Вы тут

Лапко — пераможца міжнароднага тэніснага турніру


У традыцыйным аглядзе прадстаўляем самыя цікавыя спартыўныя навіны.


Гераіня тыдня. Беларуская тэнісістка Вера Лапко стала пераможцай турніру ІTF у славацкай Трнаве з прызавым фондам $25 тысяч. У вырашальным паядынку яна абыграла чэшскую тэнісістку Люцыю Гаўлічкову. Вынік сустрэчы — 4:6, 7:6 (7:1), 6:2.

Тытул у Славакіі стаў для Веры першым з 2018 года ў адзіночным разрадзе на турнірах ІTF і сёмым у прафесійнай кар'еры.

Каманда тыдня. На пляцоўцы Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву завяршыўся першы этап Маладзёжнай валейбольнай лігі Расіі сярод дзяўчат. У апошнім матчы тура жаночая юніёрская зборная Беларусі ў трох сэтах абгуляла «Ліпецк-2» (25:20, 25:23, 25:21). Да гэтага беларускі двойчы аказаліся мацнейшымі за каманду Ліпецка (3:0, 3:0), а таксама абмяняліся перамогамі з «Туліцай-2» (3:2, 0:3). ). Пасля чатырох паядынкаў сезона ў актыве нашых юніёрак 8 ачкоў, на гэты момант беларускі ідуць чацвёртымі сярод 14 каманд Маладзёжнай валейбольнай лігі.

Наступныя матчы ў турніры беларуская каманда правядзе з 17 да 20 лістапада ў Ніжнім Ноўгарадзе. Саперніцамі нашых дзяўчат па другім этапе МВЛ стануць пецярбургская «Ленінградка-2» і «Лакаматыў-ЗШОР» з Калінінграда.

Медалі тыдня. Беларускія канькабежцы паспяхова выступілі на першым этапе Кубка Расіі, які прайшоў у Каломне. У мужчын на дыстанцыі 1000 м перамог беларус Ігнат Галавацюк, які паказаў вынік 1 хв. 09,87 сек. Ён таксама заняў трэцяе месца на дыстанцыі 500 метраў. Кацярына Слоева — сярэбраны прызёр на дыстанцыі 1500 метраў. Беларусы таксама заваявалі два залатыя медалі ў камандных спаборніцтвах. Віктар Рудэнка, Ягор Дамарацкі і Яўген Болгаў сталі найлепшымі ў мужчынскім забегу на 8 кругоў. У жанчын Кацярына Слоева, Яўгенія Вараб'ёва і Ганна Дамарацкая перамаглі ў камандным спрынце. Таксама Яўгенія Вараб'ёва, Ганна Дамарацкая і Ганна Кавалёва заваявалі «золата» ў забегу на 6 кругоў. Ігнат Галавацюк, Арцём Чабан і Яўген Гагіеў — таксама сталі пераможцамі каманднага спрынту. А Ілья Пятроў, Уладзіслаў Запойкін і Віктар Рудэнка — занялі другое месца гэтага забегу.

У стартавым этапе Кубка Расіі ўзялі ўдзел больш за 180 беларускіх і расійскіх спартсменаў.

Камбэк тыдня. Беларускі спецыяліст Аляксандр Андрыеўскі папоўніў трэнерскі штаб хакейнага мінскага «Дынама», паведамілі ў прэс-службе сталічнага клуба. Раней спецыяліст ужо працаваў у клубе: менавіта ў «Дынама» Андрыеўскі пачаў трэнерскую кар'еру ў сезоне-2006/07. Пасля гэтага ён працаваў у маладзёжнай зборнай Беларусі і «Гомелі», а ў 2009 годзе ўзначаліў «Дынама» падчас рэгулярнага чэмпіянату. У далейшым спецыяліст двойчы кіраваў трэнерскім штабам «зуброў», а таксама дапамагаў Марэку Сікоры і Кары Хейкіля. Менавіта пад кіраўніцтвам Андрыеўскага мінчане сталі ўладальнікамі Кубка Шпэнглера-2009. Акрамя таго, Андрыеўскі працаваў галоўным трэнерам у клубах КХЛ «Адмірал» (2015-2018 і 2021-2022), «Сібір» (2018-2019) і «Сочы» (2019-2021).

Поспех тыдня. У Якуцку завяршыўся міжнародны турнір па вольнай барацьбе памяці Дзмітрыя Коркіна з удзелам беларускіх спартсменаў. Прадстаўнікі Беларусі заваявалі адзін залаты, адзін сярэбраны і два бронзавыя медалі. Пераможцам у вагавой катэгорыі да 57 кг стаў Арыян Цютрын, у гэтай жа вазе на трэцюю прыступку п'едэстала падняўся Дзімчык Батамункуеў. Яшчэ адну бронзу камандзе прынёс Андрэй Бекранёў (да 61 кг), а ў катэгорыі да 97 кг серабро дасталася Аляксандру Гуштыну. Усяго нацыянальную каманду Беларусі па вольнай барацьбе прадставілі 11 атлетаў.

У спаборніцтвах, прымеркаваных да 100-годдзя ўтварэння Якуцкай АССР, узялі ўдзел больш за 190 спартсменаў з 13 краін, якія разыгралі медалі ў 10 вагавых катэгорыях. На турніры выступілі чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, а таксама пераможцы чэмпіянату і Кубка свету.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.