Вы тут

Імкліва і ўпэўнена — да перамог


Героі тыдня. Беларускія спартсмены выступілі на міжнародных спаборніцтвах па вольнай барацьбе сярод моладзі памяці заслужанага трэнера Арменіі Лёвы Варданяна. У актыве нашай каманды адзін залаты, два сярэбраныя і адзін бронзавы медалі. Пераможцам турніру ў вагавой катэгорыі да 97 кг стаў Уладзіслаў Казлоў, на другім радку ў сваіх вагах размясціліся Ілья Хамцоў (да 86 кг) і Аляксей Пархоменка (да 92 кг), «бронзу» ў катэгорыі да 61 кг выйграў Іван Грамыка.


Лічба тыдня. 13 медалёў заваявалі беларускія канькабежцы ў фінале Кубка Расіі, які прайшоў у Каломне. На дыстанцыі 500 метраў перамагла Ганна Дамарацкая, яна ж была самай лепшай і на дыстанцыі 1000 метраў. Кацярына Слоева на тысячы заняла трэцяе месца. У мужчын на гэтай дыстанцыі наймацнейшым быў Ігнат Галавацюк. На 500 метрах ён жа стаў другім, Ягор Дамарацкі — трэцім. У жаночым камандным спрынце першынствавалі Софія Татурэвіч, Ганна Дамарацкая і Кацярына Слоева, а ў гэтым жа відзе праграмы ў мужчын роўных не было Арцёму Чабану, Ігнату Галавацюку і Віктару Рудэнку. Другая беларуская тройка ў складзе Яўгена Гагіева, Уладзіслава Гапона і Уладзіслава Запойкіна заваявала «бронзу». У скарбонку беларускай дэлегацыі адправілася і «золата» ў жаночай каманднай гонцы, дзе за нашу зборную выступалі Ганна Дамарацкая, Ганна Кавалёва і Кацярына Слоева. У каманднай гонцы ў мужчын Яўген Болгаў, Ягор Дамарацкі і Віктар Рудэнка заваявалі бронзавыя медалі. Кацярына Слоева паказала найлепшы вынік на дыстанцыі 1500 метраў, у гэтай жа дысцыпліне ў мужчын Віктар Рудэнка ўзяў «серабро».

Поспех тыдня. У Ханты-Мансійску завяршылася першынство Расіі па біятлоне сярод юніёраў і юніёрак з удзелам беларускіх спартсменаў. Адзіны медаль заваявалі Алена Надольская, Алена Кулак і Ганна Песцерава, якія сталі трэцімі ў эстафеце. На працягу першынства Расіі нашы біятланісты тройчы траплялі ў дзясятку мацнейшых. Глеб Арлоўскі заняў пятае месца ў індывідуальнай гонцы, Алена Кулак фінішавала дзявятай у гонцы пераследу, а квартэт юніёраў у складзе Канстанціна Бабурава, Дзяніса Яромава, Андрэя Гаўроша і Аляксея Логвінава паказаў пяты вынік у эстафеце.

Цытата тыдня. «З аднаго боку, чацвёртае месца — гэта вялікі поспех для нашай краіны, але мы ехалі ў Дубай па медалі, таму ёсць пачуццё суму і недаказанасці. Усе хлопцы паверылі ў сябе і ў тое, што мы можам на роўных гуляць супраць любой каманды. Цяпер важна добра падрыхтавацца да кваліфікацыі на наступны чэмпіянат свету, які, спадзяюся, будзе для нас яшчэ больш удалым», — адзначыў Ігар Брыштэль, прызнаны найлепшым бамбардзірам чэмпіянату свету па пляжным футболе. На мінулым тыдні Нацыянальную зборную Беларусі ўшаноўвалі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. Дзякуючы паспяховаму выступленню на чэмпіянаце свету беларуская зборная ўзнялася на восьмае месца ў сусветным рэйтынгу.

Каманда тыдня. Футбалісткі юніёрскай зборнай Беларусі (U-17) атрымалі трэцюю буйную перамогу ў другім адборачным раўндзе першынства Еўропы ў лізе В і вярнуліся ў элітны дывізіён. У паядынку трэцяга тура кваліфікацыйнай групы В1 у Падгорыцы беларускі ўпэўнена перайгралі гаспадынь спаборніцтваў — чарнагорак — 6:2. Хет-трык у гэтай сустрэчы аформіла Алена Раброва, дубль у актыве Дар’і Пратасюк, адзін раз вароты саперніц паразіла Вераніка Калюта. Выніковае становішча каманд: Беларусь — 9 ачкоў, Чарнагорыя — 6, Літва — 3, Андора — 0.

Пераможцы шасці груп лігі В выходзяць у лігу А. Беларуская дружына пачала сёлетні адборачны цыкл у элітным дывізіёне, але выступіла няўдала. У лістападзе 2023 года ў Албаніі ў групе А7 беларускі саступілі камандам Даніі (0:6) і Швецыі (0:3), а таксама згулялі ўнічыю з Грэцыяй (2:2). Фінальны этап кантынентальнага першынства сярод дзяўчат (U-17) пройдзе з 5 да 18 мая на футбольных арэнах Швецыі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.