава» (1880). Выдаў кнігу «Святыя Кірыл і Мяфодзій, першыя настаўнікі славянскія» (Кіеш, 1886).

Беларускі і польскі паэт і публіцыст Вінцэсь Аляксандравіч КАРАТЫНСКІ (1831 — 1891) нарадзіўся ў вёсцы Селішча на тэрыторыі сучаснага Карэліцкага раёна ў сям’і былога прыгоннага, які атрымаў вольную і пачаў насіць прозвішча Каратынскі. Будучы пісьменнік займаўся самаадукацыяй. Асновы польскай і рускай пісьменнасці асвойваў пад кіраўніцтвам мясцовага арганіста. Шмат чытаў, нават перапісваў для сябе кнігі, у тым ліку — і «Дэман» М. Ю. Лермантава. Працаваў вандроўным хатнім настаўнікам на Навагрудчыне, у ваколіцах Любчы. Пазнаёміўся з Уладзіславам Сыракомлем, паказаў яму свае вершаваныя вопыты. І стаў сакратаром пісьменніка, даследчыка беларускай гісторыі і культуры. Вінцэсь Каратынскі напісаў некалькі адметных паэтычных і публіцыстычных кніг.

Навагрудак — і радзіма таленавітага рускага ўсходазнаўца і аўтарытэтнага бібліятэкара Аўраама Якаўлевіча ГАРКАВІ (1839 — 1919). Ён нарадзіўся ў сям’і равіна Якава Гаркаві і Двойры Вейсбрэм. Закончыў Усходні факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта (1863). Атрымаў наш зямляк у 1868 годзе ступень магістра гісторыі Усхода за дысертацыю «Казанні мусульманскіх пісьменнікаў пра славян і рускіх». Працаваў у Імператарскай Публічнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу (1872 — 1919). А. Гаркаві — аўтар прац «Пра першапачатковае прыстанішча семітаў, індаеўрапейцаў і хамітаў» (1872), «Казанні яўрэйскіх пісьменнікаў пра хазараў і Хазарскае царства» (1874) і іншых грунтоўных даследванняў, да якіх і зараз звяртаюцца наступнікі. Урадждэжнец Напвагрудка быў членам многіх аўтарытэтных навуковых таварыстваў у Расіі і за яе межамі — Рускага археалагаічнага таварыства (сакратар усходазнаўчага аддзялення), Таварыства ўсходазнаўства ў Санкт-Пецярбургу, Рускага геаграфічнага таварыства, Каралеўскай акадэміі гісторыі ў Мадрыдзе, Навукова-гістарычнага таварыства ў Будапешце, Саратаўскай вучонай археалагічнай камісіі... Такое прызнанне дарагога каштуе!.. І ад расійскага ўрада А. Гаркаві таксама атрымаў высокія ўзнагароды — ордэн Уладзіміра 4-й ступені, ордэн Анны 2 -й і 3-й ступеняў, ордэн Святога Станіслава 2-й і 3-й ступеняў.

Асобная старонка ўнікальнай, багатай на імёны, літаратурна-краязнаўчай біяграфіі Навагрудчыны — сплецены з ёю лёс класіка сусветнай паэзіі Адама МІЦКЕВІЧА (1798 — 1855). Але пра гэта — асобная размова.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.