Вы тут

Высокі ціск, цукровы дыябет, халестэрын… Што прыводзіць да інсульту


За апошнія 30 гадоў колькасць інсультаў у свеце павялічылася на 70 %, а колькасць смерцяў вырасла ўдвая. Хвароба забірае больш за 10,8 мільёна жыццяў штогод — такія даныя былі апублікаваны ў адным з самых прэстыжных навуковых часопісаў Lancet. Нягледзячы на развіццё сучасных метадаў лячэння, інсульт застаецца і першай прычынай інвалідызацыі ў свеце. Знізіць імавернасць гэтага захворвання можа як своечасовае лячэнне яго прычын — у прыватнасці, такіх, як высокі ціск ці халестэрын, так і карэкцыя спосабу жыцця. Падрабязней пра гэта расказалі спецыялісты.


Толькі трэць пацыентаў своечасова выклікае «хуткую»

Як адзначыў намеснік дырэктара па медыцынскай рабоце РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па неўралогіі Міністэрства аховы здароўя Вячаслаў Вашчылін, сярод усіх захворванняў інсульт з'яўляецца другой па частаце прычынай смяротнасці і першай прычынай інвалідызацыі пацыентаў. Распаўсюджанасць яго высокая як ва ўсім свеце, так і ў нашай краіне.

— У Беларусі штогод інсульт пераносіць кожны чацвёрты з тысячы насельніцтва. Таксама захоўваецца і высокая смяротнасць — цяпер яна не менш за 15 %, а высокая інвалідызацыя з'яўляецца цяжарам як для грамадства, так для чалавека і яго сям'і, — адзначае Вячаслаў Вашчылін.

Інсульт не прыходзіць сам па сабе, а з'яўляецца вынікам многіх прычын. Напрыклад, захворванняў сасудаў і сэрца.

Папярэдзіць інсульт можна толькі пры дапамозе барацьбы з фактарамі рызыкі. Найбольш значныя сярод іх — артэрыяльная гіпертэнзія (а яна маецца ў 95 % пацыентаў з ісультам), гіперхалестэрынемія і атэрасклероз сасудаў галаўнога мозга, цукровы дыябет, а таксама захворванні сэрца, якія прыводзяць да парушэння рытму, часам захворванні крыві, якія могуць прыводзіць да ўтварэння тромбаў і, як вынік, развіцця інсультаў. Акрамя захворванняў, ёсць яшчэ нашы шкодныя звычкі: курэнне, злоўжыванне алкаголем і іншымі псіхаактыўнымі рэчывамі, гіпадынамія, лішняя вага.

Адначасова, як адзначае Вячаслаў Вашчылін, расце якасць медыцынскай дапамогі:

— Павялічваюцца магчымасці аказання медыцынскай дапамогі, з'яўляюцца новыя тэхналогіі, якія дапамагаюць палепшыць не толькі паказчыкі выжывальнасці, а і зменшыць інвалідызацыю і той неўралагічны дэфіцыт, які можа развіцца пасля перанесенага інсульту.

Для лячэння пацыентаў з інсультам у нашай краіне маецца сетка стацыянарных устаноў. У абласных цэнтрах, буйных гарадах гэта міжраённыя цэнтры, дзе акрамя звычайных сродкаў, ёсць дадатковыя ўмовы для рэнтгенваскулярных метадаў лячэння ішэмічных інсультаў.

— Лячэнне мусіць пачынацца з выкліку брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, якая павінна правесці першыя мерапрыемствы і своечасова даставіць пацыента ў стацыянар. Стацыянарныя аддзяленні размешчаны ў клініках, дзе ў наяўнасці ўсе сродкі для лячэння інсульту, — тлумачыць начальнік аддзела неўралогіі і нейрахірургіі Навукова-практычнага цэнтра гематалогіі, транспланталогіі, галоўны пазаштатны ангіянеўролаг Міністэрства аховы здароўя Сяргей Марчанка. — Праблемы, з якімі мы сутыкаемся, датычацца дашпітальнага этапу. У межах «тэрапеўтычнага акна» па дапамогу звяртаецца не больш за трэць нашых пацыентаў.

У выніку пацыенты пазней дастаўляюцца ў стацыянар, і гэта абмяжоўвае прымяненне сучасных метадаў лячэння. А менавіта яны дазваляюць у больш чым палове выпадкаў пазбегнуць глыбокай інваліднасці. Таму зварот па дапамогу і дастаўка ў стацыянар мусяць быць максімальна хуткімі.

Колькі доўжыцца «тэрапеўтычнае акно»?

Ва ўрачоў ёсць 4,5 гадзіны (гэта і ёсць «тэрапеўтычнае акно»), каб кардынальна паўплываць на развіццё вострага паталагічнага працэсу і выратаваць хоць бы частку клетак мозга, якія гінуць. Хворага трэба паспець давезці да бальніцы, экстранна абследаваць і пачаць лячэнне.

