Вы тут

Пісьменнікам Міёршчыны прысвечана анталогія


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі выдадзена сапраўдная літаратурна-мастацкая анталогія краю — «На падкове Дзвіны». Разам сабраны творы ўраджэнцаў Міёрскага раёна і тых паэтаў, празаікаў, майстроў прыгожага пісьменства, якія прычыніліся да гэтай старажытнай старонкі. Складальнік па-свойму ўнікальнай кнігі, якой, відавочна, усе даследчыкі Міёршчыны будуць карыстацца яшчэ многія дзесяцігоддзі, — Леанід Матэлёнак. 


Чытаем ва ва ўступным слове «Поклічнае паэтычнае слова — скарб»: «...Чытач, сёння ў цябе ў руках незвычайны зборнік, які ўпершыню дае магчымасць найбольш поўна, хаця і фрагментарна, пазнаёміцца з творчасцю мясцовых паэтаў і празаікаў, нашых творцаў, што падаравалі свае таленты іншым народам, іншаземцаў, якіх у розныя часіны і пры розных акалічнасцях прывабіла цудоўная Міёршчына, край з багатай гісторыяй, непаўторнымі абшарамі квяцістых палёў, цяністых лясоў, маляўнічых азёр, таямнічых, багатых дарамі балот, таленавітых людзей. Няхай ён скіроўвае на далейшы пошук незаслужана забытых ці не ацэненых сучаснікамі імён аўтараў-землякоў, а што яшчэ больш важна — натхняе прадстаўнікоў цяперашняга і будучых пакаленняў міярчан — карэнных і прыезджых — на творчасць, на папаўненне нашай агульнай літаратурнай скарбонкі...» А вось што піша сам складальнік кнігі: «Сабраць зярняткі рыфмаваных слоў творцаў-землякоў... Вось так вобразна я ўспрыняў калісь ідэю старэйшага калегі-журналіста, паэта з-пад Лявонпаля Сяргея Панізніка ўключыцца ў стварэнне зборніка твораў мясцовых літаратараў. Мяне ўжо не стрымлівала нядаўняе трывалае меркаванне, што ў нашым краі спрадвечных балот і нялёгкай сялянскай працы людзям было не да творчасці, не да кніг. Невыпадкова ж нават пасля дзясяткаў папярэднікаў у тутэйшы „азёрна-лясны закутак“ у пошуках моўных скрабаў наведваўся з калегамі вядомы беларускі фалькларыст і літаратуразнаўца Арсень Ліс. Прыкладна ў той жа час мясцовы краязнаўца Вітольд Ермалёнак пачаў пошукі даўніх рукапісных і друкаваных выданняў, якіх у наступным хапіла для стварэння ў Міёрскай СШ N 3 саліднага музея кнігі і друку, што з’яўляецца ўнікальным для райцэнтра. 

Сяргей Сцяпанавіч, маючы вялікі вопыт выдаўца-рэдактара і ўкладальніка, распрацаваў праект зборніка „Літаратурная Міёршчына“, прапанаваў для яго загаловак і назвы раздзелаў...»

Леанід Аляксандравіч падрабязна расказвае пра тое, якім быў шлях да ажыццяўлення задумы. І ў гэтым расповядзе — пэўны вопыт для падобных творчых, кніжных праектаў для іншых рэгіёнаў краіны, для іншых рупліўцаў, хто хацеў бы захаваць літаратурную памяць свайго края. 

У зборніку ці нават рэгіянальнай літаратурна-краязнаўчай анталогіі прадстаўлены творы каля 100 аўтараў. Ужо гэты абсяг уражвае, сведчыць пра высокі плён даследчыцкай працы складальніка. У першым раздзеле («Абуджаная памяць»), які адкрываецца гутаркай Леаніда Матэленка з Вітольдам Ермалёнкам «Кніга на музейным стэндзе», у падраздзеле «Творцы першай хвалі» пачатак пакладзены нарысам пра Тэклю Урублеўскую. Звестак пра яе няшмат... І ўсё ж даволі цікавая асоба, якую мы не маем права забыцца ў гісторыі літаратуры нашай Айчыны. Сярод творцаў «першай хвалі» — Войслаў (Вайніслаў) Казімір Канстанцінавіч Суліма-Савіч-Заблоцкі, Пётра Беларус, Вацлаў Ластоўскі, Пётра Просты, Павел Сушко, Ян Гушча (у перакладзе Сяргея Панізніка пададзены яго верш «Мястэчка маладосці Дзісна»). 

Аснову кнігі складае раздзел «Не зарасці пракладзенаму следу», у якім змешчаны кароткія расповяды пра паэтаў і празаікаў — ураджэнцаў ці жыхароў Міёрскага раёна, членаў пісьменніцкай супольнасці ў пасляваенны час, а таксама іх творы. Алена Басікірская, Наталля Бучынская, Галіна Загурская, Герман Кірылаў, Алена Масла, Сяргей Панізнік, Франц Сіўко, Пятро Сушко, Міледзій Кукуць, Славамір Даргель, Галіна Тычка — імёны ў беларускай літаратуры вядомыя. Што цікава, у кнізе «На падкове Дзвіны» побач з падрабязнымі звесткамі пра гэтых і іншых прыкметных асоб падаюцца перадрукі іх першых публікацый у мясцовай раённай газеце. Хіба ж не цікава, што дасведчаны літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Галіна Казіміраўна Тычка, яшчэ ў 1969 годзе школьніцай дэбютавала ў газеце «Сцяг працы» абразком «Летнім ранкам», а ў 1972-м надрукавала ў «раёнцы» апавяданне «Пралескі»?!. Уражвае і расповяд пра тое, як складана, няпроста ўваходзіў у літаратуру Пятро Сіняўскі, казкі якога сёння добра ведаюць у школах усёй нашай краіны. Шмат вершаў пра свае родныя мясціны напісаў Сяргей Панізнік, які нарадзіўся ў 1942 годзе. У літаратурна-краязнаўчай анталогіі — і «міёрскія» вершы Алены Басікірскай. 

Асаблівае краязнаўчае значэнне мае раздзел «Лёсам далучаныя». Тут — і пра Сімяона Полацкага, які, прадчуваючы сваю смерць, «загадзя склаў завяшчанне, значныя сумы са свайго вялікага багацця адрасаваў шэрагу беларускіх парваслаўных манастыроў, у тым ліку Дзісненскаму і Міёрскаму», Карла фон Клаўзевіца («...у 1812 — 1814 гадах на расійскай службе. У Айчынную вайну інспектаваў узвядзенне Дрысенскага ўмацаванага лагера на сучаснай Міёршчыне...»), Адама Міцкевіча, Аляксандра Рыпінскага, Паўла Шпілеўскага («У 1859 годзе Павел Шпілеўскі падчас свайго падарожжа быў у Дзісне...»), Генадзя Цітовіча («Нарадзіўся ў засценку Рэчкі, ахрышчаны ў Новым Пагосце <...> У Новапагосцкай СШ створаны музей Г. І. Цітовіча»), Адольфа Чэрнага (чэшскі славіст у 1889 годзе з навуковымі мэтамі вандраваў па Дзісненшчыне), Отана Гедэмана, Язэпа Драздовіча, Арсеня Ліса, Еўдакію Лось, Яўгенію Янішчыц. 

Кніга ўражвае і падрабязным выкладаннем — пра лёсы і творы ўдзельнікаў, выхаванцаў — гісторыі літаратурнага аб’яднання раённай газеты «Сцяг працы» (цяпер яна носіць назву «Міёрскія навіны»). Відавочна, што грунтоўны фаліянт «На падкове Дзвіны» — выданне, якое патрэбна кожнай школе Міёрскага раёна. Праз старонкі кнігі не проста адкрываецца літаратурна-краязнаўчая памяць Міёршчыны, выданне ўсім сваім зместам падае добры ўрок літаратурнага, патрыятычнага выхавання. А многія мастацкія тэксты з кнігі — аснова для школьных вечарын, урокаў паэзіі ў школах горада і раёна. 

На Міёршчыне ва ўсе часіны працавала нямала краязнаўцаў, гісторыкаў. І, магчыма, наступным крокам магло б стаць выданне адмысловага краязнаўчага зборніка, прысвечанага гэтаму рэгіёну. У звязку з хронікай «Памяць. Міёрскі раён» такія выданні ўтвораць патрэбную для асветы і адукацыі грамадства бібліятэчку. А пакуль што звяртайцеся да літаратурна-краязнаўчай анталогіі «На падкове Дзвіны», атрымлівайце асалоду ад кожнай яе старонкі. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.