Вы тут

Баксёры і плыўцы сабралі россып медалёў


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя навіны.


Героі тыдня. Беларускія спартсмены заваявалі дзевяць медалёў на міжнародных спаборніцтвах па водных відах спорту «Гульні Дружбы», якія прайшлі ў Казані. Ілья Шымановіч стаў пераможцам на дыстанцыі 50 метраў брасам, заваяваў серабро на дыстанцыі 100 метраў брасам. Разам з Віктарам Стасяловічам, Рыгорам Пякарскім і Русланам Скамарошкам яны сталі сярэбранымі прызёрамі ў камбінаванай эстафеце 4х100 метраў. Гэтым жа саставам беларусы перамаглі ў камбінаванай эстафеце 4х50 метраў. Рыгор Пякарскі стаў сярэбраным прызёрам на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем. Аліна Змушко — бронзавы прызёр па выніках фіналу на 100 метраў брасам. Яна таксама перамагла на дыстанцыі 50 метраў брасам. Беларуская чацвёрка ў саставе Віктара Стасяловіча, Ільі Шымановіча, Настассі Каракоўскай і Настассі Куляшовай выйгралі змешаную эстафету 4х50 метраў. Руслан Скамарошка, Рыгор Пякарскі, Вераніка Страшнова і Настасся Каракоўская сталі бронзавымі прызёрамі ў змешанай эстафеце вольным стылем 4х50 метраў.

На першым этапе «Гульняў Дружбы», які праходзіў у сталіцы Татарстана ў ліпені, наша каманда па плаванні выйграла 11 узнагарод.

Гераіня тыдня. У Кіраўску праходзіць Кубак Расіі па гарналыжным спорце, удзел у якім прымаюць і беларускія спартсмены. У першым этапе спаборніцтваў — слаламе сярод жанчын — перамагла наша Марыя Шканава.

Медалі тыдня. На сталічнай «Чыжоўка-Арэне» завяршыўся 19-ы міжнародны турнір па боксе памяці Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава. У турніры выступілі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Узбекістана, Арменіі, Афганістана і Конга. Гаспадары турніра заваявалі 20 медалёў: 6 залатых, 5 сярэбраных і 9 бронзавых. Пераможцамі ў дзяўчат сталі Яна Бурым (да 50 кг), Юлія Апанасовіч (да 52 кг) і Вікторыя Кебікава (да 81 кг), у мужчынскіх спаборніцтвах перамаглі Вадзім Волчак (да 63,5 кг) і Аляксей Алфёраў (да 86). кг).

Каманда тыдня. Баскетбалісты «МІНСКА» заваявалі першую перамогу ў новым сезоне Адзінай лігі ВТБ. Пасля дзесяці паражэнняў мінчане спынілі серыю няўдач, абыграўшы краснаярскі «Енісей» з вынікам 63:61.

Няўдача тыдня. Беларускія біятланісты выступілі на першым этапе Кубка Расіі па біятлоне ў Ханты-Мансійску. У спрынце лідар беларускай жаночай каманды Дзінара Алімбекава дапусціла па адным промаху на кожным з агнявых рубяжоў і на фінішы паказала 6-ы вынік. Ад бронзавай пазіцыі Алімбекаву аддзяліла больш за 25 секунд. У жаночым спрынце Аліна Пільчук паказала 13-ы вынік, Ірына Кручынкіна стала 14-й, Алена Кручынкіна размясцілася ўслед за сястрой. У мужчынскім спрынце беларусы таксама засталіся па-за п'едэсталам. Антон Смольскі на агнявых рубяжах дапусціў тры промахі і аказаўся на 15-й пазіцыі. Мікіта Лобастаў паказаў 18-ы вынік, Іван Тулацін заняў 26-ю пазіцыю, Максім Варабей стаў 29-м, Раман Ялётнаў — 33-і, Павел Бялько — 38-ы, Ілья Аўсеенка — 44-ы, Сцяпан Данілаў — 51-ы, Аляксандр Кошын — 52-і.

Гонкі праследавання на спаборніцтвах у Ханты-Мансійску былі адменены з-за моцнага марозу.

Надзеі тыдня. Шэсць беларускіх трэнераў атрымалі ліцэнзіі акадэміі Міжнароднай федэрацыі дзюдо (ІJF). Настаўнікі нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь Андрэй Казусёнак, Марына Слуцкая, Аляксандр Шлык, Аляксандр Катлоўскі, Аляксандр Цімошчык і старшы трэнер РЦАП адзінаборстваў Дзяніс Кунцэвіч паспяхова здалі экзамены ў акадэміі. Гэтыя ліцэнзіі даюць права трэнерскаму калектыву асісціраваць атлетам падчас паядынкаў самага высокага ўзроўню пад эгідай ІJF — чэмпіянатаў свету і турніраў алімпійскай кваліфікацыі.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.