Вы тут

... Вартуй зямлі нязгаснае святло


У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна прайшла прэзентацыя паэтычнага зборніка «Зямлі нязгаснае святло». 

Творчасць трох паэтаў, цесна звязаных з Віцебскам, Віцебшчынай, прадстаўлена ў адной кнізе, што пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», — Янкі Сіпакова, Алега Салтука, Анатоля Канапелькі. Іх жыццё і творчасць цесна звязаны з Віцебскам, Віцебшчынай. 
 
«Вартуй зямлі нязгаснае святло,/ Лаві святло нябёсаў васільковых./ І не шкадуй, што некалі было/ Распачынаць жыццё сваё нанова./ Каб, як у тыя, даўнія, гады,/ На лесуновых сцежках заблудзіцца/ І на зары папіць жывой вады,/ Упаўшы на калені прад крыніцай...» (Алег Салтук). У кожнага з паэтаў, якія ўжо пайшлі з жыцця (Алег Салтук — у 2015-м; Янка Сіпакоў — у 2011-м; Анатоль Канапелька — у 2002 годзе), — свая творчая, паэтычная далучанасць да Віцебскай старонкі. Многія творы прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны ў родным краі, родным паселішчам, рэкам, што радавалі іх вока, што працягваюць радаваць вока нашчадкаў... 
 
На прэзентацыі, якую адкрыла і вяла загадчык аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова, расказвалі не толькі як стваралася кніга, але ўспаміналі аўтараў, з якім шмат хто з удзельнікаў сустрэчы быў знаёмы. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч расказаў пра цэлы шэраг паэтычных кніг, якія пабачылі свет у апошнія тры гады ў «Звяздзе». Размова — пра калектыўныя зборнік паэтаў Берасцейшчыны, Гродзеншчыны, Гомельшчыны, пра асобныя кнігі паэзіі Рыгора Барадуліна, Алеся Бадака, Віктара Шніпа... «Паэзія, стаўленне да яе ў грамадстве — паказчык высокай культуры, стану літаратурнага працэса, стану гуманістычнага выхавання», — зазначыў кіраўнік пісьменніцкага саюза. 
 
Пра Янку Сіпакова, сваю цікавасць да яго творчасці гаварыла старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Тамара Краснова-Гусачэнка. Укладальнік зборніка намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп прачытаў вершы кожнага з аўтараў кнігі «Зямлі нязгаснае святло», звярнуў увагу на тое, чым кіраваўся, выбіраючы з вялікай творчай спадчыны тыя ці іншыя вершы. У кнізе «Зямлі нязгаснае святло» — свая, паэтычная, знітаванасць з драматычнымі падзеямі Вялікай Айчыннай... Пра гэта — і ў вершы Анатоля Канапелькі «Вуліца Бацькі Міная»: «Вуліца Бацькі Міная — / жыцця неўміручы працяг./ Са мною трывога зямная./ І чуецца грукат баёў.../ Вуліца Бацькі Міная/ праходзіць праз сэрца маё». І ў вершы Янкі Сіпакова «Паранены партызан»: «Я паўзу ўжо даўно па снезе,/ І за мною паўзе след даўгі./ Я ўлядзеў, абмарозіўся ў лесе.../ Падпаліце снягі, / Падпаліце снягі!/ Хай сняжынкі трашчаць, як ядловец,/ Як лаўжы, хай сумёты гудуць./ За агнём/ чужаніцы не зловяць,/ Што па следзе крывавым ідуць...» І ў вершы Алега Салтука «Зямлянка»: «Можа, сёння той, жывы,/ І дасюль не знае,/ Што з-пад веек сон-травы/ Кроплі слёз сцякаюць./ Калі з кветкамі пайду,/ Горка вінаваты,/ На «Прарыве» пакладу/ Іх ля ног Салдата...»
 
Сваімі ўспамінамі пра літаратуразнаўцу і паэта Анатоля Іванавіча Канапельку падзялілася яго калега па шматгадовай працы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава кандыдат філалагічных навук паэт Вольга Русілка. Анатолю Канапельку прысвяцілі свае выступленні і іншыя ўдзельнікі шчымлівай і ў адначассе ўрачыстай прэзентацыі кнігі «Зямлі нязгаснае святло». 
 
Віцебшчына — край сапраўдных паэтаў. І, пэўна, Выдавецкі дом «Звязда» яшчэ не аднойчы звернецца да выдання кніг з іх яркімі, высокамастацкімі творамі. 
 
Кастусь ХАДЫКА
Прэв'ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.