Вы тут

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе


У сям’і ЯКУБОЎСКІХ з Жодзіна з фізікай сябруюць усе. Эла Мікалаеўна выкладае гэты вучэбны прадмет у гарадской гімназіі № 1. Яе муж Аляксандр Уладзіміравіч — у жодзінскай сярэдняй школе № 9. Старэйшы сын Захар скончыў факультэт радыёфізікі БДУ, а малодшы Яраслаў зараз навучаецца на трэцім курсе таго ж факультэта. Сям’я Якубоўскіх — адзіная ў краіне, дзе і муж, і жонка маюць катэгорыю «настаўнік-метадыст». Між іншым, яе наяўнасць — сведчанне найвышэйшага пілатажу ў прафесіі і гатоўнасці дзяліцца з калегамі сваімі прафесійнымі ідэямі і знаходкамі, што яны з задавальненнем і робяць. «Калі я праводжу майстар-клас, а напрыканцы мне дзесяць хвілін апладзіруюць некалькі дзясяткаў педагогаў, я атрымліваю сапраўдны кайф ад таго, што мой вопыт будзе камусьці карысны», — прызнаецца Эла Мікалаеўна.


Сям’я Якубоўскіх — адзіная ў краіне, дзе і муж, і жонка маюць катэгорыю «настаўнік-метадыст».

На сваім месцы

Цікава, што сям’я Якубоўскіх стварылася амаль трыццаць гадоў таму ў Жодзінскім ліцэі (пазней ён стаў восьмай гарадской школай), куды з розніцай у год прыйшлі маладыя педагогі. Але калі Аляксандр адразу быў нацэлены менавіта на работу ў школе і скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут (цяпер БДПУ), то яго будучая жонка навучалася ў БДУ на фізічным факультэце на вытворчым патоку, і яе спецыялізацыяй была атамная фізіка і фізічная інфарматыка. Але ў 1992 годзе пасля распаду вялікай краіны працы для спецыяліста ў атамнай фізіцы не было, а вось настаўнікі фізікі патрабаваліся. Так Эла Мікалаўна апынулася ў школе. Спачатку думала, што гэта ненадоўга, але вельмі хутка высветлілася, што яна — на сваім месцы. Смяецца, што ад свайго лёсу не збяжыш. Яшчэ ў пачатковай школе на пытанне, кім ты хочаш стаць, адказвала: настаўніцай. Безумоўна, у захапленні дакладнымі навукамі вялікую ролю адыгралі педагогі. У Элы Мікалаеўны фізіку выкладаў Яўген Паўлінавіч Сяргееў — найлепшы настаўнік фізікі ў горадзе, строгі, сумленны і справядлівы, сапраўдная легенда. І ў бацькоў, і ў дзяцей ён карыстаўся безумоўнай павагай. Дарэчы, як толькі яна прыйшла ў школу, ён, сыходзячы на пенсію, перадаў сваёй былой вучаніцы ўсю сваю метадычную літаратуру. З цеплынёй прыгадвае сваіх педагогаў і Аляксандр Уладзіміравіч: Пётр Васільевіч Хацкевіч выкладаў у Пліскай сярэдняй школе, дзе ён навучаўся, фізіку, а Іван Эдуардавіч Ярмаловіч — матэматыку.

Дарэчы, маладая сям’я сыграла сваё вяселле ў Дзень настаўніка. А потым больш за дваццаць гадоў муж і жонка працавалі ў адной навучальнай установе. «У школе былі два кабінеты фізікі: у яго і ў мяне. Мы выкладалі ў тэхнічных класах, потым у фізіка-матэматычных. Калі нарадзіліся сыны, то ўсе клопаты дзялілі на дваіх, — расказвае Эла Мікалаеўна. — Не толькі я, але і муж сядзеў на бальнічных з дзецьмі, што для Жодзіна, дзе горадаўтваральным прадпрыемствам з’яўляецца „мужчынскі“ „БелАЗ“, нехарактэрна. Ён адпускаў мяне і на навучальныя курсы, і на фестывалі педагагічнага майстэрства, і на майстар-класы. У нас ніколі не было непаразуменняў. Мы абодва самарэалізоўваліся ў прафесіі без шкоды для нашай сям’і. Былі адзін у аднаго на падхваце. Гэта шчасце, калі ў сям’і размаўляюць на адной мове, калі ты можаш падзяліцца сваёй праблемай, сумненнямі і перамогамі не проста з мужам, а з калегай і сапраўдным прафесіяналам».

