Вы тут

«Верасень» прадставіў у Мінску багацце поглядаў і мастацкіх тэхнік


«Палітра „Верасня“» ў кастрычніку? Нічога дзіўнага, бо «Верасень» — гэта адна з секцый Беларускага саюза мастакоў, якая ўтварылася ў 1989-м годзе. Пра сваё існаванне яна сведчыла выстаўкамі, якія адбываліся раз на два гады. Але новую выстаўку давялося чакаць тры гады з-за пандэміі. І вось у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў «Палац мастацтва» можна адчуць радасць ад сустрэчы з творчасцю «Верасня».


Разнастайнасць — вось вызначальная рыса экспазіцыі «Палітра „Верасня“». Таму яна дорыць багата эмоцый. Тут і розныя віды графікі, і жывапіс, і акварэль. Філасофія, што патрабуе засяроджанага разгляду, і простая радасць жыцця з яркімі колерамі ды знаёмымі вобразамі, лёгкасць і імгненнасць заспетага моманту, фантазія з чароўнымі Сусветамі і прыгожамі марамі. Колькі мастакоў — столькі і поглядаў на жыццё, столькі Сусветаў, народжаных аўтарамі. 

— «Верасень» — гэта суполка з вялікімі традыцыямі, якая ўзнікла ў часы, калі пачаліся размовы пра тое, што ёсць нацыянальнае мастацтва, якім чынам трэба гаварыць пра нашу нацыю, пра Беларусь, — адзначыла намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шарагновіч. 

— Секцыя была сфарміраваная тады, калі мастакі шукалі формы рэалізацыі сябе, формы зносінаў адзін з адным, — тлумачыць сташыня секцыі «Верасень» Марына Эрэнбург. — Першапачаткова ядром секцыі стала група мастакоў-графікаў, якія на той момант паспяхова працавалі ў станкавай, часопіснай і кніжнай графіцы. Яны шмат у чым вызначылі твор беларускай графікі, якая цяпер вядомая ва ўсім свеце як беларуская графічная школа. Адным з заснавальнікам секцыі быў Георгій Паплаўскі. Але сябры суполкі рэалізавалі сябе і ў іншых відах творчасці — жывапісу, сцэнаграфіі, дызайне, прыкладным мастацтве... 

Для гэтай секцыі заўсёды было важнае захаванне традыцый. Таму ў выстаўкі суполкі звычайна ўключаюцца работы не толькі тых мастакоў, якія зараз уваходзяць у аб’яднанне «Верасень», але і тых, каго ўжо няма ў гэтым свеце. Сёлета, напрыклад, можна пабачыць работы трох мастакоў-заснавальнікаў секцыі — Мікалая Рыжыкава, Леаніда Марчанкі і Віктара Кліменкі, — якія з’яўляюцца прыкладам таго, што мастацтва мае па-за часовы характар. Калі гэта сапраўднае мастацтва, то яно застаецца актуальным у любыя часы і кранае зараз. Наогул у кіраўніцтве суполкі ёсць ідэя праз пару гадоў скласці выстаўку, на якой былі б прадстаўлены работы ўсіх мастакоў, якія ў розныя часы ўваходзілі ў «Верасень» — і тых, хто жыве, і тых, хто сышоў, каб прадставіць увесь спектр мастацкіх манер, поглядаў, тэхнік, якімі валодаюць творцы. 

Бо сябрамі суполкі на сённяшні з’яўляюцца ўжо не толькі графікі, але і жывапісцы, ёсць і мастацтвазнаўцы. Гэта мастакі некалькіх пакаленняў, якія працуюць у розных тэхніках, кірунках і стылях. Што яднае ўсіх удзельнікаў секцыі — гэта найперш захаванне індывідуальнасці. І на выстаўцы рэалістычныя працы спалучаюцца з тымі, што выкананыя ў сімвалічным ці абстрактным ключы, а малюнкі і друкаваная графіка не ўступае ў супярэчнасць з экспрэсіяй яскравых колераў жывапісу. «Вераснёўцы» ўмеюць ад цёплых, простых, лірычных сюжэтаў узняцца да глыбокіх разважанняў і філасофскіх абагульненняў. Яны звяртаюцца да беларускага фальклора і літаратуры, гуляюць з культурнымі сімваламі, выклікаюць асацыяцыі, паводле якіх кожны можа выбудаваць сэнсавую канву. Яны штурхаюць да думак, якія потым складуцца ў пэўныя гісторыі, падобныя на главы адной кнігі — пра жыццё, яго прыгажосць і каштоўнасць. 

Разам з творамі ранейшых гадоў на выстаўцы можна ўбачыць новыя працы, якія раней ніколі не выстаўляліся. Адметна, што ў экспазіцыю ўвайшлі ўсе творы, прапанаваныя мастакамі, якія сёння актыўна працуюць, — і ні воднай прынесенай працай вырашылі не ахвяраваць. Можа таму экспазіцыя атрымалася такой цікавай і разнастайнай — за кошт багацця аўтарскіх імёнаў, за кожным з якіх уласны погляд і адмысловая творчая манера. Выстаўка «Палітра „Верасня“» сапраўды глядацкая — тут кожны наведвальнік знойдзе таго мастака, які падасца яму блізкім і цікавым.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.