Вы тут

Кааператыву «Альгоўскае» на ўборцы ўжо 20 гадоў дапамагаюць студэнты


На палях паўночнага рэгіёна актыўна ўбіраюць гародніну. Вытворчаму кааператыву «Альгоўскае», што ў Віцебскім раёне, прыходзяць на дапамогу навучэнцы каледжаў — гэтай штовосеньскай традыцыі супрацоўніцтва ўжо звыш 20 гадоў. Мы завіталі на адно з палёў Падзвіння, каб даведацца, які сёлета ўраджай дае морква і колькі можна зарабіць моладзі на сельгасработах.


Сёлета ў «Альгоўскім» пад гародніну адведзена 37 гектараў: 13 — капусты, 14 — морквы, 9 — буракоў, гектар — пад рознае. Уборачныя работы пачалі з чырвоных караняплодаў яшчэ ў пачатку верасня, цяпер уся ўвага адводзіцца моркве, якая сёлета радуе ўраджайнасцю — роўная і вялікая, ярка-рыжага колеру — з некалькіх выцягнутых пучкоў атрымліваецца поўнае вядро. Вынікі па моркве пакуль не падведзены — на гарызонце яшчэ 10 гектараў, а вось буракоў сабралі па 350 цэнтнераў з гектара.

З вытворчым кааператывам на працягу доўгіх гадоў супрацоўнічаюць пэўныя каледжы горада Віцебска — гаспадарка заключае дагаворы, ва ўстановах фарміруюць студэнцкія атрады, і ўжо з верасня юнакі і дзяўчаты пазменна шчыруюць на палях. Сёлета «Альгоўскаму» дапамагаюць навучэнцы пяці каледжаў — звыш 250 чалавек.

Для моладзі сельгасработы — не толькі магчымасць працягнуць летнія канікулы, але і добра падзарабіць. Для стымуляцыі адказныя за свае групы падлічваюць колькасць сабраных вёдраў кожнага, гаспадарка падае спісы ў эканамічную службу. Вядро морквы прыкладна каштуе 35 капеек, 100 вядзер — 35 рублёў. За дванаццаць дзён, а некаторыя каледжы працуюць цэлы месяц, пры высокай прадукцыйнасці працы (каля 50 вядзер за пяць гадзін) можна зарабіць звыш 200 рублёў.

Гаспадарка вырошчвае моркву галандскай селекцыі, гэтыя сарты характарызуюцца высокай усходжасцю, добрай ураджайнасцю, прывабным вонкавым выглядам. Але галоўнымі складнікамі высокага танажу з’яўляюцца захаванне тэхналогій сяўбы, падкормка мікраэлементамі і добрыя ўмовы надвор’я. Вытворчы кааператыў рэалізоўвае гародніну ў дзіцячыя садкі, школы, бальніцы, гандлёвыя сеткі не толькі раёна, але і горада. Восенню на тэрыторыі «Альгоўскага» працуе фірменны магазін, які карыстаецца попытам у насельніцтва, у сезон гаспадарка гандлюе і на гарадскіх сельскагаспадарчых кірмашах.

Цяпер работа студэнтаў арганізавана ў дзве змены — тры групы працуюць з 8.30 да паловы другой гадзіны, дзве — з 13.30 да паловы сёмай вечара. Адначасова вядзецца ўборка на розных палях, але на кожным створаны неабходныя рабочыя ўмовы — месца для адпачынку і абеду пад навесам, аптэчкі, біятуалеты. Да рэжыму работы моладзь ужо прывыкла: запоўнілі трактар — адпачываем. Хтосьці, вядома, стамляецца кожныя дваццаць хвілін, але некаторым — як іх называюць у гаспадарцы, «маладым перадавікам» — дастаткова перапынку на абед. Кожны сам для сябе абірае, як правесці час на полі: з карысцю, у кампаніі сяброў падзарабіць дадатак да стыпендыі або «адседзець» вызначаныя пяць гадзін.

Па словах агранома вытворчага кааператыва Вольгі Якаўлевай, некаторыя з навучэнцаў для гаспадаркі ўжо як старыя сябры. Няшмат, усяго чалавек шэсць, якія не першы год з ахвотай прыязджаюць на дапамогу. Ёсць і тыя, хто ў гэтым сезоне зарэкамендаваў сябе добра. Сярод іх — студэнты філіяла БДТУ «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж» Яна Папкова і Ягор Петрачэнка.

Яны разам вучацца на другім курсе каледжа па спецыяльнасці «Фатограф-кераміст». Абое — гарадскія, але прызнаюцца, што два тыдні «на моркве» — карысны вопыт. Юнак і дзяўчына не губляюць час дарма: выцягнулі радок, абарвалі маркоўнік і ўжо спяшаюцца да трактара, на хаду паведамляюць адказнаму пра чарговыя вёдры ў асабістым заліку. У гэтым ёсць і пэўны спартыўны інтарэс.

«Мне ўсё падабаецца: добрыя ўмовы, свежае паветра, а галоўнае, сябры побач. Гэта яшчэ больш аб’ядноўвае аднагрупнікаў», — дзеліцца ўражаннямі Ягор.

У дуэта ёсць свае рэкорды на асенняй ніве: хлопец за дзень набіраў 50 вядзёр, дзяўчына — 54. А ў некаторых калег лічба даходзіла і да 80. Яно таго варта: падыходзіць да справы з азартам і жаданнем перамагчы саміх сябе.

«Большасць нашых таварышаў прыехала сюды. Спачатку было цяжка: восень, халаднавата. Але нічога, усе ўцягнуліся. Наш другі тыдзень амаль падыходзіць да завяршэння, месцамі нялёгкія, але цікавыя дні пакінулі прыемныя эмоцыі», — дзеліцца Яна.

На чарзе пасля рыжай насельніцы палёў у гаспадарцы — капуста. Уборку гародніны «Альгоўскае» плануе завяршыць да пачатку лістапада, але, зважаючы на актыўны студэнцкі дэсант, падвесці вынікі работы атрымаецца хутчэй.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.