Дарэчы, у розныя гады Эла Мікалаеўна і Аляксандр Уладзіміравіч пабывалі на Вялікім адронным калайдары ў Швейцарыі ў рамках навуковай школы для педагогаў, куды адбіраюць на конкурснай аснове. Трапіць туды можна толькі аднойчы ў жыцці. І яны сваю магчымасць не ўпусцілі...

Аляксандр Якубоўскі: «У вучні, у першую чаргу, паважаю яго асобу. А тое, наколькі ён разбіраецца ці не разбіраецца ў фізіцы, для мяне зусім не важнае».

Зразумець і... палюбіць

Фізіка традыцыйна лічыцца адной з самых складаных школьных дысцыплін. Электрастатыка, тэрмадынаміка, асновы МКТ, механічныя хістанні і хвалі, оптыка, кінематыка, квантавая механіка... Гуманітарыі ўвогуле прыгадваюць школьны курс з ціхім жахам. Між іншым, Аляксандр Якубоўскі некалькі гадоў выкладаў фізіку ў Жодзінскай жаночай гімназіі. Цікавімся ў педагогаў, а ці ўсе могуць «пасябраваць» з фізікай, ды ўвогуле ці трэба гэта ўсім? Настаўнікам аптымізму не займаць. «Проста не вучы фізіку ў школе, і ўсё тваё жыццё будзе напоўнена цудамі і чараўніцтвам, — смяюцца яны. — Усё, што акружае чалавека, гэта фізіка. Яна вучыць нас жыць і ўзаемадзейнічаць з навакольным светам. Як працуюць нашы мабільныя тэлефоны? Чаму небяспечна ездзіць са сцёртымі шынамі? Чаму адбываюцца сонечныя і месяцовыя зацьменні? Што такое эфект Гало? Усё гэта тлумачыць фізіка. Матэматыка — гэта мова, на якой размаўляе фізіка, але матэматыка — навука абстрактная, а фізіка — канкрэтная. Каб зачапіць увагу вучняў, можна выкарыстоўваць ключавыя пытанні. Чаму крынічная вада не замярзае зімой? Што агульнага ў космасу з патэльняй? Ці можна зрабіць так, каб вада кіпела толькі ў палове пасудзіны? Чаму высока ў гарах вывіхі ў людзей адбываюцца часцей, чым унізе? Ці магчыма зрабіць, каб цела рухалася бясконца? Здавалася б, элементарныя пытанні, але ці можаце вы даць на іх хуткі адказ? Ключавыя пытанні — той „кручок“, які не адпускае ўвагу вучня, пакуль задача не будзе вырашана. Дзякуючы адкрыццям фізікаў сёння дыягнастуюцца анкалагічныя захворванні. Рэстаўратары і мастацтвазнаўцы могуць „убачыць“ гістарычную пабудову ці мастацкую карціну знутры. А што такое кардыяграма сэрца? Гэта вельмі прыгожая асцылаграма, электрычныя імпульсы, якія ідуць з розных абласцей сэрца... Далёка не ўсе з нашых навучэнцаў будуць рашаць пасля школы задачы па фізіцы, але ўсе павінны разумець, як дзейнічаюць базавыя фізічныя законы. Наша задача — навучыць дзіця думаць, аналізаваць, супастаўляць...»

Эла Якубоўская: «Наша задача — навучыць дзіця думаць, аналізаваць, супастаўляць...»