— «Тэрапеўтычнае акно» актуальнае пры праблеме ішэмічнага інсульту. А іх абсалютная большасць — больш за 85 %, — кажа Сяргей Марчанка. — У гэты час участак мозга яшчэ захоўвае сваю жыццяздольнасць, і аднавіўшы рух крыві, можна значна палепшыць стан пацыента. «Тэрапеўтычныя вокны» для розных спосабаў лячэння розныя, але самы галоўны прынцып: чым хутчэй — тым лепш. Нават у рамках 4,5-гадзіннага «тэрапеўтычнага акна» будзе розніца ў лячэнні пацыентаў, якія паступілі ў стацыянар на працягу гадзіны і на працягу чатырох гадзін. Таму як толькі з'явіліся сімптомы — звяртайцеся па медыцынскую дапамогу.

Як вызначыць інсульт?

Для таго каб западозрыць інсульт, не абавязкова быць урачом. Дастаткова ведаць яго відавочныя прыкметы. Ва ўсім свеце выкарыстоўваецца просты скрынінгавы тэст. Пры інсульце ў чалавека раптам з'яўляецца асіметрыя твару, слабасць у руцэ, а магчыма, і ў назе, парушэнне маўлення. Ён адчувае, што раптам і моцна пачынае балець галава, можа страчваць прытомнасць, парушаецца раўнавага, хада становіцца няцвёрдай, можа губляцца зрок у адным воку або адразу ў абодвух. Пры з'яўленні такіх прыкмет варта неадкладна выклікаць хуткую дапамогу.

— Калі ў чалавека ўзнікаюць сімптомы, што могуць быць праяўленнем інсульту, ён мусіць выклікаць хуткую дапамогу, якая ацэньвае стан і траспартуе ў стацыянар, дзе праводзіцца нейравізуалізацыйнае абследаванне. На яго падставе і ўстанаўліваецца прычына, якая прывяла да з'яўлення падобнай сімптаматыкі, — кажа Вячаслаў Вашчылін.

У кожнай з устаноў, куды транспартуюцца пацыенты з падазрэннем на інсульт, маецца рэнтгенаўскі камп'ютарны тамограф, таму ўсім пацыентам ёсць магчымасць выконваць камп'ютарную тамаграфію галаўнога мозга ў першыя гадзіны ад развіцця сімптаматыкі.

Хвароба маладзее

На жаль, колькасць інсультаў у больш маладым, працаздольным узросце расце. У апошнія гады колькасць пацыентаў ва ўзросце да 60 гадоў дасягае 15—20 %. Дадзенае захворванне сустракаецца нават у дзяцей першых гадоў жыцця.

— Інсульт — гэта парушэнне функцыянавання мозга пры абмежаванні доступу кіслароду. Парушэнні сасудзістай будовы, каагуляцыйнай сістэмы могуць прыводзіць да яго развіцця, — тлумачыць Вячаслаў Вашчылін.

— Сёлета вельмі паспяхова пралячылі пацыентку ва ўзросце 15 гадоў. Быў адноўлены мазгавы крываток, у кароткія тэрміны яна цалкам аднавілася і была выпісана дадому. Такія прыклады ёсць штогод, але, дзякуй богу, іх няшмат, — дадае Сяргей Марчанка.

Трэба адзначыць, што высокаэфектыўныя тэхналогіі лячэння даступныя не толькі пацыентам маладога ўзросту. Сёлета ў адным з раённых цэнтраў рэперфузійная тэрапія была праведзена пацыенту старэйшаму за 80 гадоў, прычым з вельмі добрым эфектам.

Калі перанеслі інсульт...

— На жаль, прэпаратаў, якія аднаўляюць галаўны мозг, дагэтуль не прыдумана. Асноўная задача ў лячэнні пацыента, які перанёс такое захворванне, у вострым і далейшым аднаўленчым перыядзе, — гэта прафілактыка паўторнага інсульту, — падкрэслівае Сяргей Марчанка. — Аднаўленчае лячэнне праводзіцца ў выглядзе фізічнай рэабілітацыі, ёсць і падтрымальная тэрапія па рашэнні доктара. Прэпаратаў, якія б даказалі сваю эфектыўнасць у аднаўленні клетак мозга, на жаль, дагэтуль няма.

Пацыенты, што перанеслі інсульт, пасля бальніцы знаходзяцца пад назіраннем неўролага па месцы жыхарства. Пры выпісцы са стацыянара яны атрымліваюць рэкамендацыі па працягу лячэння, прафілактыцы паўторнага развіцця інсульту, у тым ліку прэпараты, якія супрацьдзейнічаюць утварэнню тромбаў і парушэнню кровазабеспячэння мозга. Неўролаг кантралюе пацыента пасля інсульту не менш за год, але не толькі яго намаганні важныя.

— Інсульт — другаснае захворванне, і прычыны, якія прыводзяць да інсульту, знаходзяцца ў зоне адказнасці ўрача-тэрапеўта, урача-эндакрынолага, урача-кардыёлага. Яны мусяць прызначаць і кантраляваць тэрапію. У выніку прыёму прэпаратаў павінны дасягацца канкрэтныя мэты: нармальныя артэрыяльны ціск, цукар у крыві, узровень халестэрыну, — рэзюмуе Вячаслаў Вашчылін.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.