Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «За жаніхом на Палессе»


Колы вагона адбівалі рытм, згушчалася зімовае змярканне. Галя і Янка ехалі на вяселле сяброўкі. Іх сустрэнуць на паўстанку на Палессi, пазнаюць па вопратцы. У iх чырвоныя паліто. Жанна паехала ў госці ў вёску да калегі, а на наступны дзень званок Янцы: «Выходжу замуж заўтра. Прыязджайце і прывязіце мне сукенку. Вас сустрэнуць». Гэта ашаламіла, але дзяўчаты паехалі.


Фота: БелТА.

Жанне фатальна не шанцавала з хлопцамі, яна панікавала: «Гэта вянок бясшлюбнасці!» Паскардзілася прыяцельцы на працы: «Мы аднагодкі, ты даўно замужам, а мне быць старой дзевай». Тамара ўсміхнулася і запэўніла: «Паехалі да нас у вёску. У момант замуж аддам! Трынаццаць хлопцаў з войска вярнуліся, а дзяўчат у нас усяго дзве».

У тры гадзіны ночы гудок цягніка апавясціў сябровак нявесты аб прыпынку. За акном заснежаны лес і ні душы. Галка і Янка саскочылі з прыступкі вагона і праваліліся па калені ў снег. Лес, ноч і доўгі састаў, хвост якога губляецца ў цемры — ні станцыі, ні слядоў, ні людзей.

Прабаразніўшы снег уздоўж дзясятка вагонаў, яны пралезлі пад адным з іх і пайшлі ў зваротным напрамку. Снег засыпаўся ў боты, мароз кусаў за шчокі. Нікога... Запанікавалі — цягнік сыдзе... Пачалі стукаць у дзверы вагона і крычаць, каб упусцілі. Але ў вагоне іх не чулі.

На шум з лесу выйшаў мужык у кажуху і валёнках. За ім з’явіўся другі. Другі паклікаў: «Галя і Янка, за мной!» і павярнуў зноў у лес. Падарожніцы ўзрадаваліся і, правальваючыся ў снег, кінуліся да чалавека. У лесе на санках сядзеў яшчэ хлопец. Каб разглядзець твары, святла зорак відавочна не хапала. Стала не па сабе — раптам бандыты? Але цягнік ужо сышоў.

Рыпаючы палазамі, сані слізганулі па снезе, конь матнуў хвастом. Самы малодшы з хлопцаў прадставіўся: «Лёша». Два старэйшых назваліся Дзмітрыем і Міхаілам. Дзяўчаты прымоўклі, сітуацыя рызыковая — у лесе на сене з незнаёмцамі! Якія ў іх у галовах «прусакі»?

Галя шапнула сяброўцы: «Не бойся, на марозе не крануць. Але прыедзем, калі яны ўвойдуць у дом, а мы не ўваходзім!» Дзяўчаты стараліся не паказваць страху. Хлопцы жартавалі з «гарадскіх». Пад’ехалі да заснежанага дома, дзверы адчыніла жанчына: «Заходзьце, даўно чакаем». Хлопцы патапталіся ля ганка, пажадалі добрай ночы і зніклі ў карагодзе сняжынак. 

Раніцай дзяўчат разбудзіў пах бліноў. З-за шторы з’явілася, усмешлівая, з ямачкамі на шчочках, Тамара: «Пад’ём, гарадскія! Едзем вяселле спраўляць, хлопцы ўжо чакаюць». У двары стаяў «газік» з надпісам на будцы «Ѕіnеmа». Учарашнія знаёмыя жартавалі, упрыгожвалі машыну і пазіралі на «гарадскіх». «Мы ўчора заснулі ў санках, пакуль вас чакалі, таму не адразу выйшлі», — прызнаўся Лёша. «А мы пачалі ўжо ў вагон стукацца», — засмяялася Янка.

Забраўшыся ў настылую на марозе будку, паехалі за маладымі. Вяскоўцы выглядалі ў вокны, выходзілі на вуліцу і абмяркоўвалі, дзе перагарадзіць дарогу вяселлю. За накрытым сталом у доме жаніха Жанна прымала віншаванні. З раніцы суседзі прыйшлі на «запоіны». «Чаму яна не патэлефанавала маці? — мільганула ў галаве ў Янкі, і тут жа зразумела: — Жанна не ўпэўненая ў рэальнасці гэтага вяселля».

— Нарэшце, — Жанна выхапіла ў Янкі сумку і пабегла пераапранацца за штору. Янка прывезла блакітную крымпленавую сукенку са свайго гардэроба для нявесты.

— Ты дзе спала? — шапнула Янка.

— З жаніхом на печы.

— Значыць, вас трэба распісаць сёння ў любым выпадку, — зрабіла Янка выснову.

Хлопцы прыглядаліся да гарадскіх і, падобна, таксама мелі намер ажаніцца. Лёша быў самы малады, падлетак, але думка пра жаніцьбу ўзнікла і ў яго. Ён не адыходзіў ад Янкі. Варта было дзяўчыне сказаць, што яна хоча піць, як ён схапіў кружку: «Зараз свежанькага прынясу», і пабег даіць карову.

Ён бегаў даіць карову з кубкам некалькі разоў, што выклікала жарты гасцей. Янка прасяклася пяшчотай да хлопца і пашкадавала, што ў іх розніца ва ўзросце. За Лёшку яна выйшла б замуж, будзь ён старэйшы. Дзіўная вёска — толькі прыехалі, і адразу замуж клічуць! Падсілкаваўшыся на «запоінах», моладзь забралася ў будку «газіка», а маладыя селі ў кабіну.

Вясельны картэж з песнямі адправіўся ў суседняе сяло ў сельсавет. Пашпарты маладых Янка прадбачліва забрала ў сумачку: «Каб не забыліся». На дзвярах сельсавета вісеў замок. Паехалі да старшыні дадому. Жанчына гадоў сарака, старшыня сельсавета, ехаць на працу катэгарычна адмовілася — выхадны. Але хлопцы пачаставалі яе бутэлькай шампанскага і ўцягнулі ў будку.

У сельсавет жаніх унёс нявесту на руках. Запіс у кнізе рэгістрацыі грамадзянскіх актаў зрабілі без прадмоў. Маладыя і сведкі распісаліся ў кнізе, і шампанскае стрэліла ў столь. Адкрылі яшчэ шампанскае, прымусілі маладых цалавацца і падлічвалі, колькі разоў тыя пацалаваліся... Сабраліся з’язджаць, але Янка трымала руку «на пульсе»: Жанна начавала з жаніхом на печы, значыць, павінна выйсці замуж, што б там ні было! Менавіта Янка заўважыла: у пашпарты маладых не паставілі пячатку.

Пячатку шукалі доўга: у стале, у шафе, сейфе. Як карова языком злізала. Ужо хацелі з’ехаць, але Янка не здавалася: «Усё павінна быць па законе!» Пошукі працягнуліся, і ў апошні момант Лёша здагадаўся перагледзець паперы, які ляжалі на паліцы. Пячатка выкацілася са стоса папер і пакацілася да парога. Гэта рассмяшыла: «Вырашыла з намі з’ехаць!» Пляснулі яе ў пашпарт, старшыня паставіла подпіс.

Суседзі ўжо змерзлі загароджваць вуліцу. Бацькі сустрэлі маладых хлебам з соллю і пасадзілі на чале стала. Вяселле спявала і скакала так, што вёска калыхалася, а нявеста шапнула Янцы: «Дзякуй за пячатку! Цяпер усё па законе». На наступны дзень «гарадскіх» праводзілі. На пероне ўсміхаліся і сумавалі. Дзіма заляцаўся да Галі, Міша — да Янкі, называў яе «Ландыш», а Лешка... У выніку перад ад’ездам Галя атрымала прапанову, а Янка цэлых дзве! Янка пацалавала Лёшу ў шчаку. Ён заззяў.

Жанна з мужам хутка пераехалі ў горад да яе маці. Праз год у іх нарадзіўся хлопчык. Ніколі больш не было ў дзяўчат такога карагода жаніхоў, і такога Лёшы з ручніком на руцэ і кубкам сырадою. Гэта была шчаслівая паездка, і энергетыка той дзівоснай вёскі, падобна, ім перадалася. У Жанны расце чатыры хлопчыка, а ў Галкі і Янкі па два сыночкі.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.