Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Муж заплакаў ад шчасця»


Голас мужа на тым канцы провада нічога добрага не прадвяшчаў. У гэты час ён павінен быць на рыбалцы. А з рыбалкі ён не тэлефануе. Акрамя паплаўка, нічога не бачыць, і акрамя ўсплёску рыбінага хваста, нiчога не чуе.


— Мява ўцёк, — сказаў вінаваты голас.
— Выскачыў, калі смецце выносіў? Пашукай яго за смеццеправодам.
— Не, — голас запнуўся, — збег з балкона.
— З балкона збегчы немагчыма, у нас дзявяты паверх. Ён упаў?!
— Так, — голас зрываўся, — але ён жывы. Я бачыў, як шэры кот кінуўся ў траву ў бок школы.

Муж — найдабрэйшы чалавек. Скураю адчула, як ён пакутуе, вінавацячы сябе ў тым, што здарылася. Я неаднаразова перасцерагала яго: «Не адчыняй на балконе вокны, калі там Мява. Няхай стаяць на праветрыванні. Справакаваны птушкай ці матыльком, кот можа выпасці». Але муж адказваў: «Мява не дурны, з акна скакаць не стане».

Нядаўна я размаўляла з дзяўчынай, якая са слязамі на вачах расклейвала аб’явы. Яе кот упаў з 9-га паверха і ўцёк.

— Ён ад страху кудысьці забіўся, а яго трэба да ветэрынара. Ён ужо другі раз выпаў, першы раз мы яго натапыранага знайшлі на трубе ў цёмным куце склепа, ён вытарашчыў вочы і не адгукаўся, — распавяла мне яна. — Думалі, не падыдзе больш да акна, а ён зноў выпаў.

Не ведаю, ці знайшла дзяўчына ката ў другі раз, але тое, што Мява таксама выпаў з дзявятага паверха, зрынула мяне ў жах. Я адпрасілася з працы. Вядома, муж ужо перавярнуў усё наваколле, нават пра рыбалку забыўся.

Кот у нас спешчаны прыгажун, дробна нарэзаную курыную грудку яму трэба падаваць па адным кавалачку — інакш есці не стане. Панюхае, грэбліва абтрасе лапу і сыдзе. А тут апынуўся на вуліцы — усё незнаёмае, дваровыя каты... Ці перанясе такі стрэс?

Паніклага мужа я ўбачыла здалёк, ён метр за метрам абследаваў траву. Трава па калена, не адгадаць, на якім метры гэтага стэпу, што хвалюецца, стаіўся спалоханы кот. Падвалы суседніх дамоў муж ужо абышоў з дворнікам, у руцэ да гэтага часу ліхтарык.

— Нідзе няма, — сказаў ён.
— Знойдзем, — запэўніла я, — калі жывы, знойдзем.
— Я яго бачыў, бег у гэты бок.
— Аднясу сумкі і прыйду, — сказала я. Па дарозе я спынялася ля кожнага куста і зазірала пад машыны:
— Кіс — кіс.

Жанчыны з дзеткамі ў двары бачылі шэрага ката.

— Патэлефануйце ў кватэру 53, калі яшчэ ўбачыце, — папрасіла я. Аб тым жа папрасіла дзяцей, суседку і ўсіх, каго сустрэла ў двары.

Без надзеі я паклікала ката ў кватэры. Нязвыклая цішыня, ніхто не сустракае. І так стала шкада, нібыта блізкі чалавек згубіўся.

— Хай не сёння, а заўтра, але знойдзецца, — папрасіла я Сусвет.

Муж сказаў, што праверыў кватэру, нават антрэсолі.
Але ўсё роўна:

— Кіс-кіс, — клікала я, зазіраючы пад ложак, пад ванну, пад мыйку, у шафу. Цішыня...
Каб ісці па падвалах, вырашыла пераапрануцца. Адкрыла верхнюю скрыню камоды, не спыняючы клікаць:
— Кіс-кіс.

І раптам ледзь чутнае «мяў», як з-пад зямлі.

— Кот, — узрадавалася я. Аднак яго слабы голас палохаў. Ката нідзе не было, гук ішоў з боку камоды.
— Можа, ён залез за камоду і сядзіць там, здушаны, — ахапіў мяне жах, і я кінулася яе адцягваць. Але не тут тое было, камода не зрушвалася. Тады я стала хутка разгружаць скрыні. Верхнюю, сярэднюю, ніжнюю....

У ніжняй скрыні камоды, распластаўшыся ледзь не ў аладку, на складзенай вопратцы ляжаў Мява. Ён павольна падняўся, мабыць, у яго зацякло тулава, лапы і хвост, і вываліўся з камоды, у якую трапіў з-за цікаўнасці. Ён яшчэ пару гадзін быў падобны на воблу, зусім плоскі, прыняў форму вольнага месца ў камодзе.

Раніцай я няшчыльна зачыніла ніжнюю скрыню, а Мява аматар лапай адчыняць няшчыльна зачыненыя дзверцы або скрыні, ён адкрыў яе і заскочыў, каб абследаваць новую прастору. Скрыні камоды пры найменшым штуршку зачыняюцца...

Кату прыйшлося заняць тую драбніцу прасторы, якую змог адціснуць у адзення. Я патэлефанавала мужу. Убачыўшы Мяву, які бегаў ад маіх ног да яго і мяўкаў, ён заплакаў. Усе трое былі шчаслівыя. Вось такое яно — нечаканае шчасце!

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.