Педагогі канстатуюць, што розніца ў навучанні фізіцы дзяўчат і хлопцаў усё ж такі ёсць. Дзяўчатам трэба спачатку паказаць, даць падумаць, а потым патлумачыць. Хлопцы ж самі імкнуцца патлумачыць, а потым імкнуцца хутчэй праверыць сваю здагадку на доследзе. Яны прадуцыруюць больш ідэй, а дзяўчаты спачатку назапашваюць веды, а потым пачынаюць тлумачыць. І сабраны на лабараторнай рабоце ланцужок у іх часцей не працуе, дзяўчаты часцей сумняваюцца, а хлопцы падключаюць «метад навуковага тыку». І да правядзення даследчых работ хлопцы больш схільныя.

«Веданне фізікі патрэбнае ўсім, — кажа Аляксандр Якубоўскі. — Іншая справа — на якім узроўні? Адным фізіка патрэбная для будучай прафесіі, другім — для здачы ЦТ, трэцім — для таго, каб ведаць элементарныя рэчы. Я — справядлівы настаўнік, і ў вучні, у першую чаргу, паважаю яго асобу. А тое, наколькі ён разбіраецца ці не разбіраецца ў фізіцы, для мяне зусім не важнае. Ён можа ведаць фізіку роўна настолькі, наколькі ён хоча яе ведаць. Трэба паважаць яго выбар. Часта кажу дзецям: «Я ведаю і ўмею столькі, што магу вас гэтаму навучыць. Магчыма, вам гэта ў жыцці калісьці спатрэбіцца...»

Розніца ў навучанні фізіцы дзяўчат і хлопцаў усё ж такі ёсць.

Дрэнны матыватар

«Настаўнік павінен верыць у сваіх вучняў. Тады гэта вера ім перадаецца. Вынікі любога з іх могуць змяніцца да лепшага, бо не з’яўляюцца раз і назаўсёды зададзенай велічынёй. Мая задача — спачатку навучыць вучня рашаць задачы і толькі потым ацэньваць гэта ўменне, інакш вучні будуць баяцца дапусціць памылку. І яны павінны ведаць крытэрыі, па якіх будзе ацэньвацца іх работа. Апошнія павінны быць празрыстыя. Мы не ставім задачу — злавіць вучняў на няведанні. Не хаваем ад іх, якія будуць заданні на кантрольнай. Між іншым, усе кантрольныя работы ў нас з мужам — аўтарскія, каб у дзяцей не было спакусы спісаць. Яны не ведаюць змест заданняў, але якія будуць заданні, для іх не сакрэт, — падкрэслівае Эла Мікалаеўна. — Калі дзеці ведаюць «правілы гульні» — яны іх прымаюць, але потым пачынаюць патрабаваць тое ж ад іншых настаўнікаў. Пытаюцца, а па якіх крытэрыях вы будзеце ацэньваць прачытаны параграф? Для іх незразумела, як гэта — проста прачытаць параграф...

Для мяне якасны ўрок — той, напрыканцы якога вучань кажа: «Я зразумеў» ці «Я гэта магу». Няхай хтосьці вырашыць задачку другога ўзроўню, а хтосьці — алімпіядную задачку, усё залежыць ад пастаўленай мэты. Самы ўдзячны момант у працэсе выкладання — пачуць ад вучня вокліч: «Ого! Дык вось яно што!» Я разумею, што менавіта ў гэты момант ён пераходзіць на новы ўзровень ведаў ці набывае новы навык і гатовы ісці далей. Даўно пераканалася, што школьная адзнака — дрэнны матыватар. У мяне ёсць вучань, які прыйшоў у фізіка-матэматычны клас з «сямёркай». Гэта той мінімум, з якім можна прыйсці ў профільны клас. Але ў яго была ўнутраная матывацыя, ён збіраецца паступаць на інжынерную спецыяльнасць у БНТУ, да таго ж юнак трапіў у асяроддзе такіх жа матываваных дзяцей і за год выйшаў ужо на моцную «дзявятку». І ў мяне, і ў мужа ёсць вучні, якія атрымалі на ЦТ па фізіцы сто балаў. Канешне, гэта цешыць наша самалюбства, але больш важна для нас, каб кожны наш выпускнік знайшоў сваё месца ў жыцці і самарэалізаваўся. І калі мы можам ім у гэтым дапамагчы, значыць, працуем недарэмна».

Пытаемся ў суразмоўцаў, а ці адкрыта наша школа да новых ідэй? Якія адукацыйныя тэхналогіі могуць забяспечыць якасць адукацыі ў адпаведнасці з выклікамі часу, калі ўсе веды знаходзяцца ад вучня на адлегласці аднаго кліку?

— Нават пры наяўнасці мабільных тэлефонаў і сацыяльных сетак законы Ньютана дзеці самастойна не засвояць, калі ім не раскажуць пра іх у школе. Важна, каб вучань не толькі ўмеў правільна «гугліць». Ён павінен крытычна ацэньваць атрыманую інфармацыю. І — самае галоўнае — скласці сваё меркаванне, — кажа Эла Якубоўская. — Гэта найважнейшая чытацкая кампетэнцыя. Метады навучання, якія раней звычайна выкарыстоўваліся на ўроках, не заўсёды працуюць на фарміраванне медыякампетэнцый вучня. Гэту праблему ўскладняе інфармацыйны выбух. Розныя віды медыя выдаюць супярэчлівую, часам узаемавыключальную, інфармацыю пра адны і тыя ж падзеі, навуковыя адкрыцці і актуальныя праблемы сучаснасці. Для таго, каб разабрацца ў моры інфармацыі, вучню неабходна навучыцца мысліць крытычна. Працаваць над развіццём крытычнага мыслення можна на любых прадметах. Мая задача — навучыць працаваць на ўроку фізікі з фізічнай інфармацыяй, якая сустракаецца ў медыякрыніцах. Вельмі карысная для фарміравання крытычнага мыслення работа з рэкламай. Што могуць азначаць тэрміны, якімі аперыруюць рэкламадаўцы: «квантавая медыцына», «паліфактарнае ўздзеянне», «бактэрыцыднае сіняе святло», «экалагічна бяспечныя выпраменьванні»? Як чырвонае святло можа спраўляцца з хранічнымі захворваннямі? Ці можа сіняе святло аказваць заспакаяльнае і абязбольвальнае ўздзеянне? Што трэба ведаць, каб не «павесціся» на такую рэкламу?

Фізічныя памылкі сустракаюцца ў мастацкай, навукова-фантастычнай і навучальнай літаратуры, у журналісцкіх артыкулах, шмат іх у кінафільмах. Ёсць жарт на гэтую тэму: «Глядзеў фільм і плакаў». — «А чаму плакаў?» — Таму што фізік!»

Сярод эфектыўных тэхналогій навучання настаўнікі згадваюць фарміруючае ацэньванне (у Беларусі гэта актыўная ацэнка), кааператыўнае навучанне, праектнае навучанне і даследчы падыход.

— Якія ўменні і навыкі патрабуюцца чалавеку ў ХХІ стагоддзі? Камунікатыўнасць, творчасць і дапытлівасць, уменне працаваць з інфармацыяй, крытычнае і сістэмнае мысленне, уменне фармуляваць і вырашаць праблемы, скіраванасць на самаразвіццё, сацыяльная адказнасць, навыкі каманднай работы. Актыўная ацэнка вучыць дзяцей навыкам самаацэньвання, рэфлексаваць сваю дзейнасць — гэта вельмі важны навык, — разважаюць нашы суразмоўцы. — Праектнае навучанне — планаваць сваю дзейнасць і прэзентаваць яе вынікі. Нават пры працаўладкаванні ты павінен умець сябе прэзентаваць і рабіць гэта эфектна і максімальна пераканаўча. Трэба ўмець працаваць на агульную мэту ў камандзе, таму што ўсе адкрыцці сёння робяцца на стыку навук у міждысцыплінарных камандах.

Формула паспяховага чалавека

Малодшы сын Яраслаў неаднойчы перамагаў на навукова-даследчых канферэнцыях і конкурсах

Дарэчы, абодва сыны ў сямейнай пары Якубоўскіх захапляліся даследчымі работамі, былі пераможцамі міжнародных канферэнцый і конкурсаў навуковых і даследчых работ. Маглі паступіць ў любую ВНУ на самую прэстыжную спецыяльнасць, у тым ліку і па выніках ЦТ, маючы вельмі высокія балы, але выбралі факультэт радыёфізікі БДУ. Тлумачаць, што радыёфізіка — гэта сімбіёз фізікі і тэхнікі, які дае значна больш магчымасцяў, каб выбраць сабе пазней спецыялізацыю. У школьныя гады яны былі ўдзельнікамі Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы ў спартыўна-аздараўленчым комплексе «Брыганціна» БДУ, а калі сталі студэнтамі — накіравалаіся туды ў якасці важатых, кіравалі даследчымі работамі падлеткаў, паспрабавалі сябе і ў педагагічнай дзейнасці.

А ці ёсць у сям’і яшчэ што-небудзь, акрамя фізікі, што ўсіх аб’ядоўвае?

— Наша лецішча, — адказвае Эла Мікалаеўна. — Мой муж любіць будаваць і добраўпарадкоўваць, працавацаць сваімі рукамі і сыны яму ў гэтым дапамагаюць. Для яго важна, каб нам усім там было камфортна. Таму ў нас ёсць на лецішчы і душ, і лазня, і ацяпленне, і альтанкі. На жаль, месца для будаўніцтва ўжо скончылася (смяецца. — Аўт.). А я люблю вырошчваць кветкі, таматы, агуркі. Канешне, я ўсё гэта магу купіць. Але для мяне такая праца — адпачынак і магчымасць пераключыцца. У выхадныя мы школьнымі справамі прынцыпова не займаемся. У педагога павінны быць асабістае жыцце і асабістая тэрыторыя. Пакуль дзеці не выраслі, мы заўсёды адпачывалі разам, разам вандравалі па Беларусі і за яе межамі. На Дзень настаўніка ўсе абавязкова збяромся за адным сталом. Раней у нас было яшчэ адно сямейнае свята — Дзень машынабудаўніка, бо мае бацькі стаялі ля вытокаў «БелАЗа». А цяпер там працуе шмат нашых выпускнікоў, прычым на кіраўніцкіх пасадах.

На вачах педагогаў змянілася некалькі пакаленняў. Іх прадстаўнікі вельмі адрозніваюцца паміж сабой...

Некаторыя з вучняў пытаюцца: «А ці не пашкадавалі вы, што сталі настаўнікам?» Я ім адказваю, што калі вы будзеце прафесіяналам у той справе, якую абралі, то будзеце паспяховым чалавекам. Работа павінна прыносіць задавальненне і матэрыяльны дастатак, але на першае месца трэба ставіць усё ж такі задавальненне ад таго, што ты робіш. Мне ўдалося спалучыць і першае, і другое. Я матэрыяльна забяспечаны чалавек. І, дзякуючы дзецям, заўсёды адчуваю сябе маладой. На маіх вачах змянілася некалькі пакаленняў, іх прадстаўнікі вельмі адрозніваюцца паміж сабой. Мая вучаніца была класным кіраўніком у майго сына, і яму з ёй вельмі пашанцавала.

— У апошнія гады дзеці часта кажуць: «Дзякуй вам за ўрок!», і гэта натхняе. Дзевяцікласнікі пытаюцца: «А калі я прыйду да вас у фізіка-матэматычны клас, вы мяне возьмеце?» — «А табе не будзе складана?» — «Няхай будзе складана, але я хачу вучыцца ў вас». Напэўна, гэта пра шосьці сведчыць? Дзеці выбіраюць не толькі профіль, але і настаўніка. 22 пары дзіцячых вачэй глядзяць на цябе, вучні гатовы з табой камунікаваць увесь урок, а не адседжвацца. Значыць, я на сваім месцы!».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з асабістага архіву герояў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.