Вы тут

Каб лячыць на патрэбным узроўні


На гэтым тыдні ў кіраўніка дзяржавы адбылася нарада па пытаннях аховы здароўя. На пасяджэнні ўпэўнена прагучала, што ў краіне ёсць усё для таго, каб лячыць людзей на патрэбным узроўні. І сапраўды, кожны год робіцца шмат у плане рэканструкцыі, мадэрнізацыі, аснашчэння ўстаноў аховы здароўя, узводзяцца новыя бальніцы і паліклінікі. Сённяшні аповед пра тое, што зроблена ў сферы паляпшэння медыцыны на Брэстчыне за апошнія гады.


У новым корпусе абласной дзіцячай бальніцы.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктар МІХАЛОЎСКІ прыводзіць наступныя факты:

— Пачынаючы з 2019 года завершаны работы і ўведзены ў эксплуатацыю наступныя будаўнічыя аб'екты: станцыя хуткай медыцынскай дапамогі ў паўднёва-заходняй частцы Брэста; станцыя неадкладнай медыцынскай дапамогі па вуліцы Куйбышава ў Баранавічах; прыбудова да прыёмнага аддзялення Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі; прыбудова лячэбнага корпуса да корпуса «Б» Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы; узведзены новы медыцынскі комплекс у Брэсце.

За гэты ж перыяд зроблены рэканструкцыя першага паверха тэрапеўтычнага корпуса з будаўніцтвам памяшкання для ўстаноўкі апарата МРТ у абласной клінічнай бальніцы; рэканструкцыя часткі памяшканняў пад устаноўку камп'ютарнага тамографа ў абласной дзіцячай бальніцы; рэканструкцыя будынкаў анкалагічнага дыспансера ў Пінску; рэканструкцыя памяшканняў пад эмісійны тамограф у Брэсцкім абласным анкалагічным дыспансеры; рэканструкцыя памяшканняў па вуліцы Брэсцкай у Пінску пад размяшчэнне амбулаторна-паліклінічнай службы; рэканструкцыя інфекцыйнага аддзялення Лунінецкай ЦРБ; рэканструкцыя будынка былога дзіцячага садка пад амбулаторыю ўрача агульнай практыкі ў вёсцы Лахва Лунінецкага раёна. А яшчэ праведзены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй харчовых блокаў псіхіятрычных бальніцах «Гарадзішча» і «Крывошын» на тэрыторыі Баранавіцкага раёна, завершана мадэрнізацыя кіслародных сістэм у бальніцах Брэста, Пінска, Баранавіч, шэрагу райцэнтраў. І за ўсім гэтым пералікам стаяць вялікая работа і вялікія сродкі з дзяржаўнай казны.

Скажам, на пачатку гэтага года ўведзены ў строй новы шматпрофільны медыцынскі комплекс у паўднёва-заходнім раёне Брэста. Ён вельмі патрэбны ў зарэчнай частцы горада, дзе ўжо зараз пражывае без малога 100 тысяч чалавек. У новых мікрараёнах працягваецца будаўніцтва жылля, таму паліклінікі ўзведзены з запасам магутнасцяў. Зараз комплекс складаецца з дарослай і дзіцячай паліклінік і жаночай кансультацыі. На будаўніцтва і закупку абсталявання накіраваны 61 мільён рублёў. Паліклінікі працуюць амаль год. За гэты час скарэкціравана і адладжана сістэма работы гарадскога транспарту — цяпер дабірацца на прыём да доктара перастала быць праблемай для любога пацыента.

Літаральна за два тыдні да ўрачыстага адкрыцця названага медкомплексу адкрылі прыбудову да абласной дзіцячай бальніцы. Хоць афіцыйна гэты будынак называецца прыбудова, ён уяўляе сабой чатырохпавярховы гмах агульнай плошчай 9200 метраў квадратных, разлічаны на 147 ложкаў. Тут размясціліся чатыры аддзяленні дзіцячай бальніцы. Аб'ект разам з аснашчэннем абышоўся ў 38 мільёнаў рублёў. Усё зроблена для таго, каб з любога куточка Брэсцкай вобласці пры неабходнасці даставіць дзіця і аказаць яму высокатэхналагічную дапамогу. Варта сказаць, што ўжо сёлета распачаты работы па рэканструкцыі лячэбнага корпуса гэтай бальніцы.

Новыя карпусы, аддзяленні, пабудовы ўзводзяцца не толькі ў абласным цэнтры. Летась, у канцы года, здалі новае інфекцыйнае аддзяленне Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы. Увод у строй аддзялення дазволіў разгрузіць саму раённую бальніцу. Лунінец — адзін з аддаленых райцэнтраў Брэстчыны, і там вельмі важна было наладзіць якасную профільную медыцынскую дапамогу. Апошняе падкрэслівалі пры адкрыцці аддзялення, якое аснашчана 57 кіслароднымі пунктамі і пры неабходнасці можа размясціць да 70 пацыентаў.

А перад гэтым у Лахве Лунінецкага раёна правялі рэканструкцыю былога дзіцячага садка і адкрылі амбулаторыю. Такім чынам, дзве тысячы сельскіх жыхароў атрымалі магчымасць лячыцца на месцы, а не ездзіць кожны раз у іншыя амбулаторыі альбо райцэнтр.

Сёлета работа працягваецца на рэканструкцыі другой чаргі Пінскага анкалагічнага дыспансера, на будаўніцтве паталагаанатамічнага корпуса ў Баранавічах. Паводле інфармацыі Віктара Міхалоўскага, асаблівая ўвага зараз удзяляецца аснашчэнню рэанімацыйных аддзяленняў бальніц.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.