Вы тут

Блізкія рарытэты. Самабытнасць студэнцкай кнігі вершаў «Вёсны»


У 1977 годзе накладам 4700 экзэмпляраў выйшла кніга вершаў студэнцкага літаратурнага аб’яднання «Узлёт». 

Крыху патрапаная (толькі таму, што вельмі часта я браў яе ў рукі з таго дня, калі ў 1978 годзе яна мне, школьніку, патрапіла на вока; таму, што часта паказваў сябрам), яна і зараз — у маёй хатняй бібліятэцы. Як дарагі кніжны рарытэт... Так, гэта не інкунабула, ды і не палеатып, ды нават не антыкварная кніга. І ўсё ж — рарытэт, які не часта сустрэнеш у букіністычных крамах ці кнігарнях Мінска, дзе ёсць букіністычныя аддзелы...


Укладанне і прадмова належаць кіраўніку літаба’яднання «Узлёт» прафесару Алегу Антонавічу Лойка. У зборніка ёсць і рэдакцыйная калегія — дацэнт А. А. Волк, прафесар М. Р. Ларчанка, дацэнт В. В. Казлова. 

Вось што піша Алег Лойка пра аўтараў «Вёснаў»: «Усе яны — студэнты Беларускага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна — розных курсаў, розных факультэтаў. Іх кніга адкрываецца завабнымі радкамі першакурсніцы філалагічнага факультэта Вольгі Русілкі. А поруч з імі — вершы яе аднакурснікаў Уладзіміра Мазго, Віктара Стрыжака, Міколы Мінзера, студэнтаў факультэта журналістыкі Алеся Усені, Тадэвуша Чарнавуса, Леаніда Пранчака. Уладзімір Марук, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Ківатыцкі — студэнты другога курса філалагічнага факультэта стацыянара; на вячэрнім аддзяленні факультэта займаюцца Кастусь Жук, Алесь Пісарык; на аддзяленні беларускай і рускай мовы і літаратуры завочнага факультэта — Алесь Емельянаў. З чацверакурснікаў філфака ў зборніку выступае Яўгенія Мальчэўская. Мікола Мятліцкі, Тамара Купрэвіч, Яўген Гарадніцкі — сёлетнія выпускнікі філфака.»

«Неба ў спакоі, зямля прамаўчала.../ Што не парадаваў першы мой крок?../ Слоў захаплення і гордасці — мала?/ Голас мой — ветрык?..Рвануўся і змоўк?../ Справы патрэбны?.. Дык скора я, скора»../ Скора калоссем маім зямля/ З небам зашэпча... Дзень добры, прасторы,/ Свежаўзараная вёснаў ралля!.." — з верша «Я — камсамолка...» Вольгі Русілкі, якую сёння болей ведаюць не як паэта, а як вучонага-літаратуразнаўца, кандыдата філалагічных навук. Гэтым вершам і падборкай першакурсніцы і адкрываюцца «Вёсны». 

Па рознаму склаўся лёс аўтараў кнігі. Уладзімір Мазго і зараз актыўна працуе ў паэзіі. Ён зяўляецца і аўтарам тэкстаў літаральна соцен песень... І ў «Вёснах» — яго прадстаўнічая падборка. Першым — вялікі верш «Барвовыя макі (маналог ветэрана)». Прачытаўшы ўжо многія кнігі У. Мазго, выдадзеныя ў розныя дзесяцігоддзі, я нават неяк і шкадую, што ён болей піша для юнага чытача. З той «вёснаўскай» падборкі Валодзі Мазго мне найболей тады, амаль паўвека назад, прыйшоўся верш «Падлесак» з эпіграфам з Алеся Разанава: «... Тады выстойваюць падлескі,/ Калі выстойваюць лясы». А вось сам верш Валодзі Мазго: 

У сінім мроіве пралесак,

Сярод абветраных бяроз

Вясной абноўленай

Падлесак

З глыбінь прабіўся 

Да нябёс. 

 

Нібы струна,

Рукі чакала

Звонкагалосая сасна...

І гай сівы шаптаў: 

— Настала!..

Яна — сапраўдная вясна...

На старонкі кнігі ў тыя, школьныя, гады я ўклеіў выразкі з іншымі публікацыямі аўтараў «Вёснаў»: вершы Уладзімра Мазго (адчуваю па паперы, па шрыфтах, што — з «Піянера Беларусі»), Леаніда Пранчака, Яўгеніі Мальчэўскай, Міколы Мяліцкага, Кастуся Жука (дакладна — з «Чырвонкі»: верш «Школьнікі ў ліцейным»)... Ужо многіх з аўтараў кнігі няма на белым свеце, яны паляцелі да зор... Алесь Емяльянаў, Уладзімір Марук, Алесь Пісьмянкоў, Віктар Стрыжак, Яўгенія Мальчэўская, Мікола Мятліцкі... Хтосьці адыйшоў ад паэтычных клопатаў. А хтосьці паспеў адолець вышыні майстэрства, нават нягледзячы на кароткае жыццё. Як, напрыклад, Алесь Пісьмянкоў... «*** Мой край дарагі, край сасновы,/ Вясне ўсміхаецца зноў./ Я веру ў добрыя словы,/ Я веру ў шчырасць сяброў./ Хай радасці выступяць слёзы,/ Каханне хай сэрца кране!../ Як родныя сёстры, бярозы/ На ўзлессі сустрэлі мяне./ Сустрэлі ласкава і ветла,/ Адсніўшы зімовыя сны.../ Іскрыцца бярозавік светлы,/ Як першая радасць вясны». Шкада, што не так шмат кніг засталося пасля Алеся Пісьмянкова. Яны і зараз усе ў памяці — «Белы камень», «Чытаю зоры», «Планіда», «Вершы», «Журавель над студняй», «Я не памру, пакуль люблю»... А якія дзіцячыя вершы ён пакінуў дзіцячым чытачам!.. Мне здаецца, што іх будуць чытаць і надалей нашы ўнукі і праўнукі!..

«Вёсны» з сімпатычнай сіняй вокладкай Генадзя Малышава і яго адметным малюнкам, графічным партрэтам Дзяўчыны Вясны на авантытуле — кніга-старт... Але яшчэ — і кніга-штуршок... Ды таксама — і кніга-уяўленне...

Хіба не піша сёння студэнцкая моладзь вершаў?!. Дык дзе новыя калектыўныя зборнікі сучасных літаратурных аб’яднанняў?!. Дзе тыя кнігі, якія павінны расповядам пра паэтычныя філфакі, якія абавязаны разыйсціся па школах усёй краіны?!.

З «вёснаўскага» верша Кастуся Жука «Дзесяцікласніцы»: 

А лугі — не пакошаны,

Не стаптаны ваколіцы...

Зноў сукенкі ў гарошыны

Упрыгожваюць школьніцаў. 

 

Маладыя равесніцы

Ў танцах кружацца з завідна.

Бразнуць раніцай весніцы — 

К дзевяці на экзамены. 

Паімчацца заспаныя,

Летуценныя, лёгкія,

Ва ўвесь свет — закаханыя,

Быццам воблачкі — лёткія.

 

Ім шляхамі наўкольнымі

Мроіць, сэрцы палонячы...

Па-за сценамі школьнымі 

Іх экзамены галоўнейшы. 

Так, з некаторых твораў відаць фармалізаванасць, залішняя патэтыка. А мо гэта — толькі наіў, які быў уласцівы ранейшаму часу..? Але ж усё адно складваецца ўражанне партрэту самай маладой паэзіі. Становіцца зразумелым, што над вершамі працавалі, іх рэдагавалі, іх — што, відаць, для пачаткоўцаў, самае галоўнае — абмяркоўвалі. 

Такія кнігі, як «Вёсны», не забываюцца, а застаюцца ў памяці, застаюцца ў ганаровай варце сапраўдных рарытэтаў на паліцах хатніх бібліятэк. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».