Вы тут

Тэст-драйв ваенных аўто. Карэспандэнт праверыла, хто больш магутны — УАЗ ці «Джылі»?


«Козлік», «Буханка» — легендарныя машыны, аб якіх ведаюць нават дзеці. Чаму 60 гадоў вайскоўцы адданыя гэтай марцы, ці сапраўды ім падуладныя палігонныя дарогі і якія яшчэ аўтамабілі стаяць у вайсковым страі, мы даведаліся падчас тэст-драйву.


Адзіная аўтамабільная брыгада Узброеных Сіл Беларусі дыслакуецца ў горадзе Жодзіне. На ўзбраенні вайсковай часці — дзясяткі машын розных марак: УАЗ, МАЗ, КАМАЗ, УРАЛ. Тэхніка прызначаная не толькі для перавозкі асабістага складу, але нават для будаўнічых прац.

Мы прыехалі ў вайсковую часць з раніцы. На небе — ні аблачынкі. Але ўжо праз гадзіну неба зацягваюць хмары і... дождж залівае дарогу. Але нам гэта на руку — ну які тэст-драйв па сухой трасе?! Мой стаж ваджэння — 12 гадоў. Я выдатна адчуваю сябе за рулём любога легкавога аўтамабіля і адношу сябе да тых жанчын, пра якіх мужчыны не кажуць дрэнна на дарогах, а, наадварот, кідаюць захопленыя погляды (хоць усякае бывала). За час службы ва Узброеных Сілах (а гэта без малога 13 гадоў) я паспела ўтаймаваць мноства баявой тэхнікі. Калясіла і на велікагрузах, пыхцела за рычагамі гусенічных машын, а вось з ваеннымі легкавушкамі даводзілася пазнаёміцца толькі ў якасці пасажыра.

Памятаю, як у дзяцінстве бацька, камандзір чыгуначнай брыгады, забіраў мяне са школы на УАЗіку. Гэты гук і пах захаваўся ў памяці да гэтага часу. Тады я і ўявіць не магла, што калі-небудзь буду рассякаць па палігонах за рулём легендарнага УАЗа. І не толькі! У мяне на тэст-драйве адразу пяць машын: УАЗ 469 і яго мадэрнізаваная версія — 3151, знакамітая «буханка» (або УАЗ 2206). Не абмінем і сучасны аўтапарк: УАЗ «Патрыёт» і «Джылі Атлас».

Першакласны салдат

Такім чынам, першая машына — УАЗ-469. Аўтамабіль пачалі распрацоўваць у 1950-м і выраблялі да 1985-га. Аднак першы гатовы ўзор сышоў з канвеера толькі ў 1972-м. УАЗ праедзе ўсюды. І ў брод, і ў бруд — яму нічога не страшна. Язда на ім — асаблівая рамантыка. Пах бензіну, трасяніна, гуд рухавіка — усё гэта трэба любіць. Многія задаюцца пытаннем: «Калі ж УАЗ спішуць з вытворчасці?». Ніколі! На гэтую машыну заўжды будзе пакупнік. Гэта як армія, так паляўнічыя і рыбаловы. А для народа машына — тое, што доктар прапісаў! Вядома, на гэтым аўто не едуць адпачываць на мора. На ім выконваюць баявыя задачы. Брава, УАЗ! Ты першакласны салдат!

Танк на колах

У 1985 году УАЗ-469 мадэрнізавалі. Новая мадэль атрымала імя УАЗ-3151. Змяненні закранулі большасць вузлоў і агрэгатаў. Асвятляльныя прыборы палепшыліся і дапоўніліся. Электрычным стаў прывад абмывальніка лабавога шкла. Акрамя гэтага, у аўто з'явіліся дзве падвесныя педалі счаплення і тормазы, тормазы з двухконтурным прывадам, бяспечная рулявая калонка. Магутнасць рухавіка склала 80 конскіх сіл, што павялічыла максімальную хуткасць да 120 кіламетраў у гадзіну.

Розніца адчуваецца за рулём. У палепшанай версіі ехаць больш камфортна. Машына лёгкая, хуткая, праходная. Едзе яна хутка і лёгка. Падчас руху не адчуваеш ні ям, ні калдобін. Лужына? Проста! Многія задаюцца пытаннем: чаму УАЗ амаль не змяняецца? У гэтым няма неабходнасці. Яго галоўная задача — прастата, каб кожны вайсковец мог у любым кутку палігона або дзе б ён ні знаходзіўся, хутка яе адрамантаваць. Другая задача — праходнасць. Гэта танк. Маленькі танк на колах. Абаграванне сядзенняў або круіз-кантроль у гэтым аўтамабілі відавочна не патрэбны. УАЗ-3151 вельмі ўмяшчальны: ззаду можна пасадзіць пяць чалавек, адзін уперадзе. А калі скласці сядзенні, тое атрымаецца маленькі грузавік. Дарэчы, гэтая машына можа перавозіць да сямісот кілаграмаў, пры гэтым цягнуць за сабой прычэп з такой жа вагой.

Вайсковая маршрутка

Многія кажуць, што УАЗ-2206 не машына, а звер. Яна можа праехаць па любой мясцовасці. Гэты ўдалося праверыць. Аднак найперш — перадгісторыя. У пачатку 1950-х пачаў распаўсюджвацца сіндром «ядзернай вайны». Усім здавалася, што сутыкненне ЗША і СССР непазбежнае. Палітычныя кіраўнікі і простыя абывацелі пачалі рыхтавацца да горшага развіцця падзей. Так, на Ульянаўскі аўтамабільны завод, які ў той час вырабляў знакаміты ГАЗ-69, паступіла заяўка ад Міністэрства абароны СССР аб стварэнні простага аўтамабіля, які здольны вывозіць параненых і забітых з кропак радыяцыйнага паражэння. Галоўнымі патрабаваннямі да аўтамабіля былі праходнасць і прастата ў абслугоўванні. Так была створана знакамітая «буханка».

Першае, што мяне збянтэжыла, калі я села за руль, — адсутнасць у аўтамабіля капота. Затое ззаду — месца колькі хочаш! Адчуваеш сябе кіроўцам маршруткі. Толькі вайсковай. Салон «буханкі» змяшчае ад 8 да 11 пасажыраў. Пасадка аўтамабіля дазваляе яму з лёгкасцю пераадольваць глыбокую каляіну, броды да паўметра і нават захоўваць плаўнасць ходу, нават на вельмі пабітай дарозе.

З поўным камфортам

Я за рулём УАЗ «Патрыёт». Новенькі, свежанькі. Салон прасторны, а пасадка высокая. Мадэль 2021 года выпуску. Яна толькі сышла з канвеера і ўжо стала ў строй Узброеных Сіл Беларусі. Яе вайсковыя задачы — перавозка асабовага саставу. «Патрыёты» пачалі паступаць у войскі з 2000-х гадоў і зарэкамендавалі сябе вельмі добра. Машына праходная, лёгкая. Параўноўваць са старэйшымі братамі яе складана: гэтае аўто ўжо з поўным камфортам. Пра яго магчымасці можна казаць доўга, але найбольш красамоўны той факт, што ў 2014 годзе на «Патрыёце» экспедыцыя даехала да Паўночнага Ледавітага акіяна і пераадолела 21 тысячу кіламетраў. Ехалі па замёрзлых льдах Якуціі і нават па моры Лапцевых.

Лёгкая і мяккая

«Джылі» — брэнд айчыннага аўтапрама. Меркаванні аб тэхнічных характарыстыках і рэальных магчымасцях гэтай маркі падзяліліся. Ацаніць усе плюсы за адзін заезд у мяне не атрымалася. Адзінае, што ўдалося пратэставаць — гэта праходнасць. З гэтым у «Джылі» ўсё ў парадку. Праверылі мы яе на гразевым бродзе: нягледзячы на вельмі дрэнную дарогу, ідзе лёгка. Плюс — мяккая падвеска, добрае рулявое кіраванне.

Аўтамабілі пачалі паступаць ва Узброеныя Сілы каля 10 гадоў таму, калі з'явіліся першыя ўзоры. Іх задача, як і ў «Патрыётаў» — перавозка асабовага саставу. Па цягавітасці машына, вядома, саступае аўтамабільнаму спецназу кшталту УАЗаў, але таксама даволі камфортна адчувае сябе на палігонах.